Вы тут

Чарговыя вынікі нашых спартсменаў і навіны з Рыа


Марына Арзамасава, Іван Ціхан і Сяргей Каламоец працягваюць барацьбу за алімпійскія ўзнагароды, Аліна Талай завяршыла выступленне
ў Бразіліі.


Двое ў фінале

Айчынныя кідальнікі молата Іван Ціхан і Сяргей Каламоец выйшлі ў фінал алімпійскага турніру. Ціхан ужо ў першай сваёй спробе паслаў снарад на 76 м 51 см — такім чынам, беларус адразу выканаў кваліфікацыйны нарматыў для выхаду ў лік 12-ці ўдзельнікаў фіналу. Сяргей Каламоец з вынікам 74 м 29 см таксама прабіўся ў лік найлепшых і зможа пазмагацца за ўзнагароды.

— Задаволены сваім выступленнем, крыху не дацягнуў да кваліфікацыйнага нарматыву (76 м 50 см), але прайшоў у фінал — гэта галоўнае, — адзначае Сяргей. — Фінал будзе вельмі цікавым. Іван Ціхан паказаў з першай спробы ў кваліфікацыі, што знаходзіцца ў добрай форме, буду за яго хварэць. Аднак і сам паспрабую прыкласці максімальныя намаганні, каб быць як мага бліжэй да прызавой тройкі.

Адзначым, што чэмпіён свету, польскі малатабоец Павел Файдэк не здолеў трапіць у фінал, кінуўшы молат на 72 м.

Сёння кідальнікі молата разыграюць медалі.


Метры Марыны

Марына Арзамасава выйшла ў паўфінал на дыстанцыі 800 м. У сваім папярэднім забегу яна з вынікам 1 хвіліна 58,44 секунды заняла другое месца, саступіўшы толькі канадцы Мелісе Бішоп (1 хв. 58,38 сек.).

— Улічваючы спякоту, прабегла нядрэнна. У маім забегу на папярэдняй стадыі падабраўся добры склад удзельнікаў. Даўно знаёмыя з канадкай Мелісай Бішоп, упэўнена з ёй разагналіся на апошнім крузе і адначасова фінішавалі. Выйграць не атрымалася, але на дадзеным этапе гэтага і не патрабуецца. Галоўнае, што засталася поўная сіл перад наступнымі стартамі, — сказала Марына Арзамасава.

Паўфінальныя забегі на 800 м пройдуць сёння.


Крыўдная няўдача

Аліна Талай не выйшла ў фінал на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі. У паўфінальным забегу дзяўчына дапусціла памылку на адным з бар'ераў і паказала час 13,66 сек. Аліна заняла сярод 8 удзельніц 8-е месца.

«Вельмі крыўдна глядзець алімпійскі фінал з трыбун... Хацелася б папрасіць прабачэння ў заўзятараў, я спрабавала зрабіць усё магчымае, каб быць у фінале, але, на жаль, маіх намаганняў не хапіла, Рыа застаўся для мяне непакорнай прыступкай. Спадзяюся, мая кар'ера не скончыцца на гэтай мінорнай ноце, але ва ўсякім разе мой сезон завершаны. Час узяць тайм-аўт і адпачыць ад насычаных васьмі гадоў спаборніцтваў. Дзякуй вам, дарагія сябры, што былі са мной увесь гэты час і падтрымлівалі мяне», — напісала Аліна на сваёй старонцы ў сацсетцы.

На мінулай Алімпіядзе 2012 года ў Лондане яна таксама завяршыла выступленне на стадыі паўфіналу. У ходзе 2016 года Аліна Талай узмоцнена рыхтавалася да галоўных стартаў чатырохгоддзя і ўстанавіла нацыянальны рэкорд — 12,63 сек. Вынік быў паказаны ў чэрвені на міжнародным турніры ў нямецкім Рэгенсбургу.


Немец выратаваў жыцці

Трэнер алімпійскай зборнай Германіі па вяслярным слаламе, які загінуў у выніку аварыі на Алімпіядзе ў Рыа, стаў донарам органаў для чатырох чалавек.

Нагадаем, ДТЗ адбылося на мінулым тыдні. Штэфан Хенцэ ехаў у таксі, якое трапіла ў сур'ёзную аварыю. Нямецкі трэнер атрымаў траўму галавы. Медыкі правялі 35-гадоваму Штэфану аперацыю, але яго стан не палепшыўся. 15 жніўня Хенцэ памёр.

У органах аховы здароўя штата Рыа-дэ-Жанэйра распавялі, што Штэфан Хенцэ стаў донарам сэрца, печані і дзвюх нырак. Такім чынам, спартсмен выратаваў жыццё чатырох чалавек.


Бразілія — Германія

Менавіта гэтыя футбольныя мужчынскія зборныя прабіліся ў фінал алімпійскага турніру. Нямецкія футбалісты ў паўфінале адолелі каманду Нігерыі з лікам 2:0. Бразільцы ж разграмілі зборную Гандураса — 6:0. Фінал адбудзецца 20 жніўня на знакамітым стадыёне «Маракана» ў Рыа-дэ-Жанэйра.


Драматычная вада Рыа

102 тысячныя секунды аддзялілі Марыну Літвінчук ад узнагароды.

Наша прадстаўніца ў байдарцы-адзіночцы выйшла ў фінал дыстанцыі на 500 метраў з другім вынікам. Гэта давала беларускім заўзятарам вялікія надзеі на заваяванне яшчэ аднаго алімпійскага медаля.

Марына добра адпрацавала старт і ўсю першую палову дыстанцыі лідзіравала, але пасля праходжання 250-ці метраў яе дагнала наймацнейшая венгерка Данута Козак (да старту адзіночкі ў Козак ужо было адно «золата»). На фінішы ў Марыны не хапіла сіл, каб утрымаць другую пазіцыю, месцы з 2-га па 4-е размеркаваў фотафініш. Беларуска прайграла бронзавай прызёрцы Лізе Кэрынгтан (Новая Зеландыя) усяго 102 тысячныя секунды.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Алімпійскія бар'еры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?