Вы тут

Кнігі Францыска Скарыны перададзены бібліятэкам Злучаных Штатаў


Днямі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі наведаў найбуйнейшыя бібліятэкі ЗША: Бібліятэку Кангрэса ЗША і Нью-Ёркскую публічную бібліятэку і перадаў ім факсімільныя выданні — «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». У цырымоніі перадачы кніг прынялі ўдзел часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі і Генеральны консул Беларусі ў Нью-Ёрку Віктар Саверчанка.


Урачыстасць была прымеркавана да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Гэтым крокам амерыканскія арганізатары імкнуліся пашырыць нашы культурныя сувязі, а таксама распаўсюдзіць інфармацыю пра культуру Беларусі ў бібліятэчнай супольнасці ЗША.

Варта адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі яшчэ ў 2013 годзе ініцыявала агульнанацыянальны праект факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Ужо праз год сумесна з Банкам БелВЭБ удалося рэалізаваць яго першую частку — пабачылі свет пяць першых тамоў выдання. На сённяшні дзень камплект «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ўключае 11 тамоў.

Кнігі па меры выхаду перадаюцца ў навуковыя, навучальныя, культурныя, грамадскія арганізацыі Беларусі і замежных краін. Першыя асобнікі ўжо трапілі ў бібліятэкі Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Чэхіі.

Шматтомнае факсімільнае выданне з'яўляецца сапраўдным культурным здабыткам беларускага народа. У яго ўваходзіць поўны камплект кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе (1517—1519 гадах) і Вільні (1522—1525 гадах). У яго аснове — электронныя копіі тых кніг першадрукара, якія захаваліся і знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін.

Факсімільнае выданне максімальна поўна ўзнаўляе спадчыну першадрукара. Яно суправаджаецца каментарыямі навукоўцаў, а таксама перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Скарына цяпер і ў... Амерыцы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.