Вы тут

Дыскусіі пра карысць прадмета «інфарматыка» для школьнікаў не сціхаюць


З 1 верасня 1985 года «Інфарматыка», а дакладней прадмет «Асновы інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі», стаў абавязковым ва ўсіх школах Савецкага Саюза. Вось толькі трыццаць гадоў таму пра існаванне камп'ютарнай тэхнікі нашы школьнікі ведалі выключна тэарэтычна, пра персанальныя камп'ютары ніхто яшчэ не марыў, на 3D-мадэляванне і стварэнне ўласных мультфільмаў на ўроках не замахваўся, таму змест гэтага прадмета, як і сэнс праграмавання, так і застаўся для многіх таямніцай за сямю пячаткамі. Сучасныя дзеці з камп'ютарамі і шматлікімі гаджэтамі на «ты» і ў многіх пытаннях апярэджваюць сваіх бацькоў. Чаму іх трэба вучыць на школьных уроках інфарматыкі і ў якім увогуле ўзросце трэба распачынаць яе выкладанне? Каб знайсці адказы на свае пытанні, мы накіраваліся ў Нацыянальны інстытут адукацыі. Нашымі суразмоўцамі сталі начальнік навукова-даследчага цэнтра НІА, доктар педагагічных навук, дацэнт Васіль РУСЕЦКІ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі Наталля КАСЦЮКОВІЧ і галоўны навуковы супрацоўнік гэтай лабараторыі, доктар педагагічных навук, прафесар БДУ Віктар КАЗАЧОНАК.


Сродак ці забава?

— Як вы лічыце: ці не адстае сённяшняя школьная праграма ад развіцця інфармацыйнага грамадства і камп'ютарных тэхналогій? Напрыклад, знаёмства з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі ў школе адкладзена на старшыя класы. Хоць, насамрэч, яно адбываецца намнога раней... І да з'яўлення ў раскладзе ў шостым класе інфарматыкі ўжо ўсе дзеці маюць той ці іншы досвед знаёмства ці нават работы з камп'ютарам...

Васіль Русецкі: — Навучальныя праграмы абнаўляюцца ў сярэднім раз у пяць гадоў. Адна з галоўных асаблівасцяў «Інфарматыкі» ў тым, што прадметнае поле гэтай дысцыпліны пастаянна пашыраецца, абнаўляецца, значыць, павінны змяняцца і падыходы да яе зместу і выкладання ў школе. На мой погляд, перад інфарматыкай стаіць самае актуальнае пытанне сучаснай адукацыі: як навучыць жыць у свеце, які ўвесь час мяняецца? 1 верасня шасцікласнікі пачнуць займацца па новай праграме, якая была распрацавана ў 2015 годзе.

Віктар Казачонак: — Я з'яўляюся адным з членаў рабочай групы па стварэнні новай праграмы. Да работы над ёй прыцягваліся як прадстаўнікі ВНУ, інстытутаў развіцця адукацыі, так і школьныя педагогі. Натуральна, вывучаўся досвед розных краін. Пытанне, у якой ступені знаёміць з камп'ютарнымі навукамі тых, хто не збіраецца займацца імі прафесійна, актуальнае для ўсіх. У шэрагу краін вывучэнне інфарматыкі, уключаючы асновы праграмавання, сталі пераносіць у пачатковую школу. Гэтым шляхам пайшлі, напрыклад, Паўднёвая Карэя і Японія. А ў асобных штатах ЗША інфарматыка ўвогуле не з'яўляецца абавязковым прадметам у школе. Спрэчкі вядуцца вакол двух асноўных кірункаў. Шмат прыхільнікаў ёсць у ідэі больш ранняга вывучэння інфарматыкі (хоць бы з другога класа). Разам з тым дастаткова вялікая колькасць іх апанентаў лічаць, што ў школе ўвогуле не патрэбны асобны прадмет «Інфарматыка». Усё, што тычыцца апрацоўкі інфармацыі (скажам, напісаць тэкст ці зрабіць прэзентацыю), павінна выкладацца дзецям на іншых уроках.

