Вы тут

Самыя цікавыя замкі Беларусі


Замкі і палацы Беларусі, велічныя збудаванні ці напаўзабытыя руіны вартыя таго, каб іх убачыць. Адчуць непаўторную энергетыку: таямніц каралёў і княгінь, ваенных пагадненняў і рамантычных гісторый. Там, у цёмных калідорах, на мініяцюрных лесвіцах, прызнаваліся ў каханні, за вялізнымі драўлянымі сталамі пры святле кандэлябраў раскошна балявалі, а ля масіўных каменных варот сустракалі ганцоў — веснікаў чарговых дзяржаўных змен. Наша зямля, праз якую праходзіла мноства гандлёвых шляхоў, а значыць і войнаў, стала падмуркам абарончага дойлідства. А потым і прыстанкам архітэктурных шэдэўраў. Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», якая прадугледжвала рэстаўрацыю і аднаўленне 38 аб’ектаў, цяпер дзейнічае не самастойна, бо ўвайшла ў агульную праграму «Культура Беларусі» да 2020 года. Год таму выйшаў фотаальбом «Беларусь замкавая» на 500 старонках вынік працы 40 фатографаў і даследчыкаў з усёй краіны. Многія замкі, напрыклад, у Крэве ці Навагрудку, літаральна падымаюцца з руін. Ці адаб’ецца ўсё гэта на абліччы нашых гісторыка-культурных скарбніц? Гаворым пра месцы з пазнакай «пабываць абавязкова», асабліва тыя, якія сталі «героямі» літаратурных твораў.


У абліччы нашых замкаў відавочны ўплыў Еўропы, змешванне розных стыляў— ад класіцызму да готыкі. Падчас шматлікіх бітваў замкі былі абаронай ад знешніх пагроз, сімвалам мужнасці і адзінства, а потым, сталі ператварацца яшчэ і ў творы архітэктурнага мастацтва вядомых у свеце дойлідаў. Паступова замкі станавіліся не толькі магутнымі крэпасцямі, але і вытанчанымі, раскошнымі будынкамі. Іх сцены прасякнутыя рамантыкай, адвагай, авеяны паданнямі і легендамі. У сярэднія вякі Беларусь называлі краінай замкаў. Больш за сотню на невялікай тэрыторыі… Цяпер — у межах дваццаці.

Рэкардсмены па таямніцах

Самае, бадай, багатае на легенды месца — Нясвіжскі замак, былая рэзідэнцыя некаранаваных кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, аднаго з самых знатных родаў Вялікага Княства Лiтоўскага — Радзівілаў.

Старонкі з жыцця Нясвіжскага замка ў наш час раскрываў, напрыклад, Анатоль Бутэвіч. У яго кнізе сабраны паданні, цікавыя факты, чуткі і нават анекдоты. Замак — гэта чароўнасць італьянскага дойлідства ў спалучэнні з непрыступнасцю адной з самых магутных крэпасцей таго часу. Залатыя апосталы ў сутарэннях, таямнічыя хады, што праславіліся ледзь не як метро, прывід-прадказальнік Барбары Радзівіл, ахвяра свайго кахання і Боны Сфорцы, майстар катання на санках у солі сярод лета Пане Каханку... Культурным цэнтрам замак як быў, так і застаўся. Раней — бібліятэка на некалькі дзясяткаў тысяч тамоў, карцінная галерэя з палотнамі, як у музеі, зброя з розных краін, слуцкія паясы... Сёння на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля праходзяць оперныя вечары і балі, выстаўкі і тэатралізаваныя імпрэзы. Словам, гісторыя жыве.

Яшчэ адно містычнае месца непадалёк ад Нясвіжа — Мірскі замак (таму, як правіла, наведваюць адразу абодва замкі). Яшчэ адно дзецішча Радзівілаў і прыстанак самых неверагодных загадак мінулага. То паганская барановая галава ў сцяне, якая падтрымлівае фасады, то чалавек у доўгім цёмным плашчы і цыліндры, з-за якога можа і мову адняць. Ну і, вядома, бяскрыўдная Сонечка, ахвяра праклятага яблыневага саду, які быў ссечаны дзеля жывапіснага вадаёма, у якім потым (і па наш час) сталі тануць людзі... Народная памяць захоўвае шмат вобразаў, прычым самых разнастайных, прыцягваючы ўвагу да замкаў не адно стагоддзе. І як ты разбярэшся: што праўда, а што фантазія?

Натхненне для Караткевіча

Кажуць, што кожную поўнач на тэрыторыі замка шпацыруюць прывіды. Менавіта імі натхняўся Уладзімір Караткевіч, ствараючы свой знакаміты раман «Чорны замак Альшанскі». Просты хлопец Грыміслаў Валюжыніч закахаўся ў прыгажуню са шляхетнага роду Ганну-Гардзіславу Гальшанскую. Але раптам з’явіўся муж, які даведаўся пра здраду, забіў палюбоўнікаў, а хлопца ўвогуле замураваў у сцяну.

Здагадацца лёгка — гаворка ідзе пра Гальшанскі палац, які праславіўся як адзін з самых злавесных. То Чорны Манах блукае ноччу па руінах і стварае галюцынацыі, то Белая Панна выключае святло або штурхае выпадковых наведвальнікаў... Абодва былі замураваны ў сцяну жыўцом. Адзін з-за забароненага кахання, другая — дурных забабонаў уласнага мужа. Будаваўся велічны Гальшанскі замак як рэзідэнцыя Паўла Сапегі, выдатнага палітыка і падканцлера ВКЛ, натхнёнага галандскім дойлідствам чатыры стагоддзі таму. Сёння засталіся толькі руіны і рэшткі адной з вежаў. Гісторыя падказвае, што Гальшанскі замак — яшчэ і ўвасабленне жорсткасці лёсу і вандалізму. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і эміграцыі гаспадароў будынак трапіў да таго, хто наўпрост падарваў яго, каб распрадаць на… цэглу. Пры Савецкай ўладзе працягвалі разбіраць гісторыка-культурную каштоўнасць дзеля будаўніцтва чарговага дома культуры і кароўнікаў.

