24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Рэпартаж з майстэрні, дзе былым алкаголікам даюць шанц


На пачатку года ў невялікім гарадку Смалявічы рашыліся на эксперымент. У межах сацыяльнага праекта адкрылі майстэрню, куды запрашаюць працаваць людзей з залежнасцю, якія стараюцца весці цвярозы лад жыцця. Былыя алкаголікі вырабляюць гіпсавыя фігуркі, дзеляцца з калегамі (а ў «штаце» ўсяго пяць чалавек) надзённымі праблемамі і падтрымліваюць адно аднаго ў сваім жаданні не скаціцца на дно (дзе большасць з іх ужо пабывала). І што важна, дапамагаюць не толькі сабе. Частка цацак трапляе ў дзіцячыя бальніцы, дзе паляпшае настрой маленькім пацыентам.


Пакуль майстэрня можа прыняць толькі пяць чалавек.

Працаваць і не піць

Жнівеньскім днём у светлай майстэрні шмат наведнікаў. У рабочым пакойчыку гіпсавыя фігуркі мядзведзікаў і катоў разглядаюць дзеці (улетку яны часта прыходзяць да бацькоў на працу), на ганку сядзяць прывязаныя да парэнчаў сабакі — чакаюць сваіх маленькіх гаспадароў.

Усе работнікі прадпрыемства — людзі з залежнасцю на ранняй стадыі рэабілітацыі. Уладзіслаў КАЎРОЎ, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Здаровы выбар», расказвае, што ідэю сацыяльнай майстэрні яны падгледзелі ў Амерыцы. Там працуе падобнае прадпрыемства, але куды большае. Яго работнікі займаюцца рэстаўрацыяй мэблі, азеляненнем, прапануюць паслугі хатняга майстра. Плюс на тэрыторыі знаходзіцца рэабілітацыйны цэнтр для залежных.

Чаму пад апеку вырашылі ўзяць менавіта алкаголікаў, Уладзіслаў тлумачыць проста:

— Наша арганізацыя дапамагае дзецям, якія знаходзяцца ў складаным становішчы. Але калі вяртаеш іх у сям'ю, дзе бацькі п'юць, зноў узнікаюць праблемы. Таму вырашаць сітуацыю трэба па-іншаму — падтрымаць дарослых.

Хтосьці з супрацоўнікаў прыйшоў у майстэрню сам, іншых накіраваў Смалявіцкі райвыканкам. Каб навучыцца вырабляць фігуркі (заліваць гіпс у падрыхтаваныя формы і потым уручную шліфаваць цацкі), наваспечаным спецыялістам хапае пяці дзён. Заробак на прадпрыемстве здзельны, але ў сярэднім атрымліваюць па 400—450 рублёў у месяц. Няблага для райцэнтра.

Працаваць і піць у ціхую па вечарах тут наўрад ці атрымаецца. Складана прыдумаць адгаворку, чаму не прыйшоў на работу, калі астатнія добра ведаюць гэтыя хітрыкі і апраўданні: самі ж некалі былі ў такіх сітуацыях.

«Тут ёсць падтрымка»

Гіпсавы пыл хутка асядае на абутку. За сталом ля акна сядзіць брунетка Алена і спрытна зачышчае недасканалых пакуль зайцаў і курачак. Расказвае, што за кожную фігурку — свой тарыф. За апрацоўку адной простай цацкі плацяць пяць капеек, заліўку складанай — 70 капеек. За дзень можна паспець падрыхтаваць да продажу каля 200 фігурак.

Алена — адна з першых, хто ўладкаваўся ў майстэрню. Па спецыяльнасці жанчына кухар-кандытар, але кім толькі ні працавала. Апошняе месца — кладаўшчык металапрадукцыі.

— Сышла, таму што цяжка было, у мяне праблемы з нагамі, — адказвае яна, чаму не затрымалася ў кладаўшчыках. — Гэта мужчынская работа. Праца са зваркай, балгаркай, дрэллю. Вы б і сутак там не пацягнулі.

Праблемы на працы праз алкаголь таксама былі. Некалькі разоў жанчыну прасілі пісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні.

Тры гады таму Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў. Восем месяцаў дзеці правялі ў прытулку.

