Вы тут

Чым карысны пропаліс?


Мёд, пропаліс, пылок, пярга, пчаліны яд і воск – усе гэтыя прадукты пчалярства маюць карысныя ўласцівасці і аказваюць тэрапеўтычны эфект. Аднак сапраўдным чэмпіёнам па лячэбных якасцях з’яўляецца менавіта пропаліс, таксама вядомы як пчаліны клей.


З чаго складаецца пропаліс?

Пчаліны клей мае складаны хімічны састаў: ён змяшчае ў сабе водарныя і мінеральныя рэчывы, смолы, флавоны – усяго каля 300 рэчываў. Па сваіх уласцівасцях яны падзелены на чатыры групы: смолы, бальзамы, эфірныя алеі, кветкавы пылок. Аднак многія складнікі дагэтуль не вывучаны навукоўцамі.

Пропаліс – рэчыва зялёнабурага або карычневага колеру з прыемным водарам пупышак і ігліцы, воску ды ванілі. Дзякуючы якім раслінам атрымліваецца такі незвычайны водар? Існуюць дзве гіпотэзы. Згодна з першай, пчолы збіраюць пропаліс з пупышак бярозы, таполі, асіны, каштана, дуба, вяза, вярбы. Аднак пчолы збіраюць шмат пропалісу і ў тых мясцовасцях, дзе гэтыя дрэвы не растуць. Згодна з другой гіпотэзай, яго вырабляюць з пылку раслін. Заўважце: найбольшая колькасць пропалісу ў вуллі з’яўляецца менавіта ў перыяд з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны ліпеня – гэта час, калі пчолы прыносяць шмат пылку.

Навошта пчолам пропаліс?

Пчаліны рой выбірае сабе для жытла дупло – зазвычай гнілую адтуліну ў дрэве. Новыя жыхары абмазваюць сценкі дупла пропалісам, і дрэва перастае гніць. Гэты каштоўны прадукт ахоўвае пчаліную сям’ю, якая, дарэчы, жыве ў вялікай скучанасці – да 100 тысяч асобін у вуллі! – ад вірусаў, грыбкоў і бактэрый. Словам, пропаліс забяспечвае здаровы мікраклімат у вуллі. Пчолы пакрываюць ім унутраныя сценкі вулля, замазваюць шчыліны і адтуліны, замацоўваць соты і паліруюць іх перад тым, як матка адкладзе туды яйкі. З яго дапамогай яны змяншаюць уваход у вулей. Пры гэтым, замазваючы адтуліны і скарачаючы плошчу лятка, пчолы дадаюць у пропаліс шмат воску – такім чынам яны эканомяць каштоўны прадукт. Пропаліс з вялікай прымешкай воску называюць "будаўнічым".

Як збіраюць пропаліс?

Існуюць два спосабы збору пропалісу: шляхам ачышчэння з рамак і сценак вулля, стольніка ды лятковай адтуліны і з дапамогай спецыяльнай рашоткі для збору гэтага рэчыва. Абодва варыянты маюць недахопы, бо пропаліс можа змяшчаць у сабе прымешкі. У першым выпадку ў яго трапляюць рэшткі драўніны, у другім – пропаліс мае ў сабе вялікую колькасць воску. Сабранае рэчыва прамываюць вадой, усе якасныя крупінкі асядаюць на дно, а крупінкі з брудам усплываюць на паверхню вады.

За адзін сезон пчаліная сям’я прыносіць у вулей да 150 грамаў пропалісу. Найбольш прыносяць пчолы шэрай горнай каўказскай і сярэднярускай парод. Варта ведаць, што без шкоды для сям’і можна забіраць толькі палову ад прынесенага.

Сабраны пропаліс захоўваюць у поліэтыленавым пакеце, іначай з часам эфірныя алеі будуць выпарацца. Набываючы гэты прадукт, лепш выбіраць пропаліс уроссып, а не ў шарыках. Рэчыва ў шарыках мяняе колер. Да таго ж, незразумела, колькі воску змяшчае такі пропаліс.

У медыцыне

Пропаліс з’яўляецца каш­тоўным лячэбным сродкам, які аказвае бактэрыцыднае, анты­ таксічнае, супрацьзапаленчае, абязбольваючае, стымулюючае дзеянне на арганізм. У адрозненне ад іншых лекаў, пропаліс зусім бясшкодны для арганізма. Ён можа выкарыстоўвацца як самастойны лячэбны сродак, так і ў камбінацыях з іншымі прэпа­ратамі.

Пропаліс стымулюе ахоўныя рэакцыі арганізма, абмен рэчываў, паскарае рэгенерацыю тканак, спрыяе вывядзенню халестэрыну з арганізма, запавольвае развіццё ракавых клетак і нават знішчае іх. Ужыванне прэпаратаў з пропалісу павышае ўстойлівасць арганізма да апраменьвання. Пропаліс захоўвае карысную мікрафлору стрававальнага тракту, таму ў пацыента не развіваецца дысбактэрыёзу (у адрозненне ад уздзеяння антыбіётыкаў на арганізм).

Настойка з пропалісу

Існуе вялікая колькасць рэцэптаў лекаў з пропалісу. Для вонкавага ўжывання гатуюцца мазі на аснове гэтага рэчыва, для ўнутранага – спіртавая настойка (экстракт).

Спіртавую настойку робяць з вычышчанага і здробленага пропалісу. У посуд наліваюць 100 мл спірту-рэктыфікату і кладуць 20 г пропалісу. Раствор узбоўтваюць цягам 10-15 хвілін і настойваюць у цёмным месцы 7-10 дзён. Настойка мае цёмнакарычневы колер і асадак. Пасля настойвання экстракт можна прафільтраваць праз двухслойны марлевы фільтр.

Для прыгатавання мазі бяруць 100 грамаў алею (сланечнікавы, аліўкавы, абляпіхавы і г.д.), даводзяць яго да кіпення, затым кладуць 20 грамаў ачышчанага пропалісу. Старанна перамешваючы, даводзяць да кіпення. Затым прыгатаваную сумесь працэджваюць праз двухслойны марлевы фільтр.

Васіль КАВАЛЕЦ, старшыня салігорскага міжраённага аб’яднання "Бортнік"

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».