Вы тут

Як выглядае адзін з самых дарагіх санаторыяў Беларусі


Літаральна месяц таму ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці адкрыўся санаторна-курортны комплекс «Пліса», кошт пражывання ў якім на чалавека — ад 55 долараў за суткі. Новы санаторый размясціўся за 180 км ад Мінска і трапіў у пяцёрку самых дарагіх устаноў для аздараўлення. Можа, дарэмна? Разбіраліся журналісты, запрошаныя на экскурсію Нацыянальным прэс-цэнтрам.


Санаторый з'явіўся на месцы былой вайсковай часці, непасрэдна на беразе ляснога возера Пліса (7 км на 1,5 км), непадалёк ад вёскі з аднайменнай назвай. Вада чыстая, ёсць рыба — лешч, лінь, вугор, шчупак, судак. Буйкі даволі блізка, і там ужо істотная глыбіня. Пляж дагледжаны, уладкаваны, з асінавым насцілам для прыняцця сонечных ваннаў, ёсць і парасоны, тапчаны. Адыходзім ад пляжа ў напрамку пірса. Не жадаеце пракаціцца? На катамаране — 4 рублі за гадзіну, на лодцы — 3, на катары — 10 рублёў за 10 хвілін, і гэтага хопіць, каб пабачыць невялічкія астраўкі, раскіданыя па вадзе як велізарныя зялёныя букеты. Налета плануецца пашырыць парк водных сродкаў перамяшчэння — байдаркі, каноэ, яхта. Не ўмееце гэтым кіраваць? Інструктар навучыць.

Падзялілася Пліса з людзьмі і сваімі лекавымі гразямі. Скарб здабываюць і адразу пускаюць у справу — на лячэнне захворванняў мышачна-касцявой сістэмы. Куды больш эфектыўна, чым тая сыравіна, што завозіцца ў краіну здалёк...

Ідзём ад возера па выкладзенай пліткай сцяжынцы... у бювет, дзе тройчы на дзень рэкамендуецца піць натуральную мінеральную ваду. На смак нязвыкла, але карысна для страўнікава-кішачнага тракту і нармалізацыі функцыі нырак. Наогул на тэрыторыі санаторыя — дзве свідравіны з мінеральнай вадой. Ёсць яшчэ вада з высокай канцэнтрацыяй брому для вонкавага прымянення, што рэдкасць на нашых тэрыторыях (самы блізкі аналаг — у Юрмале). Бромістыя воды карысныя ў выглядзе ваннаў для аздараўлення органаў кровазвароту, нервовай і мочапалавой сістэмы. Ёсць і свая крыніца здабывання лячэбнай сапрапелевай гразі.

Перад намі — аб'ект недзяржаўны. Узвядзеннем займаўся «Трэст Прамбуд», які прыцягнуў значную долю крэдытных сродкаў. Усяго за некалькі гадоў работ было асвоена каля 20 мільёнаў долараў. Трэст заваяваў сабе сур'ёзную рэпутацыю на аб'ектах элітнага жылля, узвядзенні храма-помніка ў гонар Усіх Святых...

Галоўны корпус санаторыя з вышыні птушынага палёту паўтарае, дарэчы, Крыж Еўфрасінні Полацкай. А калі апусціцца ўніз, то паміж прыгожымі клумбамі і дэкаратыўнымі масткамі ўбачым і капліцу ў яе гонар.

Хіба магло быць інакш на зямлі, дзе знаходзяцца Полацкі Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр — усяго за 70 км ад вёскі Пліса.

Санаторна-курортны комплекс пабудаваны ў палацава-паркавым стылі. І стрымана, і велічна, і цалкам арганічна для тутэйшых мясцін. Перад галоўным корпусам — фантан з кампазіцыяй «дзяўчынка і матылькі». У самым цэнтры гэтага корпуса — круглае памяшканне, светлае і ўрачыстае, з велізарнымі хрустальнымі люстрамі, якія каскадам спускаюцца з пяціпавярховай вышыні. Гэта рэсепшн, дзе можна пасля папярэдняга браніравання хутка аформіцца і аплаціць пуцёўку. Калі ехаць з Мінска, то 2,5 гадзіны — і вы на месцы (машыну можна пакінуць на бясплатнай паркоўцы).

— Аднапакаёвы стандарт — з добрай сучаснай мэбляй (ложак, шафа, пісьмовы стол, крэсла), кандыцыянерам, тэлевізарам, тэлефонам з гарадской і міжнароднай сувяззю, фенам і гігіенічнымі сродкамі ў ванным пакоі, плошчай 15 кв. м каштуе 110,5 рубля за суткі на чалавека (да любой сумы трэба дабаўляць 5 працэнтаў курортнага збору). Двухмесныя нумары на дваіх — 205-240 рублёў. Ёсць і апартаменты: у двухпавярховым катэджы — з двюма спальнямі, асобнымі ваннымі пакоямі, гасцёўняй, кабінетам і кухняй (такіх катэджаў пяць) або аднапавярховыя, у якіх дапускаецца размяшчэнне да шасці чалавек, — тлумачыць першы намеснік генеральнага дырэктара «Трэст Прамбуд» Валерый МАЗОЎКА.

