Вы тут

У музеі гісторыі ВАВ адкрылася выстава карцін Міхаіла Савіцкага


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава карцін Міхаіла Савіцкага.

Народнага мастака СССР і Беларусі няма ўжо больш як пяць гадоў, але памяць аб Міхаіле Андрэевічы жыве дагэтуль. Людзі помняць калі не самога майстра, дык яго імя, карціны. Найбольш вядомыя і, напэўна, самыя кранальныя работы Героя Беларусі складаюць серыю «Лічбы на сэрцы».


Гэтыя 16 твораў — асаблівы этап у творчасці мастака. Карціны, якія раскрываюць жудаснае аблічча фашызму і адначасова сцвярджаюць бессмяротнасць няскоранага чалавека, напісаны майстрам не на аснове дакументальных крыніц і аповедаў удзельнікаў тых падзей. Увесь жах вайны і бесчалавечнасць тых, хто ў 1941-м прыйшоў на нашу зямлю са зброяй, Міхаіл Савіцкі зведаў на сабе.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён, ураджэнец Талачынскага раёна, што на Віцебшчыне, якраз служыў у Чырвонай Арміі. У радах легендарных абаронцаў Севастопаля змагаўся з ворагам да ліпеня 1942 года. Затым трапіў у палон. Прайшоў усе колы пекла ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда і Дахау. Здавалася, выжыць пасля такога было немагчыма. Тым больш, за няўдалыя спробы ўцёкаў яго неаднойчы хацелі расстраляць... Але жыццё дало яму шанц. І не адзін! Напэўна, для таго, каб як мага больш людзей даведаліся аб тых злачынствах, якія чынілі над нашым народам фашысты.

Працаваць над знакамітай серыяй Міхаіл Савіцкі пачаў у 1974 годзе. За пяць гадоў з-пад пэндзля майстра выйшла 13 карцін. Яшчэ тры з'явіліся ў 1987 годзе. Выставы ладзіліся і пры жыцці мастака. Ён быў частым наведвальнікам старога будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асобная зала нават насіла яго імя.

Як адзначыў падчас адкрыцця выставы намеснік міністра культуры Васіль ЧЭРНІК, Беларусі вельмі пашанцавала, што тут нарадзіўся гэты мастак. «На працягу некалькіх месяцаў у жыхароў Мінска, гасцей сталіцы і краіны зноў з'явіцца магчымасць сустрэцца з гэтым вялікім чалавекам дзякуючы яго цудоўным палотнам», — падкрэсліў намеснік міністра.

— Серыя карцін «Лічбы на сэрцы» Міхаіла Савіцкага заўжды актуальная, незалежна ад пэўных дат і абставін, — пераканана куратар выставы, загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Галіна ПАЎЛОЎСКАЯ. — Карціны з серыі «Лічбы на сэрцы» пакідаюць вялікае ўражанне. Ад работ сыходзіць моцная энергетыка. Нягледзячы на трагізм, укладзены ў іх, у большасці карцін праглядаецца надзея на жыццё і свабоду.

Вось што сам Міхаіл Савіцкі казаў пра тое, чаму вырашыў узяцца за такую, вельмі балючую для яго і многіх беларусаў, тэму: «Я не мог не напісаць гэтую серыю. Па-першае, дзеля моладзі, якая нарадзілася пасля вайны. Жывапіс, на мой погляд, можа раскрыць найглыбейшы трагізм вайны, уздзейнічаючы на чалавека выключна праз сэрца, эмоцыі і душэўнае сузіранне».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Выключна праз сэрца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».