Вы тут

Навуковец, які вярнуў беларусам цэлае пакаленне мастакоў


«Лёнька, шасцігадовы вясковы хлапчук, сын настаўніка Бубнаўскай школы, ляжыць на высокім беразе тварам уверх і пільна ўглядаецца ў плывучыя аблокі. Якія яны цікавыя. І ўвесь час розныя,» — так у мемуарах «Шляхамі жыцця. Успаміны былога партызана», у главе, якая называецца «Лёнька», піша пра сябе доктар мастацтвазнаўства, прафесар, вядомы мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Леанід Дробаў. Рукапіс датаваны 2002 годам, тым самым, калі Леаніда Міканоравіча не стала...


Так, усім вядома, што Леанід Дробаў стаў адкрывальнікам цэлай плеяды імёнаў беларускіх мастакоў ХІХ стагоддзя, што па яго кнізе «Жывапіс Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя» і дагэтуль вывучаюць айчыннае мастацтва, што ён выхаваў шмат аспірантаў, амаль 40 гадоў узначальваў аддзел у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Але сёлета, калі мы адзначаем 90 гадоў з дня нараджэння Леаніда Дробава, варта яшчэ раз прайсціся сцяжынамі памяці пра гэтага таленавітага чалавека з надзвычайнай жыццёвай энергіяй, зазірнуць у яе невядомыя завулкі і прыгадаць нечаканыя факты пра знакамітага мастацтвазнаўца.

Умеў шыць і смачна гатаваў

Удава Леаніда Дробава Святлана Фёдараўна задуменна перагортвае старонкі сямейнага альбома. Кажа, калі Міканоравіча (менавіта так, з павагай яна называе мужа) не стала, першы час вельмі сумавала, пераглядала фотаздымкі, уклейвала іх у альбом. Яна распавядае:

— Бацька і маці Леаніда Дробава былі настаўнікамі. Маці паходзіла з сям'і свяшчэнніка, і ад дзядулі Марка, які быў бацюшкам і пісаў іконы, імкненне да мастацтва перадалося хлопчыку Лёню. У сям'і было шасцёра дзяцей, Леанід — самы старэйшы. Пэўны час маці з бацькам заставаліся без працы, іх звольнілі са школы з-за таго, што дзядуля Марк, свяшчэннік, каб дапамагчы, намаляваў школьную насценгазету. І ад голаду ў той складаны час, калі настаўнікам было забаронена мець уласную гаспадарку, сям'ю выратавалі менавіта Леанід з сястрой Нінай. Яны недзе адшукалі старую швейную машыну, неяк яе падрамантавалі, каб можна было шыць. Лёня распароў старыя буркі і па іх узоры пачаў рабіць выкрайкі новых. Спачатку шылі абутак толькі для сябе: Ніна круціла ручку машыны, а Лёня шыў. Аднавяскоўцы хутка даведаліся пра тое, што можна пашыць сабе буркі, і пачалі рабіць заказы. Атрымалася так, што дзеці сваім заняткам зараблялі прадукты для сям'і, бо сяляне разлічваліся за работу ў асноўным яйкамі, малаком — тым, што самі мелі.

Потым уменне шыць вельмі спатрэбілася Леаніду Міканоравічу ў жыцці. У час вайны, калі ён быў у партызанах, дапамагаў рамантаваць адзенне і нават шыў пілоткі.

— Тата быў вельмі рацыянальным, гаспадарлівым чалавекам, — дзеліцца ўспамінамі старэйшы сын Леаніда Дробава Канстанцін. — Пэўны час мы жылі вельмі бедна, і тата, пішучы кандыдацкую дысертацыю, падзарабляў шыццём. Таксама ён выдатна гатаваў, умеў, як кажуць, кашу з сякеры зварыць. Квасіў капусту, варыў халадзец, смачныя супы з вельмі простых прадуктаў. А калі памерлі яго бацькі, на іх магіле паставіў грандыёзны помнік, які не запатрабаваў вялікіх грашовых выдаткаў. Дарэчы, для яго сам вылепіў барэльеф.

