Вы тут

Краіны свету думаюць над нацыянальнай палітыкай у дачыненні да пажылых


Нядаўна я перагледзела цудоўны фільм «Гатэль «Мэрыголд»: лепшы з экзатычных» — аб прыгодах англійскіх пенсіянераў у Індыі. Што цікава: гэтая зробленая ў лёгкай манеры брытанская камедыя на самай справе ўзняла актуальныя і вельмі нялёгкія тэмы, якія датычацца сучаснай старасці. Але давайце па парадку...


У фільме сем пажылых англічан (амаль усім ім далёка за 80) вырашылі правесці рэшту сваіх дзён у доме састарэлых у экзатычнай Індыі, дзе выдаткі на жыццё меншыя. Адна з гераінь пайшла на такі крок пасля таго, як ёй прыйшлося прадаць дом, каб аплаціць даўгі сына. Сужэнцы ўклалі ўсе свае грошы ў бізнес, але прайгралі і засталіся без капейкі. Яшчэ адной жанчыне неабходна аперацыя на сцягновым суставе, якая на радзіме каштуе велізарных грошай, а ў Індыі яна абыдзецца нашмат танней... Увогуле, у кожнага з герояў свае прычыны і свая гісторыя.

Усе гэтыя пенсіянеры спакусіліся рэкламай дома састарэлых, размешчанага ў гатэлі «Мэрыголд» у Індыі, але пасля прыбыцця на месца выявілася, што рэчаіснасць, як гэта і бывае, вельмі далёкая ад таго, што абяцала рэклама...

У цэлым, нягледзячы ні на што, фільм атрымаўся маляўнічым (дзіва што, здымкі ж былі ў Індыі!) і лёгкім — дзякуючы мноству камічных сітуацый, у якія трапляюць яго героі. Але ж так і павінна быць у кіно, тым больш у камедыі. У жыцці, на жаль, закранутыя мімаходзь фільмам вельмі няпростыя пытанні і не самыя пазітыўныя з'явы, у першую чаргу такія, як адзінота і незапатрабаванасць старых, вырашыць значна складаней.

І, дарэчы, калі ўжо казаць пра сучаснае жыццё, то гэты фільм аказаўся жывой ілюстрацыяй сацыяльнай з'явы, якая ў апошні час набірае сілу ў Еўропе і якую спецыялісты называюць коратка і ёміста: «экспарт старых». Сутнасць яе ў тым, што пажылыя людзі з заходнееўрапейскіх краін, дзе вельмі дарагое жыццё, сталі пераязджаць жыць у дамы састарэлых у іншыя краіны, дзе цэны меншыя. Так, напрыклад, з Германіі яны ўсё часцей пераязджаюць жыць у Польшчу, а англійскія пенсіянеры накіроўваюцца ў Партугалію...

Некаторыя эканамісты нават лічаць гэта шанцам для больш бедных краін: маўляў, калі тыя наладзяць у сябе якасныя паслугі для пажылых людзей, гэта можа стаць новай рухальнай сілай іх эканомікі.

***

На жаль, сучасныя рэаліі такія, што пажылыя людзі спадзяюцца на дзяржаўную падтрымку, але дзяржавам становіцца ўсё цяжэй спраўляцца са сваімі сацыяльнымі абавязкамі перад імі. У асноўным, напэўна, гэта адбываецца з-за аб'ектыўных прычын. Насельніцтва на нашай планеце жыве ўсё даўжэй, становіцца ўсё старэйшым. Бо доўгае жыццё — гэта і доўгая старасць. На першы погляд, гэтаму можна толькі радавацца, але, як аказалася, такая дэмаграфічная тэндэнцыя патрабуе шмат дадатковых выдаткаў. Эканамісты тут жа пачалі задавацца пытаннямі. Ні страхавыя кампаніі, ні пенсійныя фонды на Захадзе не гатовы траціць дадатковыя сродкі. Застаецца надзея толькі на дзяржаву. Але і дзяржавам у фінансавым сэнсе гэта аказалася цяжка.

Так, паводле прагнозаў, да 2050 года колькасць пажылых людзей, не здольных даглядаць сябе, у свеце павялічыцца ў чатыры разы.

Многія з іх страцяць здольнасць да самастойнага жыцця праз абмежаваную мабільнасць, слабасць або іншыя фізічныя ці псіхічныя праблемы. Шмат каму спатрэбіцца якая-небудзь форма доўгатэрміновай дапамогі, уключаючы сястрынскае абслугоўванне дома, медыцынскія паслугі і дапамогу ў паўсядзённым жыцці, догляд у дамах састарэлых, доўгае лячэнне ў шпіталях.

