Вы тут

Фрыдрых Дзюрэнмат. Аповесць.



Фрыдрых Дзюрэнмат — швейцарскі пісьменнік і драматург ХХ стагоддзя. Ён стаў вядомым праз свае крымінальныя раманы і п’есы. У сваіх творах Фрыдрых Дзюрэнмат закранае вельмі вострыя праблемы нашай сучаснасці: маральны абавязак, барацьба чалавека за жыццё, змаганне за справядлівасць. У 1967 годзе Дзюрэнмат наведаў з’езд пісьменнікаў у Маскве, і, як ён пасля ўспамінаў, быў расчараваны пустатой таго, што там адбывалася, тым, як мала размова ішла пра літаратуру і як дбайна хвалілі кіруючыя колы. Свае цалкам негатыўныя ўражанні пісьменнік апісаў у аповесці «Звяржэнне».

 

Юрый Галамака

 

Der Sturz

1971

 

Звяржэнне

1971

Да Фрэда Шэртэнляйба

 

Пасля халоднага буфета з фаршыраванымі яйкамі, вяндлінай, тостамі, ікрой, шнапсам і шампанскім, якім звычайна частаваўся ва ўрачыстай зале палітычны сакратарыят перад нарадай, першым у пакой для пасяджэнняў увайшоў Н. Пасля таго, як яго прынялі ў вышэйшы орган краіны, ён адчуваў сябе ў бяспецы толькі ў гэтым памяшканні, нягледзячы на тое, што ён быў усяго міністрам пошты і паштовыя маркі да мірнай канферэнцыі спадабаліся А, чутку пра гэта ён ведаў з асяроддзя Д, а, дакладней, ад Е; аднак яго папярэднікі, нягледзячы на хутчэй падпарадкаванае становішча пошты ў колах дзяржаўнай машыны, зніклі без вестак, і нават калі шэф тайнай паліцыі С прыязна з ім абыходзіўся, пажаданым гэта не было — шукаць тых, хто знік. Перад уваходам ва ўрачыстую залу і перад уваходам у пакой для пасяджэнняў Н ужо абшукалі, спачатку старэйшы падпалкоўнік спартовага целаскладу, які рабіў гэта заўсёды, пасля бялявы палкоўнік, якога Н яшчэ ніколі не бачыў; палкоўнік, які звычайна абшукваў яго перад пакоем для пасяджэнняў, быў лысым, мабыць, ён быў на адпачынку, ці яго перавялі, ці звольнілі, ці разжалавалі, ці расстралялі. Н палажыў сваю папку на стол для пасяджэнняў і сеў. Каля яго сеў Л. Пакой для пасяджэнняў быў доўгім і не нашмат шырэйшым за стол. Сцены былі напалову абліцаваныя карычневымі панэлямі. Неабліцаваная частка і столь былі белага колеру. Кожны займаў сваё месца паводле іерархіі ў сістэме. А сядзеў уверсе. Над ім, на белай частцы сцяны, вісеў сцяг партыі. Насупраць яго за другім канцом стала ніхто не сядзеў, і там было адзінае акно ў пакоі. Акно было высокім, круглым уверсе, падзеленым на 5 шыб і не мела штор. Б, Д, Ф, Х, К, М сядзелі (калі глядзець з месца А) за правай паловай стала, насупраць іх С, Е, Г, І, Л, Н, каля Н яшчэ сядзеў шэф моладзевых звязаў П і міністр атамнай энергетыкі О, аднак П і О не мелі права голасу. Л быў самым старым у сакратарыяце і, перад тым як А стаў кіраваць партыяй і краінай, некалі выконваў функцыю, якую зараз выконваў Д. Л быў кавалём, перад тым як стаў рэвалюцыянерам. Ён быў высокім з шырокімі плячыма, ні кроплі тлушчу. Яго твар і рукі былі грубыя, яго сівыя валасы былі яшчэ густымі і коратка пастрыжанымі. Ён заўсёды быў непаголеным. Яго шэры гарнітур быў падобны да нядзельнага гарнітура працоўнага. Ён ніколі не насіў гальштук. Каўнер яго белай кашулі быў заўсёды зашпілены. Л быў папулярны ў партыі і ў народзе, пра яго ўчынкі падчас чэрвеньскага паўстання склаліся легенды; аднак гэты час быў так даўно, што А называў Л «помнікам». Л лічыўся справядлівым і быў героем, таму яго заняпад быў не прыцягваючым увагу падзеннем, а «увесь-час-ніжэй-апускацца» ў іерархіі. Страх перад абвінавачваннем знішчаў яго. Ён ведаў, што аднойчы яго зрынуць. Як і абодва маршалы Х і К, ён часта быў п’яным, нават на нарады сакратарыята ён болей не з’яўляўся цвярозым. І зараз ад яго смярдзела шнапсам і шампанскім, аднак яго грубы голас быў спакойным, а яго вадзяністыя, налітыя крывёю вочы кідалі здзеклівыя позіркі: «Таварыш, — звярнуўся ён да Н, — нам канец. О не прыйшоў». Н нічога не адказаў. Ён нават не паціснуў плячыма. Ён гуляў абыякавага. Магчыма, арышт О — пагалоска, магчыма, Л памыліўся, а калі Л не памыліўся, становішча Н было, магчыма, не такім безнадзейным, як у Л, які адказваў за транспарт. Калі ў цяжкай прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, звычайнай ці атамнай энергетыцы нешта не атрымлівалася (а нешта не атрымлівалася заўсёды), заўсёды была магчымасць прыцягнуць да адказу міністра транспарту. Аварыі, спазненні, затрымкі. Адлегласці былі вялікія, кантроль — замаруджаны.

 

Увайшлі партыйны сакратар Д і міністр І. Партыйны сакратар быў тлустым, магутным і меў розум. Ён насіў па-армейску пашыты гарнітур, чым капіраваў А, з пакоры, як думалі адны, ці дзеля здзеку, як думалі іншыя. І меў рудыя валасы і быў кволым. Пасля прыхода А да ўлады ён быў генеральным пракурорам і вельмі рашучым хлопцам. Падчас першай вялікай партыйнай чысткі ён дамогся смяротных выракаў для многіх старых рэвалюцыянераў, пры гэтым у яго атрымалася памылка. Па жаданні А І патрабаваў смяротны вырак для яго зяця, і калі А нечакана ўмяшаўся ў справу, каб усё ж такі дараваць свайму зяцю, той ужо быў расстраляны, памылка, якая не толькі не каштавала І месца генеральнага пракурора: яшчэ горш — ён прыйшоў да ўлады. Ён быў прызначаны чальцом палітычнага сакратарыята і, такім чынам, патрапіў у самы зручны з усіх магчымых расстрэльных спісаў. Ён дасягнуў пасады, на якой яго маглі кокнуць толькі па палітычных прычынах, а палітычныя прычыны знаходзіліся заўсёды. У выпадку І яны ўжо былі. Хоць ніхто і не верыў, што А хацеў выратаваць свайго зяця. Смяротнае пакаранне свайго зяця дакладна не было не дапасаваным да намераў А (дачка А ўжо тады скокнула ў ложак з П); аднак у А зараз была падстава ў вачах грамадства, каб знішчыць І, калі ён яго калі-небудзь пажадае знішчыць, і таму, што яшчэ ніколі не здаралася выпадкаў, каб А такую падставу не выкарыстаў, І болей ніхто не даваў шанцаў. І гэта ведаў і паводзіў сябе, як быццам ён гэтага не ведае, нават калі і нязграбна. Таксама і зараз. Ён занадта відавочна спрабаваў схаваць сваю няўпэўненасць. Ён расказваў партыйнаму сакратару пра пастаноўку дзяржаўнага балета. І на кожнай нарадзе расказваў пра танцулькі і сыпаў вакол сябе прафесійнымі выразамі з балетнага мастацтва, асабліва з таго моманту, як ён яшчэ і быў вымушаны стаць кіраўніком міністэрства сельскай гаспадаркі, нягледзячы на тое, што ён, як юрыст, нічога не разумеў у сельскай гаспадарцы. Да таго ж міністэрства сельскай гаспадаркі было, мабыць, яшчэ болей падступным за міністэрства транспарту і з часам яшчэ і прыносіла шкоду; таму што ў сельскай гаспадарцы партыя была вымушана атрымаць паразу. Сялян нельга было выхаваць, яны былі самаўлюбёныя і лянівыя. Таксама і Н ненавідзеў сялян, не як людзей, а як невырашальную праблему, праз якую планіроўшчыкі цярпелі няўдачы, а таму, што няўдачы былі небяспечнымі для жыцця, Н ненавідзеў сялян удвая болей, і праз сваю нянавісць ён нават разумеў паводзіны І: хто ж жадае размаўляць пра сялян? Толькі міністр цяжкай прамысловасці Ф, які вырас у вёсцы і, як і свой бацька, быў вясковым настаўнікамі і меў абы як зляпаную прымітыўную паўадукацыю, набытую на мясцовым настаўніцкім семінары, які выглядаў, як селянін, і размаўляў, як селянін, распавядаў у палітычным сакратарыяце пра сялян, вывальваў свае сялянскія жарты, якія весялілі толькі яго, прамаўляў сялянскія прыказкі, якія разумеў толькі ён, у той час як адукаваны юрыст І, які цёрся з сялянамі і страціў надзею на паразуменне з імі, каб не быць вымушаным размаўляць пра іх, балбатаў свае балетныя гісторыі і чапляўся з імі да кожнага, больш за ўсё да А, які называў міністра сельскай гаспадаркі «наша балерына» (да гэтага ён называў яго «нашым узнясенцам на нябёсы»). Нягледзячы на гэта, Н пагарджаў былым генеральным пракурорам, морда якога ў рабацінні выклікала агіду. Занадта хутка ён са жвавага ката пераўтварыўся ў палахлівага падлізніка. Насупраць, вытрымка Д здзіўляла Н. Пры ўсёй сваёй уладзе ў партыі і пры ўсім сваім палітычным майстэрстве «дзікая свіння», як яго абазваў А, таксама адчуваў страх, калі навіны пра тое, што О не з’явіцца, спраўдзяцца, аднак жа Д трымаў сябе. Ён ніколі не страчваў свайго спакою. Партыйны сакратар таксама і падчас небяспекі заставаўся стрыманым. Аднак яго становішча была незразумелым. Арышт О (калі гэта не простая чутка, выкліканая тым, што ён не з’явіўся), мог стаць падставай для нападу на Д, таму што О падпарадкоўваўся ў партыі Д, але таксама ж гэта магло мець мэтай зрынуць галоўнага ідэолага Г, чыім асабістым пратэжэ лічыўся О: тое, што ліквідацыя О (калі гэта праўда), пагражала адначасова Д і Г, было магчыма, але малаверагодна.

 

Галоўны ідэолаг Г ужо зайшоў у пакой для пасяджэнняў. Ён быў нязграбны, насіў запыленыя акуляры без аправы і нахілена трымаў сваю прафесарскую галаву с белай грывай. Ён быў былым настаўнікам гімназіі з правінцыі — А называў яго «гарбатным святым». Г быў тэарэтыкам партыі. Ён быў непітушчым і аскетам з каўняром, як у Шылера, хударлявым інтравертам, які таксама ўзімку насіў сандалі. Калі партыйны сакратар Д быў жвавым геданістам і героем жанчын, кожны крок галоўнага ідэолага Г быў тэарэтычна абдуманы і шмат калі вёў да абсурду і праліцця крыві. Абодва былі ворагамі. Замест таго, каб дапаўняць адзін аднаго, яны марнавалі свае сілы адзін на адным, спрабуючы стварыць пастку для другога і зрынуць яго: партыйны сакратар як тэхнік улады супраць галоўнага ідэолага як тэарэтыка рэвалюцыі. Д імкнуўся да сцвярджэння ўлады любымі сродкамі, Г імкнуўся любымі сродкамі захаваць уладу ў яе некранутым выглядзе, як стэрыльны скальпель у руках чыстага вучэння. У звязе з дзікай свіннёй былі міністр замежных спраў Б, міністр выхавання М і міністр транспарту Л, на баку гарбатнага святога былі міністр сельскай гаспадаркі І і прэзідэнт К, а таксама міністр цяжкай прамысловасці Ф, які амаль не саступаў Д у сваёй гвалтоўнай дзейнасці, аднак жа з гідлівасці апантанага ўладай у дачыненні да іншага апантанага ўладай знаходзіўся ў лагеры Г, нягледзячы на тое, што былы вясковы настаўнік быў абцяжараны комплексам непаўнацэннасці праз тое, што Г — былы настаўнік гімназіі, і, верагодна, таемна ненавідзеў і яго.

