Вы тут

Свята беларускага пісьменства ахопіць усю Гомельшчыну


Рагачоўскі раён як ніякі іншы заслужыў права на правядзенне Дня беларускага пісьменства, упэўнены старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. Ён падкрэслівае, што вельмі важна, каб не забывалася ў тым ліку імя сапраўды народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка:


— Гэта самы вядомы беларускі драматург. Не выпадкова за апошняе дзесяцігоддзе на малой радзіме класіка, у Журавічах, мы правялі тры творчыя семінары пісьменнікаў і журналістаў. Увогуле на Рагачоўшчыне пачыналі шлях у літаратуру дзясяткі літаратараў, сярод якіх Міхась Лынькоў і Уладзімір Караткевіч. З Рагачоўшчынай цесная повязь у паэта Міколы Янчанкі, гэта малая радзіма драматурга і празаіка Васіля Ткачова. Тут паспяхова шчыруюць на ніве мастацкага слова Міхась Сліва, Віктар Купрыянчук і Уладзімір Шпадарук. Побач жыве і працуе Валянціна Кадзетава. Таму гэты рэгіён даўно прасіўся, каб на яго звярнулі ўвагу.

— Мерапрыемствы Дня пісьменства, дарэчы, пройдуць не толькі ў Рагачове, але і ва ўсім Рагачоўскім раёне і нават у Гомелі...

— Свята будзе праходзіць некалькі дзён, і яго старт адбудзецца ў Гомелі 2 верасня. Х юбілейны фестываль «Славянскія літаратурныя дажынкі — 2016» распачнецца ў абласной універсальнай бібліятэцы. Пісьменнікі Гомельшчыны, Браншчыны, Куршчыны, Сумшчыны, Чарнігаўшчыны, а таксама Масквы, Краснадара і Таганрога пазнаёмяць чытачоў са сваімі творчымі набыткамі. На свяце падвядзём вынікі абласнога конкурсу чытальнікаў «Захаваем свет разам!», прысвечанага 95-годдзю А. Макаёнка. Будуць вызначаны і пераможцы літаратурнага конкурсу «Праваслаўе — мая надзея», які быў арганізаваны разам з Гомельскай епархіяй. Сёлета выйшла з друку больш за два дзясяткі цікавых кніг, шмат гомельскіх аўтараў надрукавалі новыя творы як у айчынных, так і замежных мастацкіх часопісах. Таму сюрпрызаў будзе нямала.

— Наколькі ведаю, сярод іх — і прэзентацыя зборніка перакладаў «Берагі дружбы», які ажыццявілі пры вашым куратарстве маладыя творцы Гомеля і Мінска.

— Так. Кніжка выйшла дзякуючы сяброўству Гомельскага аддзялення СПБ з літаратарамі Таганрога, Растова і Краснадара. Не абыдзецца і без падарункаў: прэзентуемыя выданні з аўтарскімі аўтографамі перададуць абласной бібліятэцы. 3 верасня пісьменнікі Гомельшчыны і нашы госці з Украіны і Расіі правядуць прэзентацыі сярод землякоў Андрэя Макаёнка, у аграгарадку Журавічы. Мы перададзім у Журавіцкую сярэднюю школу ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі і нашага аддзялення кнігі. Сярод іх і спецыяльна выдадзены зборнік п'ес сучасных гомельскіх аўтараў «Паслядоўнікі Макаёнка. Айчына ў сэрцах і душах».

— Літаратурная пляцоўка будзе працаваць і падчас свята непасрэдна ў Рагачове...

— Так, пісьменнікі будуць сустракацца з чытачамі, прэзентаваць новыя выданні. Многія літаратары Беларусі атрымаюць Нацыянальную прэмію, а Гомельшчына адзначыць сваіх творцаў прэміяй імя Кірылы Тураўскага. Васілю Ткачову на свяце будзе нададзена званне ганаровага грамадзяніна Рагачоўскага раёна. Тут ён нарадзіўся і пачаў пісаць. Мы заснавалі 10 літаратурных прэмій. Імі будуць адзначаны два дзясяткі пісьменнікаў, якія за апошняе дзесяцігоддзе стварылі высокамастацкія творы і зрабілі вялікі ўклад як у літаратуру, так і грамадска-культурнае жыццё вобласці.

— Уладзімір Гаўрыловіч асабіста парадуе чытачоў?

— Журналісцкая работа забірае душу і сэрца, таму прозу пішу зараз няшмат. Але ўзяўся за новы раман. Гэта спроба адказаць на пытанне: калі ж лёгка было жыць чалавеку на Зямлі? Праўда, да таго, калі будзе пастаўлена кропка пад апошнім сказам, яшчэ далёка. Дарэчы, на свята беларускага пісьменства еду не з пустымі рукамі. У мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла шыкоўная кніга-альбом «Тураўская рапсодыя». Там я больш лірык-публіцыст, напісанае — пра маю малую радзіму, і дзякуючы гэтаму прыгожаму выданню пра яе даведаецца яшчэ больш людзей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Зямля асветы і натхнення

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.