— Што я рабіла ў гэты час? Кінула мужа і гуляла. Вось і ўсё, — не хавае жанчына. — А потым вырашыла: трэба неяк вяртаць дзяцей. Паехала закадзіравалася. Думала, цяпер дакладна піць не буду. Глупства! Са мной мужчына быў на кадзіроўцы. Адразу пасля ў краму накіраваўся, бутэльку чарніла ўзяў, 0,7, з гарла выпіў, як кампоцік, і пайшоў далей. У людзей па 10 кадзіровак бывае, і нічога не дапамагае. Не хоча чалавек кінуць — яго не прымусіш.

Алена вырашыла, што хоча. З Новага года «завязала». Запісалася ў мясцовую групу самадапамогі, потым прыйшла ў майстэрню. На работу ходзіць з усмешкай. Кажа, тут адчувае сябе спакойна.

— Усе людзі, якія ведаюць, дзе я працую, кажуць: ты змянілася абсалютна, у цябе іншыя паводзіны, манера размовы. Ім гэта падабаецца.

У цвярозасці Алена параўнальна нядаўна. Прызнаецца: бывае цяжка.

— Такая злосць часам накатвае, думаеш: зараз храпну стакан — палягчэе. Ну добра, сёння ты вып'еш, а што зменіцца? Да лепшага — нічога. Тут (у майстэрні. — Аўт.) ёсць падтрымка. А праблема з алкаголем вырашальная. Толькі вырашаць яе трэба паступова, а не сядзець і чакаць цуду.

 праца з гіпсавымі фігуркамі ўлагоджвае.

Ціхі хударлявы Саша пераехаў у Смалявічы з Ліды. Прыйсці ў майстэрню яму параіў добры знаёмы.

— Чаму не ўладкаваліся на звычайнае прадпрыемства?

— Таму што на вялікіх заводах заўсёды ёсць людзі, якія выпіваюць. Гэта бачна і па тварах, і па манеры размовы. Мяне трасе ад іх, — кажа мужчына, які ў завязцы толькі сёмы месяц. — Таму і не хочацца туды ісці працаваць. Баюся страціць раўнавагу.

Алкагольная гісторыя Сашы пачалася гадоў 20 таму. Міліцыя, пратаколы, пагрозы адправіць у ЛПП. Бацькі дапамагалі шукаць сыну выйсце. Пастаянна давалі грошы на кадзіроўкі.

— І ў Данскіх быў, і ў Хадоркіна. Самае доўгае, колькі пратрымаўся цвярозым, — два месяцы. Апошні раз да канца кадзіроўкі заставалася пару тыдняў. Я ў сябе на лецішчы быў, сусед прынёс гарэлку, кажа: давай вып'ем. Я пагадзіўся, хоць ведаў, што небяспечна. Потым пачалі ногі адмаўляць, зрок пагоршыўся. Трэба было ехаць здымаць той код, а я палічыў: гэта ж 300 тысяч! Колькі ж можна было ўзяць алкаголю! Не паехаў. Яшчэ месяцы два пакутаваў. Калі прыйшоў у групу самадапамогі, стала лягчэй.

Вяртацца да былога жыцця Саша не збіраецца: «Я сваю цыстэрну выпіў».

— І што далей?

— Працаваць, ствараць сям'ю. Усё ў маіх руках.

«Кіраўнікі нас разумеюць»

Віталь у майстэрні за галоўнага. Ранкам збірае ўвесь невялічкі калектыў, прапануе падзяліцца пачуццямі. «Не хачу, каб чалавек рабіў цацку з дрэнным настроем».

Услед за Віталём ходзіць яго 10-гадовая дачка. Усе канікулы яна праводзіць разам з бацькам. І ён гэтаму вельмі рады. Бо тры гады таму ўсё было зусім па-іншаму. Мужчына тады лячыўся ад наркатычнай залежнасці, і ў рэабілітацыйным цэнтры яму рэкамендавалі на час сысці з сям'і.

— Цяпер я разумею, што гэтым самым выратаваў іх. Таму што ў такім вар'яцкім стане, як я быў, страшна было знаходзіцца з дзіцем, — кажа Віталь.

