Вы тут

У Глыбоцкім раёне абмеркавалі ахову гісторыка-культурнай спадчыны


У Глыбоцкім раёне адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Абмяркоўвалі вельмі актуальную ў Год культуры тэму: ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Рэгіён быў выбраны невыпадкова. У раёне шмат помнікаў архітэктуры. Мясцовая ўлада напрацавала добры вопыт у развіцці турызму. Напрыклад, з розных куткоў свету прыязджаюць у славуты Мосар. І ў Глыбокім заўсёды шмат турыстаў, як і ў некаторых іншых населеных пунктах.


Чле­наў прэ­зі­ды­у­ма аб­лас­но­га Са­ве­та су­стра­ка­юць у аг­ра­га­рад­ку Пра­за­ро­кі.

У глыбінцы шукаюць... арганіста!

Спачатку народныя выбраннікі пабывалі ў аграгарадку Празарокі. Там цудам захаваліся старыя храмы.

— У Празароках ёсць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, будаўніцтва якога завяршылася ў 1907 годзе. Недалёка — праваслаўная царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла (яе адкрылі ў 1909-м). Празарокі таксама вядомыя далёка за межамі Беларусі дзякуючы Ігнату Цярэнцьевічу Буйніцкаму. Менавіта ў былой Празароцкай воласці нарадзіўся стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, акцёр, рэжысёр, літаратар. На месцы, дзе ён пажадаў, каб яго пахавалі, устаноўлены помнік. У мясцовай школе ёсць музей, прысвечаны яго жыццю і творчасці, — расказвае Інеса Міхайлоўская, старшыня Празароцкага сельскага Савета.

У адпаведнасці з рашэннем Глыбоцкага райвыканкама, вядзецца мэтанакіраваная праца па захаванні аб'ектаў культурнай спадчыны. За кожным замацавалі арганізацыі, установы адукацыі. Яны аказваюць шэфскую дапамогу.

У касцёле святар распавёў, што падчас будаўніцтва, якое доўжылася каля 9 гадоў, тутэйшыя жыхары самі выраблялі цэглу. І выкарыстоўвалі ў вытворчасці малако і яйкі. Каб было на стагоддзі! У 1948-м касцёл закрылі. Будынак выкарыстоўваўся для захавання збожжа. Гэта негатыўна адбілася на стане ўнутраных сцен.

Святар паказаў і калекцыю рарытэтаў.

— Вось малітоўнік, выдадзены ў пазамінулым стагоддзі. А гэта элементы адзення святароў мінулага. Ёсць і іконы розных стагоддзяў. Іх і іншае або я знайшоў, або вернікі падарылі. І сёння чарговы падарунак атрымаў, — расказаў ксёндз Дзімітрый.

Пакуль гутарылі, пачаў гучаць арган. Высветлілася, што цудоўную музыку выконвала былая жыхарка раёна, якая цяпер жыве ў Францыі. Прыехала ў госці да сваякоў. Па просьбе ксяндза парадавала гасцей. Гукі аргана дарэвалюцыйнага часу кранулі душу.

— На жаль, больш няма каму іграць. Каб запрашаць арганіста, патрэбны грошы. І наўрад ці студэнты захочуць прыехаць. Дзякуй, калі напішаце, што будзем рады валанцёрам-арганістам, — працягвае ксёндз.

У яго, дарэчы, багата планаў па добраўпарадкаванні. Жартуе, што пастараецца зрабіць другі Мосар. Хоць для касцёла галоўнае, каб тысячы людзей прыязджалі ў першую чаргу для духоўнага ачышчэння, каб стаць бліжэй да Бога...

У цэнт­ры Глы­бо­ка­га.

Пабудаваны па загадзе цара

Царкву ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла пабудавалі па ўказе Мікалая ІІ, які праязджаў праз Празарокі. У храме настаяцель протаіерэй Канстанцін Каляда і матушка Таццяна расказалі, што падчас рамонту пад званіцай знайшлі дакументы дарэвалюцыйнага часу. Сярод іншага — унікальны план зямельнага ўчастка, намаляваны Ігнатам Буйніцкім.

