Вы тут

Стартавала прафсаюзная акцыя «Мы — разам!»


Да канца кастрычніка канцэрты пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў пройдуць амаль у 40 гарадах. Яны будуць прымеркаваны да Дзён горада, «Дажынак», прафесійных і дзяржаўных свят. Каго з артыстаў чакаць у райцэнтрах і якіх працаўнікоў будуць ушаноўваць на мясцовых святах, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце ФПБ Глеб ЛАПІЦКІ.


— Акцыя праводзіцца другі год. Летась мы наведалі 57 гарадоў і сабралі больш за 100 тысяч гледачоў. Неад'емная частка мерапрыемства — канцэрт. Мы запрашаем выступаць прафсаюзныя творчыя калектывы, фіналістаў конкурсу «Новыя імёны». Са славутых — напрыклад, «Церніцы» Беларускай чыгункі, ансамбль «Стрэчанне» Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія нічым не саступаюць папулярным артыстам. У якасці падарунка ў Год культуры запрошаным на канцэрт калектывам уручаюць сертыфікаты на матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне.

Таксама прывозім у гарады вядомых беларускіх артыстаў. У рамках акцыі выступяць Вольга Плотнікава, Ірына Дарафеева, Саша Нэма, Аляксей Хлястоў, Вікторыя Алешка, групы «Бай Сіці», Navі. Гэта тыя, хто дапамог нам знайсці народныя таленты. Падчас конкурсу «Новыя імёны» яны разам з намі ездзілі на заводы, займаліся з работнікамі сцэнічным майстэрствам.

— Што, акрамя канцэртаў, чакае жыхароў гарадоў? Куды завітае акцыя?

— Сёлета з намі ездзіць прафсаюзны тураператар «Беларустурыст», расказвае, якія ёсць пуцёўкі, зніжкі. А спецыялісты «Белпрафсаюзкурорта» папулярызуюць здаровы лад жыцця. І, вядома, для федэрацыі самае галоўнае — гэта абарона правоў чалавека, таму падчас акцыі праводзім юрыдычныя кансультацыі. Нашы спецыялісты адказваюць на пытанні наконт заробкаў, падліку працоўнага часу, дзіцячых дапамог. Каб людзі разумелі, што Федэрацыя прафсаюзаў — гэта арганізацыя для іх. І яны плацяць узносы не проста за тое, што ім на 8 сакавіка зробяць падарунак.

— Добрай традыцыяй стала таксама ўшанаванне працоўных дынастый.

— Так, гэта асноўны складнік мерапрыемства. У кожным раёне старшыні галіновых і мясцовых камітэтаў прафсаюзаў выбіраюць працоўныя дынастыі, якія мы падчас канцэрта запрашаем на сцэну. Расказваем пра іх, паказваем. Бо людзі нават не ведаюць, што побач з імі жывуць сем'і, дзе некалькі пакаленняў працавалі педагогамі, трактарыстамі, сталярамі, банкаўскімі работнікамі.

На пятым Усебеларускім сходзе і кіраўнік дзяржавы, і старшыня ФПБ вялікую ўвагу ўдзялялі настаўніцтву. Таму сёлета мы яшчэ ўшаноўваем і настаўнікаў. Яны выхоўваюць маладых спецыялістаў, дапамагаюць ім уліцца ў калектыў. Самае паказальнае куратарства ў ахове здароўя, педагагічнай сферы, прамысловасці.

— Як выбіраюцца гарады, дзе будуць праводзіцца мерапрыемствы?

— Летась у нас быў заяўны прынцып. Сёлета едзем у рэгіёны, дзе не былі мінулым разам, — у Драгічын, Лельчыцы, Свіслач, Лунінец, Баранавічы, Смалявічы, Рэчыцу і іншыя гарады. Хочацца ахапіць усе тэрытарыяльныя цэнтры. Плюс наведаем абласныя «Дажынкі», каб павіншаваць хлебаробаў.

— Як сустракаюць прафсаюзныя канцэрты ў рэгіёнах?

— Колькасць людзей, якія збіраюцца, залежыць ад пляцоўкі. У Старых Дарогах мы выступалі ў зале, прыйшло 500 чалавек, у Ельску — у скверы, тысячы паўтары-дзве гледачоў. Для людзей гэта свята.

— Акцыя «Мы — разам!» лічыцца патрыятычнай. Чаму такі статус?

— Адна з мэтаў Федэрацыі прафсаюзаў — прывіваць любоў да Радзімы. Нашы фіналісты ў рамках гэтай акцыі прэзентуюць цяпер новы набор песень. Гэта песні, якія былі 100-200 гадоў таму. Мы зрабілі для іх новыя аранжыроўкі, надалі іншае гучанне, запісалі кліпы для тэлебачання. А яшчэ падчас канцэртаў нагадваем, што ўсё добрае, што ёсць у нашай краіне, створана і захавана дзякуючы нашым людзям, таму што мы — разам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Песні ад чыгуначнікаў і нафтавікоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».