Вы тут

Дзяржкамісія падвяла вынікі прыёмнай кампаніі гэтага года


«Цэнтралізаванае тэсціраванне дазваляе стварыць роўныя ўмовы для ўсіх без выключэння абітурыентаў у нашай краіне. Пры цяперашняй сістэме арганізацыі ўступных экзаменаў у выглядзе ЦТ ніводнае парушэнне не можа застацца незаўважаным, — пра гэта паведаміла падчас прэс-канферэнцыі старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА. — Фактаў карупцыі падчас прыёмнай кампаніі ні ў гэтым, ні ў папярэднім годзе выяўлена не было».


На абароне інтарэсаў абітурыентаў

Дзяржаўная камісія кантралявала ўсе этапы прыёмнай кампаніі: дастаўку, захоўванне, забеспячэнне сакрэтнасці экзаменацыйных матэрыялаў, рэжым пропуску ў пункты правядзення ЦТ, ідэнтыфікацыю асобы кожнага з яго ўдзельнікаў, умовы работы з тэстамі і многія іншыя важныя моманты ва ўсіх 1614 аўдыторыях 41 пункта тэсціравання па 15 агульнаадукацыйных прадметах. У кантрольных мерапрыемствах было задзейнічана 1955 чалавек, з іх 203 — супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, якім Наталля Качанава выказала асаблівую падзяку за іх намаганні. Дзейнасць камісіі ажыццяўлялася на прынцыпах адкрытасці і галоснасці.

На базе рабочай групы дзяржкамісіі і абласных камісій у перыяд уступнай кампаніі працавалі тэлефоны «гарачай лініі». Усяго сёлета ў дзяржкамісію паступіла 50 вусных і 14 пісьмовых зваротаў, якія насілі пераважна кансультацыйны характар. Увогуле, дзякуючы шырокамаштабнай тлумачальнай рабоце ў СМІ, колькасць зваротаў год ад году змяншаецца.

— Дзяржаўная камісія заўсёды ставіць на першае месца інтарэсы абітурыентаў. Адзін са зваротаў быў ад дзяўчыны, якая падчас скачка з парашутам зламала нагу і з гэтай прычыны для яе было вельмі праблематычным здаваць тэсты ў пунктах правядзення ЦТ. Усё ж такі кожны такі экзамен доўжыцца некалькі гадзін. Камісія пайшла ёй насустрач і дазволіла здаваць экзамен непасрэдна ў ВНУ, хоць па цяперашніх правілах допускам да ўнутрывузаўскага іспыту з'яўляецца наяўнасць даведкі ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, — расказала Наталля Качанава. — Дарэчы, экзамены абітурыентка здала паспяхова і ўжо стала студэнткай адной з ВНУ.

Зноў жа ў інтарэсах будучых абітурыентаў дзяржкамісія прапануе ўстанавіць жорсткія санітарна-гігіенічныя патрабаванні да аўдыторый, дзе будзе праходзіць ЦТ. Экзаменацыйная кампанія прыпадае на гарачую пару года, але не заўсёды ў аўдыторыях забяспечваюцца камфортныя ўмовы для размяшчэння там абітурыентаў. Таму пэўныя нормы пры падборы аўдыторый для правядзення ЦТ павінны вытрымлівацца. Таксама дзяржкамісія прапануе дакладна прапісаць парадак выхаду абітурыентаў з экзаменацыйных аўдыторый, каб у арганізатараў не ўзнікала пытанняў, што рабіць у такой сітуацыі. А сітуацыі бываюць розныя...

Тэсты і школьная праграма

Колькасць парушальнікаў правілаў праходжання ЦТ сёлета зменшылася да 15 чалавек. Ад удзелу ў экзамене абітурыентаў адхілялі з прычыны выяўлення ў іх шпаргалак і мабільных тэлефонаў. Права здаць ЦТ у рэзервовы дзень у іх не было. Але амаль што для 800 абітурыентаў, якія з аб'ектыўных прычын прапусцілі ЦТ у асноўныя дні, было арганізавана тэсціраванне ў рэзервовы дзень.

Нізкія балы абітурыентаў на ЦТ для многіх бацькоў становяцца сапраўдным шокам. Таму яны тэрмінова пачынаюць шукаць тлумачэнне іх правалу на экзамене: падазраюць тэхнічныя збоі ў праверцы работ, просяць паказаць ім бланк з адказамі...

— Летась у дзяржаўную камісію быў такі зварот, але сёлета ўжо ніхто з бацькоў не падвяргаў вынікі ЦТ сумненню, — адзначыла Наталля Качанава. — Хоць, як мы пераконваемся, нават залатыя медалісты не заўсёды дэманструюць на цэнтралізаваным тэсціраванні добрыя веды.

