Вы тут

Навукова-асветніцкая экспедыцыя рушыць з Мінска ў Рагачоў 31 жніўня


Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга рушыць з Мінска ў Рагачоў 31 жніўня

Яна пройдзе ў нашай краіне ўжо 23-ці раз і па традыцыі ў першую нядзелю верасня, у сталіцы Дня беларускага пісьменства горадзе Рагачове адбудзецца пасадка Саду Малітвы. Божая літургія ў храме Святога Аляксандра Неўскага пачне і благаславіць галоўны дзень мерапрыемстваў гэтага знакавага дзяржаўнага свята.


Экспедыцыя на Святым полі каля вёскі Загор'е пад Баранавічамі

— Па сутнасці, навукова-асветніцкая экспедыцыя — акадэмія на колах, асвечаная Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, — кажа ініцыятар заснавання экспедыцыі, кіраўнік дваццаці адной экспедыцыі, ганаровы кіраўнік сёлетняй, заслужаны работнік культуры, пісьменніца Ніна ЗАГОРСКАЯ. — Дзве святыні ў нашым перасоўным храме на колах: Непагасная Лампада Духоўнасці з Дабрадатным Агнём, які прайшоў у 1992 годзе праз праваслаўныя святыні ўсіх славянскіх дзяржаў з Іерусаліма ў Маскву на Міжнароднае Свята славянскага пісьменства і славянскіх культур пад дэвізам «Адзінствам і любоўю ўратуемся». Гэта словы благаславення Сергія Раданежскага Дзмітрыю Данскому на Кулікоўскую бітву. У гэтых словах — сэнс і змест экспедыцыі. На гэта скіраваны хрэсныя ходы да праваслаўных святыняў — храмаў, манастыроў, капліц, дзе адбываюцца малебны і перадача Дабрадатнага Агню на свечкі прыхаджан. На гэта скіравана пасадка Садоў Малітвы — пад кожнае дрэўца падсыпаецца асвечаная зямля з усіх адрасоў на маршрутах усіх штогадовых пяцідзённых экспедыцый — а гэта да сямнаццаці гарадоў, пасёлкаў і вёсачак штогод.

У навучальных установах праводзяцца ўрокі беларускага пісьменства. Сёлета ў аўдыторыях Баранавіцкага і Гомельскага ўніверсітэтаў адбудуцца навукова-духоўна-творча-асветніцкія канферэнцыі. Сустрэчы ў працоўных калектывах, у сацыяльных прытулках, бальніцах, інтэрнатах... Сорак асветнікаў. Група духоўнага суправаджэння і вучоныя, пісьменнікі, журналісты, педагогі, кіраўнікі архіваў, музеяў, бібліятэк, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, кампазітары, мастакі, народныя майстры...

Экспедыцыя — арганічная састаўная частка Дня беларускага пісьменства — з 1998 года праходзіць у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта аб святах і святочных днях. За 22 гады экспедыцыя наведала больш як 600 храмаў Беларусі, у больш як 300 святынях пакінулі ў падарунак фотаспісы цудатворнай Загор'е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Гэтая старажытная ікона была знойдзена вясной 1983 года каля вёскі Загор'е Баранавіцкага раёна, калі пачаліся земляныя работы на месцы былых праваслаўных могілак.

— Уражваюць сустрэчы з тымі жыхарамі населеных пунктаў, якія не могуць паўдзельнічаць у сумесным хрэсным ходзе, — расказвае Ніна Загорская. — Уражваюць і нас, і мясцовых жыхароў, якія вельмі чакаюць. Так, у Петрыкаве мы наведвалі папраўчую калонію для дзяўчат ад 14 да 18 гадоў. Тады ў складзе экспедыцыі быў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт Акадэміі музыкі кларнетыст Генадзь Забара. Дзяўчаты, што прысутнічалі на сустрэчы, тады ўпершыню пачулі жывую класічную музыку. Сядзелі, як зачараваныя, прасілі сыграць яшчэ.

А неяк у Жыткавічах эспедыцыя наведала школу-інтэрнат. Калі ўдзельнікі зайшлі ў будынак, выхаванцы ўстановы сваволілі, біліся партфелямі. Але калі госці пакідалі сустрэчу — дзяцей нібыта падмянілі, яны сталі вельмі спакойнымі і паслухмянымі.

Сустракаць экспедыцыю прыходзяць людзі ўсіх узростаў.

Ніна Загорская тлумачыць:

— Калі нязмушана нясеш асвету, духоўнасць, сустрэча з ёй мацней уздзейнічае на свядомасць аўдыторыі. Мы бачым, як людзі прасветлена ідуць за Дабрадатным Агнём, за непагаснай лампадай. Наш аўтобус — гэта перасоўны храм і перасоўная акадэмія: у экспедыцыі з намі традыцыйна едуць многія вучоныя, прадстаўнікі НАН Беларусі. У ранейшыя гады ў паездках прымалі ўдзел вядомыя ў краіне людзі. Гэта, напрыклад, гісторык, пісьменнік Мікола Ермаловіч, яго брат Валянцін, выдатны рэжысёр, паэтка Анэля Тулупава (манахіня Неаніла), народная артыстка СССР Аляксандра Клімава, пісьменнікі Алесь Махнач, Браніслаў Спрынчан, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Міхась Біч і многія-многія іншыя. На жаль, іх ужо няма на гэтым свеце, але паломнікі памятаюць і штогод падчас вандроўкі моляцца за супакой іх душаў.