Васіль Русецкі: — Пачатковая школа — той час, калі дзіця павінна авалодаць традыцыйнымі сродкамі камунікацыі, таму першачарговая задача педагогаў — навучыць дзіця чытаць: не проста складваць літары ў словы, а разумець сэнс тэксту, каб яно магло аперыраваць атрыманай з яго інфармацыяй. Прычым гэту задачу нельга перанесці на больш позні ўзрост: ад таго, ці навучыцца дзіця ў пачатковай школе чытаць з глыбокім разуменнем прачытанага, залежыць яго поспех на наступных этапах школьнага навучання.

— Але паралельна з чытаннем дзіця засвойвае і гаджэты. Таму, можа, ёсць сэнс не пускаць працэс на самацёк, а ўзяць яго пад адпаведнае педагагічнае суправаджэнне?

Віктар Казачонак: — Цяжка не пагадзіцца з тым, што сучасныя дзеці больш дасведчаныя ў лічбавым плане, яны з гэтым выраслі. Але тое, што дзіця ў пяць-шэсць гадоў гуляе ў камп'ютарныя цацкі, азначае толькі, што яно добра гуляе ў цацкі. І не больш за тое. Гэта ніяк не ўплывае на яго ўзровень камп'ютарнай адукаванасці. Інфарматыка ў тым выглядзе, як яна выкладаецца цяпер у нашых школах, уключае некалькі важных блокаў: гэта не толькі камп'ютарная асвета (атрыманне базавых ведаў пра камп'ютар, звестак пра аперацыйныя сістэмы, навыкаў для працы з офіснымі праграмамі), але і развіццё логікі, алгарытмічнага мыслення, непасрэдна стварэнне камп'ютарных праграм.

Васіль Русецкі: — Проста ўключыць-выключыць камп'ютар, скапіраваць файл, загрузіць і адправіць па інтэрнэце фатаграфію могуць многія дзеці. Але ж ці можна назваць гэтыя найпрасцейшыя навыкі лічбавай адукаванасцю? Задача педагога — навучыць дзіця працаваць з інфармацыяй. Камп'ютарная асвета азначае ўменне ператварыць камп'ютар у свайго роду знешні орган мыслення і памяці, якім можна свабодна і эфектыўна карыстацца. Важную ролю ў сучасным грамадстве адыгрывае ўменне хутка зразумець прынцып пабудовы той ці іншай інфармацыйнай сістэмы і пісьмова сфармуляваць запыт пры пошуку інфармацыі. Інакш можна застацца проста карыстальнікам карцінак у інтэрнэце.

Віктар Казачонак: — Большасць крытыкі ў бок школьных урокаў па інфарматыцы, калі мы пачалі працаваць над новай праграмай, гучала з боку бацькоў. Найбольш частая прапанова — увогуле ўбраць раздзел «Алгарытмізацыя і праграмаванне» з курса інфарматыкі ў школе. Аргумент — «нашы дзеці не будуць праграмістамі». Прапаноўвалі таксама перанесці вывучэнне інфарматыкі на старшую ступень школы. Увогуле падчас грамадскага абмеркавання вельмі часта сутыкаюцца ўзаемавыключальныя пункты погляду: адны выступаюць за інфарматыку з дзіцячага садка, іншыя — за яе выключэнне са школьнай праграмы або, як варыянт, вывучэнне толькі ў профільных класах. Частка бацькоў кажа, што інфарматыка — занадта складаная для дзяцей дысцыпліна, а іншыя, наадварот, сцвярджаюць, што школьная праграма па інфарматыцы — празмерна лёгкая.

