25 Верасень, аўторак

Вы тут

«Фітаняшкі» як стымул


Гэта пачалося, напэўна, адразу ж, як з'явілася павальная мода на фітнес. Як толькі словы «прысед», «цяга» і «складаныя вугляводы» сталі гучаць ледзь не з кожнага праса, а сацыяльныя сеткі запаланілі сэлфі з трэнажорак і фотаздымкі нізкакаларыйных сняданкаў, тыя, хто быў далёкі ад здаровага ладу жыцця, прыняліся асуджаць новае масавае захапленне. «Ну колькі можна», «Знайшлі, чым ганарыцца», «Лепш бы мазгі качалі», — раз-пораз выказваецца хто-небудзь з незадаволеных.


Я, хоць і знаходжуся, хутчэй, па іншы бок барыкад, у чымсьці пагаджуся. Некаторыя дзяўчаты ўспрынялі гэты трэнд як яшчэ адну нагоду для самалюбавання. А фітнес-залу — як новыя дэкарацыі для фотасесій. Нафарбаваныя, з распушчанымі валасамі і без адзінай кропелькі поту, пазіруюць яны каля трэнажораў і ў раздзявальнях. І няважна, што практыкаванне выконваецца няправільна, галоўнае — удалы ракурс. Карацей, альтэрнатыва фатаграфіям у купальніках у няпляжны сезон (чаго там хаваць: фігура ў спартыўнай форме не менш эфектная, чым у бікіні).

Але што да самой моды на фітнес, то, як па мне, гэта найлепшы трэнд за апошнія гады. Бо ён не патрабуе ахвяраваць нечым дзеля часовых стандартаў прыгажосці (не бяру выпадкі, калі захапленне перарастае ў нездаровы фанатызм). Наадварот, красоўкі перасталі быць выключна спартыўным абуткам і замяняюць абцасы нават у камплекце з сукенкамі і спадніцамі. Есці шмат (няхай і маленькімі порцыямі) не лічыцца ганебным. А на стадыён увечары прыходзяць не толькі, каб папіць піва.

У рэшце рэшт якая розніца, якім чынам папулярызаваць здаровы лад жыцця? Зрабіць гэта модным куды больш эфектыўна, чым чытаць нудныя лекцыі пра неабходнасць збалансаванага харчавання і фізічнай актыўнасці.

Вядома, дзяўчаты ў большасці запісваюцца на крос-фіт і зумбу не для таго, каб умацаваць сэрца. Мэта нумар адзін — пругкія ягадзіцы і плоскі жывот. Але ў выніку тыя, хто застаецца ў фітнесе больш чым на пару пробных трэніровак, самі пачынаюць задумвацца не толькі пра знешні эфект ад заняткаў.

Іншыя справа, што адпавядаць новай модзе не так проста. Каб быць у трэндзе, трэба пачаць працаваць над сабой. Ты б, можа, і не хацеў (хоць у глыбіні душы не надта сабой задаволены), але ж кожны дзень табе нагадваюць, як гэта проста і карысна — займацца фітнесам. Сябры посцяць у стужку скрыншоты кіламетражу, які ўдалося набегаць зранку, пішуць, колькі калорый паспелі спаліць на бегавой дарожцы, і хваляцца фоткамі «пасля». Пасля гэтага заставацца ў зоне камфорту, дзе ты збіраўся дайсці да залы калі-небудзь, калі будзе час і настрой, ніяк не атрымліваецца.

Раздражняюць не самі «фітаняшкі», а ўласнае бяссілле. Вядома, прасцей абурацца за маніторам і пісаць у каментарыях, што цягаць жалеза — гэта не па-жаноцку і дзяўчаты з формамі (якія, насамрэч, ужо страцілі форму) выглядаюць куды прывабней, чым атлетычныя аматаркі спорту. Незадаволеныя новай модай пішуць, што ні ў якім разе не зайздросцяць. Сур'ёзна? Было б гэта так, вы б спакойна рэагавалі на чарговае фота з залы і рэцэпт дыетычнага пірага.

А на «фітаняшак» злавацца не трэба. І вось чаму: канадскія дыетолагі высветлілі, што падцягнутыя сябры дапамагаюць скінуць вагу. У даследаванні ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек. Ва ўсіх былі лішнія кілаграмы, ад якіх яны хацелі пазбавіцца. Спачатку навукоўцы апыталі валанцёраў эксперымента наконт таго, ці ёсць у іх стройныя сябры. Аказалася, што практычна ва ўсіх удзельнікаў даследавання прыяцелі таксама былі «ў целе». Але ўжо праз год у тых, хто актыўна змагаўся з лішняй вагой, з'явіўся хоць бы адзін падцягнуты сябар. Як той казаў, не можаш змяніць абставіны, змяні сваё стаўленне да іх.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.