 

Насамрэч Г болей не вітаўся з Д. Тое, што галоўны ідэолаг зараз павітаўся з партыйным сакратаром, як спалохана заўважыў Н, казала пра тое, што Г баіцца, што знікненне О датычыцца яго, гэтаксама як і акалічнасць, што Д павітаўся ў адказ, казала пра яго страх, пра тое, што ён у небяспецы. Тое, што ўсё ж такі баяліся абое, значыла, што О сапраўды арыштавалі. Аднак жа момант таго, што гарбатны святы павітаўся сардэчна, а дзікая свіння толькі ветліва, быў паказчыкам таго, што пагроза галоўнаму ідэолагу была крыху болей магчымай, чым партыйнаму сакратару. Н з палёгкай уздыхнуў. Звяржэнне Д значыла б цяжкае становішча і для Н. Н быў прыняты ў сакратарыят ў якасці чальца с правам голасу па прапанове дзікай свінні і лічыўся яго асабістым пратэжэ, перспектыва, якая магла стаць небяспечнай, нават калі гэта не зусім адпавядала рэчаіснасці: па-першае, Н не належаў ні да адной з груповак, па-другое, тады галоўны ідэолаг, які дапамог міністру атамнай энергетыкі О, чакаў перад выбарамі, што партыйны сакратар прапануе свайго пратэжэ П, шэфа моладзевых звязаў. Аднак жа дзікая свіння зразумеў, што прасцей будзе выбраць у сакратарыят нейтральнага кандыдата, чым аднаго са сваіх партыйных паплечнікаў ці паплечнікаў свайго ворага — акрамя таго дачка А ў той час ўжо зноў кінула П, каб спаць з адным ушанаваным партыяй пісьменнікам-раманістам, — на што Д дазволіў свайму кандыдату праваліцца, каб прапанаваць Н, што дазволіла яму абыграць гарбатнага святога і вымусіла таго таксама галасаваць за Н. Па-трэцяе, Н быў нічым іншым, як знаўцам у сваім аддзеле і бясшкодным для Д і Г. Для А ён быў такім нязначным, што нават не атрымаў мянушкі.

 

Канешне, гэта датычылася таксама міністра знешняга гандлю Е, які зайшоў у пакой за Г і адразу сеў — у той час як галоўны ідэолаг, раззгублена ўсміхаючыся, праціраючы круглыя настаўніцкія акуляры, абцяжараны балбатнёй міністра сельскай гаспадаркі пра першага сольнага танцора, усё яшчэ стаяў каля партыйнага сакратара, які спакойна усміхаўся, — Е быў свецкім і элегантным. Ён насіў ангельскі гарнітур з нядбайна складзенай у кішэні хустачкай і паліў амерыканскую цыгарэту. Міністр знешняга гандлю, як і Н, стаў чальцом сакратарыята супроць сваёй волі, барацьба за ўладу ўнутры партыі аўтаматычна падштурхнула яго да кіраўнічага органа, іншыя, болей амбіцыйныя за яго, сталі ахвярамі барацьбы за першыя месцы і, такім чынам, ахвярамі саміх сябе, а Е па-майстэрску перажыў усё чысткі, таму А зрэдку даваў яму мянушку «лорд Вечназялёны». Калі Н супраць сваёй волі быў 13 па магутнасці, Е супраць сваёй волі быў ўжо пятым па магутнасці чалавекам у імперыі. Шляху назад не было. Памылковыя паводзіны, неразважлівае выказванне маглі значыць канец, арышт, допыты, смерць, таму Е і Н павінны былі мець добрыя адносіны з усімі, хто быў ці мог быць болей магутным за іх. Яны павінны былі быць разумнымі, адчуваць магчымасці, ліслівіць у выпадку небяспекі і выкарыстоўваць чалавечыя слабасці іншых. Яны былі вымушаны шмат да чаго, што было нявартым і смешным.

 

Канешне. 13 чальцоў палітычнага сакратарыята валодалі надзвычайнай уладай. Яны вызначалі лёс велізарнай імперыі, адпраўлялі незлічоных у выгнанне, у вязніцу і на смерць, умешваліся ў жыццё мільёнаў людзей, сваім поступам знішчалі прамысловасць з твару зямлі, перасялялі сем’і і народы, па іх загадзе паўставалі магутныя гарады, яны рыхтавалі незлічоныя войскі, вырашалі пра вайну і мір, аднак, таму што інстынкт самазахавання прымушаў іх цікаваць адзін за адным, іх сімпатыі і антыпатыі, якія аны адчувалі адзін да аднаго, мелі на іх вырашэнні ўплыў куды большы за палітычная канфлікты і эканамічныя праблемы, якім яны супрацьстаялі. Улада, а з ёю і страх адзін перад адным, былі занадта вялікімі, каб проста займацца чыстай палітыкай. Розуму, насупраць, месца ў ёй не было.

 

З адсутных чальцоў зайшлі абодва маршалы, міністр абароны Х і прэзідэнт К, абодва апухлыя, абодва бледныя, абодва нягнуткія, абодва з налепленым ордэнам, абодва старыя і потныя, абодва смярдзелі тытунём, шнапсам і парфумай «Данхіл», два туга набітыя тлушчам, мясам, мачой і страхам мяшкі. Яны адначасова селі адзін каля аднаго, ні з кім не вітаючыся. Х і К заўсёды заходзілі ўдваіх. А, намякаючы на любімае пітво абодвух, назваў іх «Джын-гіс-ханы». Маршал К, прэзідэнт і герой грамадзянскай вайны, драмаў; маршал Х, няўдаліца ў ваенных справах, які прабіўся на пасаду маршала толькі праз сваю партыйную нягнуткасць, адпраўляючы сваіх папярэднікаў адзін за адным, як здраднікаў, пад нож А, які гуляў легкавернага, яшчэ раз падняўся і, перад тым, як уткнуцца позіркам перад сабой, закрычаў: «Знішчыць ворагаў ва ўлонні партыі!» — і такім чынам даў зразумець, што яму вядома пра арышт О. Аднак на яго ніхто не звярнуў увагі. Усе ўжо прывыклі да таго, што страх выціскае з яго словы. На кожнай нарадзе палітычнага сакратарыята ён бачыў сябе зрынутым, захлынаўся ў самаабвінавачваннях і дзіка на некага нападаў, не ўдакладняючы, каго ён мае на ўвазе.

 

Н глядзеў на міністра абароны Х, на ілбе якога блішчэў пот, і адчуваў, як і яго лоб пачынае рабіцца вільготным. Ён думаў пра бардо, якое ён збіраўся падарыць Ф, але яшчэ не мог яго падарыць, таму што яго ў яго яшчэ не было. Усё пачалося з таго, што шэф партыі Д любіў бардо, а Н тры тыдні назад з нагоды міжнароднага пасяджэння міністраў пошты ў Парыжы арганізаваў некалькі паставак віна; парыжскі калега любіў мясцовы шнапс, які яму за гэта даслаў Н. Не тое каб Н быў адзіным, хто забяспечваў магутнага Д бардо. Таксама і міністр замежных спраў Б гэта рабіў. Аднак паслуга Н мела да высновы тое, што ён таксама атрымаў бардо ў якасці падарунка ад Б, з той простай нагоды, што Н, каб не здавацца карыслівым, таксама выдаў сябе за прыхільніка бардо, нягледзячы на тое, што віно было яму абыякава. Аднак жа, калі Н даведаўся, што вядомы нацыянальны аматар шнапсу, уладар цяжкай прамысловасці Ф, якога А ахрысціў «чысцільшчыкам ботаў», з парады сваіх дактароў, таму што ён быў дыябетыкам, таемна піў толькі бардо, ён шмат часу вагаўся, ці падарыць бардо таксама і Ф, таму што так ён быў бы вымушаны прызнаць, што ён ведае пра хваробу Ф. Але ён сказаў сабе, што і іншыя чальцы сакратарыята дакладна ведаюць пра гэта. Ён даведаўся пра гэта ад шэфа тайнай паліцыі С, і здавалася мала верагодным, што ён не распавёў пра гэта астатнім. Таму ён усё ж такі вырашыў перадаць Ф скрынку лафіту 45. Міністр цяжкай прамысловасці адразу ж зрабіў падарунак у адказ. Пра падарункі міністра цяжкай прамысловасці хадзілі дрэнныя чуткі. Н неасцярожна адкрыў пасылку за сямейным сталом. У ёй быў скрутак плёнкі, якую Н, не ведаючы пра тое, што на ёй, і збіты подпісам «Сцэны французскай рэвалюцыі» па просьбах сваёй жонкі і сваіх 4 дзяцей паставіў у хатнім кінатэатры. Гэта была парнаграфічная стужка. Такія ж самыя падарункі атрымлівалі час ад часу і астатнія чальцы палітычнага сакратарыята, як пасля даведаўся Н. Пры гэтым усе ведалі, што Ф абыякава ставіцца да парнаграфіі. Ён дарыў гэтыя стужкі, каб мець сродак уплыву, і паводзіў сябе так, як быццам адараны любіў парнаграфію. «Ну, і як Вам спадабалася маленькая бруднота? — спытаў ён аднойчы ў Н, — хоць яна і не ў маім гусце, я ведаю, што Вам падабаюцца такія рэчы». Н не асмеліўся супярэчыць. У якасці падзякі ён даслаў чысцільшчыку ботаў скрыню Шато Клемент 34. Так у цвярозага і эратычна памяркоўнага Н збіраўся парнаграфічны матэрыял, і адначасова ён бачыў сябе вымушаным далей шукаць бардо, таму што пастаўкі з Парыжа прыходзілі толькі раз у паўгода, а бутэлькі, якія яму дарыў Б, дарыць Ф ён не наважваўся. Мабыць, міністр замежных спраў і міністр цяжкай індустрыі былі ворагамі, аднак магла адбыцца змена франтоў. Ужо шмат разоў не асабістыя ворагі праз нечаканыя агульныя цікавасці рабіліся неразрыўнымі сябрамі. Н быў вымушаны даверыцца міністру знешняга гандлю Е. Высветлілася, што і ён таксама дарыў бардо дзікай свінні і чысцільшчыку абутку. Е дапамагаў Н праз свае знешнегандлёвыя сувязі, але не ўвесь час. Н меркаваў, што і іншыя дарылі бардо Д і Ф і былі ўзнагароджаны кампраматам ад Ф.

 

Насупраць Н села «партыйная муза» М. Міністр выхавання была бялявай і поўнай. Пра яе грудзі А аднойчы падчас пасяджэння сакратарыята прадказаў, што гэта горы, з вяршынь якіх шэф партыі ўпадзе і разаб’ецца насмерць. Партыйная муза з’явілася ў асабліва элегантным выглядзе, і А пагражаў дзікай свінні сваёй бестактоўнай пахабнасцю. Лічылася, што Д з’яўляецца прыхільнікам М. З таго часу М з’яўлялася на пасяджэнні сакратарыята толькі ў простай шэрай сукенцы. Тое, што зараз яна з’явілася ў чорнай вечаровай сукенцы з глыбокім выразам, засмуціла Н, тым болей, што яна была ва ўпрыгожаннях. Нагода для гэтага дакладна асаблівая. І яна ведае пра арышт О. Пытанне было толькі, ці жадае партыйная муза сваёй сукенкай дыстанцавацца ад Д, гуляючы бесклапотнасць, ці яна збіралася з мужнасцю расчаравання дэманстратыўна прызнаць сябе яго каханкай. Ад шэфа партыі Д Н не атрымаў адказу, таму што той, здавалася, не звярнуў увагі на М. Зараз ён сядзеў на сваім месцы і нешта чытаў.

 

Выбар сукенкі М стаў яшчэ болей двухсэнсоўным, калі ў пакой зайшоў чысцільшчык ботаў Ф, нізкі тлусты міністр цяжкай прамысловасці. Ён хутка, не клапоцячыся пра астатніх, падбег да партыйнай музы і ўскрыкнуў, чорт падзяры, вось гэта сукенка, захапляльна, фантастычна, нешта іншае за вечныя старыя лахі, якія носяць ў партыі. Да д’ябла ўніформы. Усе глядзелі на Ф, які працягваў далей, чаму насамрэч адбылася рэвалюцыя, былі вынішчаны плутакраты і крывапіўцы, а заможныя сяляне развешаны на вішнёвых дрэвах. «Каб усталяваць прыгажосць, — закрычаў ён, абняў і пацалаваў міністра выхавання, як быццам тая была простай сялянкай. «Слава працоўным», — пасля чаго ён сеў на сваё месца паміж Д і Х, якія абодва адсунуліся ад яго, усё ж такі яны, як і Н, вымушаны былі сказаць сабе, што з боку міністра цяжкай прамысловасці гэта быў зараз гумар тапельца, і відавочна, што ён разлічваў на тое, што знікненне О пагражае галоўнаму ідэолагу, але таксама і яму самому, нават калі было магчыма, што залішняя весялосць Ф не была фальшывай, таму што ў яго былі дакладныя навіны пра тое, што можна разлічваць на звяржэнне партыйнага сакратара.

