Вы тут

Аплет «Дапамога побач» ужо спампавала больш за 18 тысяч чалавек


У маі ў спецыялізаванай краме Google Play Market з'явілася незвычайная для Беларусі праграма для смартфонаў. Аплет «Дапамога побач» распрацавала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яго ўжо спампавала больш за 18 тысяч чалавек.


Што ж сабой уяўляе гэтая мабільная праграма? Як ёй правільна карыстацца? І ў якім кірунку яна будзе развівацца? Гэтыя пытанні і сталі тэмай гутаркі з прэс-сакратаром Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталем Навіцкім.

— Ідэя стварэння спецыялізаванай мабільнай праграмы з'явілася ў нас летась. Спярша мы вывучылі тэматычныя аплеты, якія існуюць і на постсавецкай прасторы, і за акіянам. Напрыклад, у ЗША і Канадзе створана шмат праграм, што інфармуюць карыстальнікаў тэлефонаў пра небяспечныя з'явы надвор'я. Канадскі Чырвоны Крыж выклаў ва ўласным прадукце разнастайныя практычныя парады па дзеяннях у экстраннай сітуацы і склаў тэсты, якія можна праходзіць. Але такой адзінай праграмы, якая максімальна ахоплівала б усе бакі бяспекі, мы не знайшлі. Таму і было прынята рашэнне спалучыць некалькі ідэй і ўвасобіць іх у адну.

5 крокаў да дапамогі

— У раздзел «Што рабіць?» мы змясцілі каля шасцідзесяці тэм разнастайнага побытавага характару, з якімі могуць сутыкнуцца людзі, — працягвае Віталь Навіцкі. — Сярод іх ёсць як традыцыйныя (што рабіць пры пажары ў доме?), так і экзатычныя, кшталту алгарытму, як зняць кальцо з пальца. Інструкцыя дзеянняў выкладзена ў 5 кроках. Раздзел «Энцыклапедыя» змяшчае тыя ж веды, проста яны выкладзеныя больш разгорнута. Ёсць і спецыяльныя тэсты па бяспецы, з дапамогай якіх можна праверыць свае веды. Тэсты пастаянна абнаўляюцца — так, напярэдадні новага навучальнага года з'явіцца новы. А калі вы аўтарызуецеся праз сацыяльную сетку, то зможаце паўдзельнічаць у імправізаваным рэйтынгу сярод карыстальнікаў праграмы.

Для ўсіх гэтых функцый падключэнне для інтэрнэту неабавязковае. Адзіны раздзел, для якога ён патрэбны, — карта неспрыяльных з'яў. На смартфон прыйдзе паведамленне пра небяспечныя з'явы надвор'я. Яны ж будуць нанесены на інтэрактыўную карту. І з дапамогай усяго аднаго націску можна атрымаць інфармацыю пра тое, як дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі.

На ўсіх старонках праграмы даступная кнопка хуткага выкліку па нумары 112. Акрамя таго, мы дадалі яшчэ некалькі функцый. Можна наладзіць выклікі так, каб SMS-паведамленні адначасова адсылаліся на два абраныя раней нумары. Акрамя таго, і саму кнопку можна пераналадзіць на любы нумар. Гэта прадугледжана спецыяльна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія могуць выкарыстоўваць гэтую функцыю для кантактавання з блізкімі і роднымі.

На жаль, устанавіць праграму «Дапамога побач» зараз могуць не ўсе.

— Спецыфіка розных аперацыйных сістэм у тым, што пад кожную з іх даводзіцца пісаць праграмны код з нуля, — зазначае Віталь Навіцкі. — А гэта вымагае вельмі шмат выдаткаў. Таму перш чым пачынаць распрацоўку, мы вывучылі статыстыку наведванняў нашага сайта, пракансультаваліся са спецыялістамі. Высветлілася, што большая частка смартфонаў у Беларусі працуе на аперацыйнай сістэме Androіd. Праўда, і на вельмі старых апаратах праграма наўрад ці запусціцца — ёй патрэбна сістэма ад версіі 4.0 і вышэй. Ужо задумваемся пра тое, каб нашай праграмай маглі карыстацца і ўладальнікі айфонаў. Усё-такі працэнт карыстальнікаў іOS, асабліва сярод моладзі, ігнараваць было б няправільна. Што да сістэмы Wіndows Phone, то тут перспектывы «Дапамогі побач» пакуль няясныя. З аднаго боку, карыстальнікі гэтай аперацыйнай сістэмы засмучаюцца, калі дазнаюцца пра немагчымасць устаноўкі нашай праграмы. З другога боку, іх у нашай краіне вельмі мала. Але ў той жа час хацелася б ахапіць як мага большы працэнт людзей...

