Вы тут

Абноўлены цэнтр рэабілітацыі дзяцей з неўралагічнымі захворваннямі


Для многіх і многіх людзей гэта стала сапраўды падзеяй: магчымасць знаходзіцца побач з дзіцем, якое праходзіць курс лячэння і рэабілітацыі. Да былога цэнтра «Тонус», у якім літаральна паднімалі на ногі хворых дзяцей, прыбудавалі новы корпус. Цяпер большую прастору займелі пакоі, залы для лячэбнай фізкультуры, заняткаў і працэдур. І галоўнае, бацькі хворых дзяцей атрымалі магчымасць жыць у цэнтры, а не здымаць нумары ў гасцініцы, шукаць кватэру. Кошт пражывання складае 9 рублёў за суткі.


Стар­шы­ня Брэсцкага абл­вы­кан­ка­ма Анатоль Ліс з па­цы­ен­та­мі «То­ну­са».

А пачыналася ўсё амаль 25 гадоў таму бадай што з аднаго чыстага энтузіязму. Цяпер такое нават уявіць сабе цяжка, бо любая новая ўстанова пачынаецца з узгадненняў, пакета дакументаў і пэўнай сумы грошай з гарантыяй іх далейшага паступлення. Тады ж малады доктар-неўролаг з дзіцячай паліклінікі Ларыса Багдановіч вырашыла рызыкнуць. На гэта падштурхнула разгубленасць бацькоў, якія заставаліся сам-насам са сваёй бядой. Разваліўся Саюз, імкліва раслі цэны, і людзі страцілі магчымасць ездзіць у спецыялізаваныя ўстановы Масквы, Кіева, Санкт-Пецярбурга. Бацькі хворых дзяцей прыйшлі з прапановай стварыць у Брэсце нешта падобнае таму, што яны бачылі ў вялікіх гарадах. Бацькі ведалі — лячэнне ДЦП мае станоўчыя зрухі, калі займацца з дзіцем пастаянна на працягу гадоў.

Найперш Ларыса Багдановіч засела за літаратуру. Знайшліся яшчэ аднадумцы, падтрымаў тагачасны галоўны ўрач Аляксандр Каліцюк. Некалькі пустых пакояў у дзіцячым садку №63 ім аддалі без праблем. Медыкі хутка абсталявалі кабінеты. Працавалі, як і раней, на стаўках у паліклініцы, а сюды прыходзілі пасля работы ў свой вольны час. Каб займець нейкую шыльду, зарэгістраваліся як малое прадпрыемства, але гэта нічога не дало. Патэнцыйныя спонсары ставілі ўмову рабіць лячэнне платным, а гэта супярэчыла перакананням доктара Багдановіч. Грошай не было, усё даводзілася рабіць сваімі рукамі. Фарбавалі, клеілі, нават пандус пабудавалі ўласнаручна.

Паступова сродкі стаў выдзяляць аблвыканкам, потым перайшлі пад крыло Таварыства інвалідаў. У 1994 годзе Ларыса Багдановіч стала дырэктарам цэнтра, а праз чатыры гады ўстанова была перададзена Міністэрству аховы здароўя і атрымала статус рэспубліканскай. Гэта штрыхі гісторыі.

Но­вае аб­ста­ля­ван­не.

Сёння ў абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус» працуе крыху больш за сто чалавек. У іх ліку 10 дактароў, 22 медыцынскія сястры. А ў чэрвені 2012 года было распачата будаўніцтва трохпавярховага спальнага корпуса на 88 месцаў. Гэта значыць 44 дзіцяці з іншых гарадоў і рэгіёнаў краіны могуць праходзіць рэабілітацыю разам са сваімі бацькамі. Новы корпус адкрывалі ва ўрачыстай абстаноўцы з традыцыйным пераразаннем стужачкі.

Ларыса Багдановіч была на свяце ў якасці ганаровага госця. Цяпер яна дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў нашага парламента, а галоўным урачом цэнтра працуе яе сын — Андрэй Багдановіч. Калегі сказалі, што яны былі б надзвычай рады ўбачыць Ларысу Мікалаеўну ў хуткім часе ўрачом сваёй установы. Можа, так і будзе, але нават калі і не, то Ларысе Багдановіч удзячныя за цэнтр тысячы людзей, чые дзеці атрымалі лячэнне і рэабілітацыю.

