Вы тут

Больш за ўсё дзяцей нараджаецца ў Мінску


Летась у Беларусі з'явілася на свет 119 тысяч дзяцей. Гэта самы рэкордны паказчык за апошнія 20 гадоў. Адметна, што і сёлета, нягледзячы на зніжэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, рост нараджальнасці працягваецца. За студзень-чэрвень 2016-га з'явілася 58,2 тысячы дзяцей, што на 3 працэнты больш, чым у аналагічны перыяд летась.


Павялічваецца таксама склад сем'яў. 57 працэнтаў народжаных дзяцей — гэта другія і наступныя. У 2014-м такіх малых было 54 працэнты ад агульнай колькасці. Цікава, што на трэцяе дзіця часцей за астатніх асмельваюцца сем'і Брэсцкай вобласці. А другія па ліку малыя больш нараджаюцца ў Мінску. Сталіца ўвогуле лідар па колькасці немаўлят: кожны пяты з леташніх нованароджаных з'явіўся на свет у гэтым горадзе.

За апошнія сем гадоў шматдзетных сем'яў пабольшала амаль на 20 тысяч: з 62,5 тысячы ў 2009-м да 83 тысяч у 2015-м.

— Выдаткі дзяржавы на дапамогі сем'ям з дзецьмі вельмі значныя. Летась яны склалі больш за 17 трыльёнаў недэнамінаваных рублёў, ці 2 працэнты ад ВУП. На сёння дзяржаўнымі выплатамі ахоплена 546 тысяч дзяцей, — адзначае намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА.

Каб памер дапамог адпавядаў рэальным цэнам, прадугледжаны механізм індэксацыі. Павялічваецца бюджэт пражытковага мінімуму і сярэдні заробак — расце і сума выплат. Так, у студзені-жніўні 2016 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2015-га месячны памер дапамогі па доглядзе за дзіцем да трох гадоў вырас на 8,3 працэнта. Выплаты на дзяцей, старэйшых за тры гады, за гэты ж час павялічыліся на 7,1 працэнта.

Працягвае дзейнічаць праграма сямейнага капіталу. У «Беларусбанку» цяпер адкрыта 22,4 тысячы дэпазітных рахункаў на агульную суму амаль 224 мільёны долараў. Па ацэнках спецыялістаў, гэта мера падтрымкі ўжо дала станоўчыя вынікі. Калі ў 2014-м доля трэціх і наступных дзяцей у агульнай колькасці народжаных складала 14,6 працэнта, то летась — 16,8 працэнта.

Была праведзена значная работа па зніжэнні кошту «сацыяльнай перадышкі». Сёння бацькі плацяць за гэту паслугу ў сярэднім 100 рублёў. Хоць рэальны кошт утрымання дзіцяці ў доме-інтэрнаце складае для дзяржавы 930 рублёў у месяц.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сем'і растуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?