Вы тут

«Звязда» даследавала праблемы прыватнага сектара ў цэнтры Магілёва


Знаходзіцца ён не ў самым прыстасаваным для бесклапотнага жыцця месцы — каля падножжа гары, з якой пасля кожнага моцнага дажджу спадаюць тоны вады. Калі б не калектары, якія стрымліваюць яе моц, жыць тут было б немагчыма. Але тэрмін эксплуатацыі гэтых інжынерных камунікацый налічвае ўжо не адзін дзясятак гадоў. З боку мікрараёна Юбілейны пачалі разбурацца два калектары, і з кожным наступным дажджом сітуацыя абвастраецца.

Жыхары прыслалі ў рэдакцыю па электроннай пошце здымкі з месца, як пацверджанне сваіх слоў. «Цэлы год нам абяцаюць адрамантаваць калектары, але ніякіх зрухаў, — абураюцца людзі. — Пасля звароту да намесніка старшыні гарвыканкама 13 ліпеня нічога дагэтуль не змянілася. Між тым пачала абвальваецца дарога. Ніхто мер па ліквідацыі наступстваў не прымае...»


Не­бяс­печ­ны мос­цік на­су­праць дзі­ця­ча­га сад­ка.

Пасля дажджу сцежка зменшылася на 1,5 метра

Тэрмінова саджуся ў гарадскі аўтобус №39 (адзіны маршрут на ўсю Падгорную і Падніколле) і еду, каб асабіста ўпэўніцца, што жыхары не перабольшваюць сваю бяду.

Мяне сустракае вядомы ўсім магілёўскім чыноўнікам сваёй прынцыповасцю і гаспадарчасцю стараста мікразоны Падгорная Аляксандр Пікуля. Разам рушым на месца. Па дарозе Аляксандр тлумачыць, што сваё бяздзеянне гарадскія ўлады апраўдваюць адсутнасцю грошай. Але ж калі не вырашыць праблему сёння, заўтра яна можа стаць катастрофай, упэўнены стараста.

Карціна і насамрэч не радасная. Уздоўж абвалу нацягнута загараджальная стужка, але яна разам з зямлёй ужо з'ехала ўніз. Людзі ідуць па экстрэмальнай сцежцы адзін за адным.

— Вы часта карыстаецеся гэтай дарогай? — пытаемся ў мінакоў.

— Штодня. Наверсе прыпынак грамадскага транспарту, а гэта сцяжынка вядзе на Тэхнапрыбор.

— Не страшна, што аднойчы зямля ўцячэ з-пад ног?

— Спадзяёмся, што такога не адбудзецца. Больш страшна за дзяцей, яны ж тут і на веласіпедах лётаюць.

Калектар пракладзены з мікрараёна Юбілейны праз Падгорную на водаачышчальныя збудаванні. Камунікацыям, кажа стараста, 45 гадоў, трэба рабіць капітальны рамонт.

— 13 ліпеня адвалілася адна частка трубы, а 1 жніўня паляцелі яшчэ дзве, следам за імі ўніз паехала і сцяжынка, — хвалюецца Аляксандр Васілевіч. — Спаўзло прыкладна 1,5-2 метры зямлі, вадой затапіла 6-ты і 7-мы завулкі Падгорнай, размыла агароды. І ўсё гэта адбываецца паблізу ад чыгункі.

Быццам у пацвярджэнне гэтых слоў зверху грукоча лакаматыў. Стараста паказвае яшчэ адзін напаўразбураны калектар. «Праз нашу Падгорную наогул праходзіць шмат калектараў: водаліўневы, водаправодны, каналізацыйны, газавы», — паведамляе ён па дарозе. А зламаныя жалезабетонныя пліты, што тырчаць з гары, збоку рэшткі трубы — гэта, як высветлілася, і ёсць калектар.

Тамара Мікалаеўна жыве якраз непадалёку. Сцяжынку, па якой людзі ходзяць з аўтобуснага прыпынку ў мікрараён Тэхнапрыбор, называе паласой перашкод. «Жалезную лесвіцу для спуску ад прыпынку зрабілі, а вось для пад'ёму ў раёне Тэхнапрыбора — не. Людзі караскаюцца, як малпы. А яшчэ гэта экстрэмальная сцежка, якая ўсё больш разбураецца! Дастаткова чарговага моцнага ліўню, каб з-пад зямлі на паверхню вынесла астатнія бетонныя кольцы», — перажывае яна.

На ўзгорку знаходзіцца школа №33. Яе відаць ад дома Тамары Мікалаеўны. Тэарэтычна дзеці не павінны тут з'яўляцца, але падлеткі заўсёды шукаюць прыгод. Яны не ўяўляюць, наколькі небяспечнымі могуць быць гульні ў гэтай зоне.

— Сёння тэлефанаваў адзін з дэпутатаў гарсавета, цікавіўся сітуацыяй на Падгорнай, — уздыхае Пікуля. — Я яму расказаў пра калектар, пра раку Дзебру. Але тут не цікавіцца трэба, а дзейнічаць. Кіраўніцтва ўпраўлення камунальнага будаўніцтва і дарожнікі яшчэ летась абяцалі навесці парадак да 1 лістапада. Ёсць адказы, якія пацвярджаюць гэта. Не зрабілі. А сёлета адбыўся чарговы абвал.