 

Зайшоў Б. (Толькі зараз Н заўважыў, што шэф моладзевых звязаў П ужо даўно сеў каля яго, бледны, пудлівы, дбайны партыец у акулярах, прыход якога застаўся незаўважаным.) Б спакойна падышоў да свайго месца, паклаў сваю папку на стол і сеў. Галоўны ідэолаг і міністр сельскай гаспадаркі І, якія ўсё яшчэ стаялі, таксама селі. Аўтарытэт міністра знешніх спраў быў бясспрэчным, хоць яго ўсе ненавідзелі. Ён перасягаў усіх астатніх. Насамрэч, ён здзіўляў Н. Калі партыйны сакратар быў кемлівым арганізатарам, міністр цяжкай прамысловасці — ліслівым на інстынктыўным узроўні гвалтаўніком, галоўны ідэолаг тэарэтыкам, міністр знешніх спраў быў амаль што незразумелым элементам улады. Яна яднала з Е і Н дасканалае валоданне сваёй прафесійнай сферай. Ён быў ідэальным міністрам замежных спраў. Аднак жа, у адрозненне ад Е і Н, ён стаў магутным у партыі, але не ўвязаўшыся, як Д і Г, ва ўнутраную барацьбу. Ён меў уплыў за межамі партыі і не ведаў нічога, акрамя свайго абавязку. Гэта зрабіла яго магутным. Ён не быў няверным, аднак жа не звязваў сябе, таксама і ў прыватным жыцці ён не ажаніўся. Ён еў у меру і піў у меру, на банкетах адзін келіх шампанскага, на гэтым усё. Яго нямецкая, яго ангельская, яго французская, яго італьянская былі бездакорнымі, яго даследаванне пра Мазарыні і яго апісанне ранніх буйных дзяржаў Індыі было перакладзена на шмат моў, гэтаксама як і яго эсэ пра паняцце ліку ў кітайскай мове. Таксама туды-сюды хадзілі яго пераклады Рыльке і Стэфана Георге. Аднак жа самай вядомай было яго «вучэнне дзяржаўнага перавароту», чаму яго называлі Клаўзевіцам рэвалюцыі. Без яго нельга было абысціся, і таму яго ненавідзелі. Асабліва яго ненавідзеў А, які называў яго «еўнухам», мянушка, якую перанялі ўсе, аднак жа нават А не наважваўся яго так называць, калі Б быў прысутным. Тады А называў яго толькі «сябар Б», ці, калі ён выходзіў з сябе, «наш геній». Б, насупраць, звяртаўся да сакратарыята «шаноўнае спадарства», нібыта ён размаўляў з нейкім грамадскім аб’яднаннем. «Шаноўнае спадарства, — таксама пачаў ён, ледзь паспеўшы сесці, насуперак сваёй звычцы нічога не казаць, пакуль яго не папросяць, — Шаноўнае спадарства, магчыма, вас можа зацікавіць, што міністр атамнай энергетыкі О не з’явіўся». Маўчанне. Б дастаў са сваёй папкі нейкія паперы і пачаў іх чытаць, нічога болей не кажучы. Н адчуваў, як усе палохаюцца. Арышт О быў не чуткай. Нешта іншае Б не мог мець на ўвазе. Ён заўсёды ведаў, што О — здраднік, абвясціў прэзідэнт К, О — інтэлектуал, а ўсе інтэлектуалы — здраднікі, і маршал Х зноў прароў: «Знішчыць ворагаў ва ўлонні партыі!». Абодва Джын-гіс-ханы былі адзінымі, хто зрэагаваў, астатнія трымаліся так, нібыта ім абыякава, акрамя Д, які чутно для ўсіх сказаў «Ідыёты», аднак астатнія, здавалася, не звярнулі на гэта ўвагі. Партыйная муза адкрыла сумачку і пудрылася. Міністр знешняга гандлю вывучаў паперы, міністр цяжкай прамысловасці — свае пазногці, міністр сельскай гаспадаркі глядзеў перад сабой, галоўны ідэолаг рабіў запісы, а міністр транспарту Л быў падобны да таго, чым яго назвалі, да нерухомага помніку.

 

А і С зайшлі ў пакой для пасяджэнняў. Не праз дзверы, што былі за міністрамі цяжкай прамысловасці і абароны, а праз тыя, што былі за галоўным ідэолагам і міністрам сельскай гаспадаркі. С, як заўсёды, быў у неахайным блакітным гарнітуры. А быў ва ўніформе, але без ордэна. С сеў, А застаўся стаяць за сваім фатэлем і асцярожна набіваў сваю люльку. С пачаў сваю кар’еру ў моладзевай арганізацыі, стаў яе шэфам, пасля яго выдалілі з пасады. Не па палітычных падставах, абвінавачванні былі іншага характару. Пасля гэтага ён знік. Па чутках, ён гніў у лагеры, ніхто не ведаў нічога дакладнага, раптоўна ён зноў з’явіўся і адразу стаў шэфам тайнай паліцыі. Было дакладна, што ён быў ублытаны ў гомасексуальныя сувязі. А груба называў яго «дзяржаўная цётухна», аднак ніхто не наважваўся пратэставаць супраць С. С быў вялікага росту, крыху тлусты і лысы. Першапачаткова ён быў музыкантам і меў дыплом. Калі Б быў вяльможам, С — багемай сакратарыята. Яго першыя крокі ў партыі заставаліся цьмянымі. Пра жорсткасць яго метадаў хадзілі чуткі, тэрор, які ён распаўсюджваў, быў відавочным. На яго сумленні былі незлічоныя, тайная паліцыя пад яго кіраўніцтвам была магутней, а шпіянаж больш распаўсюджаным, чым калі-небудзь да гэтага. Шмат хто лічыў яго садыстам, шмат хто не згаджаўся. Яны сцвярджалі, у С няма выбару, А трымае яго ў руках. Калі С не будзе слухацца, судовы працэс мог пачацца зноў. Бос тайнай паліцыі на самай справе эстэт, які пагарджае сваёй пасадай і ненавідзіць свой занятак, але вымушаны займацца гэтым, каб выратаваць жыццё сабе і сваім сябрам. Асабіста ён быў ветлівым. Ён здаваўся прывабным, нават шмат калі сарамлівым. С, які выконваў свае абавязкі ў партыі найбольш зацята, здаваўся не тым чалавекам не на тым месцы і, магчыма, таму такім карысным.

 

А, наадварот, быў нескладаным. Яго простасць была яго моцай. Для яго, які вырас у стэпе і паходзіў ад качэўнікаў, улада не была праблемай, гвалт быў нечым натуральным. Шмат гадоў ён жыў у простым, падобным да бункера будынку, схаваным ў лесе за сталіцай, пад аховай роты салдат, карыстаючыся паслугамі старой паварыхі, і салдаты, і паварыха былі адтуль, адкуль і ён сам. Ён з’яўляўся ў палац урада толькі падчас візітаў кіраўнікоў ці шэфаў партый іншых дзяржаў, на нешматлікія прыёмы і на нарады палітычнага сакратарыята, аднак кожны чалец сакратарыята быў абавязаны тры разы на тыдзень з’яўляюцца да А ў дом з дакладам, дзе той прымаў выкліканага ўлетку на верандзе з плеценай мэбляй, а ўзімку ў сваім працоўным пакоі, у якім не было нічога, акрамя велізарнай карціны на ўсю сцяну, на якой была намалявана яго родная вёска з парай сялян, і яшчэ большага пісьмовага стала, за якім ён сядзеў, падчас таго як наведвальнік павінен быў стаяць. У А было 4 жонкі. Тры з іх памерлі, пра чацвёртую ніхто не ведаў, ці жыве яна яшчэ, і, калі яшчэ жыве, дзе яна жыве. Акрамя сваёй дачкі, у яго не было дзяцей. Часамі ён загадваў прывесці яму дзяўчат з горада, якім ён толькі ківаў і якім больш не трэба было нічога рабіць, акрамя як сядзець каля яго і гадзінамі глядзець амерыканскія фільмы. Пасля ён засынаў у сваім фатэлі, і дзяўчыны маглі ісці. Таксама раз у месяц па яго загадзе зачыняўся нацыянальны музей, дзе ён гадзінамі адзін вандраваў па залах. Аднак ён ніколі не разглядаў творы сучаснага мастацтва. Ён засяроджана стаяў каля познебуржуазных карцін на гістарычныя тэмы, перад выявамі бітваў, перад змрочнымі імператарамі, якія асуджаюць сваіх сыноў на смерць, перад оргіямі п’яных гусараў і перад запрэжанымі коньмі санямі, якія імчаць праз стэп ад воўчай пагоні. Гэтакім сама прымітыўным быў яго музычны густ. Яму падабаліся чуллівыя народныя песні, якія яму павінен быў на Дзень народзінаў спяваць народны хор яго роднага мястэчка. А паліў сваю люльку і задуменна глядзеў на тых, хто сядзеў ў пакоі. Н заўсёды здзіўляла, якім хударлявым і мізэрным А быў у рэчаіснасці, але на здымках і на тэлебачанні ён здаваўся шырокім і прысадзістым. А сеў і пачаў гаварыць, павольна, спыняючыся, грунтоўна, паўтараючы некалькі разоў, з пранізлівай логікай. Ён пачаў з агульных назіранняў. Дванаццаць астатніх чальцоў палітычнага сакратарыята і кандыдат П сядзелі нерухома, нібы маскі, пільна сочачы. Яны былі папярэджаныя. Калі А нешта планаваў, ён пачынаў з падрабязных назіранняў пра ход рэвалюцыі. Здавалася, што яму нібы трэба адпачыць, каб пачаць наносіць свае смяротныя ўдары. Гэтаксама ён рабіў і зараз, як заўсёды нешта расказваючы. Мэта партыі — змяненне грамадства, дасягненні велізарныя, асновы, якія дазволілі новы парадак, сцвердзілі сябе, але яны яшчэ не сталі натуральнымі для людзей, а толькі навязанымі, народ яшчэ думаў старымі катэгорыямі, знаходзячыся ў палоне забабонаў і прымхаў, атручаны індывідуалізмам, усё яшчэ спрабуючы вырвацца з новага парадку і ўсталяваць новую эру эгаізму, ён усё яшчэ не выхаваны, рэвалюцыя ўсё яшчэ застаецца справай нешматлікіх, занадта справай рэвалюцыйных галоў і замала справай мас, якія хоць і ўсталі на шлях да рэвалюцыі, гэтак жа лёгка могуць зноў з яго сысці. Рэвалюцыйны парадак усё яшчэ можа быць зацверджаны толькі праз гвалт, рэвалюцыя можа прабіцца толькі праз дыктатуру партыі, аднак жа і партыя б развалілася, калі б яна не была арганізавана зверху ўніз, такім чынам стварэнне палітычнага сакратарыята было гістарычнай неабходнасцю. А спыніў сваю прамову і зноў пачаў завіхацца са сваёй люлькай, зноў распальваць яе. Тое, што расказваў А, было папулярнай партыйнай дактрынай, чаму гэта заўсёды была павінна быць, як у партыйнай школе, пакуль пачнецца сапраўднае, небяспечнае, думаў Н. Дзе б ты ні быў, усё заўсёды ідзе фармальна. Як бясконцую малітву, манатонна далдоніў А палітычныя максімы, якімі ён ад імя партыі абгрунтоўваў сваю ўладу. Між тым А падышоў да справы. Ён пачаў свой удар. Кожны крок на шляху да галоўнай мэты, вучыў А, знешне бяскрыўдна, не змяняючы голасу, патрабуе зменаў у партыі. Новая дзяржава сцвердзіла сябе, для кожнай галіны было створана міністэрства, новая дзяржава была па сваёй сутнасці прагрэсіўнай, а па форме дыктатарскай. Гэта водгук на практычныя неабходнасці, накіраваныя на ўнутраныя і знешнія праблемы, якім супрацьстаіць партыя; аднак жа, сутыкнуўшыся з практычнымі патрэбамі, партыя прызваная ў якасці ідэалагічнага інструмента змяніць дзяржаву, калі прыйдзе час: дзяржава як зададзеная велічыня не можа рэвалюцыяніраваць, гэта можа толькі партыя, якая кантралюе дзяржаву. Толькі праз яе могуць быць дасягнуты неабходныя рэвалюцыйныя змяненні: менавіта таму партыя не можа быць нязменлівай, яе структура павінна дапасоўвацца згодна дасягнутых этапаў рэвалюцыі. Зараз структура партыі яшчэ іерархічная і накіраваная зверху ўніз, што адпавядала часам барацьбы, у якіх была партыя; аднак гэтыя часы ўжо мінулі, партыя перамагла, улада належыць ёй, наступны крок — дэмакратызацыя партыі, якая пачне дэмакратызацыю дзяржавы: але дэмакратызаванай партыя можа стаць толькі тады, калі будзе адменены палітычны сакратарыят, а яго ўлада будзе перададзена пашыранаму парламенту, таму што адзіная мэта палітычнага сакратарыята была ў тым, каб выкарыстаць партыю ў якасці смяротнай зброі супраць старога парадку, задача, якая выканана, стары парадак болей не існуе, таму зараз можна распусціць палітычны сакратарыят.

