Некаторыя лічаць, што звяртацца са сваімі праблемамі да дэпутатаў — бессэнсоўная справа. Ну чым яны дапамогуць? Асабліва ў глыбінцы, дзе лішніх грошай у бюджэце ніколі не было. Але ж насуперак усім гэтым меркаванням работа вядзецца. І, як высветлілася, не маленькая.
Дарогі — гэта боль
Часцей за ўсё мясцовых жыхароў турбуюць камунальныя пытанні і стан дарог. Калі не патрабуецца вялікіх грашовых укладанняў, праблемы ліквідуюцца хутка. У іншым выпадку даводзіцца абмяжоўвацца мінімумам. Звярнуліся неяк у райсавет маладыя матулі з просьбай стварыць умовы для адпачынку з дзецьмі. Грошай на гэта, вядома, няма, але не пакідаць жа такое важнае для гараджан пытанне без увагі. Цяпер гаспадарчым спосабам добраўпарадкоўваецца спецыяльная пляцоўка ў парку адпачынку.
Старшыня Клічаўскага райсавета Уладзімір Кніга паказвае будучае месца адпачынку. Тэрыторыя ўмоўна падзелена на 4 гульнявыя зоны, у кожнай сваё назначэнне.
У цэнтры будзе прыгожая вялікая клумба. Вакол яе з'явяцца лаўкі. Ужо зроблены альтанкі і дзіцячыя горкі.
За перыметрам тэрыторыі стаіць воданапорная вежа. Наконт яе наогул вялікія планы.
— Я прапанаваў зрабіць з яе скаладром, і мяне падтрымалі, — адкрывае сакрэт Уладзімір Кніга. — Праект удзельнічае ў конкурсе мясцовых ініцыятыў, спадзяёмся, што будзе рэалізоўвацца па лініі ПРААН. Хацелася б яшчэ зрабіць лыжаролерную трасу, ды пакуль на гэта не хапае грошай. Але з цягам часу тут будзе ўсё — і лыжаролерная, і траса для скейтборда, і многае іншае.
Наступны прыпынак робім каля дома Аляксея Федасеева па вуліцы Пушкіна. Калісьці блізу яго гаража стаяў драўляны «электрычны» слуп, які нічым яму не перашкаджаў. Але яго памянялі на жалезабетонны і паставілі якраз насупраць уезду ў гараж. Мужчына, пакуль можна было, мірыўся з такім суседствам. Але пасля таго, як купіў большую машыну, заехаць у гараж стала праблематычна. «Электрыкі» на яго звароты не рэагавалі. Галоўны інжынер наогул сказаў: плаціце — і мы зробім каштарыс. «А чаму я павінен плаціць за чыесьці памылкі? — абураецца Аляксей Уладзіміравіч. — Няўжо яны не бачылі гараж, калі мянялі слуп? У мяне ёсць дакументы, дзе напісана, што гэта капітальная пабудова стаіць тут з 1982 года. А слуп з'явіўся ў 1997 годзе». Справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі пасля звароту да дэпутатаў.
— А наогул работа дэпутатаў прыкметная? — пытаюся.
— Не ўсё у іх сілах, але ж яны не адмахваюцца, як некаторыя. Дарожныя ямы ў суседнім завулку залаталі — таксама з іх падачы. Хацелася б яшчэ, каб на нашай вуліцы Пушкіна асфальт памянялі. А то ён яшчэ з савецкіх часоў ляжыць. Перад самім Пушкіным нават сорамна. Два кіламетры асфальту ўсяго. А то пыл пастаянны, пясок...
— Мы гэта ўсё ведаем, — кажа Уладзімір Кніга. — Але зразумейце і нас. Вунь жыхары вуліцы Маладзёжнай звяртаюцца, каб прагрэйдзіравалі дарогу, хоць у іх па праекце быў прадугледжаны асфальт. Толькі грошай на яго не хапіла. Вуліца Калініна ў такім жа стане. А насупраць яе пасёлак ў гонар 50-годдзя Перамогі, куды пасля дажджоў пад'ехаць немагчыма. Дарогі — гэта боль усіх. Хочацца, каб яны былі ўладкаваныя, але дзе ўзяць грошы?
Яшчэ адзін жыхар Клічава Марат Храмянок жыве на вуліцы Магілёўскай. Балючае пытанне для яго таксама з разраду «дарожных». Пасля дажджу гравійка становіцца непралазнай. І тады ён тэлефануе дэпутатам, каб яе прагрэйдзіравалі. «Не было такога, каб мне адмовілі, — кажа ён. — А старшыня райсавета наогул чалавек слова. Калі нешта паабяцаў, можна не сумнявацца — выканае».
Праблемы падштурхоўваюць
Свята вельмі дапамагае навесці парадак у асобна ўзятым населеным пункце. Сёлетнія «Дажынкі» ў раёне трэція па ліку. Першыя прайшлі ў Максімавічах, другія — у аграгарадку Нясята, цяпер выбралі Бацэвічы. Аграгарадок якраз знаходзіцца на рэспубліканскай трасе і трэба, каб выглядаў годна.