Задачка з некалькімі невядомымі

— Як ні дзіўна, але пры татальным захапленні дзяцей камп'ютарамі, пытанне «Навошта мне інфарматыка?» па-ранейшаму стаіць даволі востра. З камп'ютарнай асветай усё зразумела — без гэтых ведаў абысціся немагчыма. А як патлумачыць дзецям, асабліва з гуманітарным складам розуму, што можа даць ім вывучэнне праграмавання?

Наталля Касцюковіч: — А навошта вучыць у школе матэматыку? Можа, і вуснаму лічэнню дзяцей вучыць не трэба, калі ёсць калькулятар, які ўсё за нас зробіць? Матэматыка — гэта гімнастыка для розуму, якая фарміруе і развівае здольнасць лагічна мысліць і аргументавана разважаць. Як казаў Міхаіл Ламаносаў, «матэматыку ўжо за тое трэба вучыць, што яна розум у парадак прыводзіць». Мы павінны дзяцей вучыць вырашаць пастаўленыя праблемы, рашыць любую задачу з адным ці некалькімі невядомымі.

Згодна, што не ўсе школьнікі стануць праграмістамі, сістэмнымі адміністратарамі ці вэб-дызайнерамі... Але наш час нездарма назвалі інфармацыйнай эпохай. Напэўна, сэнс інфарматыкі яшчэ і ў тым, каб усе разумелі, з чым яны сутыкаюцца штодня і як гэта дзейнічае. Добра складзены курс інфарматыкі можа развіць праблемнае мысленне, логіку, здольнасці да мастацкай творчасці. Складана прыдумаць іншы такі ўдалы «мост» для злучэння ўсяго, чаму павінны навучыцца школьнікі і студэнты. Інфарматыка — рэкардсмен па колькасці міждысцыплінарных сувязяў. Навыкі, атрыманыя падчас вывучэння гэтага прадмета, спатрэбяцца як пры вывучэнні дакладных навук (камп'ютарным мадэляванні, складанні графікаў, схем, табліц), так і ў рабоце над дысцыплінамі гуманітарнага цыкла, напрыклад стварэнні прэзентацый.

Віктар Казачонак: — Уменне складаць алгарытмы спатрэбіцца кожнаму ў паўсядзённым жыцці. Любы працэс трэба ўмець раскласці на часткі, разбіць свой план на пакрокавыя элементы. Вы павінны ўлічваць, што на нейкім кроку можа адбыцца збой ці разгалінаванне задачы. У аснове алгарытмізацыі — прынцыпы стварэння плана дзеянняў, які прывядзе да патрэбнага выніку пры любых абставінах ці пачатковых даных.

Праграмаванне фарміруе сістэмнае мысленне, што важна для развіцця асобы ў цэлым. А гэта і ёсць такая аснова, якая дапамагае чалавеку быць паспяховым у розных сферах. Праграмаванне не абавязкова павінна быць звязана з прафесійнай дзейнасцю чалавека. Нам патрэбна змяніць сваё мысленне ў гэтым кірунку і ставіцца да авалодання згаданым навыкам, як да вывучэння замежнай мовы, таму што гэта і ёсць яшчэ адзін спосаб камунікацыі. Зразумець, як працуюць камп'ютарныя тэхналогіі, гэтак жа неабходна, як засвоіць пісьмо, чытанне і навыкі лічэння. Гэта чацвёрты від базавай пісьменнасці.

Васіль Русецкі: — Прыёмы работы з інфармацыяй — атрыманне, апрацоўка, перадача звестак — спатрэбяцца чалавеку любой прафесіі ў любым узросце і ў любы час. Атрымліваючы неабходныя матэрыялы з дапамогай інтэрнэту, школьнікі вучацца структураваць, абагульняць і сістэматызаваць вялікія аб'ёмы інфармацыі.

Фоташоп — у 8-м класе

— Што зменіцца ў навучальнай праграме з 1 верасня?