Прыход маленькі, але ёсць добрыя людзі, якія ахвяруюць на патрэбы храма. Калі трэба нешта адрамантаваць, навесці парадак ля будынка, і каталіцкія вернікі прыходзяць на дапамогу.

У Празароцкім дзіцячым садку — сярэдняй школе дэпутатам распавялі пра цікавы вопыт краязнаўчай дзейнасці. Тут наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва настаўнікаў з бацькамі і нават бабулямі і дзядулямі дзятвы.

Гасцей па добрай старажытнай традыцыі пачаставалі сямю стравамі. Менавіта такія былі на сталах нашых продкаў. Такім чынам захоўваецца павага і да кулінарных здабыткаў.

У цэлым Віцебшчына — скарб для аматараў даўніны. І трэба зрабіць усё магчымае і нават больш, каб ён не быў забыты.

— У Глыбоцкім раёне сканцэнтравана шмат гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У цэлым па рэгіёне іх 949 — другі паказчык пасля Магілёўскай вобласці. Наспела неабходнасць вызначыць галоўныя шляхі захавання спадчыны. І вельмі прыемна, што на Глыбоччыне так беражліва ставяцца да яе, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.

І помнік... Мюнхгаўзену

У Глыбокім дэпутаты наведалі музеі і храмы... Нават могілкі ўяўляюць каштоўнасць. Нагадаю, сярод іншых тут быў пахаваны цёзка літаратурнага героя Мюнхгаўзен. Дакладна невядома, ці з'яўляецца ён сваяком славутага барона — рэальнага чалавека. Але факт застаецца фактам: Мюнхгаўзен памёр у Глыбокім 31 сакавіка 1878 года. І, што цікава, у адзін дзень з жонкай. Вось вам і пацвярджэнне жыццяздольнасці фразы пра закаханых: «І памерлі ў адзін дзень». Летам 2014 года, калі рыхтаваліся адсвяткаваць 600-годдзе горада, недалёка ад магілы паставілі помнік літаратурнаму персанажу. Мясцовыя жыхары не здзіўляюцца, калі прыезджыя просяць падказаць, дзе знаходзяцца могілкі. І ім апавядаюць розныя байкі. Улада не адмаўляецца ад смелых прапаноў энтузіястаў стварыць тут тэматычную музейную экспазіцыю.

А калі сур'ёзна, дык пры добрым падыходзе насамрэч для прыцягнення турыстаў тэма прывабная. У Глыбокім наогул шмат чаго цікавага. Ёсць алея з бюстамі славутых землякоў, скульптуры вішні, рыбака і іншыя. Нядаўна ўсталявалі скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сям'і. Яна і іншыя скульптуры знаходзяцца недалёка ад самага добраўпарадкаванага ў краіне возера.

* * *

Падчас работы прэзідыума было абмеркавана выкананне патрабаванняў Закона (ад 9 студзеня 2006 года) «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». На жаль, яго рэалізацыя праходзіць не без цяжкасцяў.

Напрыклад, істотнай праблемай з'яўляецца правядзенне незаконных будаўнічых работ і размяшчэнне рэкламы на аб'ектах без узгаднення з Міністэрствам культуры. Прыклад парушэння — дзеянні заказчыкаў будаўніцтва сінагогі на вуліцы Грыбаедава ў Віцебску. Земляныя работы ў межах гістарычнага цэнтра пачалі без прысутнасці археолагаў...

На жаль, не фінансуюцца аб'екты культуры, уключаныя ў пералік абласной інвестыцыйнай праграмы. У тым ліку і помнік архітэктуры XІX стагоддзя — манастыр бернардзінцаў у Дуброўне. Яго плануюць выкарыстоўваць у якасці гісторыка-краязнаўчага музея.

Пытанне стварэння ахоўных зон асабліва актуальнае для помнікаў археалогіі. Яны, у адрозненне ад помнікаў гісторыі і архітэктуры, часцей за ўсё падвяргаюцца разбурэнню і пашкоджанню падчас будаўнічых і земляных работ.

Былі агучаны і іншыя праблемы.

Дэпутаты таксама наведалі аб'екты на тэрыторыі, за якую адказваюць у Пліскім сельвыканкаме.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Глыбоцкі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: Аграгарадок як турыстычны комплекс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».