Да чы­гун­кі ад мес­ца ава­рыі ру­кой па­даць.

Дзебра стамілася чакаць

Яшчэ адна праблема — стан аўтамабільнага моста цераз раку Дзебру. Мастоў на вуліцы Катоўскага два. Першы, каля крамы №127, галоўны — звязвае горад з мікрараёнам. Калі прыгледзецца, то і на ім відны «шрамы» — сляды ліквідацыі наступстваў апошніх ліўняў. Бяскрыўдная на першы погляд рачулка падчас непагадзі ператвараецца ў неўтаймаваны паток, узровень у ёй падымаецца на 2-2,5 метра. Якраз на вышыню тых жалезабетонных пліт, якія пакладзены ўздоўж яе берагоў.

Але цяпер людзей больш хвалюе стан другога моста, які знаходзіцца ў канцы вуліцы Катоўскага. Яго выгляд, насамрэч, жахлівы. Здаецца, што ён жыве ўласным жыццём. Бетон безнадзейна чапляецца за пясок, які ўпарта размывае рака.

Дзебра за апошнія пяць гадоў шмат нерваў папсавала не толькі мясцовым жыхарам, але і мясцовай уладзе. Каб утаймаваць яе, з бюджэту за 2010—2014 гады было выдзелена амаль 7 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Работы вяліся ў тры чаргі. З верасня 2010 года па люты 2011-га на адлегласці 350 метраў ад Дняпра і да гэтага моста пойма была ўмацавана пластмасавымі сотамі-рашоткамі, якія засыпалі шчэбнем. Але пасля першай жа паводкі ў маі 2011 года, кажа стараста, нічога ад гэтага шчэбню не засталося — усё змыла ў Днепр.

Хут­ка сця­жын­ка аб­ры­нец­ца ўслед за ка­лек­та­рам.

У 2013 годзе была спроба ўмацаваць бераг з дапамогай жалезабетонных пліт, але зрабілі гэта таксама няўдала, і пліты пасля чарговага ліўню абрынуліся. Пасля ўмацоўвалі бераг з дапамогай грунту: кажуць, прывезлі больш за 800 машын. Але яго часткова таксама змыла ў Днепр.

Аднойчы на гэтым месцы ледзь няшчасце не адбылося. Пліты, якія дасталі са дна ракі, пакінулі абы-як, некаторыя з іх утваралі нешта накшталт буданоў. Летась каля гадзіны ночы старасту патэлефанаваў жыхар дома, які знаходзіцца насупраць злашчаснага моста: падлеткі наладзілі гульні акурат каля тых пліт. Стараста ледзь дачакаўся раніцы і ў 6 гадзін ужо тэлефанаваў адказным асобам. У той жа дзень з дапамогай кранаў пліты склалі ў стос крыху далей ад берага, так яны і ляжаць дагэтуль.

На апошні зварот у Магілёўскі гарвыканкам Аляксандр Пікуля атрымаў адказ, што пліты будуць складзіраваны ў іншым месцы, а берагі Дзебры чакае чарговая порцыя пяску. Наколькі хопіць такога ўмацавання? Больш сур'ёзныя работы адкладаюцца на наступны год. Калі аб'ект уключаць у інвестыцыйную праграму.

Ле­тась абы-як кі­ну­тыя плі­ты ледзь не пры­вя­лі да тра­ге­дыі.

Сапсаваная дарога, непадключаныя ліхтары і небяспечны мосцік

Мясцовыя жыхары лічаць, што іх вуліца — наглядны прыклад звычайнай безгаспадарчасці. Аляксандр Харкевіч, які жыве на вуліцы Катоўскага 55 гадоў, кажа: гэта адбываецца таму, што пажаданні жыхароў спачатку ігнаруюцца, а потым позна нешта мяняць. Навошта, напрыклад, трэба было зразаць вербы, якія раней умацоўвалі сваімі каранямі берагі Дзебры? Тое, што раней рабілі дрэвы, цяпер спрабуюць вырашыць з дапамогай пяску. Выкарыстоўваючы немалыя грошы без эфекту.

Наконт размяшчэння аўтамабільнага моста таксама былі спрэчкі. Архітэктарам чамусьці захацелася вынесці яго ў канец вуліцы, хоць жыхары прасілі зрабіць пасярэдзіне. Тут шчыльнейшая жылая забудова, і, калі здарыцца нейкае няшчасце, аператыўным службам было б лягчэй дабрацца. Мосцік зрабілі, але пешаходны. Ён цяпер злучае вуліцу Ламаносава і завулак Слабодскі.

Сэрца баліць за яшчэ адзін пешаходны мосцік — драўляны і без парэнчаў. Знаходзіцца якраз насупраць дзіцячага садка №39. У спакойным стане Дзебра неглыбокая, але ці многа трэба вады для бяды?

