Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі матчаў 18-га тура чэмпіянату краіны па футболе, вяселле Аляксандра Глеба і пра беларускага таэквандыста, які не едзе на Алімпійскія гульні.


1. Завяршыўся чарговы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Лідар першынства — барысаўскі БАТЭ — перамог «Мінск» — 3:1, такі ж лік зафіксаваны ў гульні яшчэ двух прэтэндэнтаў на месца ў прызавой тройцы — футбалісты салігорскага «Шахцёра» абыгралі ў гасцях мінскае «Дынама». Брэсцкія дынамаўцы ў сябе дома перайгралі бабруйскую «Белшыну» — 2:1. «Крумкачы» саступілі «Іслачы» — 0:1, а «Віцебск» і гродзенскі «Нёман» разышліся нічыёй — 1:1. У матчы «Граніту» (Мікашэвічы) і «Славіі» (Мазыр) галоў гледачы так і не бачылі — 0:0. «Нафтан» (Наваполацк) на сваім полі саступіў «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 1:3. «Слуцк» і «Гарадзея» не змаглі выявіць пераможцу — 1:1.

Першы радок турнірнай табліцы па-ранейшаму ўтрымлівае барысаўскі БАТЭ, на другі вярнуўся салігорскі «Шахцёр», на трэцяй пазіцыі размясцілася «Іслач».

2. У пятніцу лепшы беларускі футбаліст сучаснасці Аляксандр Глеб ажаніўся з Святланай Губарэвіч. Нагадаем, гэта другі шлюб спартсмена, першай яго жонкай была Анастасія Касянкова. Яны правялі разам сем гадоў, але два гады таму развяліся.

Цяперашняя жонка Глеба Святлана скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, затым — факультэт міжнародных эканамічных адносін БДЭУ, была салісткай ансамбля «Равеснік», перамагла ў конкурсе «Супермадэль Беларусі». Працавала спецыялістам па продажах у буйной кампаніі, дапамагала ў бізнесе бацьку. Потым разам са старэйшай сястрой адкрыла свой магазін адзення.

3. Беларускі таэквандыст Арман-Маршал Сіла часова адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах. Гэта практычна выключае яго ўдзел у Алімпіядзе-2016. Прычынай такога рашэння з'яўляецца наяўнасць у допінг-пробе спартсмена забароненага прэпарату мельдонія.

Доктар нацыянальнай каманды Вольга Жарко, сам Арман-Маршал Сіла і яго асабісты трэнер Юлія Сухавіцкая цалкам адмаўляюць ужыванне згаданага прэпарату.

Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі таэквандо таксама ўпэўнена ў невінаватасці спартсмена і трэнера, бо гэты прэпарат не выкарыстоўваўся нават у перыяд, калі не ўваходзіў у спіс забароненых, пра што сведчаць вынікі аналізу трох допінг-проб спартсмена (яны былі здадзены ў студзені, лютым і красавіку 2016 года).

— Канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі па выніках расследавання, — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БФТ Андрэй Чучвал. — Мы цвёрда ўпэўнены ў невінаватасці Армана-Маршала і будзем адстойваць гэтую праўду ўсімі магчымымі спосабамі.

Алімпійскі турнір па таэквандо пройдзе з 17 па 20 жніўня.

4. Дзеючыя чэмпіёны Беларусі хакеісты мінскага «Юнацтва» дэбютуюць у хакейнай Лізе чэмпіёнаў сезона 2016/17. Сёння матч з чэшскім клубам «Млада Баляслаў» пройдзе на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» і пачнецца ў 19.00. Далей у групе L папярэдняга раўнда 23 жніўня мінчане дома прымуць шведскі «Векшэ», шэрагі якога нядаўна папоўніў форвард зборнай Беларусі Джэф Плат.

У верасні «Юнацтва» правядзе выязныя матчы з тымі ж сапернікамі. 6 верасня беларуская каманда пазмагаецца з «Млада Баляславам», а 9 верасня — з «Векшэ». Каманды, якія занялі першае і другое месцы ў кожнай з 16 папярэдніх груп, атрымаюць права выступлення ў плэй-оф.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Футбол, вяселле, допінг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».