Сёлета «Шлях да Святыняў» пройдзе пад духоўным акармленнем і з асабістым удзелам Веніяміна, епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага. Галоўным захавальнікам Непагаснай Лампады Духоўнасці з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга будзе Сергій Гардун, протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора, кандыдат багаслоўя, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі. Захавальнікамі Дабрадатнага Агню благаславёны таксама протаіерэй Аляксандр Пачопка, настаяцель храма Мікалая Цудатворца, што ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна і іерэй Дзмітрый Ворса, настаяцель храма навамучаніка Уладзіміра Хіраскі.

Жаданыя ва ўсіх аўдыторыях сустрэчы з паэтамі Міхасём Башлаковым, Вадзімам Спрынчанам, літаратуразнаўцамі Зінаідай Драздовай, Ігарам Шаладонавым, пісьменнікам і грамадскім дзеячам Анатолем Бутэвічам (Максімам Валошкам), кампазітарам Ларысай Скроцкай-Махнач і многімі іншымі выдатнымі творцамі і асветнікамі.

— Сустрэчы ў аўдыторыях — гэта адно, а хрэсны ход, які праходзіць у кожным месцы, якое наведвае экспедыцыя, агні, званы, харугвы — іншае. Гэта яднанне неба і зямлі, — дзеліцца ўражаннямі Ніна Загорская. — Можна гаварыць у розных аўдыторыях, праводзіць канферэнцыі, але нішто не параўнаецца з адчуваннем таго, як усё больш і больш людзей розных канфесій сыходзяцца разам па дарозе ў храм. Нават нягледзячы на тое, што «Дарога да Святыняў» адбываецца ў час, калі людзі ўжо пачынаюць бульбу капаць. Хрэсны ход большае, большае, да нас далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі. Часам назіраем і цуды прыроды: надвячоркам сонца «становіцца крыжам» над месцам сустрэчы ці з'яўляецца вясёлка.

Удзельнікі вандроўкі «Дарога да Святыняў» на месцы пахавання беларускай пісьменніцы Цёткі.

Можа падацца, што «Дарога да Святыняў» — акцыя толькі духоўнага, праваслаўна-рэлігійнага кшталту. Пра гэта сведчаць сталыя рысы: іконы, хрэсныя ходы, Дабрадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, малітвы... Але ж гэта не зусім так. Гэтая дарога — сімвал яднання людзей, паглыблення духоўнасці, веры ў дабрыню і чалавечнасць. Гэта — агульначалавечыя каштоўнасці, на развіццё якіх і працуе беларускае пісьменства, тыя, хто нясе сваёй працай слова, кнігу як знак культуры, запавет для нашчадкаў і расповед пра нас, сённяшніх. Дык няхай жа знакамі часу застанецца агульнае Свята пісьменства, светлая «Дарога да Святыняў» і зялёныя Сады Малітвы — хай, можа, малітвы не заўсёды кананічнай, але шчырай, гарачай... А гэта залежыць ад чысціні душы і сэрца кожнага чалавека.

Маршрут сёлетняй вандроўкі «Дарога да Святыняў»: Мінск, Свята-Духаў кафедральны сабор — магілка святой блажэннай Валянціны Мінскай каля вёскі Крысава (Дзяржынскі раён) — Святое поле каля вёскі Загор'е Баранавіцкага раёна — Баранавічы — пасёлак Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — пасёлак Акцябрскі, вёска Красная Слабада (Акцябрскі раён) — пасёлак Азарычы (Калінкавіцкі раён), Калінкавічы — Гомель — мемарыяльны комплекс «Аперацыя «Баграціён», пасёлак Парычы (Светлагорскі раён), Светлагорск — Жлобін — Рагачоў, сталіца Дня беларускага пісьменства.

Сёлета экспедыцыю «Дарога да Святыняў» упершыню ўзначаліць літаратуразнаўца Алесь ЛАПАТА-ЗАГОРСКІ. Ён расказаў:

— Ёсць раёны, куды вельмі часта наведваюцца госці. А ёсць тыя, што чамусьці абмінаюцца ўвагай. Напрыклад, калі мы былі ў Дрыбінскім, Ляхавіцкім раёнах, неаднаразова чулі словы ўдзячнасці мясцовых жыхароў і шкадаванне пра тое, што іх мясціны часцей абмінаюць, чым наведваюць. Дзеля гэтага варта патраціць час і сілы, праехаць у экспедыцыі, бо людзі чакаюць. Таму, прапрацоўваючы маршруты, улічваем іх «запатрабаванасць» гасцямі, пісьменнікамі. Часам мясцовыя краязнаўцы неверагодна радуюцца, кажуць: мы думаем, што мы дзіўныя, адзінкавыя людзі, раз цікавімся нашай спадчынай, мінуўшчынай, але пабачыўшы вас пераконваемся, што гэта з'ява. Што мы разам. Варта падтрымаць тых, хто працуе на ніве нашай гісторыі, культуры, духоўнасці. Таксама падчас паездак можна вырашыць пытанні мясцовага характару. Так, неяк у Навагрудскім раёне мы пачулі, што ў іх прапаў валун, а ў Баранавіцкім нам сказалі, што валун аднекуль з'явіўся. Частачкі мазаікі складваюцца ў адно цэлае.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Яднанне неба і зямлі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».