Кулінарныя здольнасці Леаніда Дробава цанілі і сябры. Збіраліся ў яго майстэрні, дзе ён час ад часу на плітцы смажыў бульбу па фірмовым рэцэпце. Кажуць, хрумсткая скарыначка ў яго атрымлівалася неверагодна смачнай.

Сябраваў з Караткевічам і Барадуліным

Нягледзячы на тое, што Леанід Дробаў быў мастаком і мастацтвазнаўцам, у пісьменніцкім асяродку яго таксама вельмі паважалі. Нават меў дачу у пісьменніцкім кааператыве, на знакамітай Лысай Гары.

У архіве Святланы Дробавай і сёння захоўваецца кніга паэзіі «Неруш» Рыгора Барадуліна з арыгінальным аўтографам-прысвячэннем:

Дарагому Лявону,

які робіць шмат,

які зробіць шмат,

і будзе звацца лаўрэат*!

*) любой прэміі.

5.VІ.1969 г. Рыгор.

Сябраваў Дробаў і з Уладзімірам Караткевічам, у літаратурнай апрацоўцы пісьменніка ў 1971 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга Леаніда Міканоравіча «Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя». Дарэчы, гэтая супраца мела станоўчы ўплыў на творчасць абодвух майстроў. Проза Караткевіча ўзбагацілася новымі постацямі, героямі, а стыль пісьма Дробава стаў больш вобразным.

Марыў стаць капітанам далёкага плавання

У бліц-інтэрв'ю, змешчаным у кнізе «Шчыра, як на духу... Споведзі вядомых людзей Беларусі», Леанід Дробаў прызнаецца, што ў дзяцінстве хацеў быць капітанам, адкрывальнікам новых зямель.

— Такое жаданне патлумачыць вельмі проста, — кажа Святлана Дробава, — яго далёкі сваяк па маці служыў на караблі. Калі прыязджаў у вёску, што на Гомельшчыне, у прыгожай форме, расказваў незвычайныя гісторыі, каб паглядзець на яго і паслухаць расповеды збіралася амаль уся вёска. Гэтыя рэдкія спатканні не маглі не ўразіць хлопчыка.

А вось яго бацька марыў пра тое, каб сын напісаў кнігі, па якіх будуць вучыцца іншыя. І бацькоўскі запавет Леанід Міканоравіч цалкам выканаў. Пасля вайны яму прапаноўвалі застацца ў арміі, але малады чалавек вельмі хацеў вучыцца, меў вялікую прагу да ведаў. Пасля вызвалення Беларусі адвучыўся ў вячэрняй школе, паступіў у мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1956 годзе, у гэты ж час быў студэнтам факультэта журналістыкі БДУ, дыплом аб сканчэнні якога атрымаў у 1958-м, праз год паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, а праз тры — скончыў аспірантуру БДУ. У 1963-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, доктарам навук стаў у 1984 годзе, а званне прафесара атрымаў у 1987-м.

Але і сваю дзіцячую мару Леанід Дробаў часткова спраўдзіў. Ён стаў адкрывальнікам — хай не новых земляў, але невядомых ці забытых імёнаў беларускіх мастакоў. Шмат працаваў у архівах, бібліятэках, музеях Польшчы, а сваімі ўражаннямі ад вандроўкі ў Варшаву, Кракаў, Вроцлаў, Познань падзяліўся ў серыі артыкулаў «У пошуках скарбаў», што выйшлі ў 1970 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» пад рубрыкай «Нататкі мастацтвазнаўцы».

Лічыў карціны сваімі дзецьмі

— Тата мяне амаль ніяк не выхоўваў, толькі скіроўваў, — кажа старэйшы сын Леаніда Міканоравіча Канстанцін. — Бачыў, што я прыйшоў дадому з сіняком пад вокам, што з некім зладзіў бойку, і жартам казаў: «Ну ўсё, другога разу не будзе». Ніякага маралізатарства. Ён хацеў, каб я стаў мастаком. І першапачаткова я некаторы час працаваў у яго ў майстэрні. Але мне фатаграфаваць падабалася больш, чым маляваць, таму я ўсё жыццё прысвяціў фотамастацтву.

