Вы тут

Як былы ліцейшчык стаў лялечнікам


«Беларускі тэатр «Лялька» — адзін з культурных «брэндаў» не толькі Віцебска, але ўсёй краіны. Нядаўна творчы калектыў адсвяткаваў 30-ю гадавіну плённай працы дзеля мастацтва і гледача. Тэатр шмат разоў атрымліваў Гран-пры на міжнародных конкурсах. У яго рэпертуары ёсць спектаклі і для дарослых. Адзін са стваральнікаў тэатра, нязменны мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук сёлета адзначыць 70-гадовы юбілей. Не верыцца: стройны, стыльны, імпазантны... Віктар Ігнацьевіч поўны сіл і творчых планаў. Спадар Клімчук расказаў «Звяздзе» пра бацьку, які вярнуўся з-за акіяну, каб ажаніцца ў Беларусі, пра сябе і пра гледачоў, жыццё якіх кардынальна змянілі спектаклі «Лялькі».


Як Джэк Васьмёркін: з Амерыкі — за шчасцем...

Будучы лялечнік нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці, у вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Быў малодшым з 12 дзяцей у сям'і.

— Бацька мой, Ігнацій Якаўлевіч, калі яму было каля 26 гадоў, вярнуўся на радзіму са Штатаў, куды з'ехаў з братам. Ён скончыў школу і жыў у Чыкага. Працаваў на прадпрыемстве, дзе шылі галаўныя ўборы, — распавядае суразмоўца.

Каханая чакала яго ў іх роднай вёсцы. Ажаніліся, працавалі старанна на зямлі і жылі багата. Мелі вялікі дом, 100 гектараў зямлі — дужа вялікі ўчастак і па сённяшніх мерках. Побач быў цудоўны бярозавы гай.

Калі былая тэрыторыя Польшчы ўвайшла ў склад савецкай Беларусі, бацьку раскулачылі. Каня — у калгасны статак, гаспадарчую забудову — пад агульныя патрэбы. Ігнацій Якаўлевіч стаў працаваць у калгасе. Памёр на 63-м годзе жыцця. З Брэстчыны ўдава з дзецьмі пераехала ў Краснадарскі край.

Слова «любоў» гаварыў з акцэнтам

Да пераезду Віктар хадзіў у беларускамоўную школу, і ў Расіі яму праз гэта цяжка было вучыцца. Ды і аднагодкі з яго пасмейваліся.

— Я па-беларуску гаварыў, напрыклад: «любоў», «кучаравая». І не разумеў, што па-руску гэта няправільна. На Кубані скончыў 9-ты клас. Потым вучыўся ў вячэрняй школе. Мне там падабалася, бо вельмі добрыя былі выкладчыкі, а вучні атрымлівалі адукацыю не для атэстата. Шмат, дарэчы, было вучняў. Нават быў клас пад літарай «Ж». Потым паехаў у Таганрог — вучыцца на фармоўшчыка-ліцейшчыка ў ПТВ. Аднак з малых гадоў марыў пра акцёрства. Разумеў, што з-за акцэнту не возьмуць, — успамінае Віктар Клімчук.

Хлопец не здрадзіў сваёй мары. Дзеля яе ажыццяўлення шмат працаваў над сабой. У прыватнасці, каб «забыць» беларускую мову.

Спачатку не шанцавала. Няўдала паступаў «на артыста» ў Саратаве і Маскве. Каля 1,5 года вучыўся ў студыі пры тэатры імя Чэхава ў Таганрогу.

У гэты час у Валгаградзе ў тэатры лялек аб'явілі набор кандыдатаў для вучобы і працы. Клімчука ўзялі, хаця было 10 прэтэндэнтаў на кожнае месца.

Вышэйшую рэжысёрскую адукацыю атрымаў у цяперашняй Самары. Вучыўся ў Куйбышаўскім дзяржаўным інстытуце культуры на драматычным аддзяленні.

— Мой настаўнік з вялікай літары — Пётр Львовіч Манастырскі, народны артыст СССР. Менавіта пад яго кіраўніцтвам самарскаму тэатру надалі званне «акадэмічны». Рэжысёр ён выдатны і педагог ад Бога. Удзячны і яго маладым калегам — педагогам маім. Працавалі з намі, не шкадуючы сіл і часу. На жаль, Манастырскі тры гады таму пайшоў з жыцця, — кажа мастацкі кіраўнік.

Як рэжысёр лялечнага тэатра ён працаваў у розных гарадах былога СССР. Але яго цягнула ў родную Беларусь.

«Лялька» — дачка драматычнага тэатра

Аднойчы Віктар Клімчук даведаўся, што ў Віцебску плануюць стварыць лялечную трупу.

— Прыехаў у Віцебск у 1985 годзе. Тады ў акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (цяпер Нацыянальны) задумалі цікавы праект. Дырэктар Геральд Асвяцінскі і мастацкі кіраўнік Валерый Мазынскі хацелі, каб гледачы хадзілі ў тэатр з самых малых гадоў. А для гэтага былі неабходныя спектаклі з удзелам лялечнікаў. Я даволі хутка набраў артыстаў, у асноўным з выпускнікоў Віцебскага вучылішча мастацтваў, і мы пачалі выступаць на вялікай сцэне.

Спадар Клімчук аднойчы зразумеў, што яго падначаленым патрэбная творчая самастойнасць. Шмат было цікавых ідэй, але іх нельга было ўвасобіць у межах рэпертуару «дарослага» тэатра. Да таго ж мясцовая ўлада планавала стварыць тэатр для дзятвы. Такім чынам, «зоркі супалі».

