Вы тут

Ці ўсе арэхі — арэхі?


Калі мы кажам "арэхі", то адны пад гэтым словам маюць на ўвазе плады ляшчыны, другія — грэцкія арэхі. А ёсць жа яшчэ арахіс і кедравыя арэшкі — ды хіба ўсе пералічыш... Што ж у іх усіх агульнага?


З пункту гледжання батанікі — амаль нічога. А наогул, што ж такое арэх? Па батанічнай класіфікацыі тыпаў пладоў, арэх — сухі аднанасенны плод, і з тых арэхаў, якія я пералічыў вышэй, сюды падыходзіць толькі плод ляшчыны (фундук). Плод арэх (арэшак) маецца, напрыклад, у суніц. На кожнай ягадзе (якая таксама зусім нават не ягада па батанічнай класіфікацыі) такіх арэшкаў вялікае мноства.

Ну, а мы самі лічым арэхам штосьці такое, што мае цвёрдае шалупінне, і яго, гэтае шалупінне, трэба раскусваць (калі зубоў не шкада) або расколваць, каб дабрацца да смачнага ядра.

Сёння мы пагаворым пра ляшчыну і грэцкі арэх. Пачнем з ляшчыны, культурная форма якой называецца фундук.

Дзікарослая ляшчына шырока распаўсюджана і ў нашай краіне, другая назва яе — арэшнік. Яна расце часцей вялікім кустом і адносіцца да сямейства бярозавых. Нашы продкі здаўна збіралі пад восень плады арэшніку, вельмі смачныя і карысныя. А фундук, або ляшчына панційская, у дзікім выглядзе расце ў Закаўказзі і адрозніваецца ад нашай ляшчыны толькі больш буйнымі арэхамі. Вось чаму яе пачалі разводзіць у розных месцах, у тым ліку і ў нас, на Беларусі. А больш за ўсё фундук вырошчваюць у Турцыі (палова ад сусветнай вытворчасці). Там маецца два "арэхавыя" раёны — Трапезунд і Карасунд, дзе жыхары амаль пагалоўна занятыя вырошчваннем гэтых арэхаў.

Другі агульнавядомы арэх — грэцкі — таксама расце і ў дзікай пры родзе. На Каўказе і ў гарах Сярэдняй Азіі маюцца цэлыя лясы дзікарослага грэцкага арэха. У спрыяльных умовах дрэвы дасягаюць вышыні 30 і больш метраў і могуць жыць да 1000 гадоў. Культурная форма грэцкага арэха дае больш буйныя плады, такія ж смачныя і карысныя, як і фундук.

З батанічнага пункту гледжання плод грэцкага арэха, гэта... касцянка, сакавіты аднанасенны плод. Такі ж, напрыклад, у вішні ці слівы. І той грэцкі арэх, які мы бачым на пры лаўках — костачка, а не плод. У слівы мы костачку выкідаем, а ў грэцкага арэха, наадварот, толькі яе і выкарыс тоўваем.

Праўда, у Беларусі для гэтай расліны ўсё ж крыху халаднавата. Затое тут добра прыжыўся так званы манчжурскі арэх. Ягоныя плады вельмі падобныя на грэцкія і таксама ядомыя. Вось толькі костачка манчжурскага арэха мае вельмі тоўстыя сценкі, а смачнай мякаці ў ёй зусім мала, так што на Беларусі яго разводзяць у першую чаргу як дэкаратыўную расліну для азелянення вуліц.

Цікава ведаць:

  • Аніякага дачынення да Грэцыі грэцкія арэхі не маюць. Проста да нас іх калісьці прывозілі візантыйскія (грэчаскія) купцы. Адсюль і назва.
  • Ядры ўсіх костачкавых пладоў (вішня, сліва, абрыкос, персік) таксама ядомыя, але лепш іх не есці. Справа ў тым, што там змяшчаецца, хоць і ў невялікай колькасці, сінільная кіслата, а таму нават некалькі такіх "арэшкаў" могуць выклікаць сур’ёзнае атручэнне, асабліва ў дзяцей.

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».