 

Н зразумеў небяспеку. Яна ўскосна пагражала ўсім і нікому канкрэтна. Прапанова была здзіўляючай. Нічога не казала пра тое, што А зробіць такую прапанову, прапанова адпавядала тактыцы, якая прадугледжвае нечаканасці. Прамова А была двухсэнсоўнай, намеры аднасэнсоўнымі. Яго словы здаваліся лагічнымі, вытрыманымі ў традыцыйным рэвалюцыйным стылі, адшліфаванымі ў незлічоных таемных і грамадскіх сходах часоў барацьбы. Насамрэч жа ў гэтых словах была супярэчнасць, і ў гэтай супярэчнасці была схавана праўда: А хацеў пазбавіць партыю ўлады, дэмакратызаваўшы яе, працэс, які даў бы яму магчымасць зрынуць палітычны сакратарыят і канчаткова зацвердзіць сваё аднаўладдзе. За шырмай падстаўнога парламента ён бы стаў болей магутным, чым калі-небудзь дагэтуль, таму ён і казаў напачатку пра неабходнасць гвалту. Тое, што пагражае новая чыстка, аднак не было дакладным. Роспуск палітычнага сакратарыята мог адбыцца і без чысткі. Аднак А схіляўся да ліквідацыі тых элементаў, якіх ён падазраваў ці якіх падазравалі ў тым, што яны могуць аказаць супраціў яго аднаўладдзю. Тое, што А меркаваў пра тое, што такія элементы ёсць ў палітычным сакратарыяце, было верагодным праз арышт О. Аднак перад тым, як падумаць пра тое, ці з’яўляецца ён небяспекай для А і ў якой ступені з роспускам палітычнага сакратарыята магчыма страта ім месца міністра пошты — на яго карысць ён мог зараз прывесці толькі маркі да мірнай канферэнцыі — адбылося нешта нечаканае.

 

А толькі вытрас сваю люльку, што заўсёды было знакам таго, што ён лічыць пасяджэнне палітычнага сакратарыята скончаным і не жадае болей дыскусій, як міністр транспарту Л узяў слова, не папрасіўшы яго перад гэтым. Міністр транспарту марудна ўзняўся. Відавочна, ён сп’янеў яшчэ больш. Ён сказаў пра тое, злёгку ляпечучы і пачаўшы два разы, што О адсутнічае і што таму пасяджэнне палітычнага сакратарыята зусім не магло пачацца. Вельмі шкада шыкоўнай прамовы А, аднак статут ёсць статут, таксама і для рэвалюцыянераў. Усе разгублена глядзелі на помнік, што, нахіліўшыся над сталом і абапёршыся на рукі, усё роўна качаўся і свавольным позіркам вывучаў А, на твар з сівымі, кусцістымі брывамі і шэрым шчаціннем, бледны, нібы маска. Пярэчанне Л было бессэнсоўным, калі нават і фармальна правільным. Бессэнсоўнасць была ў тым, што гэтае пярэчанне было залішнім, таму што пасяджэнне пачалося праз падрабязную прамову А, а таксама ў там, што міністр транспарту сваім пратэстам рабіў выгляд, нібыта ён нічога не ведае пра О і пра свой уласны арышт, які мог яго чакаць. Што, аднак, здзівіла Н, дык гэта хуткі позірк, які А, зноў набіваючы люльку, кінуў С. У позірку А было рэдкае здзіўленне, што дазволіла Н меркаваць, што А адзіны не ведае, што ўсе ведаюць пра арышт О, і тут узнікае пытанне, ці не пайшла навіна пра арышт О ад самога шэфа тайнай паліцыі і ці не было гэта супраць волі А, але таксама ці не заключыў міністр знешніх спраў Б, які перад усімі чальцамі палітычнага сакратарыята згадаў нез’яўленне О, звяз з С. Меркаванні Н не былі цалкам разбіты адказам А. Гэта не мае значэння, адказаў А, зноў пускаючы перад сабой аблокі свайго ангельскага тытуню «Балкан Собраніе Смокінг Мікст», гэта не мае значэння, з’явіўся О ці не, і прычына яго адсутнасці таксама не грае ніякай ролі. О толькі кандыдат без права голасу, і сённяшняя нарада не павінна нічога вырашаць, акрамя роспуску палітычнага сакратарыята, пра што на ёй і вырашылі, таму што не ўзнялося галасоў супраць, пытанне, для якога прысутнасць О не была неабходнай.

 

Л, раптам разгубіўшыся, як гэта здараецца з п’янымі, хацеў стомлена зноў сесці ў свой фатэль, калі шэф тайнай паліцыі суха заўважыў, што міністр атамнай энергетыкі, відавочна, не змог прыйсці праз прастуду, нахабная хлусня, якая, калі С сапраўды распаўсюдзіў навіну пра арышт О, магла мець мэтай толькі зноў падбухторыць Л, каб падрыхтаваць яго арышт. «Хворы? — закрычаў Л, абапіраючыся на левую руку і б’ючы правым кулаком па стале, — хворы, сапраўды хворы?» — «Верагодна», — зноў спакойна заўважыў С і ўпарадкаваў нейкія паперы. Л перастаў біць кулаком па стале, сеў, агаломшаны ад раз’юшанасці. У дзвярах за Ф і Х з’явіўся палкоўнік, што парушала ўсё звычкі, ні ў кога не было права падчас пасяджэння палітычнага сакратарыята заходзіць у пакой. З’яўленне палкоўніка мусіла абвесціць нешта асаблівае, трывогу, няшчасны выпадак, паведамленне самай высокай ступені важнасці. Таму гэта было яшчэ больш дзіўным, калі палкоўнік зайшоў, каб запрасіць Л выйсці па тэрміновым прыватным пытанні. «Знікні!» — зароў Л на палкоўніка, які марудзячы паслухаўся, аднак кінуўшы позірк на шэфа тайнай паліцыі С, нібыта чакаючы ад яго дапамогі, але С усё яшчэ займаўся сваімі паперамі. А зарагатаў, Л, мабыць, зноў занадта шмат выжлукціў, лагодна сказаў А ў сваёй грубай развязнай манеры, у якой ён размаўляў, калі ён быў у добрым настроі, Л лепш выйсці і разабрацца са сваімі прыватнымі праблемамі, ці не памерла адна з яго каханак? Усе гучна зарагаталі, не таму, што знайшлі словы А смешнымі, аднак напружанне было такім вялікім, што кожны шукаў выйсця, таксама кожны неўсвядомлена імкнуўся палегчыць шлях Л для адступлення. А па тэлефоне зноў выклікаў палкоўніка. Палкоўнік з’явіўся зноў. «Што там здарылася?» — спытаў А. «Жонка міністра транспарту памірае», — адказаў палкоўнік, аддаючы чэсць. «Знікніце», — сказаў А. Палкоўнік выйшаў. «Ідзі, Л! — сказаў А, — жарт з каханкамі быў грубым, я бяру свае словы назад. Я ведаю, што твая жонка важная для цябе. Ідзі да яе, да таго ж, пасяджэнне ўжо скончанае». Як па-чалавечы ні гучалі словы А, страх міністра транспарту быў занадта вялікім, ён не верыў ім. Помнік у сваім адчаі і сваёй спітасці бачыў шлях да ўцёкаў толькі наперадзе. Ён стары рэвалюцыянер, закрычаў ён, зноў узняўшыся, яго жонка ў шпіталі, гэта ўсе ведаюць, аднак яна добра вытрывала аперацыю, ён не пойдзе ў пастку. З самага пачатку ён у партыі, раней за А, за С і за Б, якія толькі вартыя жалю выскачкі. Ён дзейнічаў у партыі яшчэ тады, калі гэта было небяспечна для жыцця, быць у ёй. Ён сядзеў у смярдзючых турмах, закаваны ў ланцугі, нібы жывёла, і пацукі кусалі яго скрываўленыя ногі. Пацукі, крычаў ён зноў і зноў, пацукі! Ён зруйнаваў сваё здароўе на службе ў партыі, праз яе яго асудзілі на смерць. «Расстрэльная каманда ўжо прыбыла, таварышы, — выў ён, — яны ўжо стаялі насупраць мяне». Пасля сваіх уцёкаў, лапатаў ён далей, ён схаваўся, ён заўсёды хаваўся, пакуль не прыйшла вялікая рэвалюцыя, пакуль ён на чале рэвалюцыянераў з рэвальверам і гранатай у руцэ не штурмаваў палац. «З рэвальверам і гранатай я зрабіў гісторыю, сусветную гісторыю», — роў ён далей, яго ўжо было не ўтаймаваць, яго адчай і раз’юшанасць мелі нешта вялікаснае; нягледзячы на свае п’янства і дэградацыю, зараз ён зноў здаваўся старым вядомым рэвалюцыянерам, якім ён некалі быў. Ён змагаўся супраць хлуслівага карумпіраванага парадку і ахвяраваў сваім жыццём дзеля праўды, працягваў ён у сваёй шалёнай тырадзе. Ён змяніў свет, каб зрабіць яго лепшым, гэта нічога яму не каштавала, пакуты і голад, пагоня і катаванне, ён ганарыўся гэтым, таму што ведаў, што стаіць на баку бедных і прыгнечаных, і гэта было цудоўнае пачуццё, аднак зараз, калі перамога дасягнута, калі ўладу пераняла партыя, зараз ён раптам болей не стаіць на правільным баку, зараз ён стаіць на баку магутнага. «Улада спакусіла мяне, таварышы, — выгукнуў ён, — за якімі толькі злачынствамі я не назіраў моўчкі, якім толькі сябрам я не здраджваў і не выдаваў іх тайнай паліцыі? Я павінен далей маўчаць?» О арыштавалі, працягваў ён, раптам збялеўшы, стомлена і ціха, гэта праўда, якая вядома кожнаму, і ён не выйдзе з пакоя, таму што яго таксама збіраюцца арыштаваць у пярэднім пакоі, таму што ўяўнае паміранне яго жонкі толькі хлусня, каб гэтымі словамі выманіць яго з пакоя для пасяджэнняў. З гэтымі словамі, якія выказвалі падазрэнне, якое для ўсіх не было неабгрунтаваным, ён зваліўся назад у фатэль.

 

