Вы тут

Дзякуючы педагогам школа-інтэрнат асвяціла жыццё цэлага пакалення


Пасля вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у мястэчку Узда, што на Міншчыне, 15 ліпеня 1944 года быў створаны спецыяльны дзіцячы дом для дзяцей палеглых воінаў і партызанаў. Сюды звозілі сірот з усіх куткоў Савецкага Саюза. Многія з іх перажылі шмат жахаў і пакут ваеннага ліхалецця, прайшлі канцэнтрацыйныя лагеры, гестапа. І толькі тут, у дзіцячым доме, іх заледзянелыя душы змаглі адагрэць выхавальнікі сваёй цеплынёй, клопатам, бясконцым цярпеннем. Не выпадкова дзеці іх успрымалі як родных бацькоў. Многія з малых не памяталі, хто яны, і бралі прозвішчы сваіх настаўнікаў. А першым дырэктарам стаў Пётр Васільевіч Козел. З фотаздымка, што ў школьным музеі, глядзіць чалавек з глыбокімі вачыма, якія літаральна выпраменьваюць дабрыню і святло. Тут жа і пасведчанне байца партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады Варашылава, якая дзейнічала на тэрыторыі Уздзенскага, Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў.


У за­ле му­зея.

— Работа па стварэнні музея пачалася ў 1994 годзе, а ў 2009-м адкрыта новая экспазіцыя. Кожны экспанат адлюстроўвае не толькі гісторыю школы, але і цэлую пасляваенную эпоху да нашых дзён, — расказала настаўніца, а па сумяшчальніцтве загадчыца музея Іна Захарава. — У нас шмат унікальных прадметаў. Вось кніга загадаў па Уздзенскім дзіцячым доме, датаваная 1944 годам. Кранаюць да слёз запісы аб тым, як заахвочвалі дзяцей у тыя далёкія часы на выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны. Ім дарылі адрэзы тканіны для пашыву прыгожай сукенкі, кашулі, а яшчэ 150 г пернікаў і 100 г цукерак. А вось гэты сшытак быў знойдзены ў нямецкай камендатуры мястэчка. У пасляваенныя гады папера была вялікім дэфіцытам. Таму яго не выкінулі, а выкарысталі як кнігу руху дзяцей па Уздзенскім дзіцячым доме ў 1944 годзе. Тут вёўся спіс выхаванцаў, якія першымі паступалі ва ўстанову. За кожным прозвішчам — глыбокая трагедыя.

...Валянціна Война рана засталася сіратой. У 1937 годзе бацька дзяўчынкі быў арыштаваны і расстраляны, маці памерла пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці. Унукі засталіся з бабуляй. Афіцэр НКУС, пашкадаваўшы малых, параіў старой раскідаць іх у чужыя сем'і па розных населеных пунктах. Валя апынулася ў вёсцы Астравок, якая ў гады вайны была спалена. Цудам дзяўчынцы ўдалося ўцячы ў лес. Дачакаўшыся, пакуль карнікі пакінулі вёску, яна выйшла на дарогу....

Ва Уздзенскім дзіцячым доме яна была стараннай вучаніцай, закончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, а затым — філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Заслужаная настаўніца БССР вучыла і дачку Васіля Емяльянавіча Куцанава, які ўзначальваў дзіцячы дом у 1944—1947 гадах, — Ларысу. Дзяўчына стала жонкай вядомага кампазітара, народнага артыста СССР Яўгена Глебава. У 2010 годзе Ларыса Васільеўна выдала кнігу «Яўген Глебаў. Лёсу сярэбраныя струны». Адзін з раздзелаў прысвечаны дзіцячаму дому.

Па­хваль­ная гра­ма­та 1939 го­да вы­ха­ван­кі дзі­ця­ча­га до­ма Ма­рыі Жы­га­чо­вай.

Валянцін Холад — Герой Савецкага Саюза, камандзір атамнай падводнай лодкі, контр-адмірал жыве ў Санкт-Пецярбургу. На грудзях яго жонкі Жанны Мікалаеўны, што глядзіць з фотаздымка, незвычайны медаль. Такую самаробную ўзнагароду «зацвердзілі» афіцэры-падводнікі для сваіх верных спадарожніц у знак удзячнасці за тое, што пераносяць з імі ўсе цяжкасці службы...

— Другі перыяд установы пачаўся ў 1959 годзе, калі на базе спецыяльнага дзіцячага дома была створана сярэдняя агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. Дырэктарам яе прызначылі Мікалая Бардовіча. Мікалай Маісеевіч стаў легендай Мінскай вобласці. Менавіта дзякуючы яму тут быў створаны цудоўны калектыў педагогаў-аднадумцаў, якія давалі вучням вельмі моцныя веды, — працягвае Іна Захарава. — Гэтыя людзі замянілі дзецям бацькоў, добрых, мудрых, клапатлівых, і далі кожнаму пуцёўку ў дарослае жыццё. Нашы выпускнікі заўсёды паступалі ў самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы былога Савецкага Саюза.

У 1993 годзе навучальная ўстанова стала санаторнай школай-інтэрнатам для дзяцей з зон радыяцыйнага забруджвання. Яе ўзначаліла заслужаная настаўніца, выдатніца адукацыі Беларусі Людміла Іванаўна Камашэнкава. Сёння гэта санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Кожную чвэрць тут лечацца і праходзяць аздараўленне 160 хлопчыкаў і дзяўчатак Міншчыны, у тым ліку з няпоўных, малазабяспечаных, неўладкаваных сям'яў, сіроты. Выхаванцы тут папраўляюцца, дужэюць, і, бясспрэчна, выхавальнікі робяць усё неабходнае, каб дзеці развіваліся духоўна і інтэлектуальна, раслі патрыётамі. Да іх наведваюцца курсанты і афіцэры ваеннай акадэміі, ветэраны вайны. Штогод у школе арганізуецца дзень музея, які з нецярпеннем чакаюць вучні, паколькі да іх прыязджаюць супрацоўнікі кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл са сваімі гадаванцамі з паказальнымі выступленнямі. А шэфы з 15-й зенітнай брыгады горада Фаніпаля частуюць усіх ахвотных салдацкай кашай, прыгатаванай у палявой кухні. З задавальненнем выступаюць перад дзіцячай аўдыторыяй зоркі беларускай эстрады. На стэндах музея фотаздымкі «Сяброў», Ірыны Дарафеевай, Сашы Нэма, групы «Да Вінчы», ансамбля «Бяседа».

Ва­за «Юбі­лей­ная», зроб­ле­ная вы­пуск­ні­ка­мі 1971 го­да, ад­люст­роў­вае да­сяг­нен­ні кра­і­ны за 50 га­доў.

Даглядаюць школьнікі і Алею памяці педагогаў. За кожным дрэўцам замацаваны вучні пэўнага класа. Вось дрэва ў памяць настаўніка Адама Якаўлевіча Александровіча. Ён захапляўся краязнаўствам, выхоўваў у дзяцей любоў да роднага краю. На алеі ёсць дрэва і ў гонар сямейнай дынастыі Мірончыкаў — Анатоля Пятровіча і яго жонкі, Леаніды Міхайлаўны. Пра яе нехта з вучняў сказаў: «Калі вы побач з намі, праблем нібыта і няма»...

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота з архіва музея

Загаловак у газеце: Калі вы побач, праблем нібыта і няма

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.