На ранішнік, прысвечаны адкрыццю ўстановы, прыйшло шмат бацькоў з пацыентамі — ад самых маленькіх да падлеткаў. Брастаўчанка Наталля Грыцук возіць на працэдуры двухгадовую дачушку Ксенію больш за год. Маладая маці падзялілася радасцю: Ксюша навучылася гаварыць, а нядаўна пайшла сваімі ножкамі. Цяпер з дзяўчынкай займаецца лагапед, і ў маці ёсць надзея, што да школы дачушка выраўняецца ў развіцці са сваімі равеснікамі і пойдзе на заняткі ў агульнаадукацыйны клас як звычайнае дзіця без усялякіх абмежаванняў.

Святлана Кузьміцкая прывезла ў калясцы сына Кірыла, якому тры з паловай гады. Хлопчык пакуль не ходзіць, але прагноз урачоў добры. Сям'я спадзяецца, што Кіруша хутка пачне хадзіць. І гэту надзею ім падарылі менавіта ў «Тонусе».

Каштоўнасць медыцынскай установы ў тым, што яна працуе не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Навіна аб тым, што нарадзілася хворае дзіця, бывае не пад сілу жанчыне. Здараецца, шок мяняецца адчаем, дэпрэсіяй у розных яе праяўленнях. І трэба тэрмінова дапамагаць чалавеку. У «Тонусе» ёсць псіхолагі, якія памалу, паступова рыхтуюць жанчыну да неабходнасці далейшага жыцця, да яе намаганняў па лячэнні і рэабілітацыі дзіцяці. Дапамагаюць такім жанчынам і мамы-калегі. У поўнай разгубленасці, неабароненасці чалавека перад несправядлівым лёсам вельмі важным бывае слова падтрымкі таго, хто перажывае падобнае. Так і жывуць яны адным калектывам: бацькі, дзеці, супрацоўнікі. Аб гэтым гаварыла на цырымоніі адкрыцця маці пацыента Марына Багданава. Яна назвала ўстанову домам, дзе сем'і знаходзяць надзею.

Пад­час ад­крыц­ця.

Іна Сахарук і Ірына Самасюк, загадчыцы двух асноўных аддзяленняў цэнтра, у размове з карэспандэнтам адзначылі, што стасункі і практыка, атрыманыя мамамі ў аддзяленні, дапамагаюць ім і потым. Яны падтрымліваюць зносіны паміж сабой, дапамагаюць адно аднаму, абменьваюцца вопытам на працягу гадоў. Нярэдка пачынаюць сябраваць сем'ямі.

Павіншаваць калектыў цэнтра, пацыентаў і бацькоў са знамянальнай падзеяй прыехаў старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС. Кіраўнік вобласці адзначыў, што на будаўніцтва новага корпуса з абласнога бюджэту пайшло 54 мільярды недэнамінаваных рублёў. Найноўшае замежнае абсталяванне для рэабілітацыі набытае за кошт Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ з закупкай абсталявання дапамог Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). З падзякай успаміналі ў гэты дзень і спонсараў. Напрыклад, гандлёвая сетка «АЛМІ» купіла апаратуру для «Тонуса» на 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. Усе новыя артапедычныя сістэмы, трэнажоры, нейра-рэабілітацыйныя касцюмы і іншае спецыфічнае абсталяванне азначаюць для пацыентаў цэнтра новы ўзровень рэабілітацыі.

«Тонус» стаў першай у краіне ўстановай падобнага тыпу. Тут за ўвесь час пралячылася каля 30 тысяч дзяцей. Толькі летась курс лячэння прайшлі 1455 дзяцей. Вядома ж, не ўсе дабіваюцца жаданага выніку, не ўсіх удаецца падняць на ногі. Але ва ўсіх пасля лячэння здароўе паляпшаецца, усе атрымліваюць хоць маленечкія свае перамогі. Многія знаходзяць надзею, што асабліва важна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Дом, дзе знаходзяць надзею

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.