Пакуль Л у сваёй шаленскай непакоры пратэставаў, усведамляючы сваё безнадзейнае становішча, пазбаўлены любой асцярожнасці, якая здавалася яму бессэнсоўнай; пакуль усе скамянела назіралі за гэтай прывіднай гульнёй, якую прапанаваў ім велікан перад сваім канцом; пакуль у кожнай паўзе паміж жудаснымі сказамі, якія выціскаў з сябе Л, маршал Х праз свой нікчэмны страх знайсці свой канец разам з помнікам, раз за разам крычаў: «Знішчыць ворагаў ва ўлонні партыі»; пакуль напрыканцы прэзідэнт, маршал К, ледзь Л скончыў, зрабіў залішнюю заяву пра сваю вечную вернасць А; Н падчас усяго гэтага думаў пра тое, як сябе будзе паводзіць А. А сядзеў спакойна і паліў сваю люльку. Па ім нічога не было відно. І, аднак жа, нешта ў ім адбывалася. Хоць Н яшчэ не ведаў дакладна, наколькі пратэст Л можа пагражаць А, ён адчуваў, што развагі А пра яго месца ў будучыні і пра будучае развіццё партыі будуць вырашальнымі і зараз яны знаходзяцца перад паваротным пунктам, толькі Н не ведаў, перад якім, гэтаксама як ён не наважыўся б нешта сказаць пра тое, як будзе дзейнічаць А. А быў хітрым тактыкам, да ўзроўню яго нечаканых хадоў у гульні за ўладу не дарос ніхто, нават Б. Ён на ўзроўні інстынктаў ведаў людзей і слабасць кожнага ворага і карыстаюся ёю, ён разумеў у зняволенні людзей і паляванні на іх больш, чым кожны астатні ў палітычным сакратарыяце, аднак ён не быў чалавек адкрытай барацьбы адзін супраць аднаго, яму была патрэбна барацьба ў схованках, атакі з нечаканых месцаў. Свае пасткі ён ставіў у джунглях партыі з яе тысячамі аддзелаў і пададдзелаў, адросткамі і пададросткамі, групамі, вышэйшымі групамі і падгрупамі; адкрытага пратэсту, нападу адзін на аднаго яму, дакладна, даўно не даводзілася перажываць. Пытанне было, ці дазволіць А заблытаць сябе, ці не згубіць ён арыентацыю, ці будзе дзейнічаць паспешліва, ці прызнае ён арышты ці будзе і далей хлусіць, усё пытанні, на якія Н не мог адказаць, таму што ён і сам не ведаў, што б ён рабіў бы на месцы А; аднак у Н не атрымалася працягнуць свае развагі пра верагодныя паводзіны, таму што ледзь маршал А спыніўся, каб набраць паветра, набрацца сіл і яшчэ больш жвава распавядаць пра сваю вернасць А, яго перабіў Ф і пачаў казаць. Насамрэч Ф перабіў не толькі прэзідэнта К, але і міжволі А, які, калі К зрабіў паўзу, дастаў з рота люльку, каб у рэшце рэшт адказаць Л, але Ф, які гэта не заўважыў ці пажадаў не заўважыць, быў хутчэй. Ён пачаў казаць, яшчэ не ўстаўшы, пасля ён стаяў нерухома, нізкі, тоўсты, жудасна брыдкі, з бародаўкамі на твары, склаўшы рукі на жываце, нібы нязграбны селянін за малітвай у сваім нядзельным уборы, і казаў і казаў. Н адразу зразумеў чаму. Спакой міністра цяжкай прамысловасці падманваў. Чысцільшчык ботаў дзейнічаў з простага страху перад учынкам Л, ён бачыў шал А, які закране ўсіх, будучы арышт усяго палітычнага сакратарыята. Сын вясковага настаўніка, ён марудна выграбся ў правінцыі наверх. Рана ўступіў у партыю, дзе яго высмейвалі, ніколі не ўспрымалі сур’ёзна, зневажалі, выкарыстоўвалі лакеем, пакуль ён не прабіўся ўверх (пра што шмат каму прыйшлося пашкадаваць), таму што ў яго не было гонару (таму што ён не мог сабе яго дазволіць), а толькі пыха, і таму што ён быў здольны да ўсяго, і ён быў здольны да ўсяго. Ён рабіў самыя брудныя працы (самыя крывавыя), слепа слухаючыся, падрыхтаваным да здрады, у шмат якіх рэчах самы жудасны ў партыі, нават яшчэ жудасней за А, які быў жудасным праз свае ўчынкі, але значным праз сваю асобу. А не быў дэфармаваным ні барацьбой, ні ўладай. А быў такім, як ён быў, часткай прыроды, выразам магутнай заканамернасці, зроблены самім сабой, а не іншымі. Ф быў толькі жудасным, адсутнасць годнасці так і засталася з ім, ён не мог ад гэтага пазбавіцца, гэта прыстала да яго, нават абодва Джын-гіс-ханы каля яго здаваліся арыстакратамі, нават А, якому ён быў патрэбен, называў яго перад усімі не толькі чысцільшчыкам абутку, але і лізуном сракі; таму яго страх зараз быў большым за страх астатніх. Ф зрабіў усё, каб прабіцца наверх. Зараз, дасягнуўшы сваёй мэты, ён бачыў пагрозу для сваіх бесчалавечных і нягодных намаганняў з боку шалёных выбрыкаў Л, усе яго гратэскныя самаабвінавачванні бессэнсоўнымі, а свае бессаромную ліслівасць дарэмнай; панічны страх апанаваў яго так моцна, што ён нават, нічога не ўсведамляючы ад страху, перарваў А (у чым зараз быў упэўнены Н), аднак Ф, мабыць, жадаў вельмі хутка, нібыта гэта магло яго выратаваць, дадаць да абвяшчэння вернасці К сваё, канешне, на свой лад. Ён не хваліў А, як гэта, не ведаючы меры, рабіў прэзідэнт, ён яшчэ болей без меры кінуўся на Л. Па сваёй звычцы, ён пачаў са сваіх вечных сялянскіх прыказак, якія ён вывучыў, абыякава, ці пасавалі яны, ці не. Ён сказаў: «Пакуль лісіца не прыйдзе, куры дзёрзкія». Ён сказаў: «Селянін мые сваю бабу толькі тады, калі пан жадае з ёю спаць». Ён сказаў: «Лямант прыходзіць перад шыбеніцай». Ён сказаў: «І заможны селянін можа патрапіць у канаву з гноем», і яшчэ ён сказаў: «Служанка зацяжарвае ад селяніна, а сялянка ад служкі». Тады ён пачаў казаць пра сур’ёзнасць становішча, разважліва не пра сур’ёзнасць унутрыпалітычнага становішча — як міністр цяжкай прамысловасці, ён быў занадта ўблытаны ў гэта, — а пра сур’ёзнасць знешнепалітычнага становішча, дзе ён бачыў «смяротную небяспеку для нашай любімай бацькаўшчыны» — што было яшчэ болей дзіўным таму, што пасля мірнай канферэнцыі знешняя палітыка было болей спакойнай, чым калі-небудзь дагэтуль. Міжнародны капіталізм зноў падрыхтаваны адабраць у рэвалюцыі яе плады, і ў яго ўжо атрымалася затапіць краіну сваімі агентамі. Ад знешняй палітыкі ён перайшоў да неабходнасці дысцыпліны, ад неабходнасці дысцыпліны ён перайшоў да неабходнасці даверу. «Таварышы, мы ўсе браты, дзеці адной вялікай рэвалюцыі!» Пасля ён сцвярджаў, што гэты неабходны давер без неабходнасці быў парушаны Л, які засумняваўся ў словах А, насупраць запэўнівання А мяркуючы, што хворы О арыштаваны, недавер міністра транспарту, «гэтага помніка, які даўно ўжо стаў ганебнай плямай», настолькі вялікі, што ён нават не наважваецца выйсці з пакоя для пасяджэнняў, каб пасядзець са сваёй паміраючай жонкай, бесчалавечнасць, якая кожнага рэвалюцыянера, для якога шлюб яшчэ святы — і нават калі не святы — павінна прыводзіць у жах. Такое падазрэнне не толькі крыўдзіць А, гэта таксама ўдар у твар палітычнаму сакратарыяту (Н разважаў: А нічога не сказаў пра ўяўную хваробу О. Гэтая хлусня сыходзіць ад міністра бяспекі С, прыпісваючы хлусню А, Ф пераклаў адказнасць на яго, яшчэ адна памылка, якую можна было растлумачыць толькі вартым жалю страхам міністра цяжкай прамысловасці — аднак у той жа момант у Н з’явілася падазрэнне, ці не з’яўляецца хвароба О праўдай, а яго арышт — хлуснёй, распаўсюджанай, каб заблытаць палітычны сакратарыят, падазрэнне, ад якога Н, аднак жа, у той жа момант адмовіўся.) Чысцільшчык ботаў між тым, неразважліва захапіўшыся спробай зрабіць бяспечным сваё становішча, цяпер перайшоў у напад на свайго старога сябра Д, мабыць, таму што ён думаў, што разам з міністрам транспарту аўтаматычна зрынуць і партыйнага сакратара, не думаючы пра тое, што міністра транспарту ў плане палітыкі ўжо даўно ўсе спісалі, Д, насупраць, знаходзіўся на пасадзе, з якой яго нельга было зняць, не скалыхнуўшы моцна партыю і дзяржаву. Але гэтая падзея для Ф , відавочна, ужо адбылася, інакш яму б кінулася ў вочы, што падчас яго нападу нават міністр абароны Х паводзіў сябе ціха і не падтрымліваў яго. Чысцільшчык ботаў крычаў, калі сяляне галодныя, святар ад’ядаецца, крычаў, калі ў пана мерзнуць ногі, ён паліць усю вёску, сцвярджаў, Д здрадзіў рэвалюцыі, дазволіўшы сабе заснуць і ператварыўшы партыю ў буржуазны звяз. У сваёй адчайнай дзёрзкасці ён пайшоў яшчэ далей. Пасля Д ён кінуўся на яго паплечнікаў, жартаваў з міністра выхавання, ідуць у дом да гандляра коньмі нявінніцай, а выходзяць шлёндрай, старая сялянская прыказка, а для міністра знешніх спраў было «Хто сябруе з шалудзівым воўкам, сам робіцца шалудзівым воўкам»; аднак Ф, перад тым як ён мог працытаваць яшчэ адну прыказку і ўдакладніць свае абвінавачванні, быў перарваны палкоўнікам. Бялявы афіцэр другі раз да агульнага здзіўлення зайшоў у пакой, аддаў чэсць, перадаў міністру цяжкай прамысловасці цэтлік, зноў драўляна аддаў чэсць і выйшаў.

 

Ф, збіты тым, што яго перапынілі, і спужаны гэтай вайсковай тэатральнай гульнёй, захваляваўся, хутка прагледзеў цэтлік, скамячыў яго, паклаў у кішэню на правым баку, прамармытаў, ён меў на ўвазе не гэта, сеў, ахоплены раптоўным недаверам, як адчуваў Н, і маўчаў. Астатнія не варушыліся. Другое з’яўленне палкоўніка было занадта незвычайным. Гэта здавалася інсцэніроўкай. Выпадак быў пагражальным. Толькі М, якая востра глядзела на Ф падчас яго прамовы, паводзіла сябе так, быццам нічога не здарылася. Яна адкрыла сваю сумачку і пудрылася, на што яна яшчэ ніколі не наважвалася падчас пасяджэння. А ўсё яшчэ маўчаў, не ўмешваўся, здаваўся абыякавым. Б і С, якія сядзелі бліжэй за ўсіх да А, кінулі позіркі адзін на аднаго, хутка і нібы выпадкова, як заўважыў Н, міністр знешніх спраў пры гэтым пагладзіў сваю акуратна пастрыжаную бараду. Шэф тайнай паліцыі паправіў свой шаўковы гальштук і халодна спытаў, ці скончыў Ф са сваёй лухтой, палітычны сакратарыят павінен працаваць. Н зноў падумаў, ці не заключылі Б і С таемны звяз. Яны лічыліся ворагамі, але мелі шмат агульнага: адукацыя, перавага над астатнімі, паходжанне з вядомых сямей краіны. Бацька С быў міністрам буржуазнага ўрада, а Б быў незаконным сынам князя, некаторыя лічылі яго, як і С, гомасексуалістам. Магчымасць таемнай дамоўленасці паміж абодвума таксама яшчэ і таму другі раз прыйшла ў галаву Н, што папрокам, накіраваным С міністру цяжкай прамысловасці, ён відавочна прыйшоў на дапамогу Б і не толькі міністру знешніх спраў, але і Д і М, нават Л быў ім падтрыманы. Ф, зблытаны гэтай паразай, яшчэ болей праз тое, што ён, мабыць, меркаваў убачыць С на сваім баку, няўпэўнена адказаў, яму трэба патэлефанаваць у міністэрства, тэрмінова, яму няёмка, нейкая справа патрабуе яго вырашэння. А ўзняўся. Ён павольна падышоў да буфета за сабой, асцярожна наліў сабе каньяк, застаўся стаяць. Ён сказаў, патэлефанаваць Ф можа ў пярэднім пакоі і таксама Л пажадана знікнуць як мага хутчэй і хоць бы патэлефанаваць у шпіталь, ён аб’яўляе пяціхвілінны перапынак, таму што, хоць партыйная дысцыпліна патрабуе, каб пасяджэнне пасля гэтых дурных і цалкам асабістых нападаў не перарывалася, ён не жадае болей, каб ім перашкаджалі, хто гэты асёл палкоўнік. Намеснік старога палкоўніка, адказаў шэф тайнай паліцыі, той у адпачынку, але ён яшчэ раз усё патлумачыць, адказаў С. Ён выклікаў палкоўніка па тэлефоне. С загадаў палкоўніку, які зноў з’явіўся, аддаючы чэсць, каб той болей не з’яўляўся, што б не здарылася. Палкоўнік сышоў. Ні Ф, ні Л не выйшлі з пакоя, яны засталіся сядзець, як быццам нічога не здарылася. Д з ухмылкай глядзеў на міністра цяжкай прамысловасці, падняўся, падышоў да А, таксама наліў сабе каньяку, спытаў, што э гэта такое, чаму Ф не ідзе ў пярэдні пакой, да д’ябла, калі міністэрства цяжкай прамысловасці ўжо загадвае спыніць пасяджэнне палітычнага сакратарыята, у іх там павінна быць сапраўднае пекла; хоць гэта і варта пахвалы, што сябру Ф блізкі да сэрца дабрабыт партыі і рэвалюцыі, аднак менавіта для гэтага дабрабыту было б пажадана, калі б ён, у рэшце рэшт, паклапаціўся пра свае абавязкі і як мага хутчэй патэлефанаваў у сваё ведамства, гэта нікому не прынясе карысці, калі цяжкая прамысловасць патрапіць у бязладдзе.

 

Н разважаў. Самым важным яму здавалася, што А раптам вырашыў працягваць пасяджэнне палітычнага сакратарыята. Спасылка на партыйную дысцыпліну павінна была кожнаму ўсё растлумачыць. Дагэтуль яшчэ ніколі не было галасавання, усе моўчкі згаджаліся, суаднясенне сіл паміж абедзвюма варожымі групоўкамі было занадта роўным. Таксама і ў А ўвесь час была магчымасць вынесці пытанне на партыйны з’езд і, такім чынам, адкрыта ліквідаваць непапулярны палітычны сакратарыят. Вырашэнне А мела іншыя падставы. Ён, дакладна, зразумеў, што зрабіў памылку, збіраючыся адначасова і распусціць сакратарыят, і правесці чыстку сярод яго чальцоў. Яму трэба было ці спачатку правесці чыстку, а пасля роспуск, ці спачатку распусціць сакратарыят, а пасля ліквідаваць асобных чальцоў. Зараз супраць яго ўтварыўся фронт. Арыштам О ён занадта паспешліва папярэдзіў усіх, нежаданне Ф і Л выйсці з пакоя былі знакам таго, што яны баяцца. Перад з’ездам партыі А быў вольным і ўсёмагутным, у палітычным сакратарыяце, як і ўсе астатнія, вязень сістэмы. Калі ўсе баяліся А, у А павінен быў быць калі не страх, якога ён не ведаў, то хоць бы недавер. Скліканне партыйнага з’езду патрабуе часу, і ў гэты час усе чальцы сакратарыята заставаліся магутнымі і маглі дзейнічаць. Таму і А павінен быў дзейнічаць. Ён павінен зноў вызначыць, на каго ён можа разлічваць, а на каго не, і пасля змагацца. Напышлівая пагарда людзьмі з боку А не толькі змяшала ўсе франты. Сутычка нечакана пагражала стаць рашучай бітвай.