З малодшым сынам Яўгенам (які нарадзіўся ў новым шлюбе з маладой жонкай, калі Дробаў ужо быў вядомым чалавекам, у досыць сталым узросце) у Леаніда Міканоравіча былі крыху падобныя стасункі:

— Знешне не праяўляў пачуццяў, але ўнутры вельмі перажываў, хваляваўся за сына, калі ён затрымліваўся з заняткаў, — дзеліцца Святлана Фёдараўна. — Калі сын падрастаў, бацька хацеў, каб ён стаў мастаком, але Яўген не праявіў цікавасці да малявання. Затое ўнучка ўжо ў 7 гадоў досыць добра малюе.

Часцей за ўсё ўся сям'я Дробавых разам збіралася ў суботу і ў нядзелю за сняданкам, бо ў штодзённых клопатах, калі кожны быў заняты ўласнымі справамі, маглі і не мець магчымасці доўга бачыцца.

— За сняданкам Міканоравіч мог задаваць многа пытанняў сыну, успамінаў вершы і прасіў яго адгадаць, хто аўтар. А потым — разыходзіліся ў розныя бакі, па сваіх справах, — успамінае Святлана Дробава. — Ды і ў выхадныя дні муж мог узяць з сабой крыху ежы і пайсці на ўвесь дзень, да самага вечара ў майстэрню. Калі вяртаўся, часам прыносіў ежу некранутай: нават не меў магчымасці адарвацца ад справы.

Удава Леаніда Дробава прыгадвае, што ён заўсёды казаў: «Карціны — гэта дзеці», бо ў іх укладзена столькі шчырых пачуццяў, думак мастака. Таму вельмі шкадаваў, рэдка аддаваў, дарыў свае работы. Гэта была неўзнаўляльная страта.

— А потым неяк падумаў, пабачыў, што плён працы многіх мастакоў не знаходзіць інтарэсу наступнікаў і знікае, і вырашыў стварыць галерэю на радзіме, — дадае спадарыня Святлана.

Леанід Дробаў быў адным з першых мастакоў, які падарыў роднаму мястэчку 120 сваіх работ для экспазіцыі. Галерэя ў Акцябрскім, што на Гомельшчыне, адкрылася ўвосень 1990 года. А калі мастак пайшоў з жыцця, установа стала насіць яго імя. Дарэчы, паводле яго запавету, пахаваны Леанід Міканоравіч там жа, у Акцябрскім, непадалёк ад магіл бацькоў.

— Да апошніх дзён Міканоравіч меў жаданне будаваць, нешта рабіць, — кажа Святлана Дробава. — Нават у 70 гадоў узяўся будаваць сабе дачу. Быў вельмі энергічны. Калі прачынаўся зранку, меў дакладны план спраў на дзень. І ўжо гадзін у 8 раніцы пачынаў яго рэалізоўваць, тэлефанаваць па справах. Казаў, калі нейкі дзень прапусціў, нешта не зрабіў, то час прайшоў бессэнсоўна.

Кажуць, чалавек жыве, пакуль жыве памяць пра яго. І, думаецца, зорка выдатнага мастака і навукоўца Леаніда Дробава яшчэ доўга будзе асвятляць шлях паплечнікаў і наступнікаў. Яго кнігі запатрабаваныя студэнтамі і навукоўцамі, яго мастацкія палотны здзіўляюць тэхнікай і вобразнасцю, да яго архіўнай спадчыны можна дакрануцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а таксама ў галерэі імя Дробава і краязнаўчым музеі ў Акцябрскім. Ды і ў цэлым, яго справа, многія выпускнікі мастацтвазнаўчай школы Леаніда Дробава — сёння паважаныя кандыдаты навук — працягваюць прыносіць плён айчыннай навуцы пра мастацтва. І хай так будзе надалей.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Адкрывальнік забытых імёнаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.