Вы тут

На некалькі дзён здымак фільма Бабруйск ператварыўся ў Галіч


Апошнім часам расійскія кінематаграфісты вельмі любяць здымаць фільмы ў Беларусі. І горад на Беразіне карыстаецца попытам нараўне з Мінскам, Брэстам і Гродна. Менавіта тут нядаўна здымалі сцэны да вядомага ўсім тэлесерыяла «Бандыцкі Пецярбург» — «Экспрапрыятар» . Гэта 16-серыйная карціна па раманах Андрэя Канстанцінава з цыкла «Юнацтва Барона». У цэнтры падзей — дзяцінства злодзея, вядомага ўсяму Ленінграду і блатному свету Юрыя Аляксеева па мянушцы Гарбун, ці, як яго яшчэ называлі, Барон, бо ён быў апошнім нашчадкам дваранскага роду. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за тым, як ствараецца сённяшняе кіно.


Апош­няя пад­рых­тоў­ка да зды­мак.

Горад, дзе спыніўся час

«Паляванне на гаўляйтара», «Сляды апосталаў», «Цугцванг», «Смерш» — вуліцы і будынкі Бабруйска станавіліся натурай для здымак за апошнія некалькі гадоў не раз. Цяпер сюды завітаў сам рэжысёр Уладзімір Краснапольскі — легенда савецкага кіно, вядомы па культавых фільмах «Цені знікаюць апоўначы» і «Вечны кліч», з сучасных — «Вольф Месінг», «Дом з лілеямі». У свае 83 гады славуты рэжысёр выглядае на зайздрасць бадзёра, і ўвесь у працы. Для здымак «Экспрапрыятара» ў Бабруйску выбралі тры пляцоўкі, адна з якіх — база агародніны ў будынку старадаўняй крэпасці. Па сцэнарыі гэта папраўчая калонія, адкуль выходзіць на волю галоўны герой. Наогул бабруйская крэпасць у расійскіх кіношнікаў месца вельмі папулярнае, але не адзінае з тых, што часта трапляюць у кадр. Вельмі добры тут прыватны сектар, амаль не крануты цывілізацыяй. Дамкі з аканіцамі, не прычасаныя на сучасны лад сады, буйная расліннасць і спакой. Жыццё тут рухаецца па сваіх законах. Якраз тое, што трэба для «Экспрапрыятара», падзеі якога адбываюцца ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя.

— Бабруйск выбралі таму, што тут вельмі спагадлівыя людзі, улады заўсёды ідуць насустрач, суб'екты гаспадарання рады нас бачыць, і такіх аб'ектаў, як тут, няма ва ўсёй Беларусі, — кажа Ірына Громава, намеснік дырэктара па аб'ектах кінакампаніі «КіВі-прадакшн», якая дапамагае расійскаму «Фаварыт-фільму» падбіраць для здымак найбольш падыходзячыя месцы.

— Сюды прыязджаеш і трапляеш у іншы свет,— Аляксандр Халадцоў, мастак-пастаноўшчык фільма, таксама лічыць горад ідэальным для здымак. — Бабруйск для кіно вельмі сімпатычны. І жыхары вельмі адказна ставяцца да здымачнага працэсу.

Ён узгадвае кур'езны выпадак, калі тут здымалі «Паляванне на гаўляйтара».

У адным прыватным будынку гарэлі сучасныя ліхтары, якія не ўпісваліся ў канву карціны. Гаспадароў папрасілі іх выключыць, і былі вельмі ўражаны, калі на студыю патэлефанавалі праз некалькі дзён, каб спытацца, ці можна іх уключаць зноў.

Шанц трапіць у акцёры

Два дні здымак у Бабруйску — сапраўднае свята для тутэйшых аматараў кіно. Падбор людзей для масоўкі ішоў з сярэдзіны чэрвеня. Усе ахвотныя прыняць удзел мелі магчымасць пакінуць свае каардынаты ў спецыяльна створанай «УКантакце» групе. Яна будзе дзейнічаць і пасля здымак. Там можна знайсці свежую інфармацыю па здымках у Мінску, Бабруйску. Брыгадзір па масоўцы Андрэй Галіенка абяцае, што ніводная кандыдатура не застанецца без увагі.

