Вы тут

Агляд падзей на Алімпіядзе ў Рыа


Таццяна Халадовіч і Васіліса Марзалюк не дацягнуліся да ўзнагарод, а Марына Арзамасава ў апошні дзень Гульняў пастараецца заваяваць алімпійскі медаль.


***

Таццяна Халадовіч заняла пятае месца ў фінальных лёгкаатлетычных спаборніцтвах па кіданні дзіды. У найлепшай з шасці фінальных спроб яе снарад адляцеў на 64 м 60 см. Таццяна доўгі час трымалася ў тройцы наймацнейшых, але не здолела захаваць гэтыя пазіцыі.

— Адчуванні, што не раскрыла ўвесь свой патэнцыял у Рыа, ёсць. Да таго ж перад пачаткам спаборніцтваў занадта доўга чакалі ў пакоі выкліку ў сектар, затым — працяглая паўза паміж афіцыйнай размінкай і самім стартам. Усе ўдзельніцы трохі астылі пасля размінкі. Перамены ў надвор'і (дождж) ніяк не адбіліся на выніку. Справа ўва мне, з настаўнікам будзем шукаць прычыны, чаму толькі пятае месца, — адзначыла Таццяна.

Першае месца на алімпійскім п'едэстале заняла харватка Сара Колак (66 м 18 см).

***

Марына Арзамасава выйшла ў фінал у бегу на дыстанцыі 800 м. З самага пачатку паўфінальнага забегу беларуска захапіла лідарства і не саступала першую пазіцыю аж да фінішнай прамой, дзе Марыну абышлі тры саперніцы. У выніку Арзамасава фінішавала чацвёртай (1 хвіліна 58,87 секунды) і не трапіла ў дуэт спартсменак, якія адразу кваліфікаваліся ў фінал. Тым не менш, трэці паўфінальны забег аказаўся самым хуткім сярод усіх і Марына без праблем адабралася ў фінал па часе. Яе вынік стаў чацвёртым з усіх паўфіналістак.

Фінальны забег адбудзецца 21 жніўня.

***

Васіліса Марзалюк прайграла паядынак за бронзавую ўзнагароду турніру па барацьбе ў вагавай катэгорыі да 75 кг. Там яна не здолела перамагчы тытулаваную кітаянку Чжан Фэнлю. Вынік сустрэчы — 8:4 на карысць прадстаўніцы Кітая.

— Калі шчыра, больш расчаравалася паражэннем у паўфінале ад канадкі, чым у паядынку за бронзавую ўзнагароду. З кітаянкай мала што атрымлівалася, а вось у паўфінале быў шанц зачапіцца. Аднак, на мой погляд, няправільна абраная тактыка на паядынак з Эрыкай Вібе не дазволіла яе адолець. Шкада, што чацвёртая, напэўна, гэта самае крыўднае месца на любым турніры, але буду трымацца малайцом, — распавяла Васіліса.

***

Амерыканская жаночая эстафетная чацвёрка 4х100 метраў не выйшла ў фінал. Віной таму стала страта эстафетнай палачкі. Пасля таго як адна з спартсменак падняла згублены снарад, ёй не ўдалося набраць хуткасць, каб дагнаць саперніц, у выніку — апошняе месца ў паўфінале. Але... Амерыканскія дэлегаты аператыўна падалі пратэст, паказваючы на тое, што палачка ўпала з-за перашкоды, якой стала бразільская спартсменка. ІААФ пратэст прыняла і дазволіла амерыканкам яшчэ раз правесці забег. Наогул без саперніц, у адзіночку. Выпадак беспрэцэдэнтны...

***

Легендарны ямайскі спрынтар Усэйн Болт на Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра абараніў тытул алімпійскага чэмпіёна на адной з найбольш прэстыжных бегавых дыстанцый — 200 м. Ён заваяваў чарговую залатую ўзнагароду Гульняў, яна стала сумарна 8-й у скарбонцы лёгкаатлета за яго кар'еру.

***

Алімпійскі камітэт ЗША выступіў з заявай у сувязі з затрыманнем амерыканскіх плыўцоў у Рыа-дэ-Жанэра. Нагадаем, чатыры спартсмены (Раян Лохтэ, Джэймс Фэйген, Джэк Конгер і Гунар Бенц) паведамілі аб рабаванні, аднак пазней стала вядома, што яны далі паліцыі лжывыя паказанні. Раніцай 14 жніўня на запраўцы адзін з амерыканцаў здзейсніў акт вандалізму.

Паводзіны гэтых спартсменаў непрымальныя. Яны не адлюстроўваюць ні каштоўнасці зборнай ЗША, ні паводзіны пераважнай большасці іншых членаў зборнай. Мы працягнем вывучаць гэтую справу і разгледзім магчымыя наступствы для спартсменаў, калі вернемся дадому. Мы просім прабачэння перад гаспадарамі Алімпіяды і бразільскім народам за гэты выпадак, які адцягвае ўвагу ад таго, што па праве мусіць лічыцца святам, — сказаў выканаўчы дырэктар НАК ЗША Скот Блэкман.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Яшчэ пазмагаемся!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?