Вы тут

Жыхары вёсак Брэсцкага раёна просяць вярнуць рэгулярны аўтобус


У пасёлак Дамачава Брэсцкага раёна, былы самы паўднёвы райцэнтр Брэстчыны, ходзіць дызель, які і з'яўляецца асновай транспартных зносін. Цягнік спыняецца і на знакамітай станцыі Дубіца, на якой знялі добры дзясятак фільмаў (у асноўным расійскія кінастудыі). Ды і маршрутныя мікрааўтобусы з Брэста ходзяць некалькі разоў на дзень. А як дабіраюцца ў паліклініку, гандлёвыя цэнтры, іншыя ўстановы жыхары вёсак, што знаходзяцца за паўтара дзясятка кіламетраў ад Дамачава? Цікаўлюся ў старшыні сельскага Савета Уладзіміра ХВАЦІКА.


Па­віль­ён па ву­лі­цы Кам­са­моль­скай.

Замянілі на маршрутку

Дарэчы, у кабінеце Уладзіміра Міхайлавіча заспець не ўдалося, ён з самага ранку быў побач з дарожнікамі на вуліцы Камсамольскай. Там устанаўлівалі новы павільён на аўтобусным прыпынку. Кіраўнік мясцовай улады патлумачыў, што пісьмовыя перамовы з кіраўніцтвам ДРБУ-138 «Брэстаблдарбуда» пачаліся некалькі месяцаў таму. Ён вельмі ўдзячны дарожнікам, што да просьбы сельскіх жыхароў прыслухаліся. Такім чынам сціплы па памерах, але ўтульны павільён тыдзень таму з'явіўся на вуліцы Кастрычніцкай у Дамачаве. Таццяна, якая чакала аўтобус на прыпынку, сказала, што крыты прыпынак быў тут вельмі даўно, яшчэ ў савецкія часы, потым разбурыўся, і яго канчаткова знеслі. І было вельмі нязручна ў непагадзь. Цяпер стала камфортна.

А ў мікрараёне былога саўгаса, па вуліцы Камсамольскай, такі ж павільён устанавілі 16 жніўня, і яго адразу аблюбавалі ўнукі гаспадароў суседніх дамоў, што праводзяць канікулы ў бабуль. Яшчэ даволі малыя дзеці і тыя сказалі, што цяпер чакаць маршрутку будзе «лепш і прыгажэй».

Вуліца Камсамольская якраз і пераходзіць у дарогу, якая вядзе ў аддаленыя вёскі сельсавета — Дубок, Гуту, Навасады. Туды мы і паехалі з Уладзімірам Хвацікам. Гэты кірунак лічыцца найбольш праблемным у плане транспартнага абслугоўвання жыхароў. Раней тры разы на тыдзень сюды хадзіў рэйсавы аўтобус з Брэста. На паездкі транспартам аўтабазы пенсіянеры мелі льготы, гэта іх задавальняла. Але ў вёсках засталося па 40-60 чалавек. І пры такой колькасці насельніцтва не даводзіцца здзіўляцца, што рэйс стаў хранічна стратным. Транспартная арганізацыя не магла несці страты бясконца — аўтобус адмянілі. Тады мясцовая ўлада стала дамаўляцца з гаспадарамі прыватных мікрааўтобусаў, каб некалькі разоў на тыдзень яны рабілі рэйс у згаданым кірунку. Тыя пайшлі насустрач, і цяпер маршрутка ходзіць у вёскі па серадах, пятніцах і суботах. Фактычна паўтараецца графік ранейшага аўтобуса.

Але, паводле слоў старшыні сельскага Савета, перыядычна ўзнікаюць пэўныя праблемы. То транспартнікі пачынаюць скардзіцца, што мала ездзіць пасажыраў, а іх кліенты пярэчаць, расказваюць, што вадзіцелі часам «забываюцца» даваць білеты, таму і статыстыка выходзіць з агрэхамі. То вяскоўцы ўспамінаюць пра былыя льготы і патрабуюць, каб вярнулі аўтобус.

