Вы тут

Мама напісала кнігу па казках сваёй трохгадовай дачкі


Дзядуля Эспэн і цётачка Разарыя, пчолка Пенябіпка і вусень Бабу Ба Біба. Усе яны — жыхары чароўнага ружовага лесу, прыдуманага трохгадовай Варай. Праз іх маленькая дзяўчынка расказвала пра свае страхі, перажыванні, надзеі і адкрыцці. Яе мама, Алена Тагіль, уважліва слухала, а аднойчы пачала запісваць...


Ка­лі ад­ной­чы Ва­ра за­хо­ча стаць пісь­мен­ні­цай, ма­ма пад­тры­мае яе вы­бар.

— У душы я даўно паэтка і казачніца, — расказвае Алена. — У школе мела шмат грамат і першыя месцы на літаратурных конкурсах. Але ў сёмым класе мяне неяк моцна засаромілі, і, як гэта бывае ў дзяцей, пісаць я перастала. Неяк натрапіла на маркетынг і стала ў ім добра разбірацца. Я строіла стратэгіі памерам з нью-ёркскія хмарачосы. Але аднойчы да мяне прыляцела цудоўная дзяўчынка — мая дачка Варвара, і ўсе дамы адразу сталі маленькімі, а стратэгіі не такімі важнымі. Дзелавыя касцюмы разам з туфлямі на абцасах добраахвотна адправіліся з шафы ў скрынку з паметкай «Даўно мінула». Паэтка і казачніца прачнуліся зноў. І цяпер я ледзь паспяваю запісваць усе тыя цуды, што з намі адбываюцца.

Кніга Алены і Вары складаецца з дзесяці казачных гісторый, у якіх расказваецца аб прыгодах маленькага ляніўца Чудзілёныша і яго мамы Чудзілены.

Аснову для ўсіх гісторый і імёны персанажаў прыдумала дзяўчынка, а мама запісала і апрацавала апавяданні — гэта і ёсць «разыначка» праекта.

— У 2 гады Вара стала называць сябе Чудзілёнышам, а мяне — матуляй Чудзіленай, — успамінае Алена. — Гэта было проста міла, але не больш за тое, бо дзеці часта нешта прыдумляюць. З часам я пачала прыслухоўвацца да таго, што балбоча Вара, і спачатку падумала, што Чудзілёныш — проста яе выдуманы сябар. Але ўсё аказалася значна цікавей: гэта былі яе казкі! Я пачала запісваць за ёй — так нарадзілася цэлая кніга.

Алена прызнаецца, што ўмее слухаць сваю дачку. Для яе не бывае глупства ў тым, што гаворыць маленькая Вара — усе фантазіі і словы дзяўчынкі важныя для мамы.

— Я веру, што дзеці могуць бачыць і чуць тое, чаго ўжо не бачым і не чуем мы, дарослыя. Нездарма ж кажуць: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна.

Акрамя ляніўца Чудзілёныша і яго маці ў чароўным ружовым лесе можна сустрэць храбрую пчолку Пенябіпку, дзякуючы якой казачны лес выратавалі ад раптоўнай зімы, дзядулю Эспэна і цётачку Разарыю, фей Кларысу і Марысу, доктара Розазуба. Але самы любімы персанаж самой Алены — крыху сумны мудрэц і філосаф вусень Бабу Ба Біба.

— Прататыпаў у рэальным жыцці ў казачных герояў няма, — працягвае Алена. — Вара называла імёны — я іх запісвала. А потым самі сабой нараджаліся такія не падобныя адзін на аднаго вобразы. Думаю, увесь сакрэт у тым, што паміж мной і дачкой існуе нейкая таямнічая творчая прастора. Мне здаецца, я бачу яе герояў вельмі ясна.

Сёння Алена і Вара прайшлі доўгі шлях да таго, каб кніга трапіла ў рукі сваім маленькім чытачам. Літаратурны рэдактар вычытаў і ўнёс змяненні ў тэкст, прафесійны ілюстратар стварыў яркія і цёплыя ілюстрацыі, каманда неабыякавых людзей падрыхтавала краўдфандынгавую кампанію (народнае фінансаванне), каб сабраць грошы на выданне кнігі, а некалькі выдавецтваў ужо гатовы ажыццявіць мару дзвюх пісьменніц.

— Над вобразам Чудзілёныша працавала ў першую чаргу мастачка — Кацярына Марціновіч, якая вельмі тонка адчувае тэкст. Карэкціроўка праходзіла з удзелам арт-дырэктара праекта Вольгі Алейнік і, вядома, мяне. Вобраз Чудзілёныша некалькі разоў трансфармаваўся, але заўсёды ўзгадняўся з Варай. Яе першая рэакцыя на героя была вырашальнай для каманды.

Сёння Алена марыць аб перакладзе кнігі на беларускую мову.

— Для мяне гэта вельмі важна. Я люблю мову, але, на жаль, пакуль не магу на ёй пісаць так тонка, як на рускай. Гэта мая зона развіцця як аўтара на будучыню. Першы наклад будзе без беларускай версіі, але наступны мы абавязкова выдадзім на абедзвюх мовах — рускай і беларускай. Ці будзе ў кнігі працяг? Думаю, мы з Варай што-небудзь прыдумаем. Зараз важна выдаць першую кнігу.

Кнігу Алена раіць прачытаць не толькі дзецям, але і іх бацькам — каб лепей разумець перажыванні маленькага чалавечка, які толькі пачынае спазнаваць свет праз радасці, страхі і мноства самых розных «чаму».

А на пытанне «Як глядзіце на тое, што аднойчы Вара сама захоча стаць пісьменніцай?» маладая мама шчыра ўсміхаецца і адказвае: «Я буду шчаслівая падтрымаць яе ў любым выбары».

Падтрымаць праект можна тут.

Ганна БАГІНО

Фота з архіва герояў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.

Эканоміка

Навошта нам долары?

Навошта нам долары?

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?