Сёння ўрады ўсяго свету шукаюць выйсце з гэтай няпростай сітуацыі. І галоўным сваім памочнікам многія з іх бачаць прыватны бізнес, заахвочваючы яго прысутнасць у сацыяльнай сферы. Так, у Францыі і Італіі каля паловы стацыянарных паслуг для пажылых людзей аказваюць прыватныя кампаніі, а ў Германіі — і наогул амаль 90%. Дзяржавы бачаць у гэтым шлях да скарачэння выдаткаў і росту эфектыўнасці, бо падобная сістэма стварае канкурэнцыю на рынку паслуг. Пры гэтым сацыяльныя паслугі становяцца больш разнастайныміі, магчыма, і больш якаснымі і таннымі.

Больш за тое, у Еўропе ў апошні час усё большая стаўка робіцца на само грамадства — на валанцёраў і дабрачынныя арганізацыі. Там усё больш імкнуцца прыцягваць так званую нефармальную дапамогу, гэта значыць усё тых жа валанцёраў, у тым ліку ў якасці валанцёраў разглядаюць і людзей старэйшага пакалення, якія яшчэ поўныя сіл і энергіі.

***

Падобны падыход — уцягванне недзяржаўных арганізацый у сістэму аказання сацыяльных паслуг — у апошнія гады з'яўляецца трэндам і ў нашай краіне, а таксама ў суседняй Расіі.

У нас з 2013 года дзейнічае новая рэдакцыя закона «Аб сацыяльным абслугоўванні», якой прадугледжаны механізм прыцягнення юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў. Гэта называецца дзяржаўным сацыяльным заказам, дзякуючы яму некамерцыйныя арганізацыі могуць прэтэндаваць на субсідыі дзяржавы ў гэтай сферы.

Памер такіх субсідый вызначаецца мясцовымі органамі ўлады і можа дасягаць 50% кошту праекта. Сярод асноўных партнёраў дзяржавы на сёння — Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Гэтая арганізацыя мае вялікі вопыт аказання сацыяльных паслуг, кваліфікаваных сясцёр міласэрнасці, гатовых прыйсці на дапамогу тым людзям, якія па розных прычынах не атрымліваюць сацыяльных паслуг — гэта ляжачыя людзі, якія маюць хваробы з супрацьпаказаннямі для аказання паслуг тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання насельніцтва.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна на «круглым стале» «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні»: правапрымяняльная практыка, праблемы і напрамкі ўдасканалення» асноўнай задачай назвала стварэнне канкурэнтнага рынку сацыяльных паслуг, каб чалавек мог сам выбраць арганізацыю, якая будзе прадастаўляць яму той ці іншы від абслугоўвання. З гэтай мэтай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падрыхтавала праект пастановы ўрада, накіраваны на ўдасканаленне механізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Пры гэтым не трэба думаць, што дзяржава перастане выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы. Яна працягне гэта рабіць, але разлічвае на пашырэнне партнёрства з грамадствам і бізнесам у гэтым пытанні.

І права грамадзян на платнасць або бясплатнасць сацыяльных паслуг таксама не аспрэчваецца. Калі чалавеку законам гарантавана бясплатная сацыяльная паслуга, ён яе атрымае, а працу індывідуальнага прадпрымальніка або некамерцыйнай арганізацыі, якія аказалі паслугу, аплаціць дзяржава.

Разам з тым, у адрозненне ад заходніх краін, нашы грамадскія арганізацыі і бізнес пакуль што не вельмі актыўна падключаюцца да аказання паслуг на ўмовах дзяржаўнага сацыяльнага заказу. І гэта праблема.

У Расіі тая ж сітуацыя, і яе цяпер імкнуцца памяняць. На Форуме рэгіёнаў, які прайшоў гэтым летам у Мінску, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Расійскай Федэрацыі Аляксей Воўчанка заявіў: «Мы спрабуем зразумець, якія яшчэ законы трэба змяніць, каб стварыць прыватнаму сектару больш спрыяльныя ўмовы для пранікнення ў гэтую сферу».


Колькі год пенсіі

Першы еўрапейскі закон аб адказнасці дзяржавы перад пажылымі людзьмі быў прыняты ў Англіі ў 1601 годзе. Пенсійнае забеспячэнне ўпершыню было ўведзена для афіцэраў ваенна-марскога флоту ў Францыі ў 1673 годзе. У перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, у 1790 годзе, быў прыняты Закон аб пенсіях для грамадзянскіх дзяржаўных служачых, якія адслужылі трыццаць гадоў і дасягнулі пяцідзесяцігадовага ўзросту. Уласна пенсіі былі ўпершыню ўведзены ў 1880 годзе Бісмаркам у Германіі для людзей, старэйшых за 70 гадоў.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Старэем...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.