«Каменная кветка», прамавугольнік з абарончымі равамі, мноствам прыгожых пакояў з фрэскамі і мастацкай лепкай, вітражамі і мазаікай... Што нам засталося ад яго? Неверагодная энергетыка ўспамінаў. Пабачыць гэтае месца трэба!

Старажытная сіла

Адзін з самых старадаўніх замкаў на нашай зямлі — Навагрудскі. Быў пабудаваны ў XII — XIII стагоддзях, калі праўленне горадам перайшло да сына караля Міндоўга, князя Войшалка. Постаці для гісторыі вельмі значныя, але замак з цягам часу напаткаў такі ж трагічны лёс, як і многія іншыя падобныя збудаванні на нашай зямлі: разбурэнні амаль ушчэнт падчас войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй, а потым і Паўночнай вайны, разбор па частках на брукаванку і гаспадарчыя пабудовы мясцовымі жыхарамі... А раней Навагрудскі замак быў ідэалам абарончага дойлідства: сем масіўных вежаў, умацаванні з усіх бакоў, некалькі глыбокіх і шырокіх равоў. Трымаўся Навагрудак дастойна перад тэўтонцамі і татарамі.

Цяпер вядзецца рэканструкцыя вежаў. Віды з Замкавай гары (дзяцінца) неверагодныя — Налібоцкая пушча на шматлікія кіламетры... Навагрудскі замак быў пабудаваны на адной з самых высокіх кропак сучаснай Беларусі — на вышыні 323 метры над узроўнем мора.

Дарэчы, дзякуючы яму, ёсць у нашай гісторыі і свая Жанна Д’Арк. Калі да сцен палаца падступілі рыцары Тэўтонскага ордэна, жонка князя Літавора Гражына, каб засцерагчы яго ад ганебнага перамір’я і выратаваць усё ВКЛ ад кровапралітнай вайны, пераапранулася ў княжацкія даспехі і вывела войска супраць ворагаў. Возера побач з замкам назвалі Літоўка ў гонар князёўны і яе адважнага ўчынку.

Яшчэ адзін цікавы факт: пры раскопках у Навагрудскім замку быў знойдзены Кубак Святой Ядвігі з выявай дрэва жыцця (які параўноўваюць з Чашай Грааля!), падораны Міндоўгу на яго каранацыі візантыйскім імператарам. Дарэчы, у Навагрудскім замку яна і праходзіла.

Пераломны момант

Тут была падпісана Крэўская унія, якая змяніла плынь гісторыі для многіх краін. Сёння ад замка таксама засталіся кавалкі. З XIV стагоддзя крэпасць нямала перажыла. Менавіта тут хаваўся ад Івана Грознага князь Андрэй Курбскі, а ў вежы па загадзе караля Ягайлы быў задушаны яго дзядзька Кейстут, адсюль жа бег і Вітаўт, пераапрануўшыся ў жаночую сукенку. Пра душы забойцаў, што блукаюць па начах у ваколіцах замка, дарэчы казаў Ігнат Ходзька ў апавяданні «Дух-абаронца». Чуткі сведчаць, што з прыходам цемры тут чутныя стук молатаў і ляск ланцугоў, а побач гуляе дама з сабачкам. Зразумела, прывід: у мінулым прыгажуня адмовіла аднаму з князёў і паплацілася за гэта жыццём.

Па расказах мясцовых жыхароў, у замку ёсць сакрэтны падземны ход, які вядзе да Вільні. Не дзіўна, бо пабудаваў палац сам вялікі князь літоўскі Гедымін. Крэўскі замак таксама мае патрэбу ў рэканструкцыі.

Неверагодны сімвалізм

Косаўскі замак, або палац Пуслоўскіх, быў закладзены ў сярэдзіне XIX стагоддзя па загадзе ваяводы Казіміра Пуслоўскага. Нягледзячы на маладосць збудавання, ад яго таксама засталіся толькі рэшткі сцен і калісьці магутных вежаў. А, між іншым, прынцып пабудовы замка быў вельмі незвычайны — кожная з 12 вежаў з’яўлялася сімвалам пэўнага месяца года. Архітэктары прыдумалі сэнс і колькасці пакояў. Кожны год два з паловай дня сонца поўнасцю асвятляла толькі адзін пакой, яго прыбіралі і праводзілі свята. Кажуць, што па начах гаспадары выпускалі гуляць па калідорах ільва, каб слугі не займаліся крадзяжом. У адной з залаў была шкляная падлога, пад якой плавалі рыбкі, а лесвіца «іграла» мелодыю, калі па ёй падымалася дама ў доўгіх строях… Зараз палац Пуслоўскіх знаходзіцца на рэстаўрацыі. На пад’ездзе да яго, дарэчы, стаіць капліца, складзеная са старажытных надмагільных камянёў. Побач — магіла Кастуся Каліноўскага, а за паркам ля руін замка — сапраўдная сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Месца па ўсіх параметрах — знакавае.

Час наведаць, а можа, кнігу напісаць?..

Марыя ВОЙЦІК

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.