Вы тут

Алімпійскія Гульні-2016 завяршыліся ў Бразіліі


Маляўнічая цырымонія закрыцця адбылася на легендарным стадыёне «Маракана». Святочнага карнавальнага настрою не сапсаваў нават праліўны дождж, які суправаджаў мерапрыемства.


Мінулі два тыдні напружанай спартыўнай барацьбы тысяч атлетаў, і вось у нядзельны вечар спартсмены і трэнеры маглі выдыхнуць і расслабіцца — усе медалі ўжо раздадзеныя. На цырымоніі закрыцця прысутнічалі каля 80 тысяч чалавек. Спачатку ўсе ўдзельнікі Гульняў прайшлі шэсцем (сцяганосцам нашай зборнай быў Іван Ціхан, сярэбраны прызёр Алімпіяды-2016), а затым пачалося маляўнічае шоу. Сцэна на стадыёне «Маракана» расцвіла дзіўнымі кветкамі, з якіх склаліся спачатку галоўныя славутасці Рыа-дэ-Жанэйра, уключаючы гару Каркавада, увянчаную статуяй Хрыста, а затым алімпійскія кольцы. Цырымонія закрыцця, як і мае быць у Бразіліі, была падобная да бясконцага карнавалу, прычым не толькі на сцэне, але і за кулісамі.

У завяршэнні на стадыёне пагасілі алімпійскі агонь, які гарэў на працягу ўсіх 16 дзён спаборніцтваў, а сцяг Міжнароднага алімпійскага камітэта быў афіцыйна перададзены Токіа, дзе пройдуць наступныя Алімпійскія гульні 2020 года.

Апошні акорд

У заключныя дні Алімпіяды нашы атлеты дабавілі ў скарбонку зборнай яшчэ тры ўзнагароды. Сярэбраным прызёрам стаў вопытны беларускі легкаатлет Іван Ціхан. У сваёй найлепшай спробе ён паслаў молат на 77 м 79 см. Перасягнуць Івана змог толькі Дылшад Назараў з Таджыкістана, вынік чэмпіёна — 78 м 68 см.

— Сярэбраны медаль Рыа ў мяне, можна сказаць, з залатым адлівам. Заўзятары, якія ўважліва сачылі за маёй гісторыяй з адлучэннем ад удзелу ў турнірах, выдатна разумеюць, чаму я даў такую ацэнку свайму выступленню. Пройдзены вялікі шлях. Пасля Пекіна ў 2008 годзе, здавалася, я ўжо шмат чаго дамогся, але памыляўся. Давялося пачынаць сваю кар'еру наноў, — сказаў Ціхан. — У апошняй спробе шукаў у сабе сілы і магчымасці пераадолець адзнаку ў 80 м. Усё ж такі гэта гросмайстарскія лічбы сярод кідальнікаў. Я змагаўся да канца, хацелася паказаць больш высокі вынік, — дадаў Іван.

Беларускі экіпаж байдаркі-чацвёркі заваяваў «бронзу» алімпійскай рэгаты. У фінальным заездзе на дыстанцыі 500 м Маргарыта Махнева, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук паказалі вынік 1 хв. 36,908 сек.

— Для мяне гэты медаль вельмі каштоўны, таму што ён алімпійскі, — адзначыла кармавая вяслярка Маргарыта Махнева. — Хоць, што душой крывіць, усе дзяўчаты настройваліся на перамогу. Але паколькі алімпійская ўзнагарода ў мяне першая, то я бязмерна шчаслівая. Упэўнена, што і ў маіх напарніц такое ж меркаванне.

Нагадаем, да гэтага поспеху беларускія весляры на алімпійскім канале «Лагуна» не заваявалі ніводнай узнагароды.

Барэц вольнага стылю Ібрагім Саідаў стаў бронзавым прызёрам у вагавой катэгорыі да 125 кг. Адзначым, што ўпершыню з 1996 года прадстаўнікі Беларусі на Алімпійскіх гульнях заваявалі тры ўзнагароды ў барцоўскім турніры. У Рыа акрамя Ібрагіма Саідава медалістамі таксама сталі барэц грэка-рымскага стылю Джавід Гамзатаў, які выйграў «бронзу» ў вагавой катэгорыі да 85 кг, і Марыя Мамашук, на рахунку якой «серабро» ў спаборніцтвах жанчын у вагавой катэгорыі да 63 кг.

На жаль, упершыню за доўгія гады па-за п'едэсталам засталіся беларускія грацыі. Галоўная надзея нашай каманды Меліціна Станюта заняла толькі 5-е месца, другі нумар зборнай, Кацярына Галкіна, размясцілася на 6-й выніковай пазіцыі. Не змаглі заваяваць медалі беларускія дзяўчаты і ў групавым практыкаванні (5-е месца).

Яшчэ адна прэтэндэнтка на ўзнагароды Марына Арзамасава не здолела дацягнуцца да п'едэстала, у фінальным забегу на 800 м яна была толькі 7-й.

У выніку беларуская зборная заняла 40-е месца ў агульным медальным заліку, на рахунку нашых спартсменаў 9 алімпійскіх узнагарод.

Трыумф гаспадароў

У апошнія дні Алімпіяды завяршыліся спаборніцтвы ў гульнявых алімпійскіх турнірах. Мужчынскія зборныя Бразіліі па валейболе і футболе заваявалі алімпійскія тытулы. Найлепшымі ў гандбольным турніры ўпершыню сталі датчане, якія ў фінальным паядынку абгулялі зборную Францыі. Алімпійскім чэмпіёнам па баскетболе стала зборная ЗША.

Жаночая каманда Расіі па гандболе выйграла алімпійскі турнір у Бразіліі, у фінале расіянкі былі мацнейшымі за францужанак. Наймацнейшымі сярод баскетбалістак сталі спартсменкі з ЗША, у валейбольным турніры перамагла зборная Кітая.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пагас алімпійскі агонь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?