Вы тут

Як знайсці матывацыю, каб дайсці на трэніроўку


«Тоўстая дачка — гора ў сям'і». Такую «натхняльную» запіску павесіла мая сяброўка сабе на халадзільнік у спадзяванні, што гэта адвадзіць яе ад прысмакаў. Некалькі тыдняў паперка нагадвала пра непрыемныя наступствы звычкі есці па начах. Нагадвала, але не спыняла, таму давялося запіску прыняць. Каб не раздражняла.


«Не трэба пробных заняткаў, дайце абанемент адразу на месяц. Інакш не дайду да залы, я сябе ведаю», — прасіла неяк адна з кліентак. Я бачыла яе толькі два разы. Астатнія шэсць аплачаных трэніровак так і засталіся нявыкарыстанымі.

Матывацыя — складаная штука. Інструктар у зале можа зрабіць для вас шмат: распісаць схему трэніровак, прадумаць рацыён харчавання. Адзінае, што не ў яго сілах, — прымусіць гэта выконваць. Натхніць, падбадзёрыць — калі ласка. Але пераадольваць сваю ляноту вам давядзецца самастойна.

Магу расказаць пра тыя хітрыкі, якія дапамагаюць даходзіць да залы мне.

На трэніроўку лепш ісці адразу пасля работы ці вучобы. Я стараюся так выбраць час, каб не заходзіць дадому, бо ўгаварыць сябе выбрацца адтуль (далей ад камп'ютара, утульнай канапы і каструлі з катлетамі), амаль немагчыма. Лепш не выпрабоўваць лёс.

Для заняткаў выбірайце адзенне, у якім падабаецеся сабе. Гэта чыста дзявочая тэма: калі ў шафе чакае абноўка, заўсёды знойдзеш падставу яе апрануць. У выпадку са спартыўнай формай вам прыйдзецца ісці трэніравацца хоць бы для таго, каб пакрасавацца. Я так аднойчы купіла прыгожую майку, а потым — у камплект да яе — абанемент у «трэнажорку». А цяпер успомніце старыя расцягнутыя ласіны, у якіх вы думалі займацца. Наўрад ці вам захочацца хутчэй апрануцца ў адзенне, у якім звычайна прыбіраеце дома.

Трэніруйцеся перад люстэркам. Па-першае, так будзеце бачыце, ці правільна выконваеце практыкаванне. Па-другое, у сярэднім занятак перад люстэркам доўжыцца больш, чым без яго.

Для кагосьці добрым стымулам становіцца спадніца, у якую не ўлазіш ужо пару гадоў, а ўлезці хочацца, ці гісторыі дзяўчат, якім удалося прывесці сябе ў форму. Але, мне здаецца, найлепшы матывавальны прыклад — твой асабісты. Скажу банальную рэч, але менавіта змены ў сабе натхняюць працаваць яшчэ і яшчэ: ты разумееш, што гэта рэальны вынік, а не фоташоп ці проста добрыя гены.

А вось у матывацыю ад зваротнага, калі развешваеш здымкі жанчын «у целе», да якіх не хочаш быць падобным, я не надта веру. Можаце атрымаць зусім не той вынік. Будзеце заспакойваць сябе, што вам да іх яшчэ далёка, і ўплятаць макарону з маслам за абедзве шчакі.

Некаторыя кажуць: што толку ў тых трэніроўках, калі астатні дзень сядзіш на крэсле? Не пагаджуся. Як мінімум той час, што вы займаецеся, дабіраецеся да залы, прымаеце душ, вы знаходзіцеся ўдалечыні ад халадзільніка, а значыць, пазбягаеце непатрэбных калорый. Самі ведаеце: калі няма чым заняцца, так і карціць чарговы раз папіць гарбаты з бутэрбродам ці цукеркамі.

Да таго ж гэтая гадзіна руху лішняй не будзе. Амерыканскія навукоўцы высветлілі, што на працягу дня сядзець можна толькі 10 гадзін. Усё, што больш, дрэнна адбіваецца на стане сардэчна-сасудзістай сістэмы. У эксперыменце ўдзельнічала 720 тысяч чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў і старэй. За імі назіралі 11 гадоў. І прышлі да высновы, што ўжо пасля 10 гадзін сядзення ў дзень рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў вырастае на 8 працэнтаў. А калі ў крэсле праводзіць па 12,5 гадзіны, рызыка дасягае 14 працэнтаў.

Каб не шукаць кожны раз перад трэніроўкай матывацыю, выберыце той від фітнесу, дзе вам будзе цікава.

Не трэба «заганяць» сябе на бегавой дарожцы толькі таму, што кардыа добра спальвае калорыі, калі вам больш падабаецца ёга. Ці мучаць «сілавухай», калі душа просіць танцаў. Навошта вам яшчэ адзін нелюбімы абавязак? Калі прыемны не толькі вынік, але і сам працэс, спакусаў прапусціць трэніроўку куды менш.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.