Некалі мужчына меў сваю краму аўтазапчастак, потым будаўнічы бізнес. Але праз наркотыкі паступова нічога не засталося. Без працы і грошай Віталь пазалазіў у даўгі. Набраў крэдытаў на 6000 рублёў.

— У мяне сяброў не стала. Я тэлефаную, а яны ўжо ведаюць, што я хачу пазычыць грошай. Падманы, падманы. Да мамы не мог хадзіць, бо пастаянна бачыў яе слёзы, разумеў, што гэта праз мяне... Я не ўяўляў сваё жыццё без машыны.
З 14 гадоў за рулём. Але і машыну прадаў, за 300 долараў, нават не таргаваўся. Паглядзеў, што мне гэтага хопіць на пару дзён ужывання, і не задумаўся, што танна аддаў.

Віталь разважае: напэўна, ён па прыродзе чалавек залежны. «Калі есці што-небудзь смачнае, я абавязкова аб'емся. Усе рэчы, якія падабаюцца, — да фанатызму».

Тое, што ўдалося трапіць на працу ў майстэрню, мужчына лічыць вялікай удачай.

— Можа, Бог мяне так любіць, што даў работу, якая дапамагае папраўляцца? Мы тут з аднолькавымі праблемамі, прагаворваем іх, разам ездзім на форумы. Так прасцей. А яшчэ вялікі плюс, калі кіраўнікі разумеюць цябе і ведаюць пра тваю сітуацыю. Калі б я прыйшоў у іншую арганізацыю і сказаў, што ў мяне залежнасць, ніхто б не стаў там са мной размаўляць. Тут Улад і Каця (Уладзіслаў Каўроў і яго жонка. — Аўт.) перажываюць за нас. Каця прывозіць пастаянна цукеркі, печыва. «Мне нарколагі сказалі, што, калі ўзнікае пачуццё цягі, салодкае трэба есці». Ну ў якой арганізацыі кіраўнік будзе так клапаціцца?

Фігуркі для дзяцей

На вуліцы пачынаецца моцны дождж, і работнікі майстэрні хуценька грузяць каробкі з гатовымі вырабамі ў машыну. У рамках акцыі «Каробка Смеласці» гіпсавыя цацкі спачатку развозяць па гандлёвых цэнтрах і прадпрыемствах, дзе прапануюць кожнаму ахвяраваць грошы, выбраць фігурку і пакінуць яе ў спецыяльнай скрыні. Потым сабраныя грошы перадаюцца на патрэбы майстэрні, а цацкі — маленькім пацыентам. РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі, Дзіцячы хірургічны цэнтр, раённыя бальніцы ў Крупках, Жыткавічах, Барысаве — вось няпоўны спіс устаноў, дзе пабывалі вырабы са Смалявічаў. Работнікі пра гэта ведаюць і, здаецца, стараюцца яшчэ больш.

Майстэрня, якая спачатку існавала на грошы спонсараў (праект прафінансаваў Еўрапейскі Саюз), цяпер на самаакупнасці. Яна зарэгістравана як унітарнае прадпрыемства «Нашы майстры». Прыбытак, акрамя акцыі «Каробка Смеласці», прыносяць продажы з выстаў і кірмашоў. Да таго ж нядаўна ў будынку, дзе знаходзіцца прадпрыемства, адкрылася невялікая сувенірная крама.

Уладзіслаў Каўроў прызнаецца: рабіць сацыяльныя праекты на ахвяраванні спонсараў — гэта адна справа, а весці бізнес — зусім іншая. Няпроста. Але ўдаецца працаваць у плюс. У планах — адкрыць яшчэ адну майстэрню, сталярную.

— Мы не забяспечваем людзей з залежнасцю пастаянным месцам работы, — заўважае Уладзіслаў Каўроў. — Сюды ўладкоўваем часова, як на адаптацыю.

Работнікі, якія толькі прывыкаюць да цвярозага жыцця, такую магчымасць цэняць: «Вы ж разумееце, як у нас людзі глядзяць на тых, хто піў? Прапашчы чалавек, невыправімы. Варта раз аступіцца, і ўжо цяжка аднавіць рэпутацыю, якая была. А тут даюць шанц».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Выйсце з бутэлькі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.