Вы тут

Звычайная гісторыя, якая адбылася на пачатку лета


...Замкнуўшыся ў кабінеце, я прыхілілася да сцяны і заплакала — зусім па-дзіцячы, размазваючы па шчоках ручайкі з рэшткамі тушы (вадастойкай, між іншым). Мой каханы, яшчэ нядаўна такі блізкі і родны, цяпер здаваўся мне далёкай зоркай Сірыус, бліскучай і халоднай... Пасля яго паспешлівых уцёкаў адразу навалілася процьма праблем. Па-першае, трэба было заказаць талончык да ўрача, каб вызначыцца з тэрмінам і часам «Ч». Па-другое, адпрасіцца на пару дзён у шэфа, выдумаўшы якую-небудзь важкую прычыну — бо не хапала яшчэ, каб па офісе папаўзлі чуткі. Па-трэцяе, папрасіць у Лёшы (Аляксея Пятровіча) з суседняга кабінета прачытаць маю квартальную справаздачу, бо я цяпер у такім стане, што магу не заўважыць відавочных памылак, а Лёша — чалавек сур'ёзны і ўдумлівы, і праца для яго заўсёды на першым месцы, і на другім, і на трэцім... (якая я ўсё ж злючка!).


Рэальнасць здалася настолькі невыноснай, што вадаспад, які браў пачатак у маёй душы і выходзіў вонкі праз вочы, зноў узмацніўся. Я прыгадала, як тыдзень таму мой каханы выпадкова заехаў да мяне на працу. Ён сядзеў на падаконніку ў маім кабінеце і курыў цыгарэту «Кэмэл», страсаючы попел у вазон з архідэяй. Я глядзела на яго знізу ўверх. Не таму, што маё крэсла знаходзілася ніжэй за падаконнік, а таму, што гэта быў МОЙ КАХАНЫ, і я абагаўляла яго (падумаеш, архідэя)...

Ён пазіраў то на гадзіннік, то на «фольксваген», прыпаркаваны недалёка ад уваходу ў офіс. Гэта азначала, што маё маўчанне пачынае яго раздражняць.

Я пазірала на шуфляду стала, дзе ляжала некалькі накіраванняў на розныя аналізы, і на свой жывот, па якім яшчэ нічога нельга было заўважыць. І думала, як сказаць пра свой сакрэт. Спакойна, без лішняга хвалявання, каб ён ад радасці не зваліўся з пада-
конніка...

«Табе не здаецца, — пачала я здалёк, — што мы сталі рэдка сустракацца?»

Унізе бразнулі аўтамабільныя дзверцы. Мой каханы рэзка развярнуўся, выпісаўшы рукой мудрагелістую траекторыю, і прыліп носам да шкла. Вазончык з архідэяй, які аказаўся якраз паміж пунктамі А і В гэтай траекторыі, зваліўся на падлогу... Рука з цыгарэтай бездапаможна павісла ў паветры.

«Ну вось, прасіў жа цябе пераставіць гэтыя чортавы кветкі... Куды загадаеш цяпер страсаць попел?»

«Мы сталі рэдка сустракацца», — паўтарыла я, цудоўна разумеючы, што ніводнаму мужчыну не падабаецца, калі яго тыцкаюць носам у тое, пра што ён і так добра ведае.

«Ну, разумееш... Людзям часам трэба аддаліцца адно ад аднаго, каб потым сустрэцца, як у першы раз. Гэта аднаўляе пачуцці...»

«Але ж мы і так бачымся два разы на месяц, — канькала я. — А нам неабходна часцей бываць разам, таму што... Таму што...»

«Ты цудоўна ведаеш, што я працую на дзвюх работах, — ён павысіў голас на адзін тон. — Са скуры лезу, каб дагадзіць і аднаму шэфу, і другому. Машына таксама патрабуе ўвагі — то рамонт, то тэхабслугоўванне... І ўвогуле — калі людзі паважаюць адно аднаго, яны імкнуцца не абцяжарваць адно аднаму жыццё, не ствараць лішніх праблем. Разумееш? Так што або ўспрымай мяне такім, які я ёсць, або... не ўспрымай зусім».

Ён яшчэ раз, але ўжо заклапочана, паглядзеў на гадзіннік, саскочыў на падлогу і паходкай дзелавога чалавека пайшоў да шафы. Мне захацелася кінуцца за ім, ухапіцца за руку, закрычаць, спыніць, нікуды не пусціць.

Ды гарыце вы гарам, дзве работы разам з двума шэфамі і машынай! У мяне будзе дзіця, і я не хачу падарыць свету яшчэ адну сацыяльную сіротку.

