Вы тут

Раім схадзіць


Каларытная культура і гастранамія Грузіі, дабрачынны фестываль марожанага, оpen air на сядзібе Якуба Коласа і выстава «Прырода гуку» – афіша «Звязды» з 26 жніўня па 4 верасня. 


Фестываль-кірмаш «Таямнiцы майстэрства»

Фота: blizko.by

Дзе: ГЗЦ Arena City (пр-т Пераможцаў, 84)

Калі: 27-28 жніўня, 09:00-20:00

Колькі каштуе: бясплатна

Ужо ў гэтыя выхадныя ў ГЗЦ Arena City пройдзе фестываль-кірмаш вырабаў ручной работы і экапрадуктаў «Таямніцы майстэрства».

Гасцей чакае цёплая атмасфера, знаёмствы з рамеснікамі і дызайнерамі, майстар-класы для дзяцей і дарослых, выступленні маладых выканаўцаў і, канешне, мноства прыгожых рэчаў, якія парадуюць вас альбо стануць цудоўным падарункам для каго-небудзь з блізкіх.


Фестываль гастранамічнай культуры «Тбілісоба» 

Фота: 4geo.ru

Дзе: Плошча Свабоды

Калі: 27 жніўня, 12:00

Колькі каштуе: бясплатна 

Адчуць каларытную культуру і гастранамію Грузіі можна будзе ў Верхнім горадзе, які на адзін дзень ператворыцца ў адно вялікае грузінскае застолле.

Гасцей фестывалю чакае багацце аўтэнтычных грузінскіх страў і знакамітага віна ад грузінскіх і беларускіх рэстаранаў. Акрамя таго, лепшыя шэф-кухары правядуць майстар-класы, дзе раскрыюць сакрэты гатавання вядомых грузінскіх страў.

А каб не давялося сумаваць, арганізатары мерапрыемства даюць кожнаму жадаючаму магчымасць навучыцца стрыгчы авечак, ляпіць гліняны посуд, ткаць нацыянальны дыван, расціскаць вінаград для віна і яшчэ мноству іншых спрадвечна грузінскіх заняткаў.

Хэдлайнерам фестывалю стане папулярная ў Грузіі і еўрапейскіх клубах група Kahaberi & Khanums.


Дабрачынны «Фестываль марожанага»

Фота: rabstol.net

Дзе: ГЦ «Новая Еўропа» (вул. Сурганава 57б)

Калі: 27 жніўня, 12:00-17:00

Колькі каштуе: бясплатна 

На фестывалі будуць прадстаўлены не менш за 60 гатункаў марожанага – сапраўднае свята для ласуноў!

За сімвалічнае ахвяраванне вы зможаце не толькі паспрабаваць смачны пачастунак, але і стаць удзельнікам розыгрышу прызоў. Акрамя гэтага, гасцей чакае яркі аквагрым, тэматычная фотазона, вясёлыя завадныя лялькі, майстар-класы і многае-многае іншае.

У рамках фестывалю пройдзе конкурс малюнкаў «Маё любімае марожанае». Пераможцаў чакаюць прызы!

Усе атрыманыя на фестывалі сродкі пойдуць на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол новага будынка дзіцячага хоспіса «Лясная паляна».


Open air на сядзібе Якуба Коласа

Фота: kudago.com

Дзе: Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Калі: 27 жніўня, 16:00-21:00

Колькі каштуе: 1 р.

Не проста адпачыць, а навучыцца чаму-небудзь новаму і цікаваму можна будзе ў гэтую суботу ў Дзяржаўным літаратурным музеі Якуба Коласа. У якасці «настаўнікаў» будуць выступаць знакамитыя музыканты, мастакі і скульптары. Так, мастак Андрэй Дубінін распавядзе і пакажа, як звышрэалістычна выпісваюцца выявы рук і ног, музыкант Уладзімір Дрындрожык навучыць «музыцы дажджу», а скульптар Сяргей Кляшчук засведчыць, як за кароткі час стварыць драўляныя пластычныя фігуры нават навічку ў гэтай справе.

Акрамя гэтага, гасцей чакае флэш-моб ад часопіса «Мастацтва», прагляд кароткаметражных стужак маладых беларускіх рэжысёраў ва ўтульнай гасцёўні самога Якуба Коласа, гарбата з беларускіх зёлак і магчымасць напісаць жаданне пяром класіка.

Першым пяці наведвальнікам музея дастанецца эксклюзіўная экскурсія па таемных, у тым ліку і падземных, кутках дома-музея.


Арт-фестываль «Калякі-малякі»

Фота: hitgid.com

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12)

Калі: 27 жніўня, 15:00

Колькі каштуе: бясплатна

Кожны, хто ў гэты дзень завітае ў дворык Нацыянальнага гістарычнага музея, атрымае порцыю радасці, бадзёрасці і добрага настрою на ўвесь будучы навучальны год.

Акрамя выставы работ вучняў студыі «Калякі-малякі», гасцей фестывалю будзе чакаць велізарная колькасць цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Так, запланаваны майстар-класы па маляванню ў нетрадыцыйных тэхніках і танцавальны майстар-клас. Гасцям фестывалю прадставіцца магчымасць вывучыць зорнае неба разам са спецыялістам у галіне астрафізікі і зрабіць сабе на памяць бірульку з сузор'ямі. 


Выстава «Прырода гуку»

Дзе: галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37а)

Калі: па 31 жніўня, кожны дзень з 12:00 да 22:00

Колькі каштуе: 2 р.

Шоргат, сыканне, рык, гуд, звон і цішыня – на некаторыя гукі мы звяртаем увагу, іншыя робяцца фонам. Гарадская цішыня гучыць амаль несупынным гудам матораў, цішыня лесу складаецца з гуду казурак, птушыных размоў і шэпту ветру ў галінах. Цішыня складаецца з шуму. Нават у абсалютнай цішыні мы будзем чуць грукат сэрца і гук цячэння крыві па судзінах. Гэта гук вакол нас.

Спрабуючы спазнаць прыроду гука і знайсці адказ на пытанне «Чаму мы адчуваем адныя гукі як цішыню, а іншыя – як забруджанне?», восем мастакоў з Літвы, Арменіі і Беларусі пражылі восем дзён у лесе, у атачэнні азёр з гулкім рэхам і балотаў, якія паглынаюць гукі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».