Вы тут

Найвышэйшую ўзнагароду прынёс краiне Уладзiслаў Ганчароў


20-гадовы ўраджэнец Вiцебска стаў алiмпiйскiм чэмпiёнам у скачках на батуце. Гэта першае беларускае «золата» ў Бразiлii i першы беларускi чэмпiён у гэтым вiдзе праграмы. Лiк медалям нашы спартсмены адкрылi ў пятнiцу.


Першую ўзнагароду ў скарбонку зборнай прынесла цяжкаатлетка Дар'я Навумава. Яна стала сярэбраным прызёрам у вагавай катэгорыі да 75 кг. Для 20-гадовай дзяўчыны з вёскі Патока Клічаўскага раёна гэта дэбютная Алімпіяда і адразу — поспех. Дарэчы, сусветныя СМІ яшчэ да старту Гульняў прадказвалі прарыў на Гульнях менавіта гэтай беларускі. Тады Дар'ю называлі галоўнай прэтэндэнткай на «золата» ў сваёй вагавой катэгорыі.

У рыўку Дар'я Навумава ў трэцяй спробе падняла штангу вагой 116 кг, а ў другім практыкаванні — штуршку — узяла 142 кг. Беларускую спартсменку абышла толькі прадстаўніца КНДР Лім Джон Сім, якая набрала ў суме дваябор'я 274 кг (121 + 153).

Вядома, можна было падымаць і больш. Сярэбраны медаль — стымул трэніравацца далей. Я яшчэ абавязкова сустрэнуся з саперніцай і абавязкова выйграю, — кажа Дар'я пасля цырымоніі ўзнагароджання. — Асабліва да Алімпіяды я не была гатова. Таму, калі зрабіла завяршальную спробу тут, у Рыа, то было толькі пачуццё радасці. Перад стартам старалася не забіваць галаву, што вось гэта будуць Алімпійскія гульні. Вырашыла для сябе, што гэта звычайны старт, што трэба рабіць тое, што і заўсёды.

Цяжкай атлетыкай Дар'я Навумава стала займацца толькі ў 10-м класе, а да гэтага штурхала ядро і кідала дыск.

З-за майго невысокага росту было складана канкурыраваць з саперніцамі. Таму паступіла ў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву і стала займацца цяжкай атлетыкай. Трэнер потым жартаваў: маўляў, цяжкі снарад трэба штурхаць адной рукой, а штангу дзвюма рукамі лягчэй, — распавядае Даша.

Да алімпійскага «серабра» найлепшым вынікам Навумавай было 5-е месца на чэмпіянаце свету 2015 года, але, як запэўнівае трэнер спартсменкі Віктар Шаршукоў, «да наступнай летняй Алімпіяды ў Токіа Даша будзе падрыхтавана яшчэ лепш».

Золата

Пасля першай узнагароды на Гульнях беларускія заўзятары ўздыхнулі з палёгкай: маўляў, пачатак пакладзены, далей справа мусіць пайсці куды хутчэй. Ужо на наступны дзень, суботнім вечарам, з Рыа прыйшла радасная навіна: Уладзіслаў Ганчароў стаў алімпійскім чэмпіёнам у скачках на батуце.

За дзень да гэтага ў скачках выступалі дзяўчаты — Таццяна Пятрэня і Ганна Гарчанок — сумесь вопыту і маладосці. Але ні адна, ні другая з-за памылак не змагла падняцца на п'едэстал, хоць добрыя шанцы былі ў абедзвюх. Пятрэня — пятая, Гарчанок — восьмая.

А вось Уладзіслаў бліскуча правёў свой алімпійскі дэбют. У кваліфікацыі ён быў другім і ўпэўнена выйшаў у васьмёрку фіналістаў. Выступаючы перадапошнім, беларус ужо ведаў вынікі амаль усіх галоўных канкурэнтаў. Нягледзячы на гэта — у скачку не кроплі нервовасці, усё выразна, спакойна і галоўнае — «чыста». Атрымаўшы ад суддзяў 61,745 бала, Ганчароў выйшаў у лідары і чакаў скачка свайго адзінага саперніка — кітайскага спартсмена Гаа Лея, які ў выніку не змог перамагчы беларуса.

— У дзень фіналу прачнуўся вельмі рана. Не буду хаваць, перажываў: усё ж такі вельмі важны момант у жыцці любога спартсмена, — распавядае Уладзіслаў. — У фінале набраў добрую суму балаў, гэта вельмі высокі вынік, і, вядома, я сабой задаволены. Перад стартам меркаваў, што буду ў прызёрах, але ніяк не мог уявіць, што стану чэмпіёнам і ў мяне будзе залатая ўзнагарода. Усё ж такі канкурэнцыя ў нашым відзе спорту сур'ёзная: кітайцы, расіяне. Усё магло разгарнуцца ў адваротны бок.