Сакрэтны раздзел праграмы

— Разам з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа мы хочам дапрацаваць раздзел «Што рабіць?» — адзначае Віталь Навіцкі. — Напрыклад, у ім зараз няма правіл аказання першай дапамогі. Чырвоны Крыж правёў адмысловае даследаванне аб паспяховасці аказання дапамогі неспрактыкаванымі людзьмі. І выявіліся вельмі цікавыя лічбы. Калі вы чытаеце, як дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі аказання дапамогі, то выратуеце 2 з 10 чалавек. Калі ж вы адкажаце на пэўныя пытанні, уключыце аўдыёсуправаджэнне, то з вольнымі рукамі верагоднасць выратавання пацярпелага павялічыцца да 80%. Збіраемся дапоўніць і карту неспрыяльных з'яў — гэты праект вядзём сумесна з БелТА і Таварыствам Чырвонага Крыжа. З'явіцца карта пажарнай небяспекі ў лясах і інфармацыя пра вясеннюю паводку.

— А што рабіць, калі да нас зноў завітае ўзімку магутны снежны цыклон кшталту «Хаўера»? — пацікавіўся я.

— У праграме ёсць адзін раздзел, які мы пакуль не актывавалі. Ён носіць назву «Паведаміць аб надзвычайнай сітуацыі». Гэтая функцыя і прыхавана на выпадак небяспечных з'яў чырвонага ўзроўню. З яе дапамогай можна будзе зрабіць фотаздымак мясцовасці, далучыць да яго кароткае апісанне. Месцазнаходжанне ваша вызначыцца аўтаматычна. І на спецыяльнай карце месцы, адкуль паведамляюць пра надзвычайныя сітуацыі, будуць адзначацца ў выглядзе кропак.

Як выгнаць з дома... кажана?

Калі зайсці на старонку праграмы ў Google Play, то можна заўважыць, як карыстальнікі самі прапануюць тэмы для рубрыкі «Што рабіць?». Сярод іх ёсць і даволі экзатычныя.

— Цікава, што найбольшай папулярнасцю ў жніўні карыстаецца тэма «Калі ў дом запаўзла змяя», — аналізуе сітуацыю Віталь Навіцкі. — Крыху саступаюць ёй алгарытмы дзеянняў пры навальніцы, ліквідацыі гнязда вос у доме, дарожна-транспартных здарэннях і блуканні ў лесе. Зрэшты, мы адкрыты для прапаноў. Адразу ў Google Play Market людзі могуць ацэньваць праграму і прапаноўваць свае тэмы. Дзякуючы водгукам і з'явіліся тэмы кшталту «Зняць пярсцёнак з пальца», «Кажан у доме».

Акрамя таго, будзе зменены алгарытм апавяшчэння пра неспрыяльныя з'явы надвор'я. Гэта падказалі самі карыстальнікі. Аргументацыя слушная: калі нехта жыве ў Брэсцкай вобласці, то навошта яму ведаць пра тое, што ў Мінску будзе лівень? Таму мы хутка дададзім у абнаўленнях праграмы магчымасць выбару рэгіёнаў. А вось апавяшчэнні пра сітуацыі чырвонага ўзроўню небяспекі нельга будзе адключыць па-ранейшаму.

За тры месяцы працы праграмы ўжо з'явілася цікавая статыстыка.

— Практычна палова нашых карыстальнікаў жыве ў Мінску і прысталічным раёне, — працягвае Віталь Навіцкі. — У топ-10 гарадоў з найбольшай колькасцю спампоўванняў уваходзяць усе абласныя цэнтры і такія буйныя гарады, як Барысаў, Бабруйск і Салігорск. 60 працэнтаў карыстальнікаў — маладзейшыя за 35 гадоў. Пры гэтым адметна, што кожны трыццаты смартфон, на якім устаноўлена праграма, належыць чалавеку, старэйшаму за 65 гадоў. Рэзкі рост папулярнасці нашай праграмы прыйшоўся на 11—18 ліпеня — час, калі магутныя штормы бязлітасна шкуматалі Мінск, Дзяржынск і Шаркаўшчыну.

А як у іх?

На постсавецкай прасторы толькі ў дзвюх краінах міністэрствы па надзвычайных сітуацыях стварылі ўласныя мабільныя праграмы. Гэта Расія і Узбекістан. Праўда, паглядзець іх на тэрыторыі Беларусі не атрымаецца. Але МНС Беларусі наўмысна не абмяжоўвала зону для спампоўвання праграмы. Алгарытмы дзеяння ў надзвычайных сітуацыях аднолькавыя без уліку месца жыхарства.

Як знайсці праграму?

На смартфонах з аперацыйнай сістэмай Androіd зайсці ў Google Play Market і ў радок пошуку ўвесці «МЧС Помощь рядом» (без двукосся).

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мабільны ратаўнік заўжды побач

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.