Вы тут

Жыццёвы шлях самага народнага футбаліста краіны Аляксандра Пракапенкі


Яго жыццёвы шлях пачаўся ў Бабруйску, там ён нарадзіўся і стаў гуляць у футбол, ужо ў школе пачалі прыходзіць першыя спартыўныя поспехі. Дзіцячая каманда роднага горада адкрыла Аляксандру Пракапенку шлях у вялікі футбол. У 1971 годзе адбылася першая значная падзея ў футбольнай кар'еры — галоўны трэнер бабруйскага «Будаўніка» Генадзь Штэйнбук далучыў Пракапенку да трэніровак дарослай каманды, хоць хлапчуку яшчэ не было і 18-ці. Неўзабаве юнага паўабаронцу паклікалі ў Магілёў, з гэтага моманту ў яго кар'еры наступіў сапраўдны прарыў.


Настаўнікаў заўсёды падкупляла неверагодная працаздольнасць, прастата і хуткасць, якую дэманстраваў Аляксандр, таму нядзіўна, што гэтага хлопца заўважылі і ў вядучым клубе рэспублікі — мінскім «Дынама». Ён трапіў туды ў ліпені 1972-га і хутка зайграў у асноўным складзе.

— Пракоп уліўся ў калектыў. Пару матчаў згуляў у «дублі», затым перайшоў у асноўны склад. На мой погляд, футбольнай школы ў яго не было, але гэта быў свайго роду самародак, — успамінае калега футбаліста Уладзімір Курнеў.

Футбол як мастацтва

Ужо ў наступным сезоне Пракапенка стане самым выніковым гульцом сярэдняй лініі, а потым і ўсёй мінскай каманды. Пракоп, так клікалі яго ў калектыве, выконваў велізарны аб'ём работы. Ён вылучаўся фенаменальным пачуццём пазіцыі, чытаў гульню, і галоўнае — заўсёды мог апынуцца ў патрэбную секунду ў патрэбнай кропцы поля.

Хуткі, спрытны і тэхнічны, Пракапенка пастаянна знаходзіўся ў руху, кажуць, яго футболка ў гульні ніколі не была сухой. Аляксандр усё выконваў на высокай хуткасці, умела ўзаемадзейнічаў з партнёрамі, заражаў іх сваім азартам і вызначаўся арыгінальнымі гульнявымі рашэннямі. І партнёры па камандзе, і заўзятары ведалі — Аляксандр хутчэй памрэ, чым спыніцца гуляць з-за стомы ці ляноты.

Зорны час Пракапенкі надышоў пасля прыходу да руля мінскага «Дынама» Эдуарда Малафеева. Талент гульца заззяў новымі гранямі, таму што Эдуард Васільевіч сам вітаў нестандартнасць.

— Яго немагчыма было не любіць, — успамінае Малафееў. — Гэта быў вельмі лагодны і сімпатычны ва ўсіх адносінах чалавек. Чалавек, які апошняе мог з сябе зняць і аддаць. Апошнім кавалкам хлеба і адзеннем падзяліўся б. Ён быў адным з лепшых прадстаўнікоў не толькі беларускага, але і савецкага футбола. Вельмі сумленны чалавек, яму было сорамна гуляць дрэнна. Хто ў тыя залатыя для «Дынама» часы быў самым працавітым на полі? Пракапенка! Ён умеў цярпець, ён працаваў на трэніроўцы так, як ніхто.

У 1982 годзе мінскае «Дынама» трыумфальна выйграла чэмпіянат Саюза. Гэта і было часам Аляксандра Пракапенкі, да якога ён ішоў некалькі гадоў.

«Ну што, Сашок, па маленькай?»

Пасля з'яўлення Пракапенкі ў Мінску яго папулярнасць стала расці і па-за межамі поля. Сталічны глядач прыняў «навічка» і вельмі палюбіў, як скажуць пазней, магчыма, менавіта глядач яго і загубіў... Сам Аляксандр з-за сваёй прыроднай сціпласці прасіў начальніка каманды не браць яго на ўсялякія сустрэчы з заўзятарамі, ведаючы, што большая частка пытанняў будзе адрасавана менавіта яму. Да таго ж Пракапенка заікаўся, таму адчуваў пры вялікай аўдыторыі сябе некамфортна. Аляксандр практычна не даваў інтэрв'ю, а вось у нефармальнай абстаноўцы меў зносіны лёгка.

Хутка стануць пагаворваць пра цягу Пракопа да алкаголю, а потым яго залежнасць ужо перастане быць сакрэтам.

Легендарны ён быў чалавек, хоць і слабахарактарны, — успамінае футбаліст Юрый Пудышаў, капітан «Дынама» ў 1982 годзе. — Вось ён заходзіць у рэстаран паабедаць, і абед пераходзіць у цяжкую вячэру. За кожным сталом яго пазнавалі і запрашалі «выпіць 50 грамаў». Тут пакаштаваў, там пакаштаваў...

Чэмпіёны! Мінскае «Дынама». 1982 год.

Ён проста знікаў

Таленту і выступленням Аляксандра шкодная звычка замінала ўсё больш. Пракапенка пачынаў знікаць: то са збораў, то проста па дарозе з цягнікоў, то ўвогуле не прыходзіў на трэніроўкі. Начальнік каманды і адміністратар збіваліся з ног, шукаючы гульца, з якім увесь час здараліся дзіўныя гісторыі. Ён заходзіў у кафэ, нібыта аддаць доўг, і не вяртаўся па некалькі гадзін, на чыгуначнай станцыі выходзіў купіць вады і спазняўся на цягнік, а потым вяртаўся з Масквы трое сутак.