Віктар Казачонак: — Паколькі большасць дзяцей маюць уласныя мабільныя ўстройствы, многія тэмы ў школьнай праграме (знаёмства з інтэрнэтам, электроннай поштай, сацыяльнымі сеткамі) цяпер пераносяцца са старшай ступені школы ў шосты клас. На першае знаёмства з камп'ютарам цяпер адводзяцца дзве гадзіны, а не шэсць. Гэта, хутчэй, сістэматызацыя ведаў, якія ўжо ёсць у вучняў. Мабільныя сістэмы будуць праходзіць нароўні з камп'ютарнымі. У шосты клас перанеслі і тэму стварэння прэзентацый. Настаўнікі іншых дысцыплін такія навыкі толькі вітаюць і нярэдка просяць школьнікаў аформіць на камп'ютары сваю работу. Існуе логіка, якая дазваляе канкрэтызаваць запыт, таму ў сёмым класе ўведзена тэма «Уяўленне пра логіку выказванняў і мноства аперацый над імі». Школьнікі будуць вывучаць лагічныя аперацыі, з дапамогай якіх складаецца запыт. Ім будуць тлумачыць, якую логіку разумее камп'ютар і чаму ён выдае мора непатрэбнай інфармацыі. Асновы анімацыі з 9-га класа перамясціліся ў восьмы. Тэмы «Інфармацыйныя мадэлі» і «Электронныя табліцы» — з 10-га ў 9-ты клас, тэма «Базы даных» — з 11-га ў 10-ты клас. Па новай праграме ў 8-м класе ўводзіцца апрацоўка аўдыя- і відэаінфармацыі.

Самы складаны раздзел — «Алгарытмізацыя і праграмаванне» — таксама перагледжаны, каб зрабіць яго больш даступным. У 6-7 класах вучні будуць знаёміцца з асноўнымі алгарытмічнымі канструкцыямі і іх выканаўцамі: Чарцёжнікам і Робатам. Толькі пасля гэтага — з класічнымі мовамі праграмавання. Шасцікласнікі пачнуць займацца па новай праграме ў верасні гэтага года, сямікласнікі — у 2017 годзе, васьмікласнікі — у 2018-м і гэтак далей.

Каб не адстаць ад часу...

— Парк высокіх тэхналогій ініцыяваў праект «Праграмаванне ў асяродку Scratch», падрыхтаваў педагогаў, і ўжо ў новым навучальным годзе ў шэрагу школ краіны пачне выкладацца факультатыў для вучняў пачатковай школы. Атрымліваецца, што спецыялісты ў галіне ІТ робяць стаўку на малодшых школьнікаў?

Віктар Казачонак: — Гэта сумесны праект ПВТ і Міністэрства адукацыі па ўкараненні курса асноў алгарытмічнага мыслення і праграмавання. У якасці падмурку быў абраны распрацаваны ў Масачусецкім універсітэце візуальны асяродак праграмавання пад назвай Scratch, які паспяхова выкарыстоўваецца для навучання малодшых школьнікаў ва ўсім свеце. Вучыць дзіця пры дапамозе Scratch могуць нават бацькі, бо праграма не патрабуе спецыяльных ведаў у праграмаванні. Раней падобных абалонак з графічным інтэрфейсам не было, таму і інфарматыка пачыналася ў школе пазней. А са з'яўленнем такіх вось праграмных сродкаў «азам» праграмавання можна навучаць ужо і вучняў другога класа.

Беларускія настаўнікі, што маюць вопыт работы са Scratch, разам з метадыстамі і прадстаўнікамі кампаній-рэзідэнтаў стварылі навучальную праграму для факультатыва з 2-га па 6-ты клас: "Творчая дзейнасць у асяродзі праграмавання Scratch" (для вучняў 2—4 класаў) і "Стварэнне камп'ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch" (для 5—6 класаў). Плануецца, што у 2-3-м класах дзеці будуць вучыцца ствараць уласныя мультфільмы, у 4-5-м класах — камп'ютарныя гульні, у 6-7-м — праграмаваць робатаў. Гэта магчыма рабіць на мове Scratch. Для вырашэння гэтай задачы вядзецца работа з настаўнікамі, першая група якіх падрыхтавана гэтым летам. Акрамя таго на працягу 2016 года ў рамках праекта праведзены рэспубліканскі конкурс "Праграмаванне ў асяроддзі Scratch", трэнінг па вывучэнні методыкі выкладання мовы праграмавання Scratch.