Серабро

Яшчэ адну ўзнагароду ў цяжкай атлетыцы Беларусі прынёс Вадзім Стральцоў, які заняў другое месца ў катэгорыі да 94 кг. Спартсмен змог паказаць вынік 395 кг (175 + 220).

Стральцоў лічыўся фаварытам турніру ў сваёй вагавай катэгорыі, але выступленне не заладзілася з самага пачатку. У першым практыкаванні, рыўку, Вадзім выканаў толькі адну заліковую спробу — першую на 175 кг. Два наступныя выхады на памост сталі няўдалымі. Такая ж гісторыя паўтарылася і ў другім практыкаванні. Займаючы пасля рыўка толькі чацвёртае месца, беларус у штуршку пачаў з вагі ў 220 кг. Штанга яму скарылася, але далей дзве спробы на 230 кг, якія маглі вывесці нашага спартсмена на першае месца, сталі няўдалымі. У выніку — сярэбраны медаль.

— Вельмі расчараваны, — кажа Вадзім Стральцоў. — У 2015 годзе штурхнуў тыя ж 230 кг, якія тут не ўзяў. Не ідзе рывок, і ўсё. Відаць, знак: патрэніруйся яшчэ гадкі чатыры. Нацэльваўся ў першую чаргу на вынік, таму і расчараваны з-за таго, што не дабраў сваё.

Бронза

Ужо трохі пазней, ноччу, узнагароду ў актыў беларускай зборнай прынесла наша «залатая рыбка» — Аляксандра Герасіменя. Яна заваявала «бронзу» на дыстанцыі 50 м вольным стылем. Вынік Аляксандры — 24,11 секунды, гэта новы рэкорд Беларусі. Чэмпіёнкай на гэтай дыстанцыі стала дацкая плыўчыха Перніле Блюм.

— У апошні дзень алімпійскага турніру па плаванні, у апошні заплыў прыклала максімум намаганняў. Улічваючы, як я пачынала выступаць у Рыа, бронзавы медаль бягучых Гульняў дастаўся значна цяжэй, чым дзве сярэбраныя ўзнагароды ў Лондане. Усё ж такі сабралася, адкінула ўсе негатыўныя думкі і выдала вынік, — кажа Аляксандра. — У камандзе плыўцоў абстаноўка была вельмі напружаная. Гэта моцна паўплывала на выступленне зборнай. Спадзяюся, што пасля Гульняў будуць правільна расстаўлены акцэнты і плаванне працягне развівацца далей.

Нагадаем, на Алімпійскіх гульнях-2012 у Лондане Аляксандра Герасіменя была сярэбраным прызёрам у гэтай дысцыпліне з вынікам 24,28 секунды. Яшчэ адно «серабро» лонданскай Алімпіяды яна заваявала на стаметроўцы кролем.

Не медаль, але дасягненне

Вольга Мазуронак заняла 5-е месца ў марафонскім забегу. Вынік спартсменкі на дыстанцыі 42 км 195 м — 2 гадзіны 24 хвіліны 48 секунд. Наўрад ці знакамітыя саперніцы чакалі такога прарыву ад беларускі. Роўна на сярэдзіне забегу Вольга вырвалася ў лідары і доўгі час задавала рытм. Але на апошніх кіламетрах нашу марафонку адціснулі ад п'едэстала, сіл хапіла дабрацца толькі да 5-га месца.

— Улічваючы гарачае надвор'е, каля 30 градусаў, адчувала сябе падчас бегу па дыстанцыі добра. Вынік па часе цалкам прыстойны па такім надвор'і. Што тычыцца 5-га месца, шмат хто кажа, што выдатна, але я расчаравана. Разумею, што ў вядучых бягунняў у марафоне выйграць надзвычай цяжка, аднак я адстала ад асноўнай групы толькі за некалькі кіламетраў да фінішу. Магу дадаць толькі адно: сумленне ў мяне чыстае, зрабіла ўсё, што ад мяне залежала, — падзялілася пасля выступлення Вольга.

Адзначым, што ўсяго за перамогу змагаліся 159 лёгкаатлетак. Чэмпіёнкай Гульняў на самай працяглай бегавой дыстанцыі стала Джэміма Джэлагат Сумгонг з Кеніі (2 гадзіны 24 хвіліны 4 секунды).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Першая. Алімпійская. Залатая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».