Вы тут

Макаўе на крыніцы


Крыніца каля вёскі Гута, што ў Рагачоўскім раёне, заўсёды шанавалася мясцовымі жыхарамі як святыня, як абярэг. Асабліва ў дзень Макавея, 14 жніўня. Макаўе — так спрадвеку называлі кірмаш каля гутнянскай крыніцы, асноўным таварам на якім быў мёд. Цяпер кірмашы і фэсты каля святога месца ўжо не ладзяцца, але па-ранейшаму жыхары Рагачоўскага і недалёкага Быхаўскага раёнаў збіраюцца, каб памаліцца і набраць гаючай вады.


Крынічка выглядае просценька — унізе два стаўкі, каплічка, наверсе — крыж. Макавейская традыцыя ўсё роўна не забываецца: як і ў былыя часы, пілігрымы нясуць да вады кветкі, мёд і... моркву. Лічыцца, што морква, намочаная ў крыніцы або палітая вадой з яе, набывае гаючыя ўласцівасці. А бацвінне трэба сушыць і захоўваць як абярэг.

У мінулую нядзелю на Макавея людзі з Журавічаў, Хатоўні, Ільіча, Доўска, Званца, Веці, Абідавіч, нават з Рагачова і Чачэрска, сабраліся каля гутнянскай крыніцы, абліваліся вадой, палуднавалі. Жыхарка пасёлка Ільіч Серафіма Куксова — адна з захавальніц гэтага сакральнага месца, набожная і міласэрная жанчына — у гэты дзень спякла мядовыя караваі і, як у былыя часы, раздавала іх наведвальнікам фэсту.

— Каб успаміналі гэтае свята і не забывалі традыцыю, — кажа Серафіма Мікалаеўна. — Так было і ў нашым дзяцінстве.

Захавальніца гутнянскай крыніцы нагадала старажытную назву гэтага ўрочышча — Чарніцова крыніца. Расказала, чаму яна так называлася:

— У гэтым балотным месцы жыў самотны манах, пра яго казалі: чорны. Манах быў краўцом, маліўся ў каплічцы. Калі каплічка правалілася, на яе месцы і ўтварылася крыніца.

Цяперашняя каплічка ў раўчуку — таксама старая, яе збудаваў дзед Серафімы Куксовай Іван Гонтараў. Баба Серафіма хоча, каб людзі не адварочваліся ад веры, бераглі сваю крыніцу, падрымлівалі парадак. Жыхары навакольных вёсак таксама не супраць збіраць грашовыя ахвяраванні для рамонту і ўпарадкавання суседскай плошчы. Яны вераць, што вернуцца тыя часы, калі на Чарніцовай крыніцы на Макаўе зноў адродзіцца мядовы кірмаш.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

anatol@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.