Вы тут

Чым здзівіць маскоўскага госця ў Брэсце


Маскоўская настаўніца Жанна Дубовік прыехала ў Брэст адведаць бацьку. І, вядома, адвяла гадзіну-другую, каб прайсціся па вуліцы Савецкай, прыгледзецца да цэн, выбраць нешта сабе альбо набыць падарункі для родных і сяброў. Карэспандэнт «Звязды» ўзялася суправаджаць маскоўскую госцю, каб распытаць пра яе ўражанні ад прагулкі.


Адразу заўважу, родны горад нашай гераіні — Пінск, туды яна прыязджала апошнія тры дзесяцігоддзі ў госці. У Брэст яе бацька перабраўся па сямейных абставінах зусім нядаўна. Таму для Жанны Брэст — горад новы. А знаёмства з ім часцей пачынаюць з пешаходнай вуліцы Савецкай, вельмі багатай на розныя крамы, гандлёвыя павільёны, кавярні.

Першай, куды мы зазірнулі, была кавярня «Санет». Зрабілі заказ і, размясціўшыся ва ўтульных крэслах летняй веранды, міла гутарылі пра асаблівасці жыцця ў мегаполісах ды такіх маленькіх гарадах, як Брэст. І тут нечакана для нас кампанія праз два столікі закурыла. На наша здзіўленае пытанне: «Тут кураць?» — афіцыянтка хуценька адрэагавала: «Вы чакаеце попельніцу?» «Не, мы чакаем закон, які забароніць курэнне ў падобных установах», — адказалі мы.

Жанна заўважыла, што ў Маскве такі закон, здаецца, дзейнічае. На шчасце, кампанія была далекавата ад нас, а вецер дзьмуў не ў наш бок, інакш давялося б памяняць кавярню. Кава нам спадабалася. Паводле заўвагі госці, «капучына» і грэйпфрутавы сок абышліся нам значна танней, чым гэта каштуе ў расійскай сталіцы.

Цяжка ўявіць сабе жанчыну без шопінгу, асабліва, калі яна трапляе ў іншы горад. Таму я сама прапанавала спадарожніцы краму стыльнага адзення «Лакбі». Назву павільёну дала адна з мясцовых фірмаў, якая жаночае адзенне вырабляе. І масквічка выбрала сабе двойку — летні пінжак з блузай. Праўда, заўважыла, што цана на адзежыну адпавядае маскоўскай. Да вялікага задавальнення дзяўчат-прадавачак, госця пахваліла ўсю калекцыю. А на маё пытанне, ці выбрала б што-небудзь для сябе тут яе дачка, адказала катэгарычным «не». Малады кіраўнік падраздзялення адной з фінансавых устаноў апранаецца зусім у іншым стылі. Як кажуць, адзін хоча сёе, другі — тое...

У якасці падарункаў, не без маёй падказкі, Жанна набыла некалькі сурвэтак Аршанскага льнокамбіната. Гэта і прыгожа, і арыгінальна, усё ж такі лён застаецца брэндавым беларускім таварам. Але, паводле яе заўвагі, практычным гэты падарунак у наш час не назавеш. Абрус і сурвэткі асацыююцца з размераным жыццём, абедамі сямейнымі альбо ў кампаніі гасцей. Жыццё мегаполіса настолькі імклівае, што сямейныя абеды цяпер — амаль раскоша. Дарога на працу і з працы займае некалькі гадзін, час наогул вельмі дарагі.

— Калі так здараецца, што ў нядзелю ўсе прачынаемся дома, то ідзём на абед у бліжэйшы пункт грамадскага харчавання з прыстойнай кухняй, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — Дарэчы, у гэтым сэнсе ў Маскве поўна самых розных кавярняў на любы кашалёк. У нас, можна сказаць, даўно выйшлі з моды малыя ці вялікія карпаратывы на рабочым месцы альбо зборы ў каго-небудзь дома. Пры любой нагодзе заходзім у шынок. Гэта абыходзіцца і танней, і зручней, чым купляць прадукты і траціць час на іх нарэзку. Падобны сэрвіс чакае на кожным кроку.

Калі слухала гэта, мне трохі крыўднавата стала за свой горад на мяжы Еўрасаюза. Калі мы прагульваліся ад карпункта па праспекце Машэрава, то да самай Савецкай нідзе ніякай, нават маленькай, установы не сустрэлі, дзе можна прысесці і выпіць кубак кавы. Даўней у Доме друку быў буфет, але паступова стаўкі арэнднай платы сталі такія высокія, што ахвотных працаваць не знайшлося...

Зноў звяртаемся да Савецкай, дзе ёсць і бюджэтныя ўстановы харчавання, і дарагія рэстараны. Тут можна знайсці столікі з сувенірамі, якія прапануюць брэсцкія рамеснікі: лялькі, драўляныя вырабы, паштоўкі ручной работы. Госця адзначыла вартасць такіх гандлёвых палатак. Бо, як вядома, цяпер і ў еўрапейскіх, расійскіх ды і нашых вялікіх гарадах ці не большая частка сувеніраў, што прадаюцца, вырабляюцца далёка за межамі краіны.

Ну і па-за ўсялякай канкурэнцыяй у якасці падарункаў з Беларусі падыходзяць нашы шакалад і цукеркі. На той жа Савецкай мы зазірнулі ў фірменныя крамкі і «Спартака», і «Камунаркі», дзе знайшлі багаты выбар свежай салодкай прадукцыі. Маскоўская госця з задавальненнем набыла некалькі відаў горкага шакаладу, які, аказваецца, любяць у яе сям'і. Што яшчэ адзначыла масквічка? Што цэны на мабільную і паштовую сувязь, таксама на авіябілеты ў нас вышэйшыя, чым у іх, а, напрыклад, натуральная малочная прадукцыя таннейшая за расійскую.

Жанне Мікалаеўне спадабалася Савецкая вуліца, яна ацаніла алею каваных ліхтароў, але здзівілася, што на згаданай вуліцы, як і на іншых, вельмі мала беларускіх назваў. Шыльды на роднай мове тут наогул сустракаюцца рэдка. Таму, на яе думку, Савецкая нагадвае вуліцу еўрапейскага горада, але невядома якой краіны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сурвэткі, цукеркі, паштоўкі... або Чым здзівіць маскоўскага госця ў Брэсце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.