Вы тут

Каму субсідыі дадуць аўтаматычна


Такую безнаяўную жыллёвую дапамогу непрацуючым пенсіянерам і інвалідам прадаставяць толькі тады, калі з імі не пражываюць (незарэгістраваныя) іншыя працаздольныя асобы.

Днямі кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ №322, дзе прадугледжана ўкараненне з 1 кастрычніка сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг на аснове выяўляльнага і заяўнага прынцыпаў. Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Алег Паскробка паведаміў, што гэтая сістэма ў першую чаргу павінна падтрымаць асоб пенсійнага ўзросту і сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян ва ўмовах росту ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг.


Калі «жыроўка» забірае пятую частку даходу

Прынцыповым момантам для атрымання такой субсідыі будзе мінімальная мяжа сярэднямесячнага даходу сям'і, які будзе параўноўвацца з сумай аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. На практыцы падобную дапамогу будуць прадастаўляць у выпадку, калі штомесячная сума платы за «камуналку» ў межах устаноўленых нормаў спажывання гэтых паслуг перавышае 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і, якая пражывае ў горадзе, і 15% — у сельскім населеным пункце.

Тут трэба адзначыць, што сукупны даход сям'і асобнай хатняй гаспадаркі будзе падлічвацца не толькі з заробкаў уласніка жылога памяшкання, а таксама і іншых жыхароў кватэры, якія там зарэгістраваны.

Кампенсуецца толькі «нарматыўка»

Алег Паскробка паведаміў, што субсідавацца будзе толькі нарматыўнае спажыванне жыллёва-камунальных паслуг. Адпаведна, калі ў чалавека шыкоўная кватэра, ён пражывае адзін, лье ваду без меры, то параўноўвацца будзе не яго фактычнае спажыванне, а нарматыўнае. Дзяржава павінна датаваць там, дзе ідзе нарматыўнае спажыванне паслуг. Усё, што чалавек спажывае звыш нормы, будзе аплачвацца ім самастойна, растлумачыў ён.

Дзяржаўная дапамога будзе распаўсюджвацца на гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), газа-, электразабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, капітальны рамонт, а таксама выдаткі на электраэнергію для асвятлення пад'ездаў і работу ліфтаў.

Дадатковыя віды жыллёва-камунальных паслуг субсідавацца не будуць. Гэта тычыцца тых паслуг, ад якіх чалавек можа адмовіцца. Напрыклад, абслугоўванне дамафонаў, відэаназіранне, інтэрнэт і іншае, адзначыў першы намеснік міністра.

Выяўляльны — на квартал, па заяве — на паўгоддзе

«Мы ўкараняем дзве сістэмы, два прынцыпы — выяўляльны і заяўны. Трэба адзначыць, што ў большай ступені гэтай падтрымкай будуць карыстацца сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва — пенсіянеры, інваліды, якім цяжка хадзіць і збіраць даведкі, паказваць свае даходы. З гэтай мэтай і быў прапанаваны выяўляльны прынцып. Субсідыя па гэтым прынцыпе будзе прадастаўляцца на тры месяцы», — адзначыў Алег Паскробка.

Спецыяліст паведаміў, што даходы непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў вядомыя. Ім нават нікуды не трэба звяртацца, бо для гэтай катэгорыі насельніцтва безнаяўныя жыллёвыя субсідыі будуць налічвацца аўтаматычна. Спецыялісты сістэмы «Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы» (АРІП) у анлайн-рэжыме будуць праглядаць іх даходы за апошні квартал месяца, у якім будзе выяўлена прыкмета таго, што гэтая хатняя гаспадарка падпадае пад катэгорыю той, якой неабходна прадаставіць субсідыю. Пасля чаго пройдзе шэраг тэхнічных праверак, але чалавек гэтага нават не заўважыць, а потым яму будзе прадстаўлена субсідыя на тры месяцы», — растлумачыў механізм прадстаўнік ЖКГ.

Кажучы аб заяўным прынцыпе, Алег Паскробка растлумачыў, што ўсе хатнія гаспадаркі, якія лічаць, што ім можа быць прадастаўлена субсідыя, павінны звяртацца з заявай у арганізацыю, якая ажыццяўляе ўлік і разлікі налічэння жыллёва-камунальных паслуг. У гарадах з такой заявай пасля 1 кастрычніка прадстаўнікі сем'яў з невялікімі даходамі павінны будуць наведаць разлікова-даведачныя цэнтры (РДЦ) па месцы рэгістрацыі. Мясцовы выканкам павінен упаўнаважыць такую арганізацыю на прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Субсідыя па заяўным прынцыпе прадастаўляецца на 6 месяцаў, пры гэтым даход падлічваецца за папярэднія паўгода.

Якія грошы лічыць даходам?

А гэта сапраўды слушнае пытанне, бо падлічыць выключна ўсе даходы нашым людзям будзе праблематычна. Таму Савет Міністраў да 1 кастрычніка павінен вызначыць пералік даходаў, якія будуць улічвацца структурамі ЖКГ пры налічэнні безнаяўных жыллёвых субсідый.

«Зразумела, што будуць улічвацца пенсіі і даход з асноўнага месца работы, але ёсць і іншыя крыніцы, напрыклад даходы з-за мяжы, стыпендыі, аліменты. На ўзроўні ўрада будзе прынята рашэнне, улічваць іх ці не», — паведаміў Алег Паскробка. Ён дадаў, што цяпер праект адпаведнай пастановы ўжо знаходзіцца на ўзгадненні ў дзяржаўных органах. Акрамя таго, паводле слоў першага намесніка міністра, ураду даручана да 1 кастрычніка 2017 года вывучыць вопыт работы па выяўляльным прынцыпе і ўнесці прапанову на імя кіраўніка дзяржавы аб яго магчымым пашырэнні.

Субсідыі з'явяцца ў лістападзе за кастрычнік

Першыя рахункі-паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг з налічанымі безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі за кастрычнік людзі атрымаюць у лістападзе, паведаміла начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Дудзінская.

Яна адзначыла, што ў жыроўках будзе паказана сума прадстаўленай субсідыі. Да 1 кастрычніка формы такіх паведамленняў будуць дапоўнены радком з інфармацыяй аб субсідыі, якая прадастаўляецца па выяўляльным прынцыпе. Акрамя таго, людзі атрымаюць паведамленне аб тым, што ім прадастаўлена субсідыя і нават будуць апісаны правы адмовы ад такой субсідыі. У паведамленні будуць паказаны дата рашэння, яго нумар і сума субсідыі.

Паводле ацэнкі спецыялістаў, скарыстацца такімі субсідыямі змогуць каля 10% хатніх гаспадарак краіны. Асобна спецыялісты міністэрства адзначылі, што патэнцыйныя атрымальнікі субсідый па заяўным прынцыпе ўжо ў кастрычніку павінны дакладна падлічыць сукупныя даходы сям'і і вызначыцца з тым, ці могуць яны разлічваць на такую дзяржаўную дапамогу.

Алег Паскробка адзначыў, што прэтэндаваць на атрыманне жыллёвых субсідый не могуць тыя хатнія гаспадаркі, у членаў сям'і якіх дзве і больш кватэры, калі на вызначаныя жылыя памяшканні зарэгістраваны фірмы, або калі ў гэтай кватэры здаюцца пакоі ўнаём.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.