«Усіх традыцыйна хвалюе пытанне, ці адпавядаюць тэсты школьнай праграме? Прызнаюся, што мяне таксама яно цікавіла. Але я пераканалася, што на кожнае заданне ў тэсце ў школьным падручніку ёсць адпаведны параграф», — дадала віцэ-прэм'ер. Яна згадала пра сваё наведванне лінгвістычнага ўніверсітэта, калі ў час размовы з абітурыентамі прагучала, што для паступлення ў ВНУ патрэбныя дадатковыя заняткі па замежнай мове, каб здаць ЦТ на высокую ацэнку. «Навучанне ў профільных класах якраз нацэлена на тое, каб адысці ад рэпетытарства», — сказала Наталля Качанава.

Стабальны сертыфікат — яшчэ не гарантыя

Па выніках ЦТ 0 балаў было выстаўлена ў 292 выпадках. Як і ў папярэднія гады, абітурыенты, якія атрымалі нулявы вынік ці не пераадолелі ўстаноўлены ніжні парог тэставага бала для паступлення ў ВНУ, у большасці сваёй з'яўляюцца выпускнікамі мінулых гадоў ці выпускнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

100 балаў абітурыенты атрымалі ў 330 выпадках па 12 вучэбных прадметах. Тры абітурыенты атрымалі 100 балаў па трох вучэбных прадметах (у 2015 годзе такіх выпадкаў не было) і пятнаццаць — па двух. Дзве абітурыенткі, якія маюць 100 балаў адразу па трох прадметах, з'яўляюцца выпускніцамі бабруйскай гімназіі №3. А 80% ад агульнай колькасці абітурыентаў, што маюць 100 балаў па двух вучэбных прадметах, — выпускнікі ўстаноў адукацыі з рэгіёнаў.

Між іншым, невялікая колькасць бюджэтных месцаў на звышпрэстыжных у моладзі спецыяльнасцях не дазволіла некаторым з уладальнікаў стабальных сертыфікатаў стаць у гэтым годзе студэнтамі бюджэтнай формы навучання.

— Абітурыенты павінны зразумець, што мы не будзем павялічваць колькасць бюджэтных месцаў на такіх спецыяльнасцях, хоць там і выстройваюцца чэргі з уладальнікаў самых высокіх балаў. За дзяржаўны кошт мы будзем рыхтаваць у першую чаргу тых спецыялістаў, якія патрабуюцца зараз нашай эканоміцы, — пракаментаваў сітуацыю міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — А калі яны не жадаюць пераарыентавацца на іншую спецыяльнасць, у іх ёсць магчымасць атрымаць упадабаную спецыяльнасць на платнай форме навучання. Вас цікавіць, ці трэба ўскладняць тэсты, каб колькасць стабальнікаў не перавышала колькасці бюджэтных месцаў? Тэсты адзіныя для ўсіх: і для абітурыентаў ВНУ, і для абітурыентаў ССНУ, у іх уключаны заданні рознага ўзроўню складанасці, у тым ліку і павышанай складанасці, але яны ўсё роўна не выходзяць за рамкі школьнай праграмы. У далейшым мы будзем тэсты ўдасканальваць, асабліва з улікам развіцця ў нашай краіне профільнага навучання на старшай ступені школы. Плануем, што ў тэстах з'явіцца і частка С — яна будзе прызначана для тых, у каго гэтая дысцыпліна пры паступленні з'яўляецца першай профільнай.

Ужо падрыхтаваны праект новых Правілаў прыёму ў ВНУ, якія будуць датычыцца абітурыентаў 2017 года. Мяркуецца даць ім магчымасць здачы на ЦТ не трох, а чатырох дысцыплін, тэрмін дзеяння сертыфікатаў падоўжыць на два гады, а таксама прадугледзець дадатковы рэзервовы дзень для здачы ЦТ. Цяпер гэты дакумент знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы. Усе спадзяюцца, што адпаведны ўказ з'явіцца ў найбліжэйшыя дні, паколькі абітурыенты ўжо ў верасні распачнуць сваю падрыхтоўку да будучай прыёмнай кампаніі і хочуць ведаць загадзя «правілы гульні».

Журналісты пацікавіліся таксама, ці будзе расці кошт навучання для студэнтаў-платнікаў.

«Плата за навучанне ў ВНУ і ССНУ фарміруецца зыходзячы з рэальных выдаткаў установы адукацыі», — патлумачыла Наталля Качанава. Міхаіл Жураўкоў дадаў, што пры фарміраванні кошту навучання закладваецца мінімальная рэнтабельнасць.

— Вясной многія ВНУ нязначна паднялі плату за навучанне. Зараз ва ўніверсітэтах кошт навучання ў сярэднім складае 1,9 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі. Устанаўленне кошту навучання — прэрагатыва ВНУ, і рэктар цалкам адказвае за яго фарміраванне. Павышаць плату за навучанне мы не маем намеру — ва ўсякім выпадку, мы не будзем падтрымліваць рэктараў, калі яны зараз будуць выходзіць з такой ініцыятывай, — паабяцаў міністр.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Адкрыта, празрыста і справядліва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».