Мост з ад­на­го бо­ку вы­гля­дае пры­стой­на.

— Колькі разоў мы казалі кіраўніцтву дарожна-маставога прадпрыемства, што крыху вышэй па цячэнні ёсць добры металічны мосцік з парэнчамі, якім ніхто не карыстаецца. Чаму б яго сюды не перанесці? Але нас ніхто слухаць не жадае, — скардзіцца Аляксандр Пікуля.

Дарога — асобная размова. У 2011 годзе па праекце яе павінны былі заасфальтаваць. Спачатку работы вяліся вельмі актыўна, аднаго толькі грунту было вывезена каля 50 машын. Потым столькі ж прывезлі шчэбню. Але на гэтым усё і прыпынілася. Як патлумачылі людзям: скончыліся сродкі. Толькі пасля шматлікіх зваротаў у розныя інстанцыі жыхароў вуліцы і асабіста Аляксандра Пікулі, прывезлі асфальтавую крошку і ледзь укаталі тую вуліцу. Пра асфальт цяпер ніхто і не ўспамінае.

Яшчэ адзін прыклад безгаспадарчасці — ліхтары. Іх як паставілі 5 гадоў таму, так яны і стаяць без справы. Уяўляеце? Ніводнага дня нават не працавалі. Сама не лічыла, колькі там гэтых бескарысных слупоў, але стараста ўдакладніў — 22. Як кажуць, без каментарыяў.

Аляк­сандр, які жы­ве на­су­праць, лі­чыць, што ад­ным пяс­ком Дзеб­ру не ўтай­му­еш.

Галоўны інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Віталь Шумейка добра ведае праблему:

— Правы бераг Дзебры і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі — гэта самы клопатны для нас аб'ект, — кажа ён. — Мы яго заказчыкі, і ўсе пытанні па ім знаходзяцца ў нас на кантролі. На жаль, у сувязі з адсутнасцю фінансавання нічога маштабнага зрабіць пакуль не можам. Ідзе пастаянны падмыў адхонаў ракі. Ранейшы праект па ўмацаванні берагоў сябе не апраўдаў, падвяла яго якасць. Жалезабетонныя пліты падчас першай жа паводкі знесла, і яны цяпер ляжаць на беразе. Мы неаднаразова прымалі меры, каб захаваць мост у нармальным стане. Бетануем асобныя яго ўчасткі, адхоны. Знізу паклалі пліту, каб вада трапляла не на зямлю, а на яе і гасілася гэтая турбулентнасць. Але далей адхоны размываюцца. Летась вельмі шмат завезлі грунту, каб іх хоць неяк умацаваць.

Небяспечны мост — лю­бі­мае мес­ца для гуль­няў дзяцей.

На сённяшні дзень існуе новае праектнае рашэнне, якое дакладна будзе працаваць. Але для таго, каб добра замацаваць рэчышча, трэба каля 2 мільярдаў у старых грошах. З году ў год мы звяртаемся з просьбай аб выдзяленні сродкаў, але безвынікова. А без грошай там нічога не зробіш. Для поўнага завяршэння работ па рацэ наогул патрэбна 4,5 мільярда. Па-першае, вельмі вялікая працягласць участка будаўнічых работ, па-другое, каб утаймаваць Дзебру, трэба заманаліціць бераг, пакласці сетку, біятэкстыль, а потым пліты і зноў усё гэта заманаліціць. І гэта датычыцца, паўтаруся, толькі правага боку ракі. А калі браць цалкам увесь наш аб'ект з дарогай, ліхтарамі і добраўпарадкаваннем правага боку ад ракі Дзебра, спатрэбіцца наогул 11 мільярдаў рублёў. На асфальт грошай няма, і мы, каб людзі не пакутавалі, часова паклалі асфальтавую крошку. У нашых сілах толькі падтрымліваць усё ў больш-менш прыстойным выглядзе. І робім гэта выключна за нашы сродкі. Але ж мы самі бюджэтная арганізацыя.

Што датычыцца водаліўневых калектараў, то наглядам за імі займаецца магілёўскае Дарожна-маставое прадпрыемства.

— Работы па рамонце гэтых труб будуць выкананы ў першай палове жніўня, — запэўніў галоўны інжынер службы Дзмітрый Бірукоў. — Плануецца зрабіць устройства водаадводных латакоў з умацаваннем адхонаў і адсыпкай дарожкі.

Каментарый у тэму

Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Дзядовіч:

— Сітуацыю па Дзебры горад добра ведае, як і тое, што гэты аб'ект трэба завяршыць. Мы планавалі заняцца ім сёлета, але не хапіла грошай у бюджэце. Таму будзем глядзець, каб пры фарміраванні бюджэту на наступны год аб'ект быў уключаны ў інвестыцыйную праграму. Калектарам таксама будзем займацца — рабіць падтрымліваючы рамонт або мяняць нейкія ўчасткі. Але зноў-такі ўсё гэта пры наяўнасці бюджэтнага фінансавання.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара і жыхароў Падгорнай

Загаловак у газеце: «SОS» з Падгорнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».