Адзін пенсіянер прыходзіў не так даўно ў сельвыканкам і літаральна сварыўся, казаў, што будзе пісаць ва ўсе інстанцыі, каб аўтобус з ільготамі вярнулі ў вёску. Даводзілася яму доўга і цярпліва тлумачыць, што сёння гэта, на вялікі жаль, немагчыма. Тут стаіць задача маршрутчыкаў утрымаць, каб не адмовіліся яны вытрымліваць зацверджаны расклад паездак.

Пра транспартнае абслугоўванне заводзім гутарку з пакупнікамі крамы вёскі Навасады. Яны кажуць, што маршрутны мікрааўтобус тры разы на тыдзень іх задавальняе. У сераду можна выбрацца ў пасёлак ці нават у Брэст у паліклініку альбо за пакупкамі, а ў выхадныя прыязджаюць родныя. У іх таксама нядаўна паставілі павільён на прыпынку. А вось жыхарка вёскі Праскоўя Піпко адразу пераводзіць размову ў іншае рэчышча.

Па­куп­ні­цы з На­ва­са­даў Пра­скоўя Піп­ко, Тац­ця­на Ба­раш і пра­да­вец Люд­мі­ла Кар­пук.

Каб крама была

— Ходзяць чуткі, што наш магазін хочуць закрыць, — гаворыць Праскоўя Канстанцінаўна. — Дык вы ж не дапусціце, людцы добрыя. Што ж нам застанецца тут рабіць, хоць кладзіся і памірай! Нічога ніякага больш няма ў вёсцы, мы хоць праз дзень зойдзем сюды: малака-хлеба купім, яшчэ нечага, а галоўнае, пагаворым, убачымся.

Старшыня сельскага Савета супакойвае жанчын, кажа, што закрываць іх гандлёва-сацыяльны аб'ект пакуль ніхто не збіраецца, і прадавец на добрым рахунку. Але жанчыны яшчэ раз стараюцца давесці сваю пазіцыю да прадстаўніка ўлады і журналіста.

Таццяна Бараш, якая зайшла ў краму, уступае ў размову:

— Мне 91 год, жыву недалёка, але пакуль прыцягнуся, здаецца, тры кіламетры ішла, адразу на лаўку саджуся. Яе Людачка (прадавец. — Аўт.) для нас паставіла. А каля той аўтакрамы я, мае дзеткі, не выстаю, яшчэ ўпаду. Так што да яе хадзіць мне не выпадзе.

Таццяна Еўдакімаўна жыве адна. Дачка прыязджае раз на тыдзень, робіць усё па хатняй гаспадарцы, дапамагае маці, кліча ў горад хаця б на зіму. «Можа, ужо гэтай зімой і адважуся паехаць, бо дачку мне шкада, што ўвесь час матаецца туды-сюды, — разважае пенсіянерка. — Але ж вельмі цяжка пакінуць сваю хату: тут у двары кожная бярозка, кожная хвоечка — мае».

— Вось такія мае пакупнікі, — гаворыць прадавец Людміла Карпук. — У вёсцы 42 жыхары, паводле рэгістрацыі. Абсалютная большасць з іх — пенсіянеры. Асартымент тавараў стараюся фарміраваць, улічваючы іх пажаданні. Усё неабходнае ў нас можна купіць. Крама працуе праз дзень.

Дачка Праскоўі Піпко, якая прыехала пагасціць да маці, таксама ўстаўляе слова за магазін. Гаворыць, што літаральна за хвіліну да нас тут быў афіцэр з бліжэйшай памежнай заставы. Ён праводзіў гутарку з жыхарамі наконт чужых, незнаёмых, падазроных людзей, якіх жыхары заўважаюць у сваёй мясцовасці. Кажуць, што ён тут часты госць. А дзе ж яшчэ вывучаць аператыўную абстаноўку, калі не ў грамадскім месцы, дзе збіраецца абсалютная большасць жыхароў?

