Вы тут

«Клуб кніжных прафесараў» стартуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Гэта ініцыятыва рэалізуецца напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзе адзначацца ў 2017 годзе.


Серыя «Клуб кніжных прафесараў» з'яўляецца цэльным курсам і ўключае 9 заняткаў, разлічаных на дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Цягам навучальнага года яны будуць штомесяц наведваць музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праграма распачынаецца ў верасні і завяршаецца ў маі.

На занятках, якія праводзяцца ў даступнай і займальнай форме, дзеці здзейсняць вандроўку ў гісторыю кнігі, атрымаюць новыя веды пра багацце і разнастайнасць беларускай кніжнай культуры. Заняткі праводзяцца на беларускай мове і ўключаюць інтэрактыўныя экскурсіі, пазнавальныя гутаркі, майстар-класы, творчыя заданні і гульні.

Атрыманню ведаў будуць спрыяць незвычайная музейная атмасфера, сяброўскія ўзаемаадносіны, дзе кожнае дзіця адчувае сабе свабодна і ў той жа час усе захоплены агульнай справай. Дзеці стануць не толькі гледачамі, якія бачаць кнігі ў вітрынах за шклом, але і актыўнымі ўдзельнікамі пазнання працэсу іх стварэння.

Курс уключае такія тэмы, як «Формы і матэрыялы кнігі», «Папяровыя цуды». «Структура кодэкса», «Рукапісная кніга», «Ёган Гутэнберг», «Францыск Скарына», «Кніжная культура Радзівілаў», «Мініяцюрная кніга», «Аўтограф».

Група «кніжных прафесараў» будзе фарміравацца да 20 верасня. Кошт адных заняткаў складае 2 рублі 50 капеек.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Месца сустрэчы — музей кнігі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?