Вы тут

Дзмітрый Шулюк. Зарастаюць дарогі




Зарастаюць дарогі

 

Музыка ліецца з дынаміка ўсё хутчэй і хутчэй. Алекс Цёрнэр і Майлз Кэйн прымушаюць паветра ў маім пакоі вагацца і хвалявацца. Сцены робяцца немагчымымі і быццам раствараюцца. За сценамі поле. Летняе зялёнае пахучае. Гукавыя хвалі незаўважна становяцца цокатам капытоў. Першы і пакуль апошні альбом гурта «The Last Shadow Puppets» («Апошнія лялькі тэатру ценяў») адправіў мяне ва ўспаміны. У дзень, калі дзед упершыню дапамог мне сесці на каня і павёў таго па палявой дарозе.

Салодкія ўспаміны. Cалодкія і вострыя, яркія і адначасова бляклыя. З разраду ўспамінаў, у якіх да канца немагчыма ўпэўніцца. Немагчыма пазбавіцца сумневаў у рэальнасці гэтых імгненняў. Пазбавіцца пытанняў. Можа, гэта быў проста сон? Можа гэта была мара? Ды і запытаць няма ў каго. Дзед нічога не зможа пацвердзіць. Ён ужо колькі гадоў як застаўся ў мінулым. Каня Матыля забрала нейкая хвароба. Дарога зарасла.

Кажуць, сучасная моладзь ні аб чым не думае, ні да чаго не здольная. Часцей нават не кажуць, а крычаць. І ў большасці гэтыя крыкі не маюць пад сабой ніякага фундаменту. Людзям проста здаецца, што яны былі іншымі, што яны хацелі, яны маглі. Але паглядзіш на іх: толькі зарослае поле. Усе тыя сцежкі, вытаптаныя юнацкімі марамі, пазарасталі. Няма іх.

 

Быў тыповы зімовы вечар. Магчыма, і не зусім тыповы. Я ў гэты вечар паведаміў маці, што маё апавяданне надрукуюць у часопісе. Яна пахваліла мяне. Але пахвала радасці не прынесла. Бо здалася мне бессэнсоўнай. Зусім бессэнсоўнай. Напэўна, я не здолеў успрыняць словы маці як словы маці. Я пачуў толькі словы Чалавека-з-Канапы. Быццам добра не тое, што я раблю, не тое, што я ствараю, а толькі тое, што маё імя з’явіцца ў продажы. Ведаю, ацэнка вельмі экспрэсіўная і павярхоўная, але час ад часу ўсе мы робімся ўразлівымі для эмоцый, якія раптоўна выбухнулі.

— Паслухай, калі ласка, — папрасіў я. Маці не адвяла вачэй ад манітора, таму я маўчаў і чакаў.

— Ну, кажы.

— Паслухай... — хацелася, каб голас гучаў упэўнена, але атрымаўся незакончаны выдых.

— Я слухаю.

Яе рука па-ранейшаму ляжала на мышцы. Перадавала рухі курсору, які хапаў карту за картай і перакладаў іх, каб у выніку пасьянс склаўся. Такая простая і надзённая мэта.

— Не. Не слухаеш.

Нарэшце, яна павярнула галаву і паглядзела на мяне з-за шкла акуляраў. Я крыху яшчэ памаўчаў, бо не ведаў, з чаго пачаць. Некалькі секунд: сабрацца і зрабіць спробу. Зрабіць крок да ўзаемаразумення і прыняць крок у адказ. Калі раптам гэты «крок у адказ» будзе зроблены.

— Чаму ты ніколі не хвалішся чым-небудзь? Вось я, напрыклад, паспрабаваў штосьці зрабіць, стварыць. А чаму ты так не робіш? Чаму ўсё, пра што ты расказваеш, гэта штодзённыя праблемы на рабоце або мімалётныя выпадкі з тых, якія не нясуць эмоцый, пачуццяў, а часцей нават мінімальна аб’ектыўнага бачання? Яны не патрэбны ні мне, ні табе.

Я гаварыў і разумеў, што словы зусім не тыя. Што я зусім не гэтым заклапочаны. А калі нават і гэтым, то не так. Зразумела, ніякага «кроку ў адказ» і быць не магло. Тым не менш я працягваў.

— Вось ты глядзіш у манітор: хтосьці яго вынайшаў. Хтосьці вынайшаў тэлевізар. Ды любая рэч у гэтай хаце не з’явілася сама па сабе. Колькі сапраўдных стваральнікаў нараджаліся, жылі і паміралі на працягу ўсёй гісторыі. Ім таксама патрэбна было есці, патрэбна было купляць вопратку, абаграваць жыллё. Але яны знаходзілі час і жаданне для большага. Бо яны разумелі, наколькі кароткае чалавечае жыццё. Прамільгне, як птушка ў небе, і нічога не застанецца.

— Ну, і што ты ад мяне хочаш?

