Вы тут

Ці забрудзілася Нача?


У ліпеньскім нумары ў артыкуле «Як пераадолець экалагічныя пагрозы прамысловых жывёлагадоўчых ферм» часопіс «Родная прырода» расказаў пра сітуацыю з забруджваннем ракі Начы (прыток Дняпра) у Крупскім раёне Мінскай вобласці.


Падчас сплаву на байдарках па гэтай рацэ турысты трапілі ў затор, які складаўся, па іх звестках, з гною, водарасцяў і смецця. Пасля сплаву турысты звярнуліся да спецыялістаў няўрадавай экалагічнай установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» (ЦЭР), якія разам з удзельніцай сплаву Дар'яй накіраваліся на месца, каб вызначыць, адкуль у рацэ гной.

Эксперт ЦЭР Наталля Парэчына расказала, што па прыбыцці яны заўважылі трактар, які запампоўваў вадкі гной з лагуны (ямы для захоўвання адходаў) у бочку. Куды ён паехаў пасля, устанавіць не атрымалася. Затым выявіліся сельскагаспадарчыя палі, куды скідваюцца адходы жывёлагадоўлі. Па словах эколагаў, падчас дажджу гной сцякае з палёў проста ў канал. Вада ў ім мутная і брудная.

Недалёка ад гэтага месца знаходзіцца свінакомплекс на 25 тысяч галоў. Мясцовыя жыхары расказалі эколагам, што да пабудовы прамысловай фермы вада ў канале заўсёды была чыстай, вадзілася рыба. Пасля вада забрудзілася, а рыба знікла. У калодзежах сялян эколагі зрабілі замеры вады і адзначылі перавышэнне гранічна дапушчальнай нормы па нітратах у 5 разоў.

Па выніках абследавання эколагі з ЦЭРа накіравалі зварот у Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Што ж адбылося сёлета з ракой?

Валерый Бялаўскі, начальнік Крупскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя тлумачыць:

— Інспекцыя неаднаразова, з выездам на месца, праводзіла абследаванні ракі Нача ў месцах, названых у звароце, для ўстанаўлення забруджвання вады ў ёй.

Для правядзення аб'ектыўнага разбору з прыцягненнем грамадскасці райінспекцыя прапаноўвала ўдзельніцы сплаву на байдарках Дар'і правесці сумеснае абследаванне рэчышча ракі з адборам проб вады. Аднак ад гэтай прапановы адмовіліся.

У пачатку ліпеня створаная камісія ў складзе начальніка райінспекцыі, дырэктара ЗАТ «Хацюхова», дырэктара СГФ «Шчаўры» ААТ «Здравушка-мілк» паўторна правяла абследаванне русла ракі Нача. У выніку скіду ў раку сцёкавых вод, якія ўтрымліваюць гной, яна не выявіла.

Пры абследаванні меліярацыйнага канала, размешчанага непадалёку ад свінакомплексу ЗАТ «Хацюхова», камісіяй было выяўлена, што на працягу 1 км да ўпадзення ў Начу канал сухі, а месца яго ўпадзення знаходзіцца на забалочаным участку ракі, у яе пойме. Вада на забалочаным участку, а таксама тарфяныя грунты могуць надаваць каляровасць і мутнасць вадзе ў канале ў месцы ўпадзення.

Што датычыцца ўтылізацыі жывёлагадоўчых сцёкавых вод ЗАТ «Хацюхова», то на свінакомплексе выкарыстоўваецца змяшаная сістэма гноевыдалення: самацёчна-сплаўная і гідразмыў. Гноеўтрымліваючыя сцёкавыя воды паслядоўна паступаюць у два
 бетанаваныя адстойнікі. Пасля адстойвання цвёрдая фракцыя вывозіцца на пляцоўку, размешчаную на сельгасугоддзях СГФ «Шчаўры» ААТ «Здравушка-мілк» — па рашэнні штаба па НС яна вызначана для часовага захоўвання гною. Тэрыторыя пляцоўкі абвалаваная, расцяканняў і месцаў трапляння сцёкавых вод у Начу не вызначана.

Вадкая фракцыя пасля адстойвання з другога назапашвальніка-адстойніка штодня вывозіцца на палі севазвароту СГФ «Шчаўры» ААТ «Здравушка-мілк» для арашэння, размешчаныя ў межах 1,5 км ад ракі. У перыяд паводкі і ліўневых дажджоў гноеўтрымліваючыя сцёкавыя воды вывозіліся ЗАТ «Хацюхова» кругласутачна з прыцягненным транспарту пабочных арганізацый. Падчас штотыднёвых праверак, якія праводзяцца Крупскай райінспекцыяй, расцяканняў гноеўтрымліваючых сцёкавых вод са скідам у раку Нача паблізу ад палёў арашэння не выяўлена.

Падчас праведзеных абследаванняў ракі Нача Барысаўскай міжраённай лабараторыяй аналітычнага кантролю неаднаразова браліся пробы вады ў чатырох створах каля населеных пунктаў Хацюхова, Крыстопаўшчына, Прыклёнак і Жаберычы Крупскага раёна.

Аналіз атрыманых вынікаў пратаколаў вымярэнняў паказаў, што няма падстаў, якія дазваляюць зрабіць выснову пра тое, што рака Нача рэгулярна забруджваецца гноеўтрымліваючымі сцёкавымі водамі свінакомплексу ЗАТ «Хацюхова».

Ад рэдакцыі:

Спадзяёмся, што якасць вады ў рацэ Нача не стане больш прычынай спрэчак і разбораў, а кіраўніцтва згаданага свінакомплексу зверне ўвагу на тое, што правільна пабудаваная прыродаахоўная дзейнасць нават на прадпрыемстве — адна з галоўных перашкод узнікненню магчымых экалагічных праблем.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.