Магазін у Навасадах, як ужо гаварылася, працуе праз дзень, як, дарэчы, і ў Рудні. Са сваім гандлёвым пунктам пазнаёміла гаспадыня Зінаіда Галалюк. І гэтая крама крыху здзівіла сваім знешнім выглядам. Роўныя рады паліц з таварам, якія раздзяляе печка, доўгія сталы прылаўка, нават старая вага збоку — усё гэта вельмі нагадвае краму сярэдзіны мінулага стагоддзя. Не ведаюць пра гандлёвую ўстанову ў Рудні рэжысёры і кіраўнікі здымачных груп, што перыядычна працуюць у Дубіцы. Тут гатовыя дэкарацыі, толькі розныя снікерсы ды іншыя сучасныя тавары прыбраць, электронную вагу ў шафу паставіць — і здымай эпізод пасляваеннага жыцця. І звонку белы мураваны будынак, які стаіць сярод рэдкіх векавых дрэў, нагадвае савецкае рэтра. Але ж, у адрозненне ад былых часоў, калі вясковы жыхар мог пакаштаваць малака толькі ад сваёй каровы, у халадзільніку захоўваецца даволі шырокі асартымент малочнай прадукцыі. Ды і іншых тавараў багата. Што яшчэ трэба людзям з вёскі, у якой пастаяннымі лічацца паўсотні жыхароў?

Сельскія крамы ў Чэрску, Кабелцы параўнальна нядаўна адрамантаваныя і маюць сучасныя інтэр'еры, што, вядома, прыемна для наведвальнікаў, але не гэта асноўнае. Галоўнае для гэтых людзей, каб крама была. І вельмі кранальным момантам мне здаліся тыя самыя лаўкі ля сцен, якія сведчаць пра клопат гандлёвых работнікаў аб сваіх сталых пакупніках. Не ва ўсіх раёнах стратныя вясковыя магазіны пакідаюць, кіруючыся выключна клопатам пра людзей. Часцей за ўсё цяпер вырашаюць пытанне хутка: не выконваеш план выручкі — замок на дзверы памяшкання, а на слуп — расклад аўтакрамы.

Сваю павагу з гэтай нагоды я выказала дырэктару ўнітарнага прадпрыемства «Дамачава» Брэсцкага райспажыўтаварыства Але ГЕРАСІМЧУК.

— Маленькія крамы аддаленых вёсак ніяк не могуць быць прыбытковымі,— сказала Ала Генадзеўна.— Страты ад іх перакрываем тымі гандлёвымі прадпрыемствамі, якія размешчаны ў пасёлку і большых населеных пунктах. Разумеем, што нашы магазіны — гэта апошнія сацыяльныя аб'екты ў вёсках. Таму пакуль трымаемся, не закрываем.

Пра­да­вец з Руд­ні Зі­на­і­да Галалюк.


У тэму

Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу давялося пачуць думку, што для нашых маленькіх аддаленых вёсак, дзе трымаць магазіны становіцца крайне не выгадна, падышоў бы польскі вопыт. Літаральна праз некалькі кіламетраў ад згаданых населеных пунктаў суседзі развіваюць прыватны гандаль. Там любы ахвотны ў сваёй хаце адводзіць памяшканне альбо робіць невялікую прыбудову, рэгіструецца як прадпрымальнік ды прадае аднавяскоўцам усё патрэбнае. «У нас так немагчыма, — сказалі мне кампетэнтныя людзі, — у нас нормы і патрабаванні такія, што санітарныя службы не дазволяць нават адкрыць такі аб'ект».

Але нормы і патрабаванні не на камені пісаныя. Можа, надышоў час іх удакладніць?

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: А можа, час надышоў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».