Вы тут

Сенатар Віктар Пінчук: «Людзі прыходзяць падзяліцца думкамі»


Віктар Пінчук, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, вылучаны ад Крычаўскага, Хоцімскага і Клімавіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці, прайшоў шлях ад галоўнага ветэрынарнага ўрача і дэпутата сельскага Савета да дырэктара агракамбіната «Усход», аднаго з найлепшых у раёне, і члена верхняй палаты беларускага парламента. Цяпер ён кандыдат біялагічных навук, дацэнт факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.


Большасць пытанняў — жыццёвыя

Сустрэчы з насельніцтвам Віктар Фёдаравіч праводзіць рэгулярна. Яго кантакты размешчаны на дошках аб'яў выканкамаў усіх трох раёнаў. «Людзі часта тэлефануюць. Усё жыццё прапрацаваў з людзьмі, і мне не цяжка дапамагаць ім вырашаць рэальныя праблемы. Бо часам грамадзяне на прыёме ставяць невырашальныя пытанні. Напрыклад, заяўляюць, што «дзесьці пад Крычавам захаваны скарб», — дзеліцца сенатар.

Але абсалютная большасць пытанняў, з якімі звяртаюцца да члена Савета Рэспублікі, носіць надзённы характар — выдзяленне жылля, добраўпарадкаванне вуліц, мікрараёнаў, рамонт сацыяльна-культурных устаноў, паліклінік, бальніц, клубаў. Часам пытанні тычацца асабістых адносін. Напрыклад, калі сусед з суседам ніяк не вызначаць мяжу паміж участкамі, або сваякі не могуць падзяліць спадчыну памерлых бацькоў. Акрамя таго, цяпер Віктар Пінчук з'яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Магілёўскага раёна, таму да яго звяртаюцца і з гэтай мясцовасці, у якой член верхняй палаты працаваў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Па яго словах, пры неабходнасці да вырашэння пытанняў грамадзян ахвотна падключаюцца і выканаўчыя ўлады ўсіх узроўняў. Сенатар бярэ ўдзел у мерапрыемствах, што адбываюцца ў давераных яму раёнах.

Якая справа, такая і слава

— Сувязь не губляю і з роднай гаспадаркай, у якой адпрацаваў кіраўніком 25 гадоў. За час маёй працы былі пабудаваны спартыўная зала, сярэдняя школа, амбулаторыя, кавярня і 650 кватэр, а таксама храм Святой Троіцы, асноўным спонсарам у будаўніцтве якога выступіў агракамбінат «Усход». Увогуле, аграгарадок, у якім знаходзіцца гаспадарка, прызнаны адным з самых лепшых у Магілёўскай вобласці, — шчыруе Віктар Пінчук.

Рознае даводзіцца вырашаць: бытавыя пытанні, сямейныя — усе бакі жыцця чалавека. Людзі часта прыходзяць пагутарыць, падзяліцца думкамі, выказаць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні.

— Пенсіянеры станоўча адгукаюцца пра тое, што ім гарантавана матэрыяльная падтрымка ў старасці, — расказвае парламентарый. — Мне ёсць з чым параўнаць. Я бачыў станаўленне беларускай мадэлі дзяржавы ад самага пачатку, і мы дасягнулі сапраўдных поспехаў. Сёння як член Савета Рэспублікі прыкладаю ўсе намаганні для таго, каб задаволіць запатрабаванні людзей, калі гэта магчыма.

Кожнаму сваё

Крычаўскі, Хоцімскі і Клімавіцкі раёны адносяцца да паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў і мяжуюць з Расіяй, і ў большасці сваёй яны сельскагаспадарчыя (асабліва гэта тычыцца Хоцімскага раёна). «У гэтых трох раёнах людзі больш цярплівыя. У Магілёўскім — больш патрабавальныя. Бо ведаюць, напрыклад, што ў самім Магілёве вуліцы добра асвятляюцца, і таму задаюць пытанне: «А чаму гэтак жа нельга зрабіць у нашых вёсках?» Пры гэтым бюджэт Магілёўскага раёна бездатацыйны, а бюджэты трох раёнаў, ад якіх я вылучаўся, — на датацыях. Таму ў іх часцей сустракаюцца праблемы з працаўладкаваннем, але, з другога боку, там людзі больш актыўныя і дбаюць пра сябе самастойна, не перакладваюць свае клопаты на плечы ўлады», — расказвае Віктар Пінчук.

Пры гэтым Клімавіцкі раён больш прамысловы. У ім працуюць лікёра-гарэлачны завод, камбінат хлебапрадуктаў, вапнавы завод і інш. А Крычаўскі раён нядаўна сутыкнуўся з праблемай аптымізацыі вытворчасці, якая адбылася на цэментна-шыферным заводзе, што стаў часткай новастворанага холдынгу. «Але гэтыя пытанні паступова вырашаюцца ўладамі, — дадае Віктар Пінчук. — Уся надзея на прыняцце ўрадам пастановы аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны, у якія ўваходзяць раёны, што я курырую».

Тыя, што ратуюць чалавецтва

Па словах Віктара Пінчука, адзінае, аб чым ён шкадуе, што пакуль Закон «Аб ветэрынарнай дзейнасці» ў Беларусі выкарыстоўваецца ў рэдакцыі 2010 года, хоць меркавалася, што папраўкі ў яго будуць унесены ўжо ў гэтым скліканні. «Я працую ў ветэрынарнай сферы больш за 40 гадоў і дакладна ведаю, што апошнім часам прэстыж нашай прафесіі ўпаў. Мала хто з выпускнікоў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны імкнецца працаваць у сельскай гаспадарцы. Адсюль і недахоп, і вялікая цякучасць кадраў у гаспадарках. Гэта цяжкая праца без выхадных, без адпачынку. Часта на ветэрынараў перакладаюць адказнасць за хваробы жывёл, якія, хутчэй, залежаць ад недагляду гаспадарнікаў. Напрыклад, калі належным чынам не нарыхтаваны корм, а праз гэта цялушка галодная, таму і хворая. Усё гэта не прываблівае, а адштурхоўвае маладых спецыялістаў», — лічыць Віктар Пінчук.

На яго думку, ветэрынараў і адпаведныя службы трэба надзяляць не толькі прафілактычнымі функцыямі, але і кантрольнымі. Каб спецыялісты маглі паўнавартасна адсочваць усе працэсы, якія могуць паўплываць на стан жывёл. Віктар Пінчук лічыць, што прыняцце закона ў новай рэдакцыі дапаможа вырашыць большасць з гэтых праблем: «Мы не павінны забывацца пра ролю тых, ад каго залежыць здароўе жывёл у сельскай гаспадарцы. Бо дактары лечаць людзей, а ветэрынары — усё чалавецтва».

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Усе бакі жыцця

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.