На ложках — халаты і ручнікі, у шафах — тапачкі. Усюды ёсць кандыцыянеры, тэлевізары і вельмі добры Wі-Fі — такі, што можна не адрывацца ад любімых сетак нават на пляжы.

Трохразовае харчаванне — на ўзор шведскага стала, гатуюць смачна, хоць выбар страў і фруктаў пакуль небязмежны. Няма і сейфаў, але калі прыехаць толькі з пластыкавай карткай, то не прагадаеш: у галоўным корпусе ёсць аддзяленне аднаго з банкаў.

Бар — прасторны, частка столікаў размяшчаецца на вуліцы, так што ў добрае надвор'е можна ўзяць кавы або чагосьці мацнейшага і атрымаць асалоду на свежым паветры, разглядаючы азёрную прыгажосць.

Тэлебачанне багатае на колькасць каналаў, але, як на маю думку, то лепей больш часу прысвяціць шпацырам па сцяжынцы здароўя ды спартыўным забавам — ёсць пляцоўкі для гульні ў вялікі тэніс, валейбол, футбол, хутка дабавяцца і некалькі вулічных трэнажораў. Непадалёк — гульнявы комплекс для дзяцей. Ракеткі для настольнага тэніса, дартс, набор для «гарадкоў» выдаюцца бясплатна. Тэнісны корт каштуе 15 рублёў за гадзіну, веласіпед — 3, палкі для скандынаўскай хады — 1,5 рубля за гадзіну (інструктар дапаможа разабрацца, што і як рабіць правільна).

У кошт пуцёўкі ўключаны і базавы камплект аздараўленчых працэдур. Можна аплачваць штосьці і дадаткова. Але больш за тры-чатыры працэдуры ў дзень праходзіць не рэкамендуецца.

— Мы ставім перад сабой задачу навучыць людзей правільна харчавацца, адпачываць і аздараўляцца — у гэтым маюць патрэбу абсалютна ўсе, — кажа галоўны ўрач санаторнага комплексу Сяргей ПЕТУХОЎ. — А такое магчыма менавіта ў сваёй роднай кліматычнай зоне, дзе няма дадатковага стрэсу з-за адаптацыі...

У кошт пуцёвак уваходзіць наведванне аквазоны. Праз дзень чаргуюцца працэдуры з мінеральнай вадой і гразі. Плюс штодня адна фізіяпрацэдура, праз дзень — масаж па 15 хвілін, трэнажорная або фітнес-зала.

Тры паверхі ў галоўным корпусе — цалкам лячэбныя. Першы і другі — водагразелячэбніца. Вось тут і накладваюцца гразевыя аплікацыі на хворыя суставы, прымаюцца лячэбныя ванны з мінеральнай вадой, бішафітам, валяр'янай, развадныя гразевыя (гразі разводзяцца мінеральнай вадой). Сухая вуглякіслая ванна — карысны стрэс для дробных сасудаў, што паляпшае ў выніку кровазварот, аздараўляе скуру і забяспечвае антыцэлюлітны эфект. Спецыяльная ванна — для гінекалагічных працэдур. Тут жа басейн, парылкі і зона «штучнага сонца». Устаноўка «штучнае сонца» (шведская вынаходніцтва) дазваляе цягам аднаго сеанса (для 8-10 чалавек) атрымаць увесь спектр сонечнага святла за выключэннем ультрафіялету. Словам, не для загару гэта, а для прафілактыкі сезонных дэпрэсій, лячэння сіндрому хранічнай стомленасці.

На трэцім паверсе — урачэбныя кабінеты, фізіятэрапеўтычны і масажны блокі.

Фізіятэрапія, напэўна, рэдка дзе прадстаўлена так шырока. Ёсць і эксклюзіўнае абсталяванне. Вібратэрапія (для расслаблення мышцаў, суставаў), устаноўка для бескантактнага гідрамасажу ад пятак да шыі, біярэзанансная тэрапія з некалькімі рэжымамі ўздзеяння з дапамогай электродаў (можна і тлушч «спальваць», і з абстынентнага сіндрому вывесці).

Масажныя сталы — трансформеры. Няважна, якога вы росту і камплекцыі, зручна будзе і вам, і ўрачу. Адзін мінус — спецыялістамі пакуль не ўкамплектаваныя. Зона СПА-працэдур яшчэ даводзіцца да ладу.

«Пачынаем адначасова і другую чаргу будаўніцтва — для самабытнага адпачынку, — расказвае Валерый Мазоўка. — Легенда сведчыць, што Рагнеда спрабавала схавацца ад князя Уладзіміра на адным з тутэйшых астравоў. А калі ёсць легенда, значыць, павінен быць і замак з пад'ёмнымі мастамі, з персаналам у касцюмах тых часоў... А ў гонар усіх нацыянальнасцяў, якія некалі тут пражывалі — ліцвінаў, палякаў, рускіх, украінцаў, татараў, яўрэяў, цыганоў, зробім некалькі домікаў, у якіх можна будзе пабачыць іх побыт. На гэтай тэрыторыі будзе свая гасцініца. Ёсць надзея, што налета ўжо вы ацэніце нашы намаганні».

Святлана БАРЫСЕНКА

Фота Алесі ШАРШНЁВАЙ

Загаловак у газеце: Легенда возера Пліса

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.