Наталля Касцюковіч: — Факультатыўны курс "Увядзенне ў інфарматыку" для першага — чацвёртага класу ў нашым інстытуце распрацаваны даўно і з яго зместам можна азнаёміцца на Нацыянальным адукацыйным партале. Заўважу, што ён дастаткова запатрабаваны вучнямі і іх бацькамі. Але ёсць дзве галоўныя ўмовы для яго выкладання: гэта наяўнасць кампетэнтнага педагога і камп'ютарнай базы ва ўстанове адукацыі. Проста жадання вучня ў гэтым выпадку недастаткова...

Віктар Казачонак: — Праграмаванне маладзее ва ўсім свеце. У шэрагу краін праграмаванне дзецям (нават ужо з пяці гадоў) выкладаецца па ініцыятыве школьных адміністрацый, грамадскіх арганізацый і кампаній. Перад школьнай інфарматыкай ставяць больш шырокую задачу, чым проста падрыхтаваць будучыя кадры для сферы ІТ — вырасціць усебакова развітага ў плане ІТ чалавека. Чалавека, які не згубіцца ў нашым высакахуткасным лічбавым свеце...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Жыццю навучыць... інфарматыка

Каментары

А я б падзяліў усё ж такі прадмет “Інфарматыка” на інфарматыку і праграмаванне. Іфарматыка -- гэта праца з інфармацыяй. На такіх уроках трэба выкладаць усё, што трэба сучаснаму чалавеку для нармальнай працы і жыцця: уменне працаваць з офіснымі праграмамі,ствараць прэзентацыі, шукаць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце. А праграмаванне бліжэй да дакладных навук. Гэта як вышэйшая матэматыка -- спецыфічныя веды, якія цікавыя і патрэбныя не кожнаму. Абсалютна відавочна, што Парк высокіх тэхналогій рыхтуе для сябе змену і ўкладвае ў гэта сур’ёзныя сродкі. Падмурак будучай кар'еры паспяховага распрацоўшчыка закладваецца з дзяцінства: калі граматна гэта зрабіць ў раннім узросце, у далейшым засваенне "дарослых" моў праграмавання і рашэнне складаных задач не складзе для іх праблему. Але праблема ўсё ж такі ёсць, чамусьці паважаныя спецыялісты яе не ўзнялі – гэта розныя стартавыя ўмовы для дзяцей у сельскай мясцовасці і ў гарадах. На вёсцы бацькі ( механізатары трактарысты, камбайнеры, аграномы) сыходзяць з дома ў 5—6 гадзін раніцы і вяртаюцца бліжэй да ночы. У іх няма ні магчымасцяў, ні часу ні самім займацца развіццём дзяцей, ні кудысьці іх вадзіць. І грошай няма, каб плаціць за дадатковыя заняткі з педагогам. Факультатыў, які ініцыюе ПВТ, на жаль, платны, хоць вельмі цікавы і перспектыўны. Таму калі ўжо ўкараняць ў школу ўсё самае перадавое, то трэба зрабіць гэта так, каб ахапіць усіх. Узровень адукацыі маладога пакалення напрамую залежыць і ад узроўню адукацыі яго бацькоў, і ад тых абставін усям'і. А сёння далёка не кожнае дзіця мае ўласны камп’ютар, а да бацькоўскага яго не дапускаюць (там устаноўлены бацькоўскі пароль). Таму трэба ўлічваць усе акалічнасці…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».