Замест гэтага я спакойна падышла да шафы і расчыніла яе. Ён накінуў куртку, шчоўкнуў замком сумкі, адчыніў дзверы і ўздыхнуўшы, як мне падалося, з палёгкай, пацалаваў мяне ў лоб. «Не сумуй, яшчэ сустрэнемся».

...Ад установы, дзе кожны дзень дзясяткі дурніц, падобных да мяне, пакідалі сваіх ненароджаных дзяцей, у мяне засталося адчуванне холаду. Канец вясны быў вельмі вільготным і ветраным. У дадатак санітарка паклала на мой жывот грэлку з лёдам, ад чаго я ўсю ноч трэслася і ляскатала зубамі. Дзякуй суседцы па палаце — сваякі перадалі ёй гарачую каву ў тэрмасе і цёплы плед, якім мы накрываліся па чарзе...

Раніцай я не вытрымала і патэлефанавала яму. Ён спытаў: «Што табе трэба? Гавары хутчэй, у мяне людзі».

Я адказала, што мне холадна і я хачу, каб мяне сагрэлі.

«Гэта ўсё? — са здзеклівай ветлівасцю пацікавіўся ён. — Ці што-небудзь яшчэ?»

Я паклала трубку.

А потым пачаліся будні. Звычайныя, шэрыя і аднолькавыя, як кроплі вады. Свят для мяне не існавала. І калі яны ўсё ж надыходзілі, я адключала тэлефон і ўключала тэлевізар. Да таго ж я пачала катастрафічна худзець — знік апетыт. Некуды знікла і жаданне падабацца мужчынам. Не тое каб мужчыны здаваліся мне пачварамі. Проста ўсе яны аб'ядналіся ў адну бясполую істоту, якая не выклікала ніякіх эмоцый.

Некалькі разоў сябры спрабавалі выцягнуць мяне «ў людзі», папярэдне акультурыўшы мой знешні выгляд. Дарэмна. Мая прысутнасць наганяла нуду на любую кампанію. І ўрэшце яны махнулі на мяне рукой.

Так мінулі лета, восень і зіма. Я правяла іх, хаваючыся ад знаёмых, зводзячы да мінімуму зносіны з імі. А потым надышла вясна. Самая звычайная вясна, нічога асаблівага. Навокал усё зелянела. Я таксама хадзіла зялёная і хісталася ад ветру. Урач сказала: «Авітаміноз, мілачка. Купіце сабе лімонаў». Я паслухалася і паехала на рынак...

Лімон аказаўся такім кіслым, што ад яго на імгненне заклала вушы, а з вачэй пакаціліся слёзы. Але мяне ўразіла іншае — я адчула яго смак!

Гэта адчуванне было такім новым, быццам я толькі сёння нарадзілася на свет.

...А ў метро да мяне нечакана падышоў Лёша (той самы, з суседняга кабінета) і вельмі сур'ёзна спытаў: «А ты ведаеш, што тут не дазваляецца есці лімоны?» Я паглядзела ў яго пранізліва блакітныя, як сакавіцкае неба, вочы і нечакана для сябе весела адказала: «Па-мойму, ты нешта пераблытаў. На дзвярах напісана, што ў метро забаронены ўваход з марожаным, а пра лімоны — ні слова».

Ён засмяяўся, падхапіў маю сумку, набітую «вітамінамі», і ў маёй галаве не з'явілася звыклых думак пра бясполую істоту, што таксама было дзіўна.

«Якая ты худзенькая, — здзівіўся ён. — Баюся, з сённяшняга дня мне давядзецца насіць цябе на руках».

«А як жа наконт машыны?» — удакладніла я.

«У мяне няма машыны», — адказаў ён.

«А ты выпадкова не працуеш на дзвюх работах?» — не супакойвалася я.

«Магчыма, я нешта страчваю ў тваіх вачах, але работа ў мяне адна», — мужна прызнаўся ён.

«Ура!» — сказала я.

«Чаму ўра?» — не зразумеў ён.

«Таму што ў мяне засталося толькі адно пытанне: ці няма ў цябе звычкі страсаць цыгарэтны попел у вазончыкі з кветкамі?»

Паглядзеўшы на мяне зацікаўлена, ён усміхнуўся: «Ведаеш, я ўвогуле не куру».

І далей мы пакрочылі разам. Таму што прайшла мая «хвароба». Таму што скончылася зіма, і жыццё пачалося спачатку. І аказалася, што яно цудоўнае... Так бывае. Трэба толькі дацярпець...

Ала БЫВАЛАВА

Загаловак у газеце: Так бывае

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.