«Як што?! Ты не разумееш?! Ці магчыма тут што не разумець?! Ты проста не слухаеш! Паслухай! Паслухай!» — кіпелі словы, пытанні, крыкі, але я сказаў іншае, непатрэбнае, фальшывае.

— Калі б не гэтыя людзі, у цябе б нічога не было.

Такія разумныя высновы, такія цэльныя погляды пры размове з людзьмі, якія не жадаюць слухаць, ператвараюцца ў пафаснае ныццё.

— Зрабілі і добра, — з папрокам кінула мне маці. — Цяпер можна адпачыць.

 

Незаўважна праносіцца палова альбома. Пачынаецца адна з маіх любімых кампазіцый «My mistakes were made for you». Зноў лаўлю сябе на думцы, што такая музыка з’яўляецца ўскосным доказам маіх меркаванняў. Маёй упэўненасці ў тым, што асэнсаванасць чалавекам жыцця не настолькі залежыць ад узросту, як гэта звычайна прадстаўлена. Часам ніякай асэнсаванасці няма — што ў сталага чалавека, што ў юнака. Напэўна, патрэбна прапанаваць вам другую палову маёй кампазіцыі.

Мне пашанцавала папрацаваць класным кіраўніком у дзявятым класе. Школа была невялікая. Нават не, невялікая — гэта вельмі моцна. У мяне было тры вучні. І такая іх колькасць несла пэўныя праблемы. Напрыклад, ім не было да каго расці. Так атрымалася, што вучыліся яны амаль аднолькава, ды і ў астатнім развіваліся на адных хуткасцях. Магчыма, іншым разам я раскажу вам пра іх больш, але не цяпер. Цяпер толькі адзін урывак з адной класнай гадзіны.

Не буду хлусіць, што я чалавек вельмі старанны. Часцей я зусім не стараюся. Напэўна, таму і думкі ў мяне больш працуюць як фонавыя праграмы ў камп’ютары. Быццам нічога нідзе не ўключана, а раптам усплывае акно: «Абнаўленні для вашага плэера загружаныя». То бок я пастаянна рыхтуюся. Аналізую, фільтрую, шліфую, але для большасці гэта выглядае як «Эўрыка! Эўрыка!»

У той дзень я таксама быццам з ніадкуль прыдумаў цікавы ўрок. На мой погляд, цікавы. Урок меў тэмай першыя дасягненні чалавечай цывілізацыі і ўключаў у сябе шмат відэаматэрыялаў. Я пасля паказваў гэтае відэа настаўніку фізічнай культуры, і ён быў у захапленні. А вось вучням было сумна, яны раз за разам паглядвалі, колькі засталося да канца ўрока, шапталіся між сабой ды клявалі насамі. Я доўга назіраў за гэтай даволі непрыемнай карцінай і нарэшце не вытрымаў.

— Вам сумна! — выкрыкнуў я. — Сумна? Нецікава глядзець, слухаць? Вам паказваюць пра сляды, якія дайшлі да нас праз тысячагоддзі. Уявіце! Праз тысячагоддзі. Вам сумна на гэта глядзець? А якія сляды збіраецеся пакінуць вы? Адкуль людзі праз сто гадоў даведаюцца пра вас? Арцём? Адкажы, які след ты пакінеш на Зямлі?

Ён адразу адвёў вочы, вінавата прабег імі па парце, а затым упэўнена адказаў.

— А навошта пакідаць след?

 

Мінулым летам я хацеў паказаць сваёй каханай возера, да якога з таварышамі прадзіраўся ў дзяцінстве, каб пабачыць баброў. Аказалася, што няма там ужо возера. І дарог, якімі ехалі па сена, — няма. Успаміны здаюцца казкай. Успаміны чалавека, якому няма нават трыццаці гадоў. Зарастаюць, зарастаюць, зарастаюць. Неабходна гэтым летам праехацца па гарадах Беларусі, каб тыя дарогі, што я пракладваў у сэрцах добрых людзей, не зараслі.

Музыка не заціхае.

__________

The Last Shadow Puppets — брытанскі рок-гурт, створаны Алексам Цёрнарам і Майлзам Кэйнам. Цёрнар — фронтмэн гурта ArcticMonkeys, a Кэйн — фронтмэн гурта TheRascals. Магчыма, ім не хапала прасторы для творчасці ў межах адной каманды, альбо былі іншыя прычыны. У выніку нам пашанцавала, дзве сапраўдныя зоркі сучаснага року ўтварылі сузор’е. І прамяні іх святла цягнуць слухача ў чароўныя шасцідзясятыя.

У 2008-ым выйшаў першы і, на жаль, пакуль што апошні альбом The Last Shadow Puppets пад назвай «The age of the understatement». Альбом атрымаў станоўчыя адзнакі крытыкаў і першае месца ў брытанскіх чартах.

Не магу не параіць вам абавязкова паспрабаваць паслухаць гэту музыку. У гуках якой пераклікаюцца дзесяцігоддзі.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».