Пад наваселле артыстаў і лялек выдзелілі вельмі прывабны будынак, помнік архітэктуры XІX стагоддзя. Праўда, у глядзельнай зале ўсяго каля 130 месцаў. Сёння купіць квіток — праблема, бо амаль заўсёды аншлаг. Ёсць намер перадаць тэатру больш вялікі будынак, дзе калісьці працавала ўстанова культуры, але пытанне «завісла» праз фінансавыя праблемы.

— Як я віжу вырашэнне пытання? Было б добра побач з «Лялькай» узвесці будынак. І ў «Лялькі» былі б дзве сцэны, а самае галоўнае — больш гледачоў змаглі б убачыць спектаклі, — разважае рэжысёр.

З-за «Карабаса» плачуць... гледачы

Баяўся, што суразмоўца пакрыўдзіцца на пытанне пра Карабаса Барабаса, а ён рассмяяўся.

— Думаю, некаторыя акцёры за вочы мяне так і называюць. Так, бываю строгім! А як жа яшчэ!? І пакрычаць магу, не без гэтага. Але без эмоцый жа нельга!

Тэма заробку акцёраў аказалася сумнай. Большасць думаюць, што акцёр — элітная прафесія, якая адпаведна аплачваецца. Аднак у рэальнасці гэта каля 3,5 мільёна недэнамінаваных рублёў у месяц. Мужчыны падпрацоўваюць на мантажы абсталявання і дэкарацый. Гэта дадае да заробку менш за
2 мільёны. Таму нехта ў свабодны час выкладае, нехта выступае на розных мерапрыемствах. Круцяцца як могуць.

— Як тут не сказаць пра магію тэатра? Яна ёсць! Тэатр не адпускае! Паверце, на сцэне заўсёды адбываецца нешта дзіўнае. Аднойчы акцёр, якога даўно ведаю і які шмат разоў іграў у тым спектаклі, у пэўны момант «растварыўся» ў вобразе. Міміка зусім іншая, вочы. Калі б акцёры працавалі толькі дзеля грошай, быў бы дэфіцыт кадраў. А ў нас цякучкі няма. Звальняюцца толькі па сямейных абставінах.

Гледачы не раз прызнаваліся ў тым, што тэатр змяніў іх жыццё. Актрыса здавала экзамен на кіраванне аўтамабілем. Інструктар прызнаўся ёй, што яго сын, а яму гадоў 6-7 было, «не ўспрымаў бацькоў». Павышаў голас, не слухаўся. Аднойчы ўбачыў спектакль «Хлопчык-зорка» і перамяніўся. Папрасіў зноў прывесці яго на гэты спектакль. Стаў выказваць любоў да маці і таты.

Да Віктара Клімчука часам падыходзяць незнаёмыя людзі і дзякуюць за жывое мастацтва і шчырасць.

І толькі аднойчы Клімчук пачуў «папрок»: чаму спектакль не на рускай мове? Дарэчы, за мяжой тэатр выступае без перакладу.

Асабіста мне аднойчы давялося стаць «ахвярай Карабаса»: рэжысёр прымусіў напрыканцы спектакля заплакаць. Добра, што ў зале было цёмна, і мае дзеці гэтага не заўважылі. А можа, трэба было?

Тэатр узвышае...

— Дзяржава павінна аддаваць належнае інстытуту тэатра. Апошні фарміруе і ўзвышае чалавека, як і высокая літаратура, і музыка. Тут ён падсілкоўваецца духоўнасцю, знаходзіцца ў храме мастацтва. Глядач у тэатры працуе душой, эмоцыямі. Ён і павінен працаваць, а не «есці» тое, што даюць... Што можа пакінуць чарговы серыял? Ну, разбярэцца глядач: хто каму радня, хто каго падмануў, забіў. Але гэта не ўзбагаціць душу, не прымусіць суперажываць. Я — рамантык, які верыць у сілу сапраўднага мастацтва, — разважае рэжысёр.

Яго жонка працавала ў праектнай арганізацыі. Сыны сёння — у «Ляльцы». Міхаіл — артыст і рэжысёр. Летась адбылася прэм'ера яго цудоўнага спектакля «Горад клоўна Піка». Старэйшы сын — Аляксандр — загадчык мастацка-пастановачнай часткі.

Хобі мастацкага кіраўніка — прыводзіць адзенне ў ідэальны стан. Ён можа, напрыклад, звузіць штаны, шмат чаго яшчэ... Але «Лялька» не пакідае часу на гэта, як і на адпачынак.

Лабараторыя мастацтва

Віцебскі лялечнік ставіць спектаклі і ў іншых тэатрах. Яго высока цэняць у Сербіі, Балгарыі, Польшчы, Расіі, Украіне. Часта запрашаюць у журы міжнародных фестываляў.

Сёлета на «Славянскім базары ў Віцебску» падчас «круглага стала», арганізаванага Міністэрствам інфармацыі і Выдавецкім домам «Звязда», Віктар Клімчук прапанаваў стварыць «творчыя лабараторыі» з удзелам крытыкаў, рэжысёраў, акцёраў. Каб яны абмяркоўвалі сучасныя тэндэнцыі ў мастацтве, рабілі даклады пра творчую спадчыну. Каб па выніках гэтай працы, калектыўнага «мазгавога штурму», выходзілі цікавыя кнігі.

«Лялька» — гаспадыня праекта «Лялечны квартал» на «Славянскім базары» — можа даць свае сцэны для такіх «лабараторый».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: «Ляльку» разумеюць без перакладу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».