Вы тут

Вынікі нашых спартсменаў у Рыа-дэ-Жанэйра


Айчынныя баскетбалісткі пакінулі сабе прывідныя шанцы на выхад у чвэрцьфінал Алімпіяды, Уладзімір Самсонаў стаў 4-м у настольным тэнісе і іншыя вынікі нашых спартсменаў у Рыа-дэ-Жанэйра.


* Баскетбольная зборная ў сваім 4-м матчы не змагла перайграць турчанак (71:74) і вельмі ўскладніла сваё турнірнае становішча.

— Нам не хапіла лаўкі запасных, — кажа галоўны трэнер зборнай Анатоль БУЯЛЬСКІ. — Сёння мы маем сем баскетбалістак, здольных гуляць на такім узроўні і пры такім ціску. Тут мала ўмець кідаць мяч — трэба яшчэ справіцца з эмоцыямі, з хваляваннем, са сваім эга. Цяжка патрабаваць чагосьці звыш ад спартсменак, якія сорак хвілін не сыходзяць з пляцоўкі, а наша задняя лінія гуляе амаль без замен.

Вядома, і ўдачы не хапіла. Успомніць кідок Тані Троінай... Зрэшты, гэта не яе стыхія. Калі б кідала здалёк пасля добрага каманднага розыгрышу, то трапіла б. Хоць мяч і так мог зваліцца ў кальцо, і тады ўсё было б інакш. У любым выпадку нічога, акрамя слоў падзякі, у мяне ў адрас дзяўчат няма.

Сёння беларускі правядуць заключны матч групавой стадыі са зборнай Аўстраліі.

— Гэта самая моцная каманда групы. Аднак трэба гуляць так, каб упершыню ў гісторыі перамагчы. Мы ніколі не выходзім на пляцоўку проста так. Да таго ж шанцы яшчэ ёсць, — дадаў Анатоль Сяргеевіч.

Пасля сустрэчы са зборнай Турцыі наша каманда знаходзіцца на 5-й пазіцыі ў групе. Нагадаем, у чвэрцьфінал выходзяць 4 найлепшыя каманды сікстэта.

* Уладзімір Самсонаў саступіў у матчы за трэцяе месца саперніку з Японіі Дзюну Мізутані з лікам 1:4. Адзначым, што для нашага спартсмена гэта была шостая Алімпіяда ў кар'еры. Чацвёртае месца на Гульнях — найлепшы вынік беларуса ў галоўных стартах чатырохгоддзя. У 1996 і 2000 гадах Уладзімір Самсонаў завяршаў барацьбу за ўзнагароды на стадыі чвэрцьфіналу. У Афінах (2004), Пекіне (2008) і Лондане (2012) ён не змог прабіцца ў васьмёрку наймацнейшых.

— Мне вельмі хацелася заваяваць алімпійскі медаль, але аднаго жадання мала — трэба яшчэ ўмець увасобіць яго ў жыццё. У кагосьці гэта атрымліваецца адразу, камусьці лёс дае шанец нашмат пазней ці наогул адварочваецца.

Я ніколі не скардзіўся на дыскамфорт і нейкія нязручнасці ў гульні, але цяпер, шчыра, мне замінала траўма рэбраў, атрыманая ў гульні з Яўгенам Аўчаровым. Мне было цяжка справіцца з хуткімі падачамі саперніка, але па ходзе гульні я здолеў перастроіцца і выйграць спачатку адзін сэт, а потым меў выдатную магчымасць зраўняць лік. Але ў справу ўмяшалася фартуна — японец пераможнае ачко ў чацвёртым сэце зарабіў дзякуючы мячу, які толькі злёгку чыркануў па стале. Дастаць яго было практычна немагчыма.

Аб заканчэнні кар'еры пакуль не думаю. Буду гуляць далей. А колькі часу мне будзе адмерана звыш — цяжка сказаць. Але я ўжо адзначаў, што любы спартсмен марыць завяршыць прафесійную кар'еру з пераможным настроем. І я не выключэнне, — расказаў пасля гульні Уладзімір Самсонаў.

* Беларускі экіпаж жаночай двойкі парнай у складзе Юліі Бічык і Таццяны Кухты заняў 8-е месца. У фінале В беларускі фінішавалі другімі з вынікам 7 хвілін 40,48 секунды. З улікам фіналу А Бічык і Кухта аказаліся на выніковым 8-м месцы.

* Баксёр Міхаіл Даўгалевец не змог выйсці ў чвэрцьфінал алімпійскіх спаборніцтваў. У паядынку 1/8 фіналу вагавой катэгорыі да 81 кг беларус сустракаўся з Адзільбекам Ніязымбетавым з Казахстана і прайграў яму па ачках.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Драўляная» з бронзавым адлівам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.