Вы тут

Інжынер-гідратэхнік пра меліярацыю і асушальныя сістэмы


Беларусь заўсёды славілася сваімі балотамі. Але іх вялікая прыродная каштоўнасць адыходзіла на другі план, калі ключавым станавілася пытанне сельскай гаспадаркі. Менавіта таму ў мінулым стагоддзі сапраўднай індустрыяй у БССР стала асушэнне забалочаных земляў і перавод іх у гаспадарчае карыстанне. У рэшце рэшт экалагічныя наступствы такой палітыкі заўважылі, і масавая меліярацыя была спынена. Тым не менш і сёння па ўсёй краіне працуюць людзі, якія даглядаюць ужо створаныя асушальныя сістэмы. Адзін з іх — малады спецыяліст Чэрвеньскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Павел ЯНЧУКОВІЧ.


З хлопцам мы сустракаемся ў іншым рэгіёне Міншчыны — у Лагойскім раёне. Побач з вёскай Масцішча, што на рацэ Цна, інжынер-гідратэхнік разам з групай падначаленых дапамагае мясцовым калегам з ачысткай меліярацыйных сістэм. Брыгада рабочых, якой кіруе Павел, павольна рухаецца ўздоўж аднаго з каналаў. Мужчыны бензапіламі зразаюць непатрэбную расліннасць па яго берагах.

— Я родам з Гродзеншчыны, нарадзіўся ў Зэльве, — расказвае пра сябе хлопец. — Яшчэ ў дзяцінстве меў невялікі досвед працы «меліяратара», бо летам мы падпрацоўвалі ў мясцовым прадпрыемстве меліярацыйных сістэм (ПМС), дзе мой бацька быў кранаўшчыком. Занятак быў простым: дапамагалі старэйшым укладваць дрэнаж, даглядаць каналы. Пасля школы паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках на спецыяльнасць «Меліярацыя і водная гаспадарка». Чаму выбраў гэтую ВНУ? Калі жывеш у пасёлку накшталт Зэльвы, сельскагаспадарчы кірунак у любым выпадку будзе бліжэй. Акрамя таго, туды паступала шмат маіх сяброў. Разам, як кажуць, весялей, і заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу. Вучыцца ў Горках мне падабалася, зрэшты, думаю, у большасці людзей самыя добрыя ўспаміны пра сваё студэнцтва.

У пасёлак Смілавічы, дзе базуецца Чэрвеньскае ПМС, хлопец трапіў па размеркаванні. У сельскагаспадарчую акадэмію адтуль прыйшоў запыт адразу на двух спецыялістаў, і Павел разам з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся ў Горках, вырашылі накіравацца туды. У Смілавічах маладым спецыялістам адразу выдзелілі два пакоі ў доме, які знаходзіцца на тэрыторыі ПМС. Пасля звальнення адной з супрацоўніц, якая займала трэці пакой, увесь будынак аказаўся ў карыстанні цяпер ужо маладой сям'і. У «інтэрнаце» ёсць гарачая вада і каналізацыя. Адзінае, што даводзіцца набываць, — газавыя балоны, але гэта дробязь у параўнанні з жыллёвымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца многія маладыя спецыялісты.

— У абавязкі інжынера-гідратэхніка ўваходзіць кіраўніцтва брыгадамі рабочых і афармленне патрэбных дакументаў, — уводзіць у курс справы Павел. — Калі казаць у глабальным сэнсе, то непасрэдна меліярацыю мы не праводзім. Як, у прынцыпе, не праводзяць яе і па ўсёй Беларусі. Наша галоўная задача — даглядаць ужо створаныя сістэмы, рэканструяваць іх. Напрыклад, недзе з цягам часу яны прыйшлі ў нягоднасць: каналы заіліліся, падняўся ўзровень вады, на берагах выраслі кусты... Мы ўсё прыводзім у належны стан, кладзём новы дрэнаж ці прамываем стары, пазбаўляемся ад расліннасці. Нават у Чэрвеньскім, здавалася б, не самым забалочаным раёне, дзясяткі тысяч гектараў меліяраваных зямель. Ёсць як сістэмы адкрытага тыпу — каналы, так і закрытага — дрэнаж. І за ўсім гэтым трэба глядзець. Цяжка нават уявіць, колькі работы ў меліяратараў, скажам, на Палессі.

Роз­ні­ца ва ўзрос­це для су­пра­цоў­ні­каў прад­пры­ем­ства — не праб­ле­ма.

Дзе-нідзе спецыялісты ПМС, наадварот, дэмантуюць старыя сістэмы. Напрыклад, нядаўна Павел з калегамі рэалізоўваў адзін з праектаў па Праграме развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

— У Савецкім Саюзе даволі шырока практыкавалася так званая лесамеліярацыя, — тлумачыць хлопец. — Яе вынікі да нядаўняга часу былі заўважаны ў Чэрвеньскім раёне. Каналы пракопваліся непасрэдна ў лясным масіве, каб асушыць глебу. Меркавалася, што гэта паспрыяе больш актыўнаму росту драўнінных парод, напрыклад, знікнуць так званыя «карлікавыя» сосны, а замест іх будзе расці паўнавартасны лес. Аднак гэта стратэгія не заўсёды спрацоўвала. Больш за тое, пачалася мінералізацыя тарфяніка з выкідамі шкодных рэчываў і вуглякіслага газу. Перыядычна здараліся моцныя пажары. Таму ААН выдзеліла сродкі на вяртанне гэтых земляў у першапачатковы стан. Мы будавалі перамычкі на каналах, каб вада заставалася ў глебе. Потым выконвалі такую ж работу ў Бярэзінскім раёне — перамаглі ў тэндары па забалочванні былой торфараспрацоўкі.

Большасць падначаленых Паўла — дарослыя мужчыны. Але хлопец кажа, што ніякіх праблем з кіраваннем калектывам у яго не было. Самае цяжкае, на яго думку, — працоўны графік. Павел выходзіць на работу з самага ранку (а 7-й гадзіне планёрка), а вяртаецца звычайна толькі познім вечарам. Нярэдка даводзіцца працаваць і па выхадных. Узімку работы значна менш — толькі высечка кустоў і чыстка каналаў. Сярэдні заробак не самы высокі — каля чатырохсот рублёў. Калі хлопец толькі ўладкоўваўся, плацілі больш, але эканамічныя праблемы не маглі абысці бокам і меліярацыю. Зрэшты, адсутнасць праблемы з жыллём часткова кампенсуе невялікі заробак.

— Цікавага ў рабоце хапае, — кажа хлопец. — У нас у арганізацыі ёсць унікальная тэхніка, досвед працы з ёй будзе вельмі карысным. Ёсць некалькі неблагіх экскаватараў Коханаўскага завода, бульдозеры «Беларус» і незвычайная машына — дрэваўкладчык ЭТЦ. Гэта такі шматкаўшовы экскаватар, які рые траншэі глыбінёй 1,5—2 метры і закладвае туды дрэнажныя трубы. Далёкіх планаў наконт сваёй будучыні я не маю, пакуль што буду працаваць тут, а далей — паглядзім.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Лагойскі раён — Мінск.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Знайдзі сваё рэчышча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».