На адно месца ў масоўцы на «Экспрапрыятара» прэтэндавала больш за 200 чалавек, але пасля адбору засталося каля 80. Запрашалі перш за ўсё тых, хто па сваёй знешнасці адпавядае 1960-м. Тыя, у каго былі фарбаваныя валасы і ўльтрамодныя стрыжкі, адсяваліся адразу.

Бабруйчане Алег Крупеннік, Аксана Міронава, Сяргей Бокій і іншыя сталі ўжо пастаяннымі «акцёрамі», ездзяць здымацца ў масоўках нават у Мінск. Акрамя 18 тысяч рублёў за здымачны дзень, атрымліваюць яшчэ шмат станоўчых эмоцый.

Удзел у кіно — гэта яшчэ добрая магчымасць папрацаваць разам з мэтрамі на адной пляцоўцы. Такімі, як вядомы артыст Раміс Ібрагімаў, які зняўся амаль у 50 стужках. Роля ў «Экспрапрыятары» ў яго маленькая, але значная. Ён не злодзей у законе, але меў калісьці адносіны да крымінальнага свету. Таму для людзей, якія трапілі ў цяжкае становішча, парада вопытнага Халіда вельмі значная. Для артыста вельмі ганарова зняцца ў стужцы Уладзіміра Краснапольскага.

— Краснапольскі адзін з найбольш выдатных рэжысёраў, з якім цікава працаваць, бо ён не проста здымае стужкі, ён імі жыве, — гаворыць акцёр. — Ён рэпеціруе, што цяпер рэдкасць у кіно. Тым больш у серыялах. Маладыя акцёры звычайна працуюць з чыстага аркуша. Гэта, на жаль, біч сучаснага кіно. Тое кіно, якое здымалася Краснапольскім і іншымі рэжысёрамі, адыходзіць. Сёння ніхто нават не спрабуе так працаваць.

У філь­ме ў Ра­мі­са Іб­ра­гі­ма­ва ро­ля ма­лень­кая, але вель­мі важ­ная.

Была база, стала турма

Вольга Шчэрба, загадчыца базы, якая забяспечвае ўвесь Бабруйск памідорамі, агуркамі, яблыкамі, бульбай, морквай, з задавальненнем прымае здымачныя групы. Кажа, што гэта адбываецца за апошні час ўжо трэці раз. Сама з вялікай цікаўнасцю назірае за здымкамі.

Вольга ахвотна пазіруе на фоне змрочных сцен, шчоўкаюць затворы фотакамер. «А шарыкаў не бачыце?» — усміхаецца яна, намякаючы, што ў вежы жывуць прывіды. Збоку нехта нервова войкнуў: «А ў мяне на здымку вас дзве атрымаліся».

Вольга Міхайлаўна прывідаў не баіцца. За 8 гадоў работы тут яна ўжо стала для іх сваёй. А спачатку, кажа, і сеткі па начах падалі, і іншыя нечаканасці здараліся.

Для захавання гародніны і садавіны крэпасць — выключны аб'ект. Сцены тут 4-метровыя — зімой нічога не мерзне, а летам не гніе. Вось толькі без дазволу нельга нават і цвіка забіць — аб'ект пад аховай дзяржавы.

Тэмы для кіно здрабнелі

Уладзімір Краснапольскі для ўсіх з прысутных на здымачнай пляцоўцы аўтарытэт. Любое яго слова — закон. Пакуль рэжысёр не вызваліцца, лезці да яго з пытаннямі бессэнсоўна. Спачатку справа, а потым — любы капрыз.

