Вы тут

Адукацыйны праект TeensCool дапаможа старшакласнікам запусціць стартап


Арганізатары адукацыйнага праекта TeensCool сцвярджаюць, што за кароткі час могуць навучыць старшакласнікаў асновам ІT і разам з імі запусціць у вялікае жыццё новы стартап.


— Па сутнасці, мы стварылі праект ранняй прафесійнай арыентацыі для старшых школьнікаў, удзельнікі якога могуць атрымаць першую адукацыю ў ІT-кірунку, — уводзіць у курс справы кіраўнік ІT-школы Myfreedom Алена ДЗІНМАН. — Задума — даць падлеткам працоўны досвед, магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі айцішніка і прайсці ўсе стадыі развіцця разам са сваім стартапам. Каманда навучэнцаў разам прыдумляе праект, рэалізуе яго і праводзіць кампанію па прасоўванні прадукта. Кожны з удзельнікаў прымярае на сябе якую-небудзь ролю: менеджара, бізнес-аналітыка, праграміста, тэсціроўшчыка і гэтак далей. Акрамя таго, мы часта наведваем вялікія ІT-кампаніі Беларусі, супрацоўнічаем з Паркам высокіх тэхналогій. Прасцей кажучы, хочам, каб старшакласнікі паглядзелі на прафесію знутры, убачылі, як гэта працуе і зрабілі канчатковы выбар.

Усё пачынаецца з прафарыентацыі: навучэнцам расказваюць, якія прафесіі ёсць у свеце інфармацыйных тэхналогій, пра іх адметнасці. Наступны крок — бізнес-аналіз: дзеці вучацца ўзаемадзейнічаць з заказчыкам, складаюць тэхнічнае заданне для сайта. Далей — планаванне праекта і шэраг трэнінгаў: камандаўтварэнне, самапрэзентацыя, камунікацыя. Пасля кожны ўдзельнік выбірае для сябе ролю, якую будзе выконваць, і каманда прыступае да галоўнага — рэалізацыі і прасоўвання.

— Наш праект — гэта сайт для валанцёраў пад назвай «Dapamagі.by», — дзеліцца выпускнік Ліцэя БДУ, новаспечаны студэнт першага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Кірыл МІХАЙЛОВІЧ. — Ён вылучаецца высокім узроўнем інтэрактыўнасці. Карыстальнік, які зарэгістраваўся на нашай платформе, зможа ствараць новыя валанцёрскія акцыі, а таксама шукаць цікавыя яму прапановы. Умоўна кажучы, нехта хоча правесці суботнік і прыбраць лісце ў парку каля дома, для гэтага яму патрэбны 20 валанцёраў. Зацікаўленыя заходзяць на сайт, бачаць інфармацыю, рэгіструюцца. Пакуль што нічога падобнага ў Беларусі няма. Рэсурс цяпер у стадыі распрацоўкі, ужо зроблены яго макет.

Як адзначае Алена Дзінман, у праекце ўдзельнічаюць вучні 9—11 класаў. Па яе словах, у гэтым узросце падлеткі ўжо свядома задумваюцца пра будучыню і гатовы дзеля яе мэтанакіравана і сур'ёзна працаваць. Цяпер у школе займаецца летняя група — 16 чалавек.

Праект TeensCool зараз працуе ў эксперыментальным рэжыме, і першыя групы займаюцца бясплатна. Заняткі ў школе падчас навучальнага года будуць каштаваць 92 рублі за месяц, працягласць курса — 9 месяцаў, як паўнавартасны навучальны год.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Удзельнікі стартапа... вучні школ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?