Такія знікненні звычайна заканчваліся вяртаннем і пакаяннем. Кажуць, уся каманда любіла гэты спектакль. Калі сітуацыя заходзіла ў тупік, Пракапенка адклікаў кагосьці з футбалістаў і прасіў: «Ты ж ведаеш, як я люблю футбол... Будзе сход, ты скажы, што давайце самы апошні раз прабачым яму». Так было не раз, трэнеры яму прабачалі, бо Аляксандр — бліскучы футбаліст, добры чалавек. Пракапенка выкупляў сваю віну неверагоднай аддачай на полі, і трэба сказаць, трэнеры пра тое ведалі і гэтым карысталіся.

Бывала і такое, што ў якасці пакарання Аляксандра выганялі з каманды, бо ўсім было вядома, як ён мучыўся без футбола, без яго ён проста не мог жыць. Тады Пракоп пачынаў трэніравацца самастойна, бегаць кросы, але яго адлучкі станавіліся ўсё больш працяглымі. Чарговы раз з «Дынама» яго выгналі ў 1983-м. Рашэнне было канчатковым, Аляксандр пакінуў клуб назаўжды.

Пракапенка паспеў пагуляць і за зборную СССР на маскоўскай Алімпіядзе. У тым складзе ён стаў адзіным прадстаўніком мінскага «Дынама». Беларус згуляў у двух першых матчах, потым сарваўся, і Канстанцін Бескаў, які тады кіраваў камандай, пазбавіў яго права працягваць гуляць. Пытанне стаяла і аб пазбаўленні Пракапенкі алімпійскай «бронзы», але тады ўсё абышлося.

Далей — самы страшны перыяд

У канцы 1984 года Аляксандра змясцілі ў Мазырскую лячэбна-працоўную ўстанову, ён ведаў сваю праблему і, безумоўна, хацеў з ёй змагацца. У ЛПП выдатны футбаліст правёў цэлы год, там ён працаваў у цэху, дзе рабілі ланцугі. Ставіліся да Аляксандра, вядома, добра, давалі нават трэніравацца з мячом. Але, каб канчаткова не страціць у сабе футбаліста, яму неабходна было вяртацца на волю.

Пракапенка пачаў падшукваць хоць нейкі варыянт, дзе можна было б працягнуць кар'еру, згодай адказаў толькі магілёўскі «Днепр». Згуляўшы там 15 матчаў, Пракоп зноў знік... А праз нейкі час жонка моўчкі здала яго форму.

Апошнім клубам у яго кар'еры стаў «Нефтчы», у якім футбаліст правёў пяць гульняў, але гісторыя са знікненнямі ў Баку прадоўжылася і скончылася гэтак жа, як і папярэднія.

Раніцай 29 сакавіка 1989 года Аляксандр быў цвярозы і казаў, што ўсё цяпер пойдзе па-іншаму. Увечары ён з'явіўся ў рэстаране гасцініцы «Мінск», як звычайна нікога не крыўдзячы, пераходзіў ад аднаго століка да другога. Потым выйшаў з залы і накіраваўся ў бок туалетаў і гардэроба. Праз хвіліну ў залу ўбегла спалоханая афіцыянтка і паведаміла: «Пракапенку дрэнна!» Супрацоўнікі і наведвальнікі акружылі футбаліста, які ляжаў на падлозе, а брыгада «хуткай дапамогі» паспела толькі канстатаваць смерць.

Сёння існуюць дзве версіі прычыны смерці Аляксандра. Першая — асфіксія, менавіта яе і аб'явілі тады грамадскасці, маўляў, у горле затрымаўся кавалак мяса. Другая — у Пракапенкі проста не вытрымала сэрца.

Кажуць, праводзіць любімца футбольнай публікі ў апошні шлях выйшла ўся мужчынская частка Бабруйска, дзе пахавалі Аляксандра Пракапенку.

Памяць

У вялікага футбаліста засталіся жонка Наталля і сын Дзмітрый. Цяпер яны жывуць у ЗША, але час ад часу прыязджаюць на радзіму.

— Калі прылятаю ў Мінск, мне расказваюць пра бацьку анекдоты або гісторыі з яго жыцця. Неяк у таксі пад'язджаем да нашага дома на Маякоўскага, а кіроўца кажа: «Вось, а ў гэтым доме калісьці жыў знакаміты беларускі футбаліст Аляксандр Пракапенка». Я толькі ўсміхаюся, — расказаў Дзмітрый.

Ён, як і бацька, займаўся футболам, але вырашыў не звязваць з ім сваю прафесійную дзейнасць. Цяпер у Дзмітрыя маса праектаў, якімі ён хоча ўвекавечыць памяць знакамітага бацькі.

Біяграфічная даведка

Аляксандр Цімафеевіч Пракапенка нарадзіўся 16 лістапада 1953 года ў Бабруйску. Гульнявое амплуа — паўабаронца. Майстар спорту СССР (1979). Майстар спорту міжнароднага класа (1980). У «Дынама» (Мінск) гуляў з ліпеня 1972 года. У 1983-м быў адлічаны з каманды за сістэматычнае парушэнне рэжыму. Гуляў за «Днепр» (Магілёў) — 1986 (па чэрвень), «Нефтчы» (Баку) — 1987 (па красавік). У зборнай СССР (1980) правёў 1 матч; у алімпійскай зборнай СССР (1980) — 2 гульні.

Дасягненні:

  • чэмпіён СССР 1982;
  • у спісе 33 лепшых футбалістаў СССР — № 1 (1982);
  • бронзавы прызёр АГ 1980 года.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Талент і трагедыя Пракопа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?