— Мне гэты твор спадабаўся перш за ўсё асобай, — кажа пра будучую карціну Уладзімір Краснапольскі. — Гэта быў рэальны герой, які памёр дзесьці ў 1995 годзе. Мы ўспамінаем яго дзяцінства, юнацтва. Гісторыя хлопчыка, які перажыў арышт бацькі, блакаду. Ён стаў злодзеем, але не проста кішэннікам або кватэрным рабаўніком: ён рабаваў тых, хто нажыўся на Ленінградскай блакадзе. У фільме ёсць эпізод, калі за дарагую залатую рэч даюць усяго 8 запалак. Для чалавека, які вырас у раскошы і добра разбіраўся ў мастацтве, гэта было шокам. Ён ненавідзеў такіх людзей, называў сябе «экспрапрыятарам», бо спецыялізаваўся на крадзяжах антыкварных каштоўнасцяў. Але за ўсё сваё жыццё ён нікога не забіў. Андрэй Канстанцінаў пісаў, што гэта была асоба, якую паважалі нават чэкісты. Мы ставім акцэнт на тым, што ён усё жыццё трапляў у вельмі цяжкія абставіны, але паўсюль знаходзіліся тыя, хто яму дапамагаў. Нават у турме. Там сядзелі людзі, якія чыталі Герцэна і Дастаеўскага. Былі каралямі сярод зладзеяў, але справядлівымі. Цікава паглядзець збоку, як такі чалавек выжывае.

Краснапольскі — рэжысёр якаснай школы, яму заўсёды быў цікавы лёс чалавека, фільмы, дзе падзеі не толькі звязаны нітачкай сюжэта, а яшчэ і абапіраюцца на эпоху.

— Калі здымаў карціну пра Месінга, скептыкі казалі: што там незвычайнага, фокусы і ўсё. Мне ж было цікава паказаць жыццё чалавека, які змагаўся з тым, што бачыў будучыню, але нічога змяніць не мог. Як ён гэта перажываў. Мяне папракалі, што я ўсё выдумаў. А я чытаў рэдкія матэрыялы.

Сучаснае кіно выклікае ў мэтра іронію. Ён лічыць, што тэмы здрабнелі.

— Раней былі сацыяльныя фільмы, з яскрава паказаным класавым канфліктам, а цяпер праблемы зводзяцца да банальных рэчаў — дзе купіць танней, а прадаць даражэй, — разважае ён. — Кола тэм замкнулася, людзі перасталі ўсміхацца адзін аднаму. Класік памыляўся. Свет адна прыгажосць не выратуе, без дабрыні нічога не атрымаецца. Акцёру цяпер цяжка раскрыцца ў вобразе.

— Наколькі сёння цяжэй здымаць кіно? Шмат хто скардзіцца, што прыходзіцца эканоміць нават на дробязях... — пацікавіўся карэспандэнт «Звязды» ў рэжысёра.

— Сёння бясконца складана здымаць. Раней давалася сума, якой хапала і на карціну, і на паездкі. А цяпер яна вельмі ўрэзаная — як хочаш, так і здымай. Прыходзіцца выбіраць больш танную тэхніку, камеры, падбіраць акцёраў. Кульгае не толькі якасць — канстытуцыя фільма іншая. Больш размоў, камерных сцэн пра тое, што зроблена або што адбудзецца. А кіно — гэта пластыка: чым больш карцінкі, дзеяння, тым лепш.

Сёння вельмі цяжка стварыць эпоху 1960-х, на вуліцах адны замежныя машыны. Знайсці такі спакойны горад, як Бабруйск, — з ракой, турэмнымі варотамі таго часу — цяжка. Тут мы здымаем Галіч — маленькі населены пункт, дзе спакойна цячэ жыццё. Тут і машын меней, і вальней. І, паклаўшы руку на сэрца, скажу: прыязджаеш у горад, далёкі ад сталіцы, а там і людзі лепшыя, і ставяцца да цябе па-добраму. А ў Маскве толькі на пераездах траціцца шмат часу. Я ўжо не кажу пра выдаткі. У Беларусі мы ўжо чатыры карціны знялі. Кожны раз заставаліся задаволенымі і карціна атрымлівалася без нерваў.

А здымкі «Экспрапрыятара» Бабруйскам не заканчваюцца, стужка будзе стварацца аж да снежня. Ад двухдзённай працы ў горадзе на Бярэзіне застанецца хвілін 8-9. Гэтага, лічыць рэжысёр, дастаткова, каб зразумець характар героя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Тры эпізоды з жыцця Барона

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.