 

Спачатку нічога не адбывалася. Ніхто не дзейнічаў. Ф сядзеў, міністр транспарту таксама, закрыўшы твар рукамі. Н з вялікай ахвотай выцер бы сабе пот з ілба, але не намагаўся зрабіць гэта. Каля яго склаў рукі П. Здавалася, што ён моліцца, каб сысці адсюль з цэлай шкурай, калі нават і было малаверагодна, што чалец палітычнага сакратарыята ўвогуле можа маліцца. Міністр знешняга гандлю запаліў адну са сваіх амерыканскіх цыгарэт. Міністр абароны Х устаў, злёгку хістаючыся на нагах, знайшоў у буфеце бутэльку джыну, ляпнуўся каля А і Б, урачыста сказаў тост А: «За рэвалюцыю», і зрабіў глыток, у сваім здранцвенні не заўважаючы, што А не глядзіць на яго. М дастала са сваёй сумачкі залаты партсігар, Д падышоў да яе, даў ён прыкурыць ад сваёй залатой запальнічкі, застаўся стаяць за ёю. «Гэй, вы двое, — спакойна спытаў А, — дык вы спіцё адзін з адным?» — «Мы спалі разам раней», — нахабна адказаў Д. А зарагатаў, гэта заўсёды добра, калі яго калегі могуць паразумецца, пасля ён павярнуўся да Ф. «Давай, чысцільшчык ботаў, — загадаў ён, — давай, лізун сракі, да тэлефона!» Ф застаўся сядзець. «Не ў іншым пакоі», — сказаў ён ціха. А зноў зарагатаў. Гэта быў заўсёды аднолькавы павольны, амаль што ласкавы смех, які чуўся ад яго, незалежна ад таго, жартаваў ён ці пагражаў, таму заўсёды было незразумела, што ён мае на ўвазе. Ён сапраўды думае, што хлопец наклаў у штаны, заўважыў ён. «Так, — адказаў Ф, — я наклаў у штаны, мне страшна». Усе моўчкі глядзелі на Ф, гэта было жудасна — прызнаць свой страх. «Мы баімся ўсе, — працягнуў міністр цяжкай прамысловасці і спакойна паглядзеў на А, — не толькі я і міністр транспарту, усе». «Лухта», — прамовіў галоўны ідэолаг, узняўся і падышоў да акна. «Лухта, поўная лухта», — сказаў ён зноў, стоячы спінай да астатніх. «Тады выйдзі з пакоя», — патрабаваў ад яго Ф. Галоўны ідэолаг павярнуўся і недаверліва паглядзеў на Ф. Навошта яму выходзіць, спытаў ён. Галоўны ідэолаг таксама не наважваецца выйсці, спакойна зацвердзіў Ф. Г дакладна ведае, што толькі тут ён у бяспецы. «Лухта», — зноў адгукнуўся Г. «Лухта, поўная лухта». Ф заставаўся ўпартым: «Дык выйдзі», — зноў патрабаваў ён ад гарбатнага святога. Г застаўся каля акна. Ф зноў звярнуўся да А: «Бачыш, мы ўсе наклалі ў штаны». Ён выпрастаны сядзеў у сваім фатэлі, паклаўшы рукі на стол, і ўся бруднота сышла з яго. Ф дурань, сказаў А, паставіў чарку з каньяком назад на буфет, падышоў да стала. «Дурань, — адказаў Ф, — сапраўды? Ты так упэўнены?» Ён казаў ціха, чаго ён у іншым выпадку ніколі не рабіў. Акрамя Л у палітычным сакратарыяце няма старых рэвалюцыянераў, сказаў ён, дзе яны засталіся? Пасля ён пачаў лічыць прозвішчы ліквідаваных, грунтоўна, павольна, не забываючыся пра імёны, называў людзей, якія некалі былі вядомымі, якія зрынулі стары парадак. Гэта быў першы раз за доўгія часы, калі гэтыя імёны былі названы зноў. Н пахаладзеў. Яму падалося, што ён на могілках. «Здраднікі, — закрычаў А, — гэта былі здраднікі, ты ведаеш гэта дакладна, чортаў лізун сракі». Ён замаўчаў, зноў супакоіўся, задуменна паглядзеў на чысцільшчыка ботаў. «І ты таксама такая ж свіння», — прамовіў на гэта А. Н адразу зразумеў, што А зноў зрабіў памылку. Канешне, гэта была правакацыя з імёнамі, аднак Ф праз прызнанне свайго страху стаў ворагам, якога А трэба было б успрымаць усур’ёз. Замест гэтага А дазволіў сябе падбухторыць, пачаў пагражаць, замест таго, каб супакойваць. Ветлівыя словы, жарт зноў вярнулі б Ф да розуму, аднак А пагарджаў Ф, і таму, што ён пагарджаў ім, ён не бачыў небяспекі і стаў бестурботным. У Ф, наадварот, шляху назад не было. У сваім адчаі ён паставіў на карту ўсё і паказаў характар, здзівіўшы ўсіх. Ён быў вымушаны змагацца і, натуральна, стаў саюзнікам міністра транспарту, які, аднак, у сваёй апатыі не разумеў гэтага. «Той, хто супраціўляецца рэвалюцыі, будзе знішчаны, — абвясціў А, — знішчаны ўсе, хто спрабаваў гэта». Ці сапраўды яны спрабавалі, непахісна спытаў чысцільшчык ботаў, у гэта не верыць і сам А. Мужчыны, якіх ён пералічыў і якія загінулі, заснавалі партыю і здзейснілі рэвалюцыю. Яны шмат у чым памыляліся, дакладна, аднак здраднікамі яны не былі, гэтаксама, як і міністр транспарту. Яны прызналі сваю віну і былі асуджаны судамі, супярэчыў А. «Прызналі! — рагатаў Ф, — Прызналі! Як яны прызналі. Пра гэта нам няхай раскажа шэф тайнай паліцыі!» А раззлаваўся. Рэвалюцыя — крывавая справа, адказаў ён, і на яе баку ёсць вінаватыя і несці ім адказ. Той, хто не трымаецца гэтага ўсведамлення, сам здраднік. У астатнім, здзекаваўся ён, бессэнсоўна весці дыскусію, таму што чысцільшчыку ботаў, верагодна, стукнулі ў галаву яго брудныя стужкі, якія ён распаўсюджвае паміж калегамі, відавочна лічачы партыю бардэлем, і А павінен вельмі папрасіць галоўнага ідэолага Г, сябра Ф, падумаць пра тое, з кім у яго сяброўскія зносіны. Пасля гэтай імпульсіўнай і залішняй пагрозы гарбатнаму святому — магчыма, са злосці, што галоўны ідэолаг таксама не наважыўся выйсці з пакоя — А зноў сеў на сваё месца. Тыя, хто яшчэ стаяў, таксама селі, Г апошнім. Ён пачынае пасяджэнне зноў, сказаў А.

 

Гарбатны святы адпомсціў адразу. Магчыма, таму што ён лічыў, што патрапіў у няміласць разам з Ф, магчыма толькі праз тое, што неасцярожныя словы А пакрыўдзілі яго. Як і многія крытыкі, ён не зносіў крытыку. Ужо падчас таго, як ён быў настаўнікам у гімназіі, гарбатны святы публікаваў у нязначных местачковых газетах літаратурную крытыку з такой вернай лініі партыі ўедлівасцю, што А, які пагарджаў большасцю пісьменнікаў краіны як буржуазнай інтэлігенцыяй, напачатку другой вялікай чысткі загадаў Г пераехаць у сталіцу, дзе ён стаў займацца культурным кірункам у газеце ўрада і праз кароткі час з неабсяжнай пчалінай руплівасцю знішчыў літаратуру і тэатр краіны, згодна з ідэалагічнай схемай абвясціўшы класікаў здаровымі і станоўчымі, пісьменнікаў сучаснасці — хворымі і адмоўнымі: у той жа ступені, у якой асноўная думка яго крытыкі была прымітыўнай, форма, якую ён прапаноўваў, была лагічнай і інтэлектуальнай, гарбатны святы пісаў больш заблытана за сваіх літаратурных і палітычных ворагаў. Ён быў усёмагутным. Таму, каго ён знішчаў сваёй крытыкай, быў канец, ён нярэдка трапляў за калючы дрот ці знікаў. Як чалавек, Г быў непераўзыдзена прастадушным. Ён быў шчаслівым у шлюбе, як ён усіх папракаў, бацькам васьмі, праз роўныя прамежкі часу народжаных сыноў. Яго ненавідзелі ў партыі, але вялікі практык А, які ахвотна выдаваў сябе за тэарэтыка, падсунуў настаўніку сярэдняй школы яшчэ болей улады. Ён зрабіў яго духоўным бацькам ідэалогіі партыі, і таму палітычны сакратарыят вымушаны быў безабаронна слухаць шматслоўныя даклады Г, калі нават некаторыя адкрыта кпілі з іх, напрыклад, Б, які аднойчы пасля асабліва доўгай прамовы гарбатнага святога на тэму знешняй палітыкі выказаў меркаванне, што хоць галоўны ідэолаг павінен клапаціцца пра тое, каб рашэнні сакратарыята ў пытаннях знешняй палітыкі былі ідэальна абгрунтаваны, аднак жа ён не можа патрабаваць, каб сакратарыят яшчэ і верыў у гэтыя абгрунтаванні. Аднак жа ўсе добра рабілі, што не недаацэньвалі Г. Гарбатны святы быў чалавекам улады, які абараняе сваю аднойчы дасягнутую пазіцыю сваімі сродкамі, як давялося зараз даведацца А, таму што Г першы запатрабаваў слова. Ён падзякаваў А за тлумачэнні напачатку пасяджэння, якія выдавалі вялікага дзяржаўнага дзеяча. Ён па-майстэрску прааналізаваў стан рэвалюцыі і стан дзяржавы і зрабіў патрэбную выснову пра неабходнасць у дадзены момант развіцця распусціць палітычны сакратарыят. Як ідэолаг, Г толькі павінен зрабіць адну заўвагу. Як паказаў А, яны сутыкнуліся з пэўным канфліктам, які ў тым, што хоць рэвалюцыя і супярэчыць дзяржаве, але яна таксама ў рэчаіснасці супярэчыць і партыі. Рэвалюцыя і партыя не тое ж самае, як лічаць некаторыя. Рэвалюцыя — дынамічны працэс, партыя — статычнае ўтварэнне. Рэвалюцыя змяняе грамадства, партыя ўсталёўвае змененае грамадства ў дзяржаве. Таму партыя — носьбіт рэвалюцыі і адначасова носьбіт дзяржаўнай улады. Гэтая ўнутраная супярэчнасць спакушае партыю схіліцца болей да дзяржавы, чым да рэвалюцыі, і прымушае рэвалюцыю зноў і зноў рэвалюцыянаваць партыю; рэвалюцыя распальваецца праз чалавечую недасканаласць, якая ўласціва партыі як статычнаму ўтварэнню. Такім чынам атрымліваецца, што рэвалюцыя праглынае перш за ўсё тых, хто ад імені партыі стаў ворагам рэвалюцыі. Мужчыны, якія пералічыў міністр цяжкай прамысловасці, першапачаткова былі сапраўднымі рэвалюцыянерамі, дакладна, ніхто не сумняваецца пра гэта, аднак праз сваю памылку, тое, што яны лічылі рэвалюцыю скончанай, яны сталі ворагамі рэвалюцыі і павінны былі быць знішчанымі. Гэта адпавядае і сённяшняй сітуацыі: праз тое, што палітычны сакратарыят узяў усю ўладу, партыя зрабілася нязначнай і болей не можа быць носьбітам рэвалюцыі, аднак жа і палітычны сакратарыят болей не ў стане выконваць гэты абавязак, таму што ён мае дачыненне толькі да ўлады і ніякага дачынення да рэвалюцыі. Палітычны сакратарыят адмежаваўся ад рэвалюцыі. Захаванне сваёй улады для яго стала болей важным за змяненне свету, таму што кожная ўлада схіляецца да таго, каб стабілізаваць дзяржаву, якой яна валодае, і партыю, якую яна кантралюе. Таму барацьба супраць палітычнага сакратарыята непазбежная для працягу рэвалюцыі. Палітычны сакратарыят павінен прызнаць гэта і прыняць рашэнне пра самароспуск. Сапраўдны рэвалюцыянер ліквідуе сябе сам, скончыў ён сваю прамову. Таксама менавіта страх перад чысткай, які апанаваў некаторых чальцоў палітычнага сакратарыята, з’яўляецца доказам, што такая ліквідацыя патрэбна і што палітычны сакратарыят зжыў сябе.

