Вы тут

Нецікавасць? Нецікаўнасць!


Колькі слоў у абарону Рагачова і астатніх беларускіх паселішчаў.

Нядаўна з калегамі зайшла размова пра маючы адбыцца ў Рагачове Дзень беларускага пісьменства. Гаварылі пра арганізацыю, пра цікавосткі, якія завабяць чытачоў, пра афармленне адмысловага павільёна. Пра тое, ці варта ехаць туды раней — падчас свята тым, хто на ім непасрэдна задзейнічаны, паглядзець сам горад наўрад ці ўдасца. «Няма чаго там раней рабіць. Горад абсалютна ніякі, звычайны савецкі райцэнтр»,— калега, якая гаварыла гэта, была вельмі катэгарычная, і не паверыць ёй было нельга: яна ўжо ездзіла туды нядаўна «на разведку»...


І ўсё ж я не паверыла ні яе словам, ні яе ўражанням, і вам не раю. Таму што горад, які амаль дзевяць летапісных стагоддзяў стаіць на гэтай зямлі, не можа быць нецікавы ў прынцыпе. А калі ўжо пра сваё, асабістае: аднойчы напрыканцы верасня ён падараваў мне дзівосную, надзвычай цікавую сустрэчу, і гэта нашае знаёмства ў залатым святле сонечнай восені стала адным з самых прыемных уражанняў у жыцці...

Магчыма, так з самага пачатку атрымалася, бо ехала туды, перачытаўшы Караткевічаву «Ладдзю Роспачы», герой якой, вельмі сімпатычны Гервасій Выліваха, быў, як вядома, рагачоўцам. (Дарэчы, сам пісьменнік менавіта гэтага свайго героя лічыў «тыповым беларусам, які больш за ўсё любіць жыццё і Радзіму».)

І шмат чаго супала з тым, што напісана было ў той аповесці. Толькі дзеля таго, каб убачыць, «як Дняпро п'е Друць», варта было прыехаць у Рагачоў. Бо гэта сапраўды ўражвае: калі стаіш на ўзвышшы, а літаральна пад нагамі зліваюцца дзве вялікія ракі, і далей ужо Днепр коціць свае воды адзін — больш паўнаводны і магутны. Вялікая рака кіруе жыццём у гэтых мясцінах спрадвеку, яна ўвесну дагэтуль вымывае з зямлі сведчанні жыцця старажытных людзей — менавіта тут выяўлены першабытныя стаянкі. (Мясцовыя школьнікі пасля паводкі збіраюць па берагах артэфакты, якія археолагі шукаюць пад пластамі зямлі.) А на аднапавярховых прыбярэжных вуліцах Рагачова і сёння ці не каля кожнай хаты пабачыш човен. І ўжо зусім нескладана паверыць і ўявіць, як на такім чоўне катаў калісь Выліваха дзесьці тут саму каралеву Бону Сфорцу...

Дарэчы, тое, што каралева-італьянка мела да Рагачова самае непасрэднае дачыненне, — зусім не выдумка. Яна сапраўды атрымала горад у падарунак ад яснавяльможнага мужа, бывала тут і нават пабудавала на Замкавай гары аднапавярховы будынак, як кажуць даследчыкі, вельмі падобны да тых палацца, што будавалі ў XVІ стагоддзі на яе радзіме ў Італіі. Будынак той, няхай і апошнія паўтара стагоддзя занядбаны, стаяў на ўзвышшы да апошняй вайны. Пасля, як фактычна ад усяго горада, ад яго засталіся руіны, і аднаўляць ужо практычна не было чаго. Але ён застаўся на фота трыццатых гадоў, ёсць і дэталёвы план збудавання. А значыць, ёсць у яго і надзея на адраджэнне: Ліда, Косава, Ружаны...

Можа, калі-небудзь да спісу паселішчаў, дзе старажытныя будынкі вернутыя з небыцця, дадасца і Рагачоў?..

