Вы тут

У фальварку Ракуцёўшчына прайшло свята паэзіі і песні


Шчаслівым можа быць лёс не толькі чалавека, але і цэлай краіны, горада, нават самай маленькай вёсачкі. Калі пэўная мясціна сустракаецца з вялікім талентам, геніем чалавека, то можа стаць жывой і праслаўленай у вечнасці. Думаецца, менавіта такое шчасце меў і сёння мае невялічкі фальварак Ракуцёўшчына, што на Маладзечаншчыне, бо тут 105 гадоў таму прабавіў лета тады зусім малады паэт, а сёння — наш нацыянальны класік Максім Багдановіч.


Ад­ноў­ле­ны до­мік аран­да­та­ра, у якім Мак­сім Баг­да­но­віч пра­жыў 2 ме­ся­цы ўлет­ку 1911 го­да.

Таму невыпадкова Ракуцёўшчына ўжо шмат дзесяцігоддзяў з'яўляецца цэнтрам прыцягнення для многіх творцаў. Паэтаў і музыкаў, мастакоў і народных майстроў. Тут працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які так і называецца — «Фальварак Ракуцёўшчына», дзе можна наведаць домік арандатара (менавіта ў ім жыў Максім), завітаць у вялікі дом гаспадара, а таксама выпіць чысцюткай вады з Максімавай крыніцы. Тут можна і выдатна правесці час на штогадовым свяце паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».

Як расказала загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марына ЗАПАРТЫКА, сустрэчы ў Ракуцёўшчыне адбываюцца з 1983 года, гэтае свята багатае традыцыямі. Зямля, якая натхніла Багдановіча на яго найлепшыя творы, працягвае штогод збіраць таленты беларускай літаратуры і музыкі.

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія МАКАРЭВІЧ падкрэсліла:

— Дзіву даешся, калі ўчытаешся ў паэтычныя радкі Максіма, калі прыгадаеш яго жыццёвы шлях. Як гэты малады чалавек, што ўпершыню ў свядомым узросце прыехаў на Беларусь, але ўжо заявіў пра сябе як беларускі паэт, так пранікнёна пісаў па-беларуску, так жыў нашай культурай і працаваў дзеля беларушчыны. Гэтыя мясціны штогод збіраюць нас разам, і здаецца, менавіта гэтыя краявіды спрыяюць творчасці.

Вось і сёлета на «Ракуцёўскім леце — 2016» гучалі вершы і песні ў выкананні маладых і сталых творцаў, прафесіяналаў і аматараў творчасці. Святочны канцэрт доўжыўся больш як чатыры гадзіны, але ні ўдзельнікі, ні госці не адчувалі стомы.

Вельмі сімвалічна, што ў Ракуцёўшчыне творцы адзначылі і 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча (вялікае юбілейнае свята пройдзе 9 снежня ў Мінску). Як зазначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена САКАЛОЎСКАЯ, для Маладзечаншчыны — вельмі значна, што тут былі напісаны адны з самых лепшых твораў нашага класіка.

Так, тыя два месяцы, што Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне ў 1911 годзе, былі надзвычай плённымі ў яго паэтычнай творчасці. Тут напісана 17 вершаў (у іх ліку — знакамітыя цыклы «Места», «Старая Беларусь») і дзве паэмы («Вераніка», «У вёсцы»). Думаецца, паэта натхнялі мясцовыя краявіды, доўгачаканая сустрэча з родным краем пасля 15-гадовага расстання, а таксама гутаркі з гаспадаром фальварка Вацлавам Лычкоўскім, дзядзькам Антона і Івана Луцкевічаў і яго сваякамі, якія ў тое лета таксама тут гасцявалі, сястрой гаспадара Ядвісяй Русецкай і яго пляменніцай Эміліяй Шабуняй з 2-гадовай дачкой Янінай. Цікава, што на свята ў Ракуцёўшчыну сёлета завітала і сваячка былых уладароў маёнтка Маргарыта ПЯРОВА — унучка Эміліі Шабуні.

— Я шмат разважаю, якімі былі мае продкі, ці добра было Максіму з імі, — падзялілася Маргарыта Сяргееўна, — Яны былі ветлівыя і радыя, што да іх завітаў малады паэт. Я вельмі ганаруся тым, што мая бабка піла гарбату з Максімам Багдановічам, што маю цётку ён насіў на руках, але, на жаль, яна нічога пра гэта не памятала.

Стварэнне музея «Фальварак Ракуцёўшчына», што сёння ўключае дом гаспадара, домік арандатара і гаспадарчыя пабудовы, пачалося ў 1991 годзе і пасля адкрыцця для наведвальнікаў у 1994-м канчаткова было завершана ў 2007-м. Значную ролю ў вывучэнні гісторыі гэтых мясцінаў, лёсаў іх гаспадароў адыграў гісторык, краязнаўца Генадзь Каханоўскі. Вынікам гэтых пошукаў сталася кніга «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...»

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Зноў крочым да Максімавай крыніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».