 

Прамова Г была асабліва падступнай. Гарбатны святы казаў па сваёй звычцы павучаючы, безгуморна, суха. Н толькі праз некаторы час зразумеў хітрасць Г, які абстрактнымі сказамі болей дакладна перадаваў намеры А, што павінна было прымусіць палітычны сакратарыят заняць абарону. Чыстку, якой усе баяліся, гарбатны святы маляваў як неабходны працэс, які ўжо пачаўся. Апраўдваючы знікненне старой гвардыі, усе паказальныя працэсы, прыніжэнні і смяротныя пакаранні як палітычна правільныя, ён апраўдваў і надыходзячую чыстку. Аднак жа такім чынам ён паклаў рашэнне, ці будзе гэтая чыстка, у рукі яе магчымых ахвяр і стварыў сапраўдную небяспеку для А.

 

Н было дастаткова аднаго позірку на А: А заўважыў пастку, у якую яго завабіў Г. Аднак жа перад тым, як А закрычаў, здарылася яшчэ нешта. Міністр выхавання М, якая сядзела каля прэзідэнта К, падскочыла і закрычала, што маршал К свіння. Таксама Н, які сядзеў наўскасяк насупраць прэзідэнта, адчуў, што яго чаравікі стаяць у лужыне. Кіраўнік дзяржавы, стары і хворы, спусціў ваду. Азызлы Джын-гіс-хан стаў паводзіць сябе агрэсіўна, зароў, што тут такога, назваў М далікатнай казой, роў, ці сапраўды яго лічаць такім ідыётам, каб ён выйшаў, каб пасцаць, ён не жадае, каб яго арыштавалі, ён болей не выйдзе з гэтага пакоя, ён стары рэвалюцыянер, ён змагаўся для партыі і перамог, яго сын загінуў падчас грамадзянскай вайны, а яго зяць і ўсе старыя сябры былі арыштаваны і знішчаны па загадзе А, нягледзячы на тое, што яны, як і ён, усе былі перакананымі рэвалюцыянерамі, і таму ён спускае ваду тады і там, дзе ён жадае.

 

Шалёная рэакцыя А на гэты мярзотны і гратэскны выпадак здзівіла Н менш сваёй палкасцю, з якой той умяшаўся ў справу, а болей праз тое, што Н успрымаў напад А як амаль што бязглузды, так, як быццам А думае зусім не пра тое, каб атакаваць некага канкрэтнага, а пра тое, каб проста ўвогуле атакаваць, атакаваць любога. Яго лютыя напады накіроўваліся незразумелым чынам не супраць Ф, Г ці К, а супраць С, якому ён быў абавязаны болей за астатніх, як жа ён змог бы кіраваць без шэфа тайнай службы. Нягледзячы на гэта, ён папракаў С у тым, што той арыштаваў О без ведама А, і загадаў рэабілітаваць міністра атамнай энергетыкі, калі гэта яшчэ магчыма. Верагодна, таго, згодна з метадамі С, ужо і без гэтага даўно расстралялі. А пайшоў яшчэ далей. Ён запатрабаваў у шэфа тайнай паліцыі сысці з пасады. Расследаванне супраць яго і яго аблудных схільнасцей ужо даўно павінна быць праведзена. «Я арыштоўваю цябе», — шалеў А і закрычаў ў тэлефон, выклікаючы палкоўніка. Мёртвая цішыня. С заставаўся спакойным. Усе чакалі. Прайшло некалькі хвілін. Палкоўнік не з’явіўся. «Чаму палкоўнік не ідзе? » — закрычаў А на С. «Таму што мы загадалі яму не з’яўляцца зноў ні пры якіх абставінах», — спакойна адказаў шэф тайнай паліцыі і вырваў кабель з сцяны. «Д’ябал», — адказаў А гэтаксама спакойна. «Ты паставіў шах і мат самому сабе, А, — заўважыў міністр знешніх спраў Б, сцягнуўшы рукавы свайго выдатна скроенага пінжака ўніз, — загад палкоўніку болей не з’яўляцца сыходзіць ад цябе». — «Д’ябал», — прамармытаў А, тады зноў вытрас сваю люльку, нягледзячы на тое, што яна яшчэ гарэла, дастаў з кішэні новую, загнутую Данхіл, набіў яе і запаліў. «Прабач, С», — сказаў ён. «Калі ласка, калі ласка», — усміхнуўся дзяржаўная цётухна, і Н зразумеў, што А канец. Гэта было, нібы тыгр, звыклы біцца ў джунглях, раптам бачыць сябе ў стэпе акружаным статкам шалёных буйвалаў. У А болей не было зброі. Ён быў бездапаможным. Першы раз ён быў для Н не таямніцай, не геніем і не звышчалавекам, а уладаром, які быў не болей чым прадукт свайго палітычнага асяроддзя. Гэты прадукт быў схаваны за малюнкам калоса сялянскага выгляду, які быў выстаўлены на кожнай вітрыне, вісеў у кожнай установе і з’яўляўся ў кожным дзённым ці тыднёвым выпуску навін, прымаў парады, аглядаў сіроцкія і старэчыя дамы, урачыста адкрываў фабрыкі і грэблі, абдымаў дзяржаўных дзеячаў і раздаваў ордэны. Ён быў сімвалам патрыятызму для народа, сімвалам незалежнасці і велічы бацькаўшчыны. Ён быў рэпрэзентантам усеўладдзя партыі, ён быў мудрым і суворым бацькам краіны, творы якога (якія ён ніколі не пісаў) чыталі і вучылі на памяць усе, да якога мела дачыненне кожная сказаная прамова і кожны напісаны артыкул; аднак жа у рэчаіснасці ён быў невядомым. У А ўкладвалі ўсе магчымыя віды дабрадзейнасці і рабілі яго такім чынам безасабовым. Ператварыўшы яго ў ідала, яму далі дазвол на ўсё, і ён дазваляў сабе ўсё. Аднак абставіны змяніліся. Мужчыны, якія здзейснілі пераварот, былі індывідуалістамі, дакладна таму, што яны змагаліся супраць індывідуалізму. Узбурэнне, якое рухала іх, і надзея, якая натхняла, былі сапраўднымі і патрабавалі рэвалюцыйнага індывідуалізму; рэвалюцыянеры не функцыянеры, яны намагаюцца быць такімі, але іх спробы марныя. Яны былі збеглымі святарамі, п’янымі эканамістамі, фанатычнымі вегетарыянцамі, адвакатамі, якія хаваліся, звольненымі журналістамі, яны жылі ў схованках, іх праследавалі і кідалі ў турмы, яны баставалі, сабатавалі і забівалі, пісалі лістоўкі і таемныя брашуры, заключалі тактычная звязы са сваімі ворагамі і зноў парушалі іх, аднак, як толькі яны перамаглі, рэвалюцыя з новым грамадскім ладам стварыла і новую дзяржаву, улада якой была неверагодна большай за тую, што была пра старым парадку і старой дзяржаве. Іх паўстанне праглынула бюракратыя, рэвалюцыя стала арганізацыйнай праблемай, якую яны не здолелі вырашыць, таму што былі рэвалюцыянерамі. Яны былі бездапаможнымі супраць мужчын, якія былі патрэбны зараз. Яны не дараслі да тэхнакратаў: іх правал стаў шанцам для А. У той жа ступені, як дзяржава была апанаваная змяненнямі, павінна была захоўвацца фікцыя рэвалюцыі; стварэнне адміністрацыйнага апарату не натхняе ні адзін народ, тым болей што партыя таксама стала ахвярай бюракратыі. У А безасабовая машына ўлады набыла твар, аднак вялікі бос не здаволіўся роллю рэпрэзентанта, ён пачаў у імя рэвалюцыі знішчаць рэвалюцыянераў. Уся старая гвардыя патрапіла такім чынам пад колы — за выключэннем прэзідэнта К і Л — аднак не толькі героі рэвалюцыі, таксама і тыя, што пасля іх прабіўся да ўлады і ўвайшоў у палітычны сакратарыят, праз некаторы час былі ліквідаваны, нават шэфы тайнай паліцыі змяняліся, якія былі патрэбны А для гэтых чыстак, таксама і яны не збеглі ад ката. Менавіта таму А быў папулярны. Народ жыў дрэнна, часта адсутнічала самае неабходнае, адзенне, абутак былі вартай жалю якасці, старыя кватэры разбураліся, новыя гэтаксама. Каля прадуктовых крамаў стаялі чэргі. Штодзённасць была шэрай. Наадварот, партыйныя функцыянеры карысталіся прывілеямі, пра якія хадзілі фантастычныя чуткі. У іх былі вілы, машыны, кіроўцы, яны набывалі рэчы ў крамах, якія былі прызначаны толькі для іх і дзе можна было набыць кожны прадмет раскошы. Не было толькі аднаго — бяспекі. Мець уладу было небяспечным. Калі народ у цэлым заставаўся бесклапотным, таму што яму, апатычнаму ў сваёй галечы і безуладнасці, не было чаго страчваць, бо ён нічога не меў, прывілеяваныя жылі ў страху страціць усё, бо іх было ўсё. Народ бачыў, як магутныя ўздымаюцца праз міласць А і зрынаюцца праз яго шал. Народ у якасці гледача ўдзельнічаў у крывавым спектаклі, які яму прапаноўвала палітыка. Ніколі звяржэнне некага магутнага не праходзіла без публічнага суда, без вытанчанага спектаклю, без таго, каб на сцэне з помпай не з’явілася справядлівасць, без урачыстага прызнання сябе вінаватым з боку абвінавачанага. Для мас гэта былі злачынцы, якіх каралі смерцю, сабатажнікі, здраднікі; галеча народа была іх памылкай, а не памылкай сістэмы, і іх знікненне абуджала новую надзею на ўвесь час абяцаную лепшую будучыню, абуджала прывіднае ўражанне, што рэвалюцыя працягваецца пад мудрым кіраўніцтвам магутнага, добрага, геніяльнага і ўсё ж такі ўвесь час падманутага А.

 

Першы раз А здолеў убачыць механізм палітычнай машыны, рычагамі якой кіраваў А і якая вызначалася ім. Машына толькі здавалася складанай, насамрэч яна была такой простай, як гэта толькі магчыма. Сваю гвалтоўную ўладу А мог утрымліваць, толькі калі радцы палітычнага сакратарыята змагаліся адзін з адным. Гэтая барацьба для А была ўмовай яго ўлады. Просты страх вымушаў кожнага дзейнічаць на карысць А, даносячы на іншых. Такім чынам групоўкі, як вакол Д, якія жадалі захаваць уладу, заўсёды супрацьстаялі фармацыям, накшталт тых, якія стварыліся вакол Г, што імкнуліся працягнуць рэвалюцыю, прычым ідэалагічная пазіцыя А была такой незразумелай, што абодва бакі лічылі, што дзейнічаюць ад яго імя. Тактыка А была жорсткай, аднак менавіта праз гэта з часам яна стала нядбалай. Ён гуляў у рэвалюцыянера толькі тады, калі гэта здавалася яму карысным, яго цікавіла толькі яго ўлада, ён уладарыў, сутыкаючы астатніх адзін з адным, аднак ён лічыў, што ён сам у бяспецы. Ён забыў, што ў палітычным сакратарыяце болей не перакананыя рэвалюцыянеры, якія часта прызнавалі на паказальных працэсах сваю віну толькі таму, што лепш страціць жыццё, чым веру ў сэнс рэвалюцыі. Ён забыўся, што знаходзіцца ў коле людзей улады, для якіх ідэалогія партыі была толькі сродкам зрабіць кар’еру. Ён забыўся, што ізаляваў сябе, таму што страх не толькі раздзяляе. Страх таксама яднае, закон, які зараз стаў лёсавызначальным для А. Раптоўна ён стаў бездапаможным, як аматар, які супрацьстаіць выключна прафесіяналам улады. Спрабуючы распусціць палітычны сакратарыят, каб стаць яшчэ болей магутным, ён пагражаў усім, атакаваўшы міністра бяспекі і папракнуўшы яго ў тым, што той арыштаваў О, ён зноў стварыў сабе новага ворага. А страціў інстынкт, якім ён уладарыў, машына яго ўласнай улады павярнулася супраць яго. Таксама зараз пачалі помсціць яго няведанне меры і ўсе выпадкі, якія маглі адпомсціць толькі зараз, таму што толькі зараз надышоў час помсты. А быў наравістым. Ён выкарыстоўваў сваю ўладу бессэнсоўна, ён аддаваў загады, якія павінны былі прыніжаць, яго жаданні былі гратэскнымі і варварскімі, яны сыходзілі з яго пагарды да людзей, таксама з яго неўтаймаванага гумару, яму падабаліся зларадныя жарты, але ніхто не атрымліваў задавальнення ад іх, усе іх баяліся і бачылі ў гэтых жартах нічога болей, як падступныя пасткі. Н міжвольна падумаў пра выпадак, які зняважыў Д, магутнага партыйнага сакратара. Н заўсёды лічыў, што Д калі-небудзь ударыць у адказ. Д не забываў прыніжэнняў і мог чакаць. Магчымасць адпомсціць прыйшла зараз. Справа была смешнай і жудаснай. Дзікая свіння атрымаў тады ад А дзіўны загад знайсці жаночую капэлу, якая сыграе перад А без адзення актэт Шуберта. Д, захлынаючыся ад шалу праз гэты ідыёцкі загад і занадта баязлівы, каб яго адхіліць, вымушаны быў звярнуцца да міністра выхавання і культуры, партыйная муза гэтаксама абурана і баязліва, як Д, звярнулася ў кансерваторыі і музычныя школы; дзяўчынкі павінны былі не толькі мець добрую музыкальную адукацыю, але і быць добра складзенымі. Адбыліся хваробы і катастрофы, сутаргавыя крыкі, прыпадкі шалу. Адна з самых таленавітых віяланчэлістак краіны скончыла жыццё самагубствам, іншыя жадалі іграць, але былі занадта непрыгожыя; у рэшце рэшт быў сабраны аркестр, не хапала толькі адной фагатысткі. Дзікая свіння і партыйная муза спыталі парады ў дзяржаўнай цётухны. С адразу загадаў прывесці з папраўчага дома ў кансерваторыю прыгожую сялянку з ладнай дупай, прыгажуня была цалкам музыкальна не адоранай, але неверагодны акт дрэсуры прывіў ёй навыкі ігры на фагоце, патрэбныя для актэта, таксама астатнія дзяўчаты рэпеціравалі на не жыццё, а на смерць. У рэшце рэшт яны сядзелі без адзення ў халоднай зале філармоніі, прыціснуўшы да цела інструменты. У першым радзе партэра ў шубах з каменнымі тварамі сядзелі Д і М і чакалі А, але той не прыйшоў. Замест гэтага памяшканне ў стылі барока запоўнілася сотнямі глуханямых, якія без разумення прагна глядзелі на голых дзяўчат, якія адчайна ігралі і дудзелі. А на наступным пасяджэнні шалёна рагатаў з канцэрта і абазваў Д і М дурнямі, таму што яны выканалі такі загад.