Канешне, можна казаць, што Рагачоў з пункту гледжання наяўнасці помнікаў архітэктуры — месца нецікавае па прычыне іх амаль поўнай адсутнасці. А вы ведаеце, чаму іх там няма? Сёлета даволі шмат пісалі пра 75-годдзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, падчас якой улетку 41-га нашыя войскі некалькі разоў пераходзілі ў контрнаступленне. Гэта аперацыя ды яшчэ гераічная абарона Магілёва паўплывалі на зыход славутай бітвы пад Масквой: фашысты затрымаліся на нашай тэрыторыі, бліц-крыг быў сарваны, да сталіцы яны падступіліся толькі зімой... Ды вось Рагачоў падчас той аперацыі нашы і фашысты адбівалі адзін у аднаго разоў сем. Нескладана ўявіць, што засталося ад горада ў тым пекле... І, пагадзіцеся, ведаючы гэта, ужо зусім па-іншаму ставішся да «тыповай забудовы савецкага райцэнтра»...

Можна сказаць, што тут больш фантомнага, чым рэальнага, як той неіснуючы палац каралевы. Да прыкладу, ля мясцовых могілак на ўскраіне горада ёсць месца, дзе, як сведчыць паданне, адбываліся падзеі, амаль дакументальна апісаныя ўсё тым жа Караткевічам у апавяданні «Паром на бурнай рацэ» (пралогу да рамана «Нельга забыць»). У 1863 годзе тут пакаралі смерцю ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Адным з расстраляных быў Тамаш Грыневіч, прататып Усяслава Грынкевіча, а па некаторых звестках — продак пісьменніка па мацярынскай лініі. Мясцовае паданне сцвярджае: каб гараджане не ўшанавалі памяць забітых, на месцы іх пахавання некалькі дзён, бы па пляцы, маршыравалі царскія салдаты. Праўда гэта ці не, невядома, але за паўтара стагоддзя рагачоўцы не далі таму месцу зарасці хмызняком ці быллём, а нядаўна там з'явіўся крыж і помнік...

А на ціхай вуліцы прыватнага сектара стаіць стары драўляны дом з высокімі вокнамі (на фота). Побач — гранітная пліта з надпісам: «Гэты дом доўгія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча». Сюды, на вуліцу Чкалава (цяпер яна нарэшце Караткевіча), пісьменнік часта прыязджаў у госці да дзядзькі. Яму тут адводзілі асобны пакой — у Рагачове Уладзіміру Сямёнавічу заўсёды добра пісалася. Вядома, што большая частка рамана «Каласы пад сярпом тваім» пісалася менавіта тут. Месцічы расказваюць, што ўранку часта можна было бачыць пісьменніка ў чоўне на Дняпры. І падняпроўскія краявіды, апісаныя і ў «Каласах...», і ў «Ладдзі Роспачы», абсалютна пазнавальныя.

На месцы, дзе нібыта расла тая самая груша, апісаная ў першых радках хрэстаматыйнага рамана, нават паставілі памятны знак...

Гэта толькі некалькі штрыхоў з «партрэта» нецікавага Рагачова. Пры жаданні можна даведацца нашмат больш, калі не глядзець павярхоўна, калі ўмець назіраць, а галоўнае — пагаварыць з дасведчанымі месцічамі. Маю тут на ўвазе не толькі Рагачоў — у кожным гарадку, у кожным мястэчку знойдзецца чалавек (мясцовы настаўнік гісторыі, супрацоўнік музея ці проста апантаны краязнавец), які ўсё раскажа і пакажа з задавальненнем. Такіх людзей варта шукаць і слухаць, бо тое, што ведаюць яны, не паведаміць ні адна энцыклапедыя і нават дасведчаны экскурсавод са сталіцы.

Так што, калі задумалі — смела кіруйцеся ў Рагачоў ці любое іншае паселішча нашай краіны. Не слухайце тых, каго той жа Караткевіч здзекліва цытаваў: «Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны! //А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!». Калі ёсць імпэт і зацікаўленасць — абавязкова паўсюль знойдзеце адметную легенду ці быль нашай роднай зямлі.

А ў Рагачове, калі затрымацца да ранніх ужо прыцемкаў, можна ўбачыць, як дзівосны яркі месяц плыве над чорнымі бліскучымі пералівамі Дняпра, даганяючы сваё дрыготкае адлюстраванне на хвалях ракі. Акурат такі, пэўна, бачыла каралева Бона, калі Гервасій Выліваха паказваў ёй свет за сценамі палаца...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?