— Шмат чаго зроблена падчас раённага і рэспубліканскага суботнікаў, — кажа Уладзімір Кніга. — Тут працавала шмат арганізацый — выразалі кустоўе, добраўпарадкавалі могілкі, закінутыя ўчасткі. Цяпер працягваем займацца зносам спарахнелых дамоў.
Здалёк відаць аранжавы экскаватар Івана Шаўчонка з ПМК №89 «Вадбуд» , які наводзіць парадак на адной з такіх пляцовак. На чарзе вуліца Ленінская, а потым Успенская.
Знесці дом не праблема, цяжэй знайсці яго гаспадара і дамовіцца наконт будучага непатрэбнай яму нерухомасці. Дэпутаты займаюцца гэтым ушчыльную. Толькі ў Бацэвічах сёлета перадалі тутэйшай гаспадарцы «Бацэвічы-Агра» больш за 10 гектараў зямлі, вызваленай ад былых домаўладанняў. І працэс працягваецца.
Тыя участкі, якія нельга далучыць да гаспадаркі, раённыя ўлады паспрабуюць прадаць праз аўкцыён. Магчыма, імі зацікавіцца прыватны бізнес. У безграшоўя ёсць і свае плюсы. Яно падштурхоўвае людзей быць ініцыятыўнымі. Седзячы склаўшы рукі, не разбагацееш. Цяпер у аграгарадку паспяхова працуе прадпрыемства «Элефант», якое займаецца дрэваапрацоўкай. Гэта і дадатковыя працоўныя месцы, і падаткі ў раённы бюджэт. Дарэчы, дзякуючы прадпрымальнікам Клічаў сёлета не застаўся без феерверку на Дзень Незалежнасці. Абышлося гэта ім у 18 мільёнаў.
Але 6 хвілін былі запамінальнымі.
Насельніцтва ж добраўпарадкоўвае тэрыторыю вакол сваіх дамоў. На жаль, не ўсе робяць гэта ахвотна. Пейзаж псуюць перакошаныя агароджы.
— Некаторыя пенсіянеры адмаўляюцца нешта рабіць, спадзяюцца на нас, — кажа старшыня райсавета. — А калі пытаемся, чаму дзеці не дапамагаюць, разводзяць рукамі: ім самім няма калі. Але ж гэта не апраўданне.
Свае карэктывы ўносіць і надвор'е. Над раёнам пранёсся такі моцны ўраган, што пазрывала дахі з малочнатаварных фермаў. Зноў незапланаваныя выдаткі.
Раней было прасцей
Калі гараджан больш турбуюць дарогі, то для сельскай мясцовасці пытанне №1 — аварыйныя дрэвы.
— Летась да зімы знеслі па заяўках 36 дрэў, — сведчыць старшыня Бацэвіцкага сельсавета Ганна Муха. — Людзі ўсю зіму нас добрым словам успаміналі. У лютым такая бура была з ледзяным дажджом — жах. Яшчэ страшней падумаць, што магло б здарыцца, калі б мы не прыбралі тыя аварыйныя дрэвы.
Здараюцца ў сельсавеце і такія выпадкі, калі жыхары не скардзяцца, а бяруць ініцыятыву ў свае рукі. Старшыня сельсавета ставіць у прыклад Надзею Каламейцаву з Бацэвіч — вельмі актыўная стараста. Яна не толькі арганізавала збор сродкаў на фарбу для агароджы мясцовых могілак, але і знайшла аднадумцаў, каб яе пафарбаваць. У суседніх Любічах таксама не трэба было прымушаць людзей збіраць грошы для афарбоўкі агароджы на могілках.
— Раней, калі афіцыйна існаваў такі від плацяжу, як самаабкладанне, было прасцей займацца добраўпарадкаваннем, — прызнаецца Ганна Муха. — Але некалькі гадоў таму яго адмянілі. Цяпер, каб вырашыць пытанне з добраўпарадкаваннем, кожны раз трэба шукаць нейкае выйсце. Хоць у савецкі час такі плацеж таксама існаваў. У пагаспадарчых кнігах усё распісана: колькі сабралі, куды патрацілі.
— Наколькі сёння складана быць дэпутатам? — пытаюся ва Уладзіміра Кнігі, калі мы вяртаемся зноў у Клічаў.
— Вядома, складана, — не хавае ён. — Раённы бюджэт у параўнанні з мінулым годам скарацілі на 21 мільярд недэнамінаваных рублёў, напружанасць на рынку працы ўзрасла і скарацілася колькасць мясцовых падаткаў. Усё гэта накладае адбітак на пытанні добраўпарадкавання. Нам яшчэ цяжка і таму, што ў нас самы нізкі кошт гігакалорыі па вобласці. І мы менш за астатніх атрымліваем датацыю на кампенсацыю затрат, звязаных са спажываннем вады. Падняць цану немагчыма, бо сёння існуе патрабаванне зніжаць сабекошт вытворчасці.
Нэлi ЗIГУЛЯ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!