Вы тут

Небяспекі адпускнога сезона


Сезон адпачынкаў можна смела назваць любімай парой года большасці з нас. Але гэтыя яркія доўгачаканыя месяцы звычайна пралятаюць не проста хутка, а нават імкліва. Таму хочацца як мага лепш выкарыстаць іх для сябе і свайго арганізма. Зрабіць гэта даволі проста.


Дыхайце лёгка!

Калі летам вам здарыцца падхапіць насмарк з-за прастуды ці кароткачасовага пераахаладжэння пад уздзеяннем кандыцыянераў, то не спяшайцеся закрывацца на каранцін дома сам-насам з флакончыкам сасу- дазвужальных кропляў. Ды і наогул, дома сядзець неабавязкова: пазбягаючы людных месцаў, вы можаце час ад часу праводзіць сонцатэрапію — ультрафіялет літаральна забівае многія вірусы і бактэрыі.

Тое ж датычыцца і праветрывання: калі зімой з гэтай мэтай выкарыстоўваюцца розныя лямпы і ачышчальнікі паветра, то летам дастаткова рабіць скразное праветрыванне і запускаць у памяшканне прамыя сонечныя прамяні.

У выпадку ўскладненага насавога дыхання двойчы на дзень рабіце для носа салёны "душ" (палова чайнай лыжкі солі на шклянку вады). Вялікую карысць прыносіць марское паветра — адсутнасць пылу, алергенаў, а таксама азон і цэлы шэраг карысных мікраэлементаў (Na, K, Ca, Br, I, Mg, Se), якія змяшчаюцца ў салявых выпарэннях, павышаюць устойлівасць арганізма да прастудных захворванняў.

Лічыцца, што марское паветра можа выкарыстоўвацца ў якасці дадатковай тэрапіі пры лячэнні захворванняў верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Для змякчэння кашлю з дапамогай прыроды можна нарыхтаваць некалькі эфектыўных сродкаў. Гэта цёплыя морсы з сезоннымі ягадамі, чырвонымі парэчкамі або калінай, а таксама адвар з ліпавага цвету. Пры вільготным кашлі дапаможа сок журавін — яго трэба змяшаць з мёдам і піць па 1 сталовай лыжцы раніцай і ўвечары.

Доўгачаканы адпачынак не падстава забываць пра здароўе. Паспрабуйце загадзя скарэктаваць свой рэжым дня згодна з запланаваным распарадкам і розніцай у часе. Лягчэй перанесці змену кліматычных зон арганізму дапаможа прыём вітамінаў ці прэпаратаў, якія спрыяюць адаптацыі імунітэту да змены клімату. Заварвайце гарбату з элеўтэракокам, лімоннікам, жэньшэнем або прымайце гатовыя прэпараты на аснове гэтых раслін (пажадана ў першай палове дня). Арганізм, аслаблены пасля пералётаў і змены гадзінных паясоў, на які да таго ж часта ўздзейнічае халоднае паветра кандыцыянераў, больш безабаронны перад ВРВІ. Калі падчас падарожжа вы адчуваеце, што захворваеце, прыміце якінебудзь супрацьвірусны прэпарат (накшталт арбідолу, рэмантадзіну) — нярэдка гэта дапамагае прыпыніць развіццё хваробы. У выпадку павышэння тэмпературы цела вышэй 38,5 °С апраўданы прыём гарачкапаніжальнага сродку.

Далоў стрэсы!

Ці заўважалі вы, што лета з'яўляецца самым спакойным перыядам нават для лёгкаўзбуджальных людзей? Справа ў тым, што на гэтыя 3-4 месяцы збіраюцца ў адно адразу некалькі прыродных фактараў, якія дабратворна ўплываюць на псіхіку: доўгі светлавы дзень, камфортны для біярытмаў; высокая сонечная актыўнасць, якая стымулюе выпрацоўку вітаміну D у арганізме; перыяд вегетацыі/плоданашэння ў многіх раслін.

Таму, калі вы пачалі адчуваць эмацыянальнае напружанне з-за часовых праблем дома або на працы, у вас ёсць усе шанцы пераадолець яго лёгка. Па-першае, вам дапамогуць фітанцыды, якія літаральна лунаюць у паветры.

Фітанцыды — гэта біялагічна актыўныя лятучыя рэчывы, якiя ўтвараюцца раслінамі і станоўча ўплываюць на акісляльнасць і іанізацыю паветра. Пад іх уз­ дзеяннем у чалавека палягчаецца дыханне і стабілізуецца эмацы­ янальны стан. Зняць трывож­насць і нармалізаваць сон дапа­ могуць водары мацярдушкі, мяты лімоннай, сасны.

У моманты, калі вы не можаце іх выкарыстаць (знаходзіцеся на працы ці ў дарозе), таксама дапамогуць расліны, але ўжо ў выглядзе лекаў. І пажадана, каб яны не выклікалі санлівасці (як напрыклад, валяр'ян). Цудоўны варыянт — антыстрэсавыя гамеапатычныя таблеткі для рассмоктвання: яны нармалізуюць сон, памяншаюць трывожнасць, а таксама ліквідуюць фізіялагічныя праявы стрэсу: спастычныя болі ў кішэчніку, здранцвенне канечнасцяў.

Калі ўкусіў камар

З укусамі насякомых звязаныя дзве асноўныя небяспекі — гэта інфіцыраванне ў месцы ўкусу і /або алергічная рэакцыя на яд. Незалежна ад таго, укус якога насякомага вы атрымалі, можна прыкласці да ранкі ватны тампон, змочаны ў настойцы календулы, — яна не толькі зніме запаленне, але і паслужыць антысептыкам дзякуючы спірту, які ёсць у яе саставе. Калі ж пасля ўкусу ў вас з'явіліся задышка, галаўны боль, млоснасць і ваніты — варта неадкладна звярнуцца да доктара! Дарэчы, ад алергічных рэакцый на ўкусы насякомых штогод памірае ў 5 разоў больш людзей, чым ад укусаў ядавітых змей.

Увага, траўмы!

У цёплую пару года мы атрымліваем не менш траўм, чым зімой. Незалежна ад узросту чалавека, самымі распаўсюджанымі з іх у гэты перыяд з'яўляюцца пераломы прамянёвых костак, а таксама розныя траўмы кісцей рук, што часцей за ўсё звязана з няўдалым падзеннем. Крыніцай траўматызму для жанчын часта становіцца абутак на высокім абцасе, які дае мала апоры, выклікаючы няўстойлівасць галёнкаступнёвага сустава. Узнікае высокая верагоднасць падвярнуць шчыкалатку і расцягнуць звязкі. Таму дактары не рэкамендуюць насіць абцасы кожны дзень, для будняў раяць выбіраць больш бяспечны абутак. Вышыня ідэальнага абцаса на кожны дзень — 3—4 см.

Для лячэння наступстваў траўмаў і ўдараў асабліва падыходзіць купальнік, які цвіце ў летнія месяцы. Гэтая трава дапамагае таксама пры расцяжэнні і болях у мышцах. Некаторыя кампаненты купальніку аказваюць супрацьзапаленчае і болесуцішальнае дзеянне, што дапамагае ліквідаваць сінякі і гематомы, а таксама зняць ацёкі і запаленне. Менавіта таму немцы, напрыклад, называюць купальнік "сродкам ад падзенняў". Пры падобных відах траўмаў можна прыкласці кампрэс з настойкай гэтай травы да пашкоджанага месца або скарыстацца аптэчным сродкам на аснове купальніку.

Аліна БЯЛОВА

Друкуецца ў часопісе "Алеся"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?