Вы тут

Ад 150 да 850 рублёў — столькі каштуе сёлета сабраць дзіця ў школу


Падрыхтоўка да навучальнага года — асобны артыкул у сямейным бюджэце. Па падліках Мінгандлю, аптымальная экіпіроўка вучня малодшага ўзросту абыдзецца бацькам у 150—690 рублёў (з іх на адзенне і абутак — 100—400 рублёў). Каб сабраць на заняткі старшакласніка, спатрэбіцца ад 200 да 850 рублёў (140—500 з якіх пойдуць непасрэдна на форму). Затраты на камплекты для хлопчыка і для дзяўчынкі будуць прыкладна аднолькавымі.


Растэрміноўка на сшыткі і касцюм

Па словах намесніка міністра гандлю Вячаслава ДРАГУНА, сёння варыяцыі мадэляў адзення дазваляюць падабраць «школьны ансамбль» у рамках бюджэту сям'і. З улікам сацыяльнай значнасці мерапрыемстваў па падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года і фінансавай нагрузкі на бацькоў крамы прымяняюць на форму і канцтавары гандлёвую надбаўку не больш за 30 працэнтаў.

Асобным катэгорыям пры куплі школьных тавараў аказваецца адрасная сацыяльная дапамога. Сталічныя ўнівермагі на пастаяннай аснове прадастаўляюць зніжку 10 працэнтаў на нехарчовыя тавары шматдзетным сем'ям і іншым грамадзянам, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, праз сацыяльныя дысконтныя карткі. Такім чынам абслугоўваецца больш чым 19 тысяч чалавек.

Да таго ж гандлёвыя арганізацыі прапануюць розныя праграмы крэдытавання і растэрміноўкі. Напрыклад, сталічны ГУМ з 15 ліпеня па 30 верасня прадастаўляе пакупнікам магчымасць набыць школьныя тавары ў крэдыт ад двух да шасці месяцаў без выплаты працэнтаў (пры куплі на суму ад 100 рублёў). Першапачатковы ўзнос — усяго 10 працэнтаў.

Адзенне на заказ

Перад новым навучальным годам айчынныя фабрыкі пашырылі свой асартымент. Калекцыю абутку для школьнікаў абнавілі на 60 працэнтаў: канцэрн «Беллегпрам» прапануе хлопчыкам і дзяўчынкам выбар з 300 мадэляў туфляў і чаравікаў.

На 90 працэнтаў абнавіўся сёлета асартымент формы для вучняў. Швейныя прадпрыемствы распрацавалі каля 500 мадэляў адзення дзелавога стылю і 300 фасонаў трыкатажных вырабаў. Асаблівых навінак, як у мінулыя гады (памятаеце пінжакі з кішэняй для мабільніка, з тэрмометрам ці на падкладцы з табліцай множання?), гэтым разам не прыдумалі. Але на заўвагі бацькоў і саміх школьнікаў адрэагавалі. Напрыклад, дадалі больш колеру: альтэрнатывай чорным і шэрым строгім рэчам сталі спадніцы ў сінюю ці бардовую клетку, чырвоныя пінжакі і камізэлькі.

У гандлёвую сетку касцюмы традыцыйна паступаюць з асобнымі цэнамі на пінжакі, штаны і камізэлькі, каб бацькі маглі падабраць дзецям форму па памеры. Апроч таго, крамы прымаюць заказы на выраб адзення з калекцый бягучага сезона для школьнікаў з нестандартнымі памерамі. Заяўкі выконваюць прадпрыемствы «Беллегпрама».

Намеснік старшыні канцэрна Мікалай РАГОЖНІК расказаў, што ўсё больш школ замаўляюць форму пад сябе. Калі летась у рамках праекта «Школа будучыні» адзенне пад заказ шылі для шасці ўстаноў адукацыі, то ў гэтым годзе адзіны стыль для вучняў асобных класаў выбралі 38 школ. Швейныя фабрыкі працуюць індывідуальна з кожнай заяўкай. Выязджаюць на месца, абмяркоўваюць варыянты формы з апякунскім саветам, улічваюць пажаданні і бацькоў, і вучняў.

— Гэта фактычна індывідуальны пашыў, — заўважае Мікалай Рагожнік. — Фабрыкі могуць выканаць не толькі пажаданні па фасоне формы, але і нашыць на адзенне эмблему навучальнай установы. Думаю, у наступным годзе колькасць школ, якія захочуць увесці адзіны стыль, будзе яшчэ большай.

Усяго сёлета неабходна экіпіраваць каля 976 тысяч школьнікаў. Для іх плануецца выпусціць 764 тысячы штук адзення дзелавога стылю, 684 тысячы трыкатажных вырабаў, 316 тысяч пар абутку і 48 тысяч скургалантарэйных вырабаў.

Палова мінскіх вучняў — у форме

На пачатак жніўня формай закупіліся больш за 45 працэнтаў сталічных школьнікаў, інфармуе галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. Пакупніцкі попыт у дзелавым адзенні на 90 працэнтаў забяспечваецца за кошт прадукцыі айчыннай вытворчасці. Бяруць у асноўным вопратку з полівіскозных і змяшаных тканін з укладаннем хімічных валокнаў, бо яе зручна насіць і проста даглядаць.

І з дзявочага, і з хлапчуковага школьнага асартыменту найбольшым попытам карыстаюцца кашулі (на іх долю прыпадае амаль палова ўсіх продажаў). З трыкатажных вырабаў вучням часцей набываюць джэмперы, жакеты і камізэлькі (яны складаюць 70 працэнтаў ад агульнага аб'ёму рэалізацыі трыкатажу), другое месца па папулярнасці займаюць спартыўныя штаны (18 працэнтаў).

 

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ад 150 да 850 рублёў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.