 

Час Д прыйшоў. Звяржэнне А праходзіла цалкам будзённа, нескладана, паважна, адначасова бюракратычна. Дзікая свіння загадаў зачыніць дзверы. Помнік марудна ўзняўся, спачатку зачыніў дзверы за чысцільшчыкам ботаў і малодшым з Джын-гіс-ханаў, потым за гарбатным святым і балерынай. Пасля гэтага ён кінуў ключ на стол паміж дзікай свіннёй і лордам Вечназялёным. Помнік зноў сеў. Некаторыя радцы палітычнага сакратарыята, якія падскочылі — нібы хацелі затрымаць помнік, аднак не наважыліся гэта зрабіць — зноў селі. Усе сядзелі, трымаючы перад сабой на сталах папкі. А глядзеў на аднаго, другога, адкінуўся назад, зрабіў зацяжку ад сваёй люлькі. Ён кінуў гульню. Пасяджэнне працягваецца далей, сказаў дзікая свіння, было б цікава даведацца, хто ж насамрэч даў загад арыштаваць О. Дзяржаўная цётухна заўважыў, што гэта можа быць толькі А, О не стаіць у спісе, і ў яго, як шэфа тайнай паліцыі, не было ніякай падставы арыштоўваць О, які ўсяго няўважлівы навуковец. О быў міністрам-спецыялістам, яго нельга было замяніць, сучаснай дзяржаве навукоўцы патрэбныя болей за ідэолагаў. Гэта павінен павольна зразумець нават гарбатны святы. Толькі А гэтага, відавочна, ніколі не зразумее. Твар гарбатнага святога не варухнуўся. «Спіс! — запатрабаваў ён паважна, — ён усё нам растлумачыць». Дзяржаўная цётухна адкрыў сваю папку. Спачатку ён перадаў паперу лорду Вечназялёнаму, які, хутка яе прачытаўшы, перадаў гарбатнаму святому. Гарбатны святы збялеў. «Я ў спісе, — ціха мармытаў ён, — я ў спісе. Пры гэтым я заўсёды заставаўся верным лініі партыі рэвалюцыянерам. Я ў спісе». Пасля ён раптам закрычаў: «Я быў самым верным з вас усіх, і зараз я павінен быць ліквідаваны. Нібы здраднік!» Лінія стала крывой, суха заўважыў Д. Гарбатны святы перадаў спіс балерыне, які, таму што яго імя, відавочна, там не стаяла, адразу перадаў яго помніку. Помнік утаропіўся ў яго, чытаў яго раз за разам, каб у рэшце рэшт завыць: «Мяне тут няма, мяне тут няма. Нават ліквідаваць мяне гэтая свіння не збіраецца, мяне, старога рэвалюцыянера!» Н прагледзеў спіс. Яго імя там не было. Ён перадаў яго далей шэфу моладзевых звязаў. Збялелы партыец разгублена ўстаў, нібыта ён на экзамене, працёр свае акуляры. «Я прызначаны генеральным пракурорам», — запінаючыся, сказаў ён. Усе зарагаталі. «Сядай, сынок», — па-бацькоўску сказаў дзікая свіння, а чысцільшчык ботаў дадаў, яны не з’ядуць смелага рыцара моладзевых звязаў. П зноў сеў і дрыготкай рукой працягнуў паперу праз стол партыйнай музе. «Я ў спісе», — сказала яна і падсунула спіс старэйшаму Джын-гіс-хану, які аднак драмаў, таму яго ўзяў малодшы. «Маршала К у спісе няма, — сказаў ён, — але маё імя стаіць там», і аддаў паперу чысцільшчыку ботаў. «Маё таксама», — сказаў ён, і тое самае сказаў дзікая свіння. Апошнім спісў атрымаў еўнух. «Не ў спісе», — сказаў міністр знешніх спраў і зноў працягнуў спіс дзяржаўнай цётухне. Шэф тайнай паліцыі дбайна склаў паперу і схаваў яе ў сваю папку. О сапраўды не ў спісе, пацвердзіў лорд Вечназялёны. Чаму тады яго арыштавалі па загадзе А, здзівіўся балерына і недаверліва паглядзеў на дзяржаўную цётухну. Той адказаў, што не мае ніякага разумення; ён толькі меркаваў, што міністр атамнай энергетыкі хворы, аднак А звыклы кіравацца сваімі думкамі. «Я не даваў загад арыштаваць О», — сказаў А. «Не расказвай казкі — гыркнуў малодшы Джын-гіс-хан, — тады б ён быў тут». Усе маўчалі. А спакойна зрабіў зацяжку ад свайго Данхіла. «У нас болей няма шляху назад, — суха заўважыла партыйная муза, — спіс — гэта факт». Спіс складзены для надзвычайнага выпадку, растлумачыў А, не абараняючыся. Ён з асалодай паліў, нібыта размова ішла не пра яго жыццё, і дадаў, што спіс складзены толькі на той выпадак, калі палітычны сакратарыят будзе супраціўляцца свайму роспуску. «Выпадак надышоў, — суха заўважыў гарбатны святы, — сакратарыят супраціўляецца». Еўнух зарагатаў. Чысцільшчык ботаў зноў успомніў свае сялянскія прыказкі, маланка б’е і ў заможных сялян. Дзікая свіння спытаў, ці не выклікаецца нехта добраахвотна. Усе глядзелі на помнік. «Вы чакаеце, што я заб’ю яго», — сказаў ён. «Табе трэба толькі прывязаць яго да акна», — адказаў дзікая свіння. «Я не кат, як вы, — прамовіў помнік, — я шчыры каваль і зраблю гэта па-свойму». Помнік узяў свой фатэль і паставіў яго між сталом і акном. «Ідзі сюды, А», — спакойна загадаў помнік. А ўстаў. Як і заўсёды, ён здаваўся спакойным і ўпэўненым. Калі ён падышоў да ніжняга канца стала, шлях яму загарадзіў гарбатны святы, падсунуўшы свой фатэль да дзвярэй, што былі за ім. «Прабачце, — сказаў А, — я думаю, я павінен тут прайсці». Гарбатны святы пасунуўся да стала і прапусціў А, які апынуўся каля помніка. «Сядай», — сказаў помнік. А паслухаўся. «Дай мне тваю папружку, прэзідэнт», — загадаў помнік. Старэйшы Джын-гіс-хан механічна выканаў загад, не разумеючы, што збіраецца зрабіць помнік. Астатнія моўчкі глядзелі перад сабой, нават не кідаючы позіркі адзін на аднаго. Н думаў пра апошнюю дзяржаўную падзею, пры якой палітычны сакратарыят паказаўся грамадскасці. Глыбокай зімой. Яны хавалі “непадкупнага”, аднаго з апошніх вялікіх рэвалюцыянераў. Пасля звяржэння помніка непадкупны заняў пасаду шэфа партыі. Пасля ён трапіў у няміласць. Дзікая свіння пасунуў яго. Аднак непадкупнаму А не арганізаваў працэс, як астатнім. Яго зрынулі болей гвалтоўна. А загадаў аб’явіць яго шалёным і завезці ў псіхічную бальніцу, дзе дактары гадамі калолі яго, пакуль ён не памёр. Тым болей урачыстым было пахаванне. Палітычны сакратарыят, акрамя партыйнай музы, на плячах нёс труну, пакрытую партыйным сцягам, праз дзяржаўныя могілкі каля пакрытых снегам, безгустоўных мармуровых скульптур і магільных камянёў. Дванаццаць самых магутных мужчын партыі цяжка ішлі праз снег. Нават гарбатны святы быў у ботах. Наперадзе насілкі каля еўнуха нёс А, ззаду, пасля ўсіх астатніх, Н каля помніка. Снег вялікімі камякамі падаў з белага неба. Сярод магіл вакол новай магілы стаяў шчыльна збіты натоўп партыйных функцыянераў у доўгіх паліто і цёплых мехавых капелюшах. Калі труну пад гукі прамерзлай вайсковай капэлы, якая іграла гімн партыі, апускалі ў магілу, помнік прашаптаў: «Д’ябал, я буду наступным». І вось зараз ён не быў наступным. А падняў позірк. Помнік абвязаў папружку старэйшага Джын-гіс-хана вакол шыі А. «Гатовы?» — спытаў помнік. «Толькі тры зацяжкі», — адказаў А, спакойна тры разы пусціў дым, пасля паклаў загнуты Данхіл на стол. «Гатовы», — сказаў ён. Помнік зацягнуў папружку. А застаўся бязгучным, хоць яго цела ўздыбілася, таксама некалькі разоў дрыгануліся яго рукі, аднак вось ён ужо сядзіць нерухома, з зацягнутай помнікам назад галавой, шырока разявіўшы рот: помнік зацягнуў папружку з нечалавечай сілай. Вочы А былі шкляныя. Старэйшы Джын-гіс-хан зноў спусціў ваду, нікому гэта не перашкодзіла. «Знішчыць ворагаў ва ўлонні партыі, слава нашаму вялікаму А!» — закрычаў маршал Х. Помнік аслабіў свой хват толькі праз 5 хвілін, паклаў папружку старэйшага Джын-гіс-хана на стол каля люлькі Данхіл, пайшоў да свайго месца і сеў. А мёртвы сядзеў у фатэлі каля акна, з тварам, накіраваным у столь, з вісячымі рукамі. Астатнія моўчкі глядзелі на яго. Лорд Вечназялёны запаліў амерыканскую цыгарэту, пасля другую, пасля трэцюю. Яны чакалі дзесьці чвэрць гадзіны.

 

Нехта спрабаваў адчыніць звонку дзверы за Ф і Х. Д устаў, падышоў да А, пільна на яго паглядзеў і памацаў твар. «Ён памёр, — сказаў Д, — Е, дай мне ключ». Міністр знешняга гандлю моўчкі паслухаўся, пасля Д адчыніў дзверы. На парозе стаяў міністр атамнай энергетыкі О і прасіў прабачэння за сваё спазненне. Ён пераблытаў даты. Пасля ён хацеў сесці на сваё месца, у спешцы выраніў сваю папку, і, толькі ўзняўшыся, заўважыў задушанага А і аслупянеў. «Я новы старшыня», — сказаў Д і праз дзверы выклікаў палкоўніка. Палкоўнік аддаў чэсць, нічога не варухнулася на яго твары. Д загадаў яму ўбраць А. Палкоўнік зайшоў з двума салдатамі, і фатэль зноў стаў пустым. Д зачыніў дзверы. Усе ўзняліся. «Пасяджэнне палітычнага сакратарыята працягваецца, — сказаў Д, — вызначым новую схему месцаў». Ён сеў на месца А. Каля яго селі Б і С. Каля Б Ф і каля С Е. Каля Ф села М. Пасля Д паглядзеў на Н і зрабіў запрашальны жэст. Халадзеючы, Н сеў каля Е: цяпер ён стаў сёмым па магутнасці чалавекам у краіне. На вуліцы пачаў ісці снег.

 

Пераклад з нямецкай Юрыя Галамакі

 

Крыніца: Friedrich Dürrenmatt, «Der Sturz, Abu Chanifaund Anan ben David, Smithy, Das Sterben der